Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»



старонка3/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.93 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

ЗАМОВЫ

На ранніх ступенях свайго развіцця мастацтва мела не столькі эстэтычнае, колькі ўтылітарна-практычнае значэнне. Да такога тыпу мастацтва можна аднесці замовы. Гэта архаічны жанр фальклору, які дае ўяўленне аб асаблівасцях мыслення першабытнага чалавека.

Замовы былі выкліканы да жыцця працоўнай практыкай чалавека, яго гаспадарчымі патрэбамі, функцыі іх былі накіраваны на здзяйсненне жадаемага. Замоўныя формулы – гэта цудоўны матэрыял для даследавання светапогляду старажытнага чалавека, яго эвалюцыі, гэта той матэрыял, у якім побач з забабоннымі ўяўленнямі нашых далёкіх продкаў, іх памылковымі ацэнкамі з'яў навакольнай рэчаіснасці мы знаходзім і шмат рацыянальнага. Выклікаюць цікавасць паэтычна ўвасобленыя ў замовах погляды старажытнага чалавека на прыроду, працу, сваё месца ў прыродзе і грамадстве.

Даволі значны час мы ігнаравалі замовы і як фальклорны жанр, і як сродак народнай медыцыны, з пагардай адносіліся да вопыту народных медыкаў-непрафесіяналаў, але ж пры гэтым трацілі магчымасць выкарыстаць назапашаныя стагоддзямі, правераныя на практыцы шматлікіх пакаленняў рацыянальныя спосабы і сродкі дапамогі пры хваробах. А яшчэ мы пазбавілі сябе магчымасці задумацца над глыбокімі асновамі слова, якое здаўна надзелена магічным значэннем.

У арсенале народнай педагогікі слова як стымул, як сродак уплыву на псіхічны стан чалавека займала важнае месца. Сёння мы, як ніколі, адчуваем вялікую патрэбу ў звычайных, гаючых, пяшчотных, бадзёрых, душэўных словах, у якіх былі б закладзены добрыя магічныя інтанацыі, станоўчыя эмоцыі.

Чаму нас сёння так вабяць замовы? Эмацыянальна-хвалююча, але дакладна адказала на гэта пытанне даследчыца гэтага жанру Г.А. Барташэвіч: “Мы ўсе з’яўляемся сведкамі ўзрастання цікаўнасці да метадаў псіхатэрапіі, усім нам сёння так патрэбна слова суцяшэння, надзеі, падтрымкі. Усім нам вельмі хочацца, каб нехта адагнаў хваробу, забраў наш боль, усяліў упэўненасць і надзею на выздараўленне”.



З гісторыі збірання і вывучэння замоў. Замовы – гэта від абрадавага фальклору, які займае своеасаблівае месца ў сістэме фальклорных жанраў. Здаўна яны прыцягвалі ўвагу многіх збіральнікаў і даследчыкаў. Замовамі цікавіліся А. Патабня, А. Весялоўскі, Ф. Буслаеў, А. Афанасьеў, М. Крушэўскі, А. Ветухоў, М. Пазнанскі і інш. Першыя ўзоры рускіх замоў змешчаны ў зборніку І.П.Сахарава “Сказания русского народа, собранные И.П.Сахаровым” (С.-Петербург, 1885). Некаторыя тэксты замоў прыводзяцца на старонках зборніка А.Афанасьева “Поэтические воззрения славян на природу” (1866, Т. 1). Найбольш значнай публікацыяй замоў з’яўляецца збор М.Вінаградава “Заговоры...” (1907–1909).

Грунтоўнымі даследаваннямі па замовах з’яўляюцца працы М.Ф.Пазнанскага (“Заговоры: Опыт исследования происхождения и развития заговорных формул”. Пг., 1917), аглядавыя артыкулы Я.Ф. Карскага, К.П. Кабашнікава, М.Я. Грынблата. Уяўляе цікавасць манаграфія Г.А. Барташэвіч “Магічнае слова. Вопыт даследавання светапогляднай і мастацкай асновы замоў” (Мн., 1990), у якой даследчыца, выкарыстоўваючы вялікі фактычны матэрыял, вядомыя тэарэтычныя працы па замовах, даследуе светапоглядную і мастацкую аснову замоў, прыходзіць да вываду, што замовы, як і іншыя жанры абрадавага фальклору, былі выкліканы да жыцця практычнымі патрэбамі, у іх праяўляецца надзвычай наглядна сувязь усёй сістэмы ўяўленняў нашых продкаў з асаблівасцямі паэтычнага адлюстравання рэчаіснасці. Сярод дарэвалюцыйных публікацый беларускіх замоў можна назваць зборы Е. Раманава, П. Шэйна, А. Шлюбскага, М. Федароўскага, У. Дабравольскага і інш.

У 1992 годзе ў серыі “Беларуская народная творчасць” выйшаў том “Замовы”, у які ўключаны больш за тысячу тэкстаў, як узятых з дарэвалюцыйных зборнікаў, так і запісаных у наш час.

Азначэнне жанру замовы. Замовы называюць яшчэ “загаворы”, “нагаворы”, “шэпты”, “шаптанні”, “малітвы”, “словы”, “чары”, “замаўленні”. Па словах Г.А. Барташэвіч, “усе гэтыя назвы нясуць у сабе звесткі пра сэнс, галоўную вызначальную адзнаку твораў, а яе сутнасць – слова, мова, гаварэнне, шаптанне. I не проста слова, а слова таямнічае, слова вешчае, прарочае, якое мае незвычайную сілу”.

Замовы – гэта адзін з самых старажытных відаў народнай славеснасці, які з’яўляецца надзвычай плённым матэрыялам для вывучэння старажытных славянскіх вераванняў.

Даць азначэнне жанру замовы надзвычай складана, гэта цяжкасць тлумачыцца разнастайнай формай замоўных формул. Звернемся да некаторых прыкладаў азначэнняў, існуючых у рускай і беларускай фалькларыстыцы. Слушнымі ўяўляюцца меркаванні М.Крушэўскага, аўтара працы “Замовы як від рускай народнай паэзіі”, які адным з першых звярнуў увагу на магчымасці слова ў замовах. Азначэнне замовы, паводле М. Крушэўскага, наступнае: “Замова – гэта выказанае словамі пажаданне, спалучанае з пэўным абрадам ці без яго, пажаданне, якое павінна абавязкова здзейсніцца”. Даследчык звяртае ўвагу на два аспекты пры характарыстыцы замоў: а) веру ў магчымасць навязаць сваю волю боству, чалавеку ці вядомым прадметам і абставінам; б) веру ў чалавечае слова як самы магутны сродак навязаць каму-небудзь або чаму-небудзь сваю волю.

Азначэнні, дадзеныя замове як жанру А. Патабнёй, П. Багатыровым, М. Пазнанскім, не менш цікавыя, хоць і не з’яўляюцца ўніверсальнымі. Напрыклад, А. Патабня лічыць, што ў аснове замоў ляжыць параўнанне “дадзенай або наўмысна створанай з’явы з жаданым, якое мае на мэце здзейсніць гэта апошняе”. М. Пазнанскі называе замовы слоўнай формулай, якая першапачаткова была тлумачэннем магічнага абраду. Азначэнне жанру замовы мы сустракаем і ў працах Э. Памяранцавай, М. Краўцова, С. Лазуціна, У. Тапарова, М. Янкоўскага, В. Сакаловай і іншых даследчыкаў вуснай народнай творчасці. Трэба звярнуць увагу, што пры ўсіх адрозненнях у поглядах і меркаваннях вучоныя падкрэсліваюць два галоўныя крытэрыі ў замове як жанры: па-першае, гэта слоўныя (славесныя) формулы, па-другое, ім надаецца магічнае значэнне, магічная сіла ўздзеяння. Такім чынам, замовы – гэта славесныя формулы, якім надавалася магічнае значэнне і якія ставілі сваёй мэтай пры дапамозе слоў і магічных дзеянняў ператварыць жаданае ў рэальнае.

Замовы адносяцца да ўтылітарна-практычнага тыпу мастацтва, хоць самі тэксты замоў сведчаць аб занатаваных у іх высокіх эстэтычна-мастацкіх магчымасцях слова.

Многія свае ўласцівасці замовы захавалі з першабытнай эпохі, часу свайго ўзнікнення. Выкарыстанне замоў мела на мэце дакладнае захаванне традыцыі. Калі назіраліся змены ў тэксце замовы, то лічылі гэта прычынай няўдалых вынікаў замаўлення. Невыпадкова і сёння існуе надзвычай моцнае ўяўленне аб тым, што замоўныя формулы перадаваліся ад пакалення да пакалення без змен. Гэта было абумоўлена народнымі вераваннямі ў тое, што замовы толькі тады будуць мець сілу, калі будуць выконвацца без змен і пропускаў.



Магічная прырода замоў. Іх паходжанне. У старажытнасці чалавек верыў, што акаляючы яго свет – жывая істота, што да прыродных з’яў можна звяртацца як да “жывых стварэнняў”. Імкнучыся аблегчыць сваю працу, паўплываць на стыхійныя варожыя з’явы рэчаіснасці, абараніцца ад уздзеяння звышнатуральных сіл, наш далёкі продак механічна перадаваў магічную сілу слова тым прадметам і з’явам, якія хацеў падпарадкаваць сваёй уладзе. На думку М.Я. Грынблата, “у аснове магіі, або чарадзейства, – пэўнай сістэмы дзеянняў, з дапамогай якіх нібыта можна падначаліць сабе сілы прыроды, – ляжыць прынцып: падобнае выклікае падобнае”.

Менавіта тым, хто верыў у магічныя словы і дзеянні, здавалася дастатковым, напрыклад, ідучы на паляванне, начарціць на пяску або снезе малюнак звера і прабіць яго кап’ём, каб забяспечыць поспех. Існавала наіўнае ўяўленне, што варта каго-небудзь абліць вадой, як праз некаторы час пачнецца дождж. З такой жа пачцівасцю і магічнай верай адносіліся ў глыбокай старажытнасці да слова. Па слушнай заўвазе Адама Багдановіча, “словы, якія спалучаліся ва ўяўленні дзікуна ў адно цэлае з пэўнымі прадметамі, у час панавання фетышысцкага светапогляду надзяляліся такімі ж уласцівасцямі, як і сам прадмет, і былі такімі ж фетышамі, як і ўвесь свет”.

Такім чынам, адухаўляючы прыроду, у слове старажытныя людзі бачылі пэўную магічную сілу, з дапамогай якой імкнуліся ўплываць на таямнічыя з’явы навакольнага свету з мэтай жаданае ператварыць у рэальнае.

Даследчыкаў замоў заўсёды цікавіла пытанне ўзаемаадносін абрадавага дзеяння і слова ў замовах. Напрыклад, М. Пазнанскі, аўтар кнігі аб паходжанні і развіцці замоўных формул, надаваў абраду як комплексу магічных дзеянняў прыярытэтнае эначэнне. Паводле яго абстрактнай лагічнай канцэпцыі, у працэсе ўзнікнення і развіцця замоў можна вылучыць тры ступені, прычым, першую ступень вучоны звязвае з наяўнасцю толькі магіі, дзеяння без слова, другая ж ступень знамянальна тым, што ўжо з’яўляецца слова, якое тлумачыць дзеянне. Трэцяя ступень характарызуецца паралельным суіснаваннем слова і абрадавага дзеяння.

З меркавання М.Ф. Пазнанскага можна пагадзіцца, калі прымаць пад увагу яго тэзіс, што “вера ў магічную сілу слова развілася з веры ў сілу магічных і сімпатычных абрадаў. Слова запазычыла магічную сілу ад абраду... Калі аўтарытэт слова як магічнага сродку ўзмацніўся, сталі з’яўляцца замовы незалежна ад якога б ні было абраду”.

Нягледзячы на слушнасць многіх выказванняў М.Ф. Пазнанскага, усё ж прапанаваная ім схема развіцця замоўных формул аднабаковая. На думку У.П. Анікіна, больш правільным з’яўляецца тэзіс аб арганічнай сувязі слова і дзеяння ўжо ў саміх замоўна-заклінальных актах: без славеснай формулы пажадання ці патрабавання не існуе. Вышэйсказанае пацвярджае выказванне В.П. Пятрова, які разглядае замовы не проста як тлумачэнне дзеяння – чары, а як славеснае суправаджэнне абраду – дзеяння – чары. “Дзеянне і слова раўнацэнныя і раўназначныя па сваёй функцыі сродкі, прыёмы для дасягнення практычнай мэты”. Суадносіны ж паміж словам і дзеяннем могуць быць разнастайнымі, у залежнасці ад таго, якія “мэты і сэнс функцый розных абрадаў”.



Пытанні класіфікацыі. Тэматыка замоў. Важнай праблемай з’яўляецца пытанне класіфікацыі замоў. У розных збіральнікаў замоў былі свае падыходы да іх падзелу, за аснову браліся многія параметры, бо замовы па змесце, прызначэнню і форме – вельмі разнастайны матэрыял. Аўтар бібліяграфічнага паказальніка па замовах М.Ф. Сумцоў прапанаваў вылучыць тры групы замоў:

а) слоўныя засцярогі ад хвароб;

б) заклінанні і чарадзейскія формулы;

в) апакрыфічныя малітвы.

Сам даследчык рабіў агаворку, што яго класіфікацыя ўмоўная, выдзеленыя ж рубрыкі няўстойлівыя. Іншы характар мае класіфікацыя замоў, прапанаваная У.Ф. Мілерам, які кіраваўся прынцыпам характару заклінання:

а) прамыя загады;

б) пагрозы;

в) малітвы.

М.Ф. Пазнанскі не столькі вырашаў пытанне класіфікацыі замоў, колькі акрэсліваў праблему генезісу жанру, у сувязі з чым адзначаў, што можна вылучыць дзве разнавіднасці:

а) заклінанне злога духа свяшчэнным імем... Радзімай іх трэба прызнаць Усход...;

б) замовы, якія маюць здольнасць адлівацца ў эпічную форму. Радзіма іх у большасці, верагодна, Еўропа...

Па тэматыцы і прызначэнню прадстаўлены замовы і ў 5-ым томе “Беларускага зборніка” Е. Раманава, які канкрэтных буйных раздзелаў не вылучае, падаючы матэрыял па своеасаблівых гнёздах, у якіх аб’яднаны шматлікія варыянты. Тэматычна-функцыянальны прынцып класіфікацыі замоў дазволіў М.Ф. Грынблату падзяліць іх на чатыры групы:

а) замовы гаспадарчага характару;

б) замовы ад розных хвароб і “прафілактычнага” характару;

в) замовы, звязаныя з сямейнымі адносінамі і прыватным бытам;

г) замовы, звязаныя з грамадскімі адносінамі.


Аналагічнай класіфікацыі прытрымліваецца і К.П. Кабашнікаў:

а) замовы ад хвароб;

б) замовы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю чалавека;

в) любоўныя замовы;

г) замовы сацыяльнага зместу.

Найбольш прымальнай да беларускага матэрыялу даследчыца Г.А. Барташэвіч лічыць наступную класіфікацыю:

а) замовы гаспадарчага характару (пры паляванні, лоўлі рыбы, пры развядзенні пчол, пры сельскагаспадарчых работах, пры першым выгане жывёлы на пашу, для захавання статка, пры пажары, пры пабудове хаты);

б) ахоўныя замовы ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з’яў (ад перуна, ад дамавога, ад хлеўніка, ад лесавіка, ад ведзьмы, чараўнікоў, ад залому, ад нячыстай сілы, “нарадкі”, “падвею”);

в) ахоўныя замовы ад звяроў (ад гадзюкі, ад ваўкоў, сабак, ад шалу);

г) замовы ад хвароб, куды ўваходзяць таксама прафілактычныя, звязаныя з родамі;

д) любоўныя замовы (прысушкі і адсушкі);

е) замовы сацыяльнага зместу (ад несправядлівага суда, салдацкія, ад “ворагаў”).

Змест акадэмічнага тома “Замовы” (Мн., 1992) склалі:

а) замовы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю чалавека;

б) замовы супраць хвароб;

в) замовы, звязаныя з сямейным і грамадскім бытам.

Як бачна, у групу гаспадарчых замоў уключаны і ахоўныя замовы ад звяроў і злых духаў. Такі прынцып падачы матэрыялу ў кнізе апраўданы, бо дапамагае больш лёгка арыентавацца ў вялікім і разнастайным замоўным матэрыяле, аднак носіць умоўны характар, так як адны і тыя ж творы можна аднесці да розных груп.

Найбольш старажытныя замовы, звязаныя з прамыслова-гаспадарчай тэматыкай. Надзвычай красамоўнымі з’яўляюцца паляўнічыя замовы, якія прамаўляліся напярэдадні ці ў выніку паспяховага палявання, напрыклад: “Вадзіца-царыца, усяму свету памашніца, як ты змываеш сырое карэнне, серае і белае каменне, так змый і маю ружыну-ружніцу і булат-залеза. Як страляець з неба Міхаіл-архангал громам і маланьнёй, і вострай стралой, і як ніхто ня можаць уняць і мяне, раба божага стрелца, і маю ружыну-ружніцу і булат-залеза. А над маёй ружынай-ружніцай і булат-залезам нету спаругання ва векі вякоў”, або “Как этаму дзераву на карні не стаяць, атросткаў не пускаць, так маім звярам нікому не ўракаць. Лес драмучы, звер бягучы! Звер прабягаў, но маяго следа не відаў, а я, добры маладзец, на яго напаў, а лесу часному і лясному хазяіну паклон аддаваў і падаркам яго надзяляў: хлебам да соллю, да каленкораву рубаху, да шаўковую падпаяску”.

Апошняя замова цікавая тым, што ў ёй займае важнае месца персанаж ніжэйшай дэманалогіі – лясун. Паляўнічаму, перш чым забраць звера, трапіўшага ў пастку, трэба было задобрыць і лес, і ляснога гаспадара. Прыведзены тэкст замовы даносіць да нас водгаласы ахвярапрынашэнняў. На гэты конт Г.А. Барташэвіч заўважае, што ў такіх замовах мелі месца звычайна “...дагаворныя адносіны, сімвалічныя дзеянні заклінальніка павінны выклікаць адпаведныя, неабходным яму вынікі, забяспечыць чаканы поспех. Трэба меркаваць, што некалі дзеянні заклінальніка маглі быць не чыста сімвалічнымі, а падмацоўваліся пэўнымі ахвярапрынашэннямі”.

У замове “На проса”, запісанай у в. Хлупін Жыткавіцкага раёна ад Ярмоленка Хрысціны Архіпаўны, 1909 г.н., гучыць матыў адсылкі варожых істот (вераб’ёў) у тое месца, адкуль яны не змогуць шкодзіць: “Госпаду Богу памалюся і Прачыстай божай Маці пакланюся. Прачыстая Маці, прыступі, памажы проса зацінаці. Сам варабей, свой цар, сваё войска збіраў і на вербу ссылаў, штоб з вербы мошак з'ядалі і па полю не ляталі, ранняю расой спявалі”.

Да замоў гаспадарчай тэматыкі адносяцца замовы на паспяховую лоўлю рыбы, развядзенне пчол, ад залому ў жыце, ад пажару, ад маланкі, ад нячыстай сілы, ад лесавіка, хлеўніка, дамавога, ад уроку жывёлы, на зберажэнне скаціны пры выгане на пашу і інш. Калі ахоўныя замовы-звароты да лесавіка, хлеўніка, дамавога, русалкі звязаны з міфалагічнымі ўяўленнямі, то, напрыклад, у замове на лоўлю рыбы (10, 35-36) гучыць зварот да “цара Няптуна”, якога заклінаюць паслаць “...на маю ўду-ўдзіцу рыбу-рыбіцу із глубі, із мелі, з віроў, з карчаўя і пеняўя”. Для замоў характэрны матыў падпарадкаванасці пэўных з’яў, прадметаў, сітуацый пэўным сілам, якія надзелены адпаведнымі функцыямі і могуць спрыяць чалавеку ў яго працы, гаспадарчых поспехах. У замовах ад пажару выканальнікамі канкрэтных функцый выступаюць цар Гарадзей (“Цар Гарадзей, агнём не ўладзей, жаркіх іскраў не раскідай, пустога дыму не пускай...” (22, 38), царыкі (“упрашаю царыкаў: жаркага огняннага, вадзянога, ветранога, палянянага...” (24, 38), святы цар Зосім, які “...стаіць на вугле святою сваею нагою, угаль аціскаець, агонь унімаець, вецер занімаець” (28, 39), сам Ісус Хрыстос, што “окала этага агня ходзіць і абчырчываець, і агонь унімаець, ні пол, ні іскр не распускаець...” (28, 39), святы Ілля-прарок, які “...святою сваей праваю рукою ваду разгарнываець, ваду чэрпываець, на агонь узліваець і агонь пагашаець” (28, 39).

Асобную і даволі вялікую групу складаюць замовы супраць розных хвароб (ліхаманкі, зубнога болю, крывацёку, укусу змяі і інш.), якія ўзніклі ў глыбокай старажытнасці на аснове рэальнага жыцця і побыту чалавека, які быў заклапочаны сваім здароўем. Гэты від лекарскіх замоў здаўна суправаджаў жыццё чалавека, пачынаючы ад яго нараджэння. Напрыклад, карысталіся лячэбнымі замовамі пры цяжкіх родах, калі аднімалі дзіця ад грудзей, ад бяссонніцы, пры шматлікіх дзіцячых захворваннях.

Знаёмства з замовамі супраць хвароб сведчыць, з аднаго боку, наколькі забабоннай была народная свядомасць, але, з другога боку, паказвае, што на працягу свайго шматвяковага існавання ў жыцці чалавека замовы ўсё часцей атрымлівалі сталую “прапіску” як від народнай медыцыны. Яны з’яўляліся моцным сродкам стварэння спрыяльнай псіхалагічнай атмасферы пад час замаўлення хворага, дзейсна ўплывалі словам і пэўнымі дзеяннямі на стан хворага, з’яўляліся добрым псіхатэрапеўтычным сродкам самаўнушэння. У гэтай сувязі даследчыца Г.А. Барташэвіч, выказваючы думку аб тым, што варта сёння пашукаць нейкія рацыянальныя пачаткі ў замоўнай творчасці, сцвярджае, што “ў святле ўзросшай цікавасці апошнім часам да праблем псіхатэрапіі замовы заслугоўваюць увагі як адзін з важных сродкаў псіхалагічнага ўздзеяння на чалавека, калі ўлічваць такі немалаважны фактар, якім была шчырая вера і заклінальніка, і самога хворага ў дзейснасць замоўнага рытуалу”. У замовах ад хвароб адлюстравалася імкненне чалавека лічыць жывымі істотамі не толькі прадметы, але і з’явы псіхічнага, пачуццёвага характару. Хваробы ў замовах – гэта нешта матэрыяльнае, што можна выгрызці, вынесці, узяць з рукі і г.д. Хваробы перасаніфікуюцца, да іх звяртаюцца як да жывых істот. Напрыклад, у замове ад скулы, запісанай у г. Жлобіне ад Сарокінай М.Л., скула паўстае ў вобразе “краснай дзявіцы”, да якой звяртаюцца з просьбай “...не стаяць, касцей не ламаць, румяна ліца не паліць, крыві не бунтаваць”. У замовах ад залатніка залатнічок уяўляецца звычайным “божым чалавечкам”, “добрым чалавечкам”: “Госпаду Богу памалюся, святой божай Мацеры пакланюся. Святая божая Маці, прыступі, памажы. Я шаптаннем, а ты спамаганнем. Ты, залатнік-залатнічку, добры чалавечку, цябе мамка радзіла, на крэсле пасадзіла. Угавараю залатнічка з рознымі валаскамі: і з русымі, і з чорнымі, і з белымі...” (782, 231).

Паводле ўяўленняў нашых далёкіх продкаў персаніфікаваныя хваробы маюць пэўныя сямейныя адносіны, для іх уласціва вылучэнне галоўнай распараджальніцы. Напрыклад, у замове ад звіху выступае “Узьвіхова маці”, якая “...па полю хадзіла, сына зьвіха будзіла: “Устань, мой сынку зьвіху, устань спамагайсь і етаму ліху памагайсь” (550, 170).

Адухоўленай істотай паўстае і “ўдару-гаспадару”, да якога звяртаюцца з просьбай-загадам “...не стаяці, касцей не ламаці, жыл не сушыці, крыві не смактаці...” (588, 198). У замове “Ад падвею” сваімі сынамі распараджаецца віхрава маці, якая і выпраўляе ад іх “падвея”: “На сінім моры віхрава матка гуляла. Парадзіла на той бок сіняга мора дванаццаць сыноў. Пасылала на еты бок сіняга мора, штоб яны пілі, гулялі і там раба божага падбівалі” (1008, 298). Сярод віхравых сыноў вылучаецца старэйшы: “На моры-акіяне, на востраве Буяне стаіць дуб на дванаццаць каранёў, на дванаццаць какатоў; на тых какатах па дванаццаць гняздоў, у тых гняздах па дванаццаць віхроў. Адзін віхр старшы”.

Хваробу, па ўяўленнях старажытнага чалавека, можна было выгаварыць, адаслаць. Сабе на дапамогу з гэтай мэтай ён і заклікаў нябесныя сілы. У гэтым плане выклікае цікавасць замова ад звіху, запісаная ад перасяленкі з в. Калыбань Брагінскага раёна Протчанка Галіны Пятроўны, 1919 г.н., якая сёння жыве ў в. Рассвет Акцябрскага раёна: “Першым разочкам, гасподнім часочкам, перваю гадзінаю, лепшаю часінаю, кіеўскія, пячэрскія, усе сілы нябеськія, прыступіце, памажыце (імя) звіх угавараці. ...Ехаў Ісус Хрыстос асляткам чэраз масцятка жалезным мостам, папіраўся срэбраным шостам. Аслятка ў ямку ўступіла, ножку звіхнула, стаіць, рыдае, важка ўздыхае. Ідзе Прачыста Мамка – чаго ты, сынка, плачаш, чаго рыдаеш? – Як мне, Мамка, не плакаць, не рыдаць. Як я ехаў асляткам чэраз масцятка жалезным мостам, папіраўся срэбным шостам, аслятка ў ямку ўступіла, ножку звіхнула, стаіць, рыдае, важка ўздыхае. – Не плач, мой сынок, не рыдай, мой сынок. Я сваім духам дыхну, сваей рызай махну, жыла з жылай зрастаецца, косць з касцёю сойдзецца, кроў разойдзецца, звіх мінецца. Я з словамі, гасподзь з помаччу”.

На прыкладах замоўных тэкстаў ад ліхаманкі можна прасачыць, як адбываліся развіццё і змены ў светапоглядзе нашых продкаў. Ва ўяўленнях старажытнага чалавека ліхаманка – гэта жывая істота, якая выбірае месцам свайго жыхарства чалавека і працягвае яго доўга мучыць, пакуль у рэшце рэшт не выганяецца. Звычайна, ліхаманка ў замовах выступала ў выглядзе жанчын, прычым называлі яе: “хінця”, “цётка”, “цяцюха” “варагуша”, “трасавіца”, “трасца” і інш. У розных народаў ліхаманка ўвасабляецца ў розныя канкрэтныя вобразы: старых жанчын, дзяўчат з вогненнымі валасамі, худых, бледнатварых істот, “страшнай мокрай бабы, якая хапае неасцярожных людзей і трасе, пакуль не замардуе”.

Паводле народных павер’яў, ліхаманка засяляецца спачатку пад пазногцямі, а адтуль ужо распаўсюджваецца па ўсяму целу. У даследаванні А. Ветухава “Заговоры, заклинания, обереги и другие виды народного врачевания, основанные на вере в силу слова” (Варшава, 1907) мы сустракаемся з такім спосабам лячэння ліхаманкі, як “...зразаюць у хворага пазногці і валасы, заварочваюць іх у паперку, кладуць у клешню жывога рака і, пускаючы яго ў ваду, прамаўляюць: “Плыві, раче, за водою, беры трясцю за собою”. Паколькі радзімай ліхаманкі лічыліся бязлюдныя месцы, рэкі і балоты, то невыпадкова, што і спрабуюць выгнаць яе магічнай сілай слова на папярэдняе месца жыхарства: “Варагуша, отыйди ты, варагуша праклятая, атъ такова-та челавека – иди ты, праклятая, ниизжалыми дарогами, кривыми згародами, на мхи, на балота, на скріпучій дирива”.

Іншы раз выкарыстоўваюць і такі спосаб пазбаўлення ад ліхаманкі: славесным уздзеяннем імкнуцца перасяліць яе на які-небудзь прадмет, напрыклад, у асіну, пры гэтым прамаўляюць: “Осинка, осинка, возьми мою трасьцинку, оддай моё здороўя” (П. Шэйн "Матэрыялы...", II. С. 544), Хвароба ліхаманка ў адной замове можа выступаць у выглядзе многіх жанчын, як напрыклад, “па первым вяснянка, а втарая лядзянка, а трэцяя лістападніца, а чацвёртая касцяніца, пятая квактуха, шостая начніца, сёмая смутніца! Аткацісь, адвалісь ад грудзей, ад бела цела, ад буйнай галавы!..” (858, 251).

На змесце некаторых замоў ад ліхаманкі адбіўся ўплыў апакрыфічнай літаратуры, у сувязі з чым ліхаманкі атрымалі назву “Ірадавы дочкі”, прычым святыя выступаюць пакаральнікамі іх. Напрыклад, “стаіць дуб на сінім моры, а ў том дубу Ірода. Было ў яго дзевяць-сем дочак. Ішлі яны па сіняму мору і ўстрэцілі іх святыя атцы Ісак і Іакаў.

– А куда вы ідзеце, Ірадавы дочкі?

– Ідзем мы на Белую Русь белую косць крышыць, гарачую кроў ліць.

– Ідзіце вы лучша на сыр-бор, серае балота, крышыце курчаўе-пеняўе непатрэбнае і забудзьце дарогу на святую Русь.

Ірадавы дочкі дарогу забудуць, а ў раба божага (імя) навек трасцы не будзець” (859, 251).

Даволі распаўсюджаны пласт замоў ад зубнога болю, якія дакладна ўзнаўляюць асноўны магічны прынцып іх пабудовы – “падобнае выклікае падобнае”. Цэнтральны вобраз гэтай тэматычнай групы – вобраз якога-небудзь мерцвяка. Параўнанне, якое ляжыць у аснове замовы, трапнае – як мёртвае цела не адчувае болю, так і чалавек павінен пакінуць зубны боль. У замовах ад зубнога болю акцэнт рабіўся не толькі на галоўнай загаворнай формуле – “у мёртвага зубы не баляць”, але і на пэўных сімвалічных дзеяннях: да хворага месца дакраналіся “мёртвай” косткай, тым самым перадаючы нячуласць да болю. Большасць беларускіх замоў ад зубнога болю пабудавана ў форме дыялогу з месяцам, напрыклад:

– Маладзік маладой, у цябе рог залатой. У моры купаўся, нам паказаўся. Ці быў ты на том свеце?

– Быў.

– Ці не баляць у мёртвага зубы?



– Не, не баляць.

– Няхай у хрышчонай, уражонай (імя) тожа зубы не баляць.

Тэксты замоў ад зубнога болю сведчаць аб захаванасці імі старадаўняй язычніцкай асновы, яны амаль не падвергліся ўздзеянню хрысціянства. На першым плане ў названых замовах такія галоўныя персанажы, як месяц, маладзік, якога лічылі апекуном здароўя, а таксама падуладныя гэтаму боству мёртвыя людзі.

У аснове шматлікіх зубных замоў зварот да месяца не выпадковы. Менавіта месяц атаясамліваецца па шматлікіх прыкметах з мерцвяком: знешні воблік, яго святло ў начны час і народныя павер’і, паводле якіх у абрысах месячных гор адлюстравана біблейскае братазабойства (Авель забівае Каіна).

У некаторых замовах прысутнічае заяц, да якога звяртаюцца з просьбай: “Заяц, заяц, дзе твае зубы? Аддай мне свае, вазьмі мае” (596, 180). Паводле народных уяўленняў заяц звязаны са светам духаў і нячыстай сілай. Як і месяц, вобраз зайца асэнсоўваецца як душа памерлага чалавека. Вядома, што месяц у славян з’яўляецца ўвасабленнем мужчынскага пачатку, мужчынскім вобразам-сімвалам з’яўляецца і заяц. Акрамя гэтага, месяц і заяц могуць мець значэнне шлюбнага і эратычнага сімвала. Асабліва шырокае бытаванне матыву зайца-месяца адзначана ў дзіцячым фальклоры, дзе гэтыя вобразы суадносяцца адзін з другім метафарычна: “Заяц-месяц // Ідзе быў? // – В лесе” (Дзіцячы фальклор. – Мінск, 1972. – № 803).

У шматлікіх зубных замовах матыў знішчэння болю грунтуецца на супастаўленні прадметаў і з’яў, якія нельга супаставіць, нельга “сабраць у нешта адзінае”. Прынцып адмоўнага параўнання служыць выдатным сродкам замацавання веры ў магутную сілу слова. Звернемся да канкрэтных прыкладаў: “Ёсць у полі лён, у лесе клён, а ў вадзе лін. Як гэтым тром дзелцам у кучку ня схадзіцца, так зубы раба каб век-вешны ня балелі” (602, 182);

“Стаіць на моры дуб, а за морам камень. Як тым двом у кучу ня схадзіцца, так у раба божага зубам ня балець” (604, 182);

“Первы цар – ясен месяц на небі, другі цар – зелян дуб у полі, трэці цар – белы камень у моры. Сколькі тым тром царам у кучу ня схадзіцца, столькі рабу божаму зубам ня балець і косці не шчаміць, і крыві ня псуваць” (605, 182);

“Рыба ў моры, заяц у полі, а мядзведзь у лясу. Як етыя тры едзініцы не сойдуцца і не будуць ні піць, ні гуляць, хай ніколі і зубы не баляць” (607, 183);

“Щука в воде, червь в дупле, а месяц на небе. Когда они вместе сойдутся поговорить, тогда у раба божьего (имя) будут зубы болеть” (Запісана ў в. Ляды Жлобінскага раёна);

“У полі – дуб, а ў роце – зуб, а ў моры – рак. Як гэтыя браты не збіруцца піць і гуляць, так гэтым зубам не балець, не свярбець, не ядрыцца”(Запісана ў в. Баклань Петрыкаўскага раёна);

“Як тром мёртвым з гроба не ўстаць і рук не падняць, так божай рабе зубам не балець”(623, 187).

Асобную групу ўтвараюць замовы ад крыві, крывацёку, сярод якіх вылучаецца нешматлікі найбольш старажытны пласт, дзе гучыць зварот да крыві, як да жывой істоты з просьбай пашкадаваць хворага і перасяліцца ў іншае месца: “Кроў-кровушка, перастань цечы! Будзеш у здаровым целе і ў жылах жыці і разам Бога хваліці, а коль не перастанеш цечы да с цела ісці, то цебе не будуць обсарвовеці, але собакі будуць лізаці. Годзі ж табе ісці, ісці годзе, бо ў гэтага человека, хворого, посоловелі очы, да помлелі рукі, ногі” (Шэйн П. “Матэрыялы”, П. С. 540).

Вылучаецца невялікая група замоў ад крыві, у якіх спыніць кроў імкнуцца шляхам славеснага ўздзеяння, супастаўлення з такімі прадметамі і з’явамі, без якіх з’яўленне крыві немагчыма. Як правіла, такія супастаўленні сёння ўяўляюцца нам механічна прывязанымі да тэксту замовы, растлумачыць сэнс іх складана. “Ехаў Даніла на сівай кабыле. Кабыла прыстала, у Ганны кроў перастала” (459, 153); “Ішла святая Прачыстая Матка хрыстова гарою, нясла ваду дугою. Дуга, разагніся, вада разалліся! Дуга разагнулась, вада разлілася, а ў раба божага кроў сунялася, “печаной запяклася” (460, 154);

“Несла баба воду, зачапілася за калоду. Вада разлілася – каб кроў запяклася” (462, 154);

“Ішла баба гарою, несла глёк з вадою. Глёк разбіўся, вада палілася – кроў сунялася” (462, 154).

Малаверагоднымі нам сёння ўяўляюцца версіі М.Крушэўскага наконт тлумачэння сэнсу замоў ад крыві, у якіх фігурыруюць такія прадметы, як вострая зброя, напрыклад, востры меч. Даследчык робіць умоўнае заключэнне: вострая зброя – прыналежнасць Грамавіка, значыць, да яго звяртаюцца з просьбай, каб суняць кроў. Слушную заўвагу зрабіў А. Ветухоў, які перакананы, што катэгарычна сцвярджаць, як гэта робіць М. Крушэўскі, аб сувязі расплывістых няясных вобразаў, прыведзеных у замовах, з боствам Грамаўніком і інш. нельга, бо ў змесце гэтых твораў няма канкрэтных звестак аб названых міфічных істотах. “Ішлі тры Марэі і тры Марэі, усі тры родненькіх сястрыцы, ішлі яны з святым Міколам. Святэй Мікола сваю войструю меч вынімаець і кроў унімаець. Ішлі тры Марэі і тры Марэі, усі тры родненькіх сястрыцы, ішлі яны з святым Ягор’ям. Святэй Ягор’я сваю войструю меч вынімаець і кроў унімаець. Ішлі тры Марэі і тры Марэі, усі тры родненькіх сястрыцы, ішлі яны з святым Міхайлам. Святэй Міхайла сваю войструю меч вынімаець і кроў унімаець” (470, 155).

У некаторых замовах дамінуючым з’яўляецца матыў зашывання раны дзяўчынай: “На сінім море, во океяне ляжыць бел камень, на тым камні сядзелі трі панны-Ганны, красны шоўк моталі, кроў останыўлялі” (П. Шэйн. Матэрыялы... Т. И. С. 538);

“На моры, на акіяне, на востраве Буяне ляжыць гарачы камень Алатыр. На тым камяні сядзіць чырвона дзявіца, швачка-масцярыца, трымае іголку булатную, удзявае нітку мяльковую, руду жоўтую замывае, раны крывавыя зашывае. Загаварваю я раба (імя) ад заразы. Булаты, згінь, атстань, а ты, кроў, цячы перастань” (472, 156);

“На моры, на кіяні, на востраві на Буяні стаіць дуб, на том дубу дванаццаць какатоў, на тых какатах нітка. А ты, нітка, уварвісь, у раба божага, кроў уваймісь” (473, 157).

Калі ў прыведзеных замовах “тры панны-Ганны”, “чырвона дзявіца”, “бабка” закліканы шаўковымі ніткамі зашыць рану і спыніць крывацячэнне, то ў іншых замоўных формулах з’яўляюцца мужчынскія вобразы: “тры браты”, “тры Кандраты”, “тры калекі”, “дзед”, “дванаццаць малайцоў”, напрыклад: “Ішло тры браты дуба рубаць. Дуба не зрубалі і кроў замаўлялі. Цякло тры рэчкі: адна вадзяна, друга медзяна, трэця краўляна. Вадзяну вуллю, медзяну вуп'ю, краўляну замоўлю” (475, 156).

Сярод замоў ад крыві сустракаюцца тэксты з царкоўна-хрысціянскімі элементамі. У такой групе замоўных формул галоўнае месца адведзена такім персанажам, як “Бог”, “Ісус”, “Маць Прачыстая”, “Ісус Хрыстос”, “Божая Маці”, якія з мэтай дасягнення жадаемага выконвалі розныя магічныя дзенні: “Ішла Маць Прачыстая па полю чыстаму, залатою трасцінаю папіралася, траву рвала, рану затыкала. Залатая трасцінка, пераламіся, рабу божжаму кроў уніміся” (497, 160);

“Ішоў Ісус Хрыстос чэраз калінавы мост, нёс сякірку з сабой. Пры дарожцы стаяла калінка, ён тую калінку цюк-цюк-цюк! Як з тыя калінкі кроў ня канула, так каб і з раба божага (ці з скацінкі, рыжай шарсцінкі) кроў ня канула” (500, 160).

Некаторыя замоўныя формулы ўключаюць у свой змест элементы, блізкія да апокрыфаў. Такіх замоў мала, звернемся да аднаго з тэкстаў, які змешчаны на старонках працы А. Ветухова “Заговоры, заклинания, обереги...”: “Истощи кровь язвою из ребр своих, христе боже наш присушил, еси вся источники вражя недужыя победил, еси всю силу неприязненную ты, владыко, восхощени ныне присути (присушити) источники кровныя и победита силу биеную и дата здравіе рабу твоему імярек волею и благодатію твоего отца, твоего небесного Господа нашего Ійсуса Христа прославиша имя его святога яко благословися и прославися”.

Надзвычай распаўсюджаны ў Беларусі, у прыватнасці, на Палессі, замовы ад укуса змяі, вужа, “гадзіны”. I па структуры, і па семантыцы яны архаічныя. Даследчык М. Крушэўскі ў гэтым тыпе замоў схільны бачыць такія паралелі, як “чорная навальнічная хмара і маланка – нябесная змяя, дракон”. Такое міфалагічнае разуменне замоў ад укусу змяі не прымае А. Ветухоў, які прапануе паглядзець больш рэальна на гэты від замоў, большасць якіх утрымлівае ў сабе зварот да царыцы, цара змей з просьбай загадаць сваім слугам спыніць гадзюк і зняць боль ад іхняй атруты: “У чыстым полі, у шырокім раздоллі ляжыць камень, а на камні – змяя. Прашу я цябе, змяя, унімай сваіх слугаў: хатніх, падхатніх, аконных, падаконных, чаратавых, лазовых і мяжовых. А не будзеш унімаць, то будзем тваім ядам і кроўю чорную карову памазваць, і болі не пускаць, і ятрасць замаўляць” (402, 140).

У замовах ад укусу змяі тыповай з’яўляецца формула забароны: “Дзень добры, вуж, добры муж, чырвоная галава, залатая барада. Тут табе не быць, душы не таміць, касцей не ламіць, сэрца не спаліць” (406, 141). Іншы раз паралельна з формулай забароны ў гэтых замовах ужываецца і формула пагрозы таго, хто замаўляе: “На бялянскім полі стаіць грушка, на той грушцы гняздзечка, на тым гняздзечку гадзюка-верацёніца. Верацёніца, прымі свае паслугі чаратавыя, балатавыя, гаравыя, палявыя. А ня будзеш прынімаць – буду вострай сабляй на голы камень голаву адсякаці і з рыжага мяса яд выганяці” (365, 131).

У шматлікіх замовах ад укусу змяі гучыць вера заклінальніка ва ўласныя сілы і фізічныя здольнасці перамагчы хваробу, якая выклікана ядавітым жалам змяі, але іншы раз сабе на дапамогу той, хто замаўляе, заклікае фантастычную істоту (птаха з жалезнай дзюбай, які “...вас выдзеўбе, выклюне і з пакалення вас звядзе” (359, 129), Ісуса Хрыстоса, які “...будзя табе ўсё тулава на мелкія часці рубаці і за камянную сцяну закладаці” (358, 128-129), Івана Прадцечу, які “...вас паб’ець і пасячэць, і ня будзя вас ні сліўня, ні яшчара” (372, 132), святога Міхаіла-Архаіла, які “будзя вас сваім судом судзіць і штыхом сажаць у ражжоную печ брасаць, і ня будзя вам пашчады на святое Уздзвіжанне” (373, 132-133) і г.д. Вар’іруюцца ў прыведзеных замовах і месцы адсылкі, формулы выгнання “змяінага яду”, напрыклад, які адсылаюць “к дубу, к змяінаму зубу” (381, 134-135), на “гнянную (вогненную) раку, на быструю ваду” (302, 112), “...на мхі, на балота, на ніцыя лозы, там, дзе сабакі не брахалі і сарокі не шчакаталі” (405, 141).

Арганічнай часткай замоўных формул ад хвароб з’яўляюцца формулы пераліку частак цела, адкуль выганяецца хвароба, напрыклад, “вынімай жа яд з жыл, з пражыл, з гаручага жывата, з рацівага серца, з буйнай галавы, з крупішныя печані” (348, 126); “вынімайця свае лютыя жала і ліхую ярасць ад етай жывотнай із касцей, із машчэй, із жыл, із пажылак, із сустаўцаў, із паўсустаўцаў і малінькіх сустаўцаў, і ад буйнай галавы, і ад быстрых ног, і ад храбетнай касці, і ад дліннага хваста” (Замова ад укусу змяі дамашняй скаціны № 311, с. 114).

Для замоў ад пасляродавых хвароб характэрны антрапамарфізм – надзяленне чалавечымі ўласцівасцямі прадметаў і з’яў нежывой прыроды, міфічных істот. Напрыклад, у замове ад грудніцы гучыць зварот да гэтай хваробы, да маладзіцы, і матыў адсылкі яе ў чыстае поле: “Грудніца-маладзіца, ідзі ў чыста поля ад рабы божай Праскоўі. Як у чыстым полі ветру не шумець, не буваць, так у раба божай у Праскоўі грудніцы не буваць. Здую, сплюю раба божай Праскоўі і грудніцу. Амін, амін, амін” (1126, 332).

Асобную групу складаюць замовы, пры дапамозе якіх лячылі дзяцей ад розных хвароб, асабліва ад начніц, ад крыксаў-плаксаў. Напрыклад, калі дзеці ноччу не могуць заснуць, плачуць, дык, паводле народных уяўленняў, іх мучаць самастойна існуючыя істоты – “начніцы, якія баяцца агню-святла, гэта маленькія і злыя стварэнні, якія звычайна хаваюцца пад печчу, па цёмных кутках. Менавіта, каб пазбавіцца ад іх шкоднага ўздзеяння, запальваюць святло, топяць печ, перад якой у прыпале калышуць дзіця і шэпчуць:




Цёмная ночка

Начніц парадзіла,

Малому дзіцяці

Мукі нарабіла;

Яснае соўнійка дзень пачынаець,


Начніц праганяець,

Дзянніц насылаець,

Боль сунімаець

Шух у печ! Шух у печ!

(1130, 332)

У прыгожай вершаванай замоўнай формуле адлюстраваліся адбіткі фетышызму, што выявілася ў пакланенні агню, а таксама анімістычны погляд на сонца, дзень і ноч, увасабленне хваробы.

Па трапных назіраннях А. Багдановіча, начніцы маленькія і злыя духі ночы, якія баяцца агню і сонца, апошнія словы замовы скіраваны на выгнанне духаў у палаючы агонь.

У замовах ад начніц гучыць зварот з мэтай дапамогі да зор (“вячэрняя зара-зарыца, забяры ў майго дзіцяці плач і начніцы. Шух у печ, шух у печ!” (1131, 333), да кур (“Добры вечар, куркі серыя, белыя! К вам хазяюшка прыйшла, хлеб-соль прынясла. Хлеб-соль вы з’ядалі, а майму дзіцёначку каб спаць далі” (1139, 334). У некаторых замовах ролю памочнікаў выконваюць сарокі, якія “...ляцелі цераз дзіцячы двор высокі, да ўхапілі крыксы і плаксы, начніцы і ўрокі, да панеслі цераз чараты, цераз балаты, да ўтапілі ў яр глыбокі, крыльцамі замялі, ножкамі заграблі” (1145, 335); у другіх замовах, якія па зместу і стылю набліжаюцца да чарадзейных казак, “бег ваўчок-ваўчышча, разінуў рыцішча. Ты, ваўчок-ваўчышча, бяры Івана начышча, нясі сваім дзеткам. У тваіх дзетак сем мацярок, а ў Івана адна матка. Хай спіць да гуляе, да цела прыбувае” (1146, 335) або дванаццаць вараноў “вачамі выглядалі, дзюбкамі яны выклявалі, кохцямі яны выдзіралі, крыллямі яны вымялалі, Івану спакойны сон засыпалі. Ціхенька, лягенька спаць жадалі” (1156, 337).

Цікавы матыў у замове “Ад крыксаў” (1168, 340), дзе з’яўляюцца такія героі, як “лесавы дзед” і “лесавая баба”, якія вырашаюць задачу братання, або кумлення дзяцей, або шлюбу, падзелу паміж імі крыксаў і добрага спання-прыбывання: “Лесавы дзед – гу-у, лесавая баба – гу-у. Пасватаемся, пабратаемся. У цябе маладзёна, у мяне маладзёніха. Вазьмі ў маёй маладзёніхі крыксы, плаксы, занясі сваёй маладзёніхі, пуд галованьку пакладзі, штоб мая маладзёніха спала і гуляла, штоб у яе цела прыбывала”.

Акрэслены матыў больш выразна гучыць у наступнай замове: “Добры дзень, заморская бабка! Добры дзень, лясовы дзядок! Пасватаемся, пабратаемся, пакумемася, палюбемася. У мяне сынок, у цябе дочка, пажанема, падружэма. Няхай тваёй дочачцы крыксы-крыксавіцы і плаксы-плаксавіцы, а майму сынку спанне-прыбыванне. Усякія вочы хай прымае. Каб твая дочачка крычала і верашчала, а мой сынок спаў і прыбываў і ўсякія вочы прымаў” (1169, 340-341).

У замовах гэтай групы прысутнічае матыў ахвярапрынашэння: крыксаў задобрываюць “хлебам-соллю, белай рубашачкай, красным паясочкам” (1138, 334), імкнуцца адаслаць туды, дзе “пеўні не пяюць, сабакі не брэшуць, дзе людзі не ходзяць” (1162, 339), дзе “...куры сядзяць, не крычаць, і штоб ты, Іван, не крычаў ды спаў” (1163, 339). Формула адсылкі крыксаў выконвае іншы раз функцыю задобрывання ў наступнай традыцыйнай уласцівай для замоў іншых груп форме, “начніцы дные (дзённыя), супаўночныя, угавараў, усылаў: “На сінім моры сталы засціланыя, кубкі наліваныя. Тут вам, начніцы, піць, гуляць! Тут вам свадзьбы спраўляць!” (1153, 338). У некаторых замовах ад начніц гучыць зварот да персанажаў ніжэйшай дэманалогіі, напрыклад, зычаць дамавому прыбытак, каб той станоўча паўплываў на здароўе дзіцяці: “Прашу я свайго старшага дамавога, сокала, і прашу я цябе, дзед Севярын. У цябе дачка крычыць і гукае, а мой сын няхай спіць і гуляе. Табе на прыбутак, а нам на здароўе. А з чаго стала, што там і прапала” (1174, 342).

Самастойную тэматычную групу ўтвараюць замовы, звязаныя з сямейным жыццём прыватным бытам. Галоўнае прызначэнне – рэгуляцыя ўзаемаадносін паміж хлопцам і дзяўчынай (замовы “прысушкі”, “адсушкі”), мужам і жонкай.

Тэксты любоўных замоў даносяць да нас водгукі глыбокай старажытнасці, калі ўсякая духоўная, маральная з’ява ўяўлялася нашым продкам як матэрыяльная сіла. Паводле народных вераванняў, каханне можа гарэць, як агонь, можа сушыць. Менавіта аб народных поглядах на каханне як на матэрыяльны прадмет сведчыць наступная формула-перасцярога, якая атрымала сталую прапіску ў замовах: “едой бы не заедала (девица любви), питьём не запивала, в тёплой паруше колиновым щелоком не смывала, шелковым веником не спаривала...”; “Чтоб раб Иван и горевал и тосковал о рабе Марии. В еде не заедался, в питье не запивался, с друзьями говорил – не заговаривался, а всё обо мне, рабе божьей Марии, думал денную зорю, ночную и полуночную” (1301, 374).

У аснове любоўных замоў ляжаць рэальныя параўнанні паміж такімі з’явамі прыроды, заканамернасці дзеяння якіх несумненныя, напрыклад, нават сонца ў гэтых любоўных формулах выступае не як міфічнае боства, а як рэальная нябесная сіла, якая дае цяпло. Не выпадкова “...як краснае солнышка вассіяла, прыпякае мхі і балота, цорныя гразі, так бы прыбягаў, прысыхаў ка мне раб божы Васіль ка мне, рабе божай Вользе – очы ў очы, сэрца ў сэрца, мыслі ў мыслі” (1287, 370). Аб тым, што параўнанні ў гэтай тэматычнай групе замоў разнастайныя і рэалістычныя, “зямныя”, сведчаць наступныя прыклады: “як рыба без вады не можа жыць, так каб раб (імя) без рабы (імя) не мог ні жыць, ні быць, ні есці, ні пры ранняй зорцы, ні пры вячэрняй, ні ўдзень, ні ў поўдзень, ні пры частых звёздах, ні пры буйных вятрах, ні ўдзень пры сонцу, ні ўначы пры месяцу” (1296, 373); “...даражы, раба божая, рабом божым, як пціца сваім яйцом, і беражы, раба божая, раба божага, як пціца сваё дзіцё...” (1302, 374-375); “прыгорнемся адно к аднаму, як дзіця к грудзям...”(1313, 377); “як сонца і месяц на ўвесь свет свеціць, так ка я была на ўвесь свет міла і люба...” (1321, 380); “Як не можа маці без рыбёнка, карова без цяляі, асліца без асляняці, шоб так Іван не мог пражыць без Дар’і” (1312, 377).

Прыведзеныя ўрыўкі з замоўных тэкстаў сведчаць аб назіральнасці нашых продкаў, іх мудрай і практычнай філасофіі жыцця, уменні паэтычна ставіцца да акаляючай рэчаіснасці.

Цікава адзначыць, што ў некаторых любоўных замовах на дапамогу заклікаюцца такія персанажы, як калдуны, бесы, “чарты”, якія ў шматлікіх іншых замоўных групах выконваюць адмоўную ролю, напрыклад, “...і вы, трыдзевяць бесаў – бес Сава, бес Савул, бес Калдун, паслужыця мне, як служылі Іраду-цару. Ідзіця па гарадах, па сёлах, па дзярэўнях і сабярыця ўсю таску і сухоту са звярэй і пціц, рыб і ўсякага рода людзей; і знясіце тую таску і ўсякага рода сухоту дзявіцы прасінні ў ясныя вочы, у чорныя брові, у румяна ліцо, рецівае сэрца...” (1289, 370-371); “У лукаморы стаіць дуб, на тым дубе дванаццаць какаткоў, на тых какатках дванаццаць чартоў. ...Вы ж падбіцця яго, штоб ён піў не дапіваў, штоб ён еў не даядаў і мяне, рабу божжую, не забываў” (1292, 372).

Нават адмоўны казачны персанаж Баба-Яга “...паджыгала трыдзевяць кастроў дубовых дроў. Так жарка, так ясна каб разгарэлісь у дзявіцы ясныя вочы, чорныя бровы, румянае ліцо, рацівае сэрца...” (1289, 370-371).

Сярод любоўных замоў больш сустракаецца прысушак, “адсушлівых” замоўных формул мала. Напрыклад, цікавы тэкст адсушкі “На ўстудну” запісаны ў в. Княжынка Рагачоўскага раёна, у якім узаемаадносіны паміж закаханымі пастаўлены ў залежнасць ад міфічных істот – вадзянога і чорта. У народнай свядомасці за апошнімі замацаваны блізкія ўяўленні: калі чорт увасабляе зло і шкоду, то вадзянога таксама далучаюць да злосных духаў, якія знаходзяцца ў варожых адносінах з дамавымі, добрымі міфічнымі істотамі. Але народная самасвядомасць раз’ядноўвае гэтыя сілы (чорт – вадзяны) у замове, ставіць іх на “розныя палюсы”, каб такім чынам утварыць адмоўную паралель да ўзаемаадносін паміж хлопцам і дзяўчынай: “...У чыстым поле бяжыць рака, па той раке чорнай едзе чорт з чартоўкай і вадзяной з вадзяначкай, у адным чаўне не сідзяць і ў адно вясло не грабуць, адной думы не думаюць, і савет не саветуюць. Так бы раб божы (імя) з рабой божай (імя) на адной лаве не сядзелі, у адно бы вакно не глядзелі, адной бы думы не думалі, аднаго савета не саветавалі”.

Нешматлікую групу складаюць замовы, звязаныя з грамадскімі адносінамі. Гэта больш позняга паходжання творы, сярод іх вылучаюцца замовы ад злодзеяў, злых людзей, салдацкія, судовыя, ад ворагаў і інш. Вызначальным матывам судовых замоў з’яўляецца матыў замка-ключа, што ўспрымаецца лагічна і натуральна асацыіруе з замаўленнем мовы суддзям: “З вастоку ідзець Гасподзь наш Іісус Хрыстос, із палудня Міхаіл-архангел, з вячэрняй зары Нікалай міласцівы; гарадзяць каменную аграду вокала раба божага (імя, хто ідзе ў суд), замыкаюць тромя замкамі, тромя ключамі; ключы адносюць у акіян-мора, пад кіт-камень, у шчуку-рыбу. Хто можа акіян-мора выпіць, тэй можыць і міне, раба божага (імя), асудзіць і агаварыць. Ключ неба, зямля замок. Амінь, амінь, амінь!” (1341, 385). Вылучаецца ўказаная група замоў і матывам незвычайна-казачнага прыезду на суд, напрыклад, “на змяі еду, вужом паганяю...” (1342, 385), “еду на мядзведзю, гадам паганяю, еду па дарозе шырокай...” (1344, 385), “на сакалу еду, вінаградам паганяю...” (1346, 386), “на вужу еду, гадзюкай паганяю...” (1349, 386).

Матыў замка і ключа прысутнічае і ў замове ад ворага, запісанай у в. Княжынка Рагачоўскага раёна: “гавару, выгаварываю, Сьвятой Юры, Ягоры, Сьвятая Маць Багародзіца, замкні маім урагам зубы і губы, і трэці язык замкні залатым замком, штоб яны анямелі, здурнелі, на мяне зла ня мелі”.





1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка