Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»


Язычніцкія і хрысціянскія элементы ў замовах



старонка4/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.93 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

Язычніцкія і хрысціянскія элементы ў замовах. Замовы – з’ява язычніцкага паходжання. Тэрмін “язычніцтва” (паганства) быў прыняты ўмоўна ў царкоўным асяроддзі для абазначэння ўсяго нехрысціянскага, дахрысціянскага.

Язычніцтва ўключае ў сябе рознага гістарычнага ўзроўню рэлігійныя праявы да пашырэння т.зв. “вышэйшых” рэлігій (хрысціянства, ісламу, будызму). Гэта разнастайныя старадаўнія вераванні і культы, уяўленні, звязаныя з верай у існаванне душ і духаў, надзеленых свядомасцю чалавека (анімізм), якім папярэднічала вера ў звышнатуральныя ўласцівасці саміх прадметаў (фетышызм), а таксама ўяўленні, звязаныя з верай у звышнатуральную роднасць паміж групай людзей і пэўным відам жывёл, раслін (татэмізм).

Афіцыйная хрысціянская рэлігія вяла жорсткую барацьбу з замовамі. Факт прыняцця хрысціянства паўплываў на далейшае жыццё і развіццё жанру замовы. Па-першае, назіраюцца змены ў светапоглядзе чалавека, многае становіцца неадпаведным ідэалагічным устаноўкам рэлігіі. Па-другое, “хрысціянскія духоўнікі” (М. Гарэцкі) прыклалі шмат намаганняў, імкнуліся зусім выкараніць замовы з бытавой практыкі, менавіта з гэтай мэтай і распаўсюджваюцца малітвы, складзеныя на ўзор народных замоў, але з адлюстраваннем хрысціянскіх светапоглядных асноў. Адбываецца стыхійны працэс блытаніны, змешванне замоў-малітваў у працэсе бытавання з паганскімі замовамі, тым больш што паняцці “замова” і “малітва” блізкія, хіба толькі ў аснове замовы ляжыць загад, а малітва змяшчае просьбу. Нягледзячы на жорсткія спробы царкоўнікаў знішчыць замовы, гэты жанр працягваў сваё існаванне, ашчадна зберагаючы сваю язычніцкую аснову, на якую накладваліся хрысціянізаваныя элементы. Язычніцкія традыцыі не зніклі бясследна, а працягвалі мірна суіснаваць з хрысціянскімі, адбываўся працэс адаптацыі старога светапогляду да новага. Звернемся да слушнага выказвання Ус. Мілера: “...магі на працягу доўгіх стагоддзяў народнага двухвер’я прыстасоўвалі свае старадаўнія язычніцкія формулы заклінанняў і свае старадаўнія сімвалічныя аперацыі да хрысціянскіх паняццяў і абрадаў. З гэтага змешвання атрымаліся тыя шматлікія “ілжывыя малітвы” і замовы, якія ў безлічы спіскаў распаўсюджваліся ў Сярэдневечча ў грэка-раманскім свеце і разам з хрысціянствам пераходзіла да новахрысціянізаваных народаў, германскіх і славянскіх”.

У больш старажытных замовах захоўваецца загадная форма звароту да сіл прыроды з мэтай дасягнуць жаданага, прысутнічае матыў пагрозы, напрыклад, у замове “Ад укусу змяі”, запісанай на Віцебшчыне: “Змія-гад, вазьмі свой яд! А то я вазьму тры кіі зялезных, тры кіі мідзяных, тры кіі дзіравянных і выб’ю ўсё тваё царства і пакаленне...”.

У такім жа загадным стылі выконваецца і наступная замова ад змей: “У чыстым полі на сінім моры стаіць дуб шыракаліст, пад тым дубам воўцы стары, пераяры, чорная воўна. На тэй воўні ляжыць змяя змяіная. Змяя-змяішча, вынімай сваё жала, высылай сваіх слуг, падпечных, падмежных. Не вынеш сваё жала, не пашлеш сваіх слуг, пашлю на цябе тры грозныя тучы: адну вагняну, а другую вадзяную, трэцюю камянную: агнём спякець, камнем заб’ець, вадой пальець – корань выкіпіць” (317, 117).

Зусім інакш гучыць тэкст замовы ад нячыстай сілы, які адчуў на сабе ў працэсе бытавання відавочны ўплыў царкоўнай малітвы. Упэўненасці ва ўласных сілах, перакананасці ў неабходнасці тых ці іншых дзеянняў, якія ўласцівы для вышэйпрыведзенай замовы, тут мы не ўбачым. На першым плане – малітоўны зваротак да боскіх сіл з мэтай выпрасіць, “выклянчыць” збавенне ад нячыстай сілы. Напрыклад: “Памяні, Госпадзі, цара Давыда і ўсю кротась яго і вялікую памяць яго. Судзяржаў цар Давыд ваду і зямлю і нашы грэшныя душы, судзяржаў жа нарадашную балезнь з такога-та раба божага. Міхайла-архангел, багатыр нябесны, пабіваў ён уражу сілу з нябёс на сыру зямлю, каб так пабіў уражу сілу з такога-та чалавека. Святы Ягоры-беданосец і святы Міколушка-чудатворац, і Спасіцель і Божжая мацер, так, як вы прэждзе памагалі і нячыстую сілу выбівалі, і пользу давалі, так каб із естага чалавека нячыстую сілу пабілі” (87, 54).

Змяшэнне элементаў язычніцкай і хрысціянскай рэлігіі мы знаходзім у замове, у якой гучыць зварот да звышпрыроднай істоты народнай дэманалогіі – дваравіка: “Цар-хазяюшка дваравой! Царыца-хазяюшка дваравіца! I даручая цябе і хлебам, і соллю, і нізкім паклонам, а што сам ем, п’ю, тым цябе дару. А ты, хазяюшка-бацюшка і хазяюшка-матушка, мяне берагі і скаціну блюдзі” (П. Шэйн. Матэрыялы... Т. II. С. 523). У тэксце названай замовы спалучыліся вераванні родавага грамадства (дваравы) з сацыяльнымі з’явамі, уласцівымі для эпохі феадалізму (цар, хазяюшка, нізкі паклон).

Паводле звестак дарэвалюцыйных збіральнікаў заклінанні, замовы з’яўляліся, у першую чаргу, прыналежнасцю так званых калдуноў, чараўнікоў, знахароў, хаця многія з іх былі ва ўжытку многіх гаспадынь.

Е. Раманаў вылучаў “ведзьмакоў навучоных”, бясшкодных – знаўцаў замоўных формул, якія не ўспрымаліся як носьбіты звышнатуральных сіл, а таксама страшных, “прыродных ведзьмакоў”.

Аб канкрэтных знахарах і чараўніках з Віцебшчыны мы знаходзім цікавыя звесткі на старонках фальклорнага зборніка А. Шлюбскага “Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны” (Мн., 1927): “Усе калдуны, знахары і чараўнікі ўладаюць дзвюма здольнасцямі: яны могуць і шкодзіць, і ратаваць у бядзе селяніна. Гэта якасць ставіць іх у выключнае становішча сярод іншага насельніцтва вёскі. Ён нібыта з’яўляецца таемным уладаром селяніна – можа караць і мілаваць яго. Ён з’яўляецца лекарам яго хвароб, ветэрынарам. Гэта вера ў здольнасці чараўніка надта моцная”.

Хрысціянская царква праследавала не толькі заклінанні, але і іх носьбітаў. Акты ХVІ–ХVІІ стст. сведчаць аб шматлікіх выпадках судовага праследавання за “чараўніцтва”, аб якіх у сваім спецыяльным даследаванні паведамляе беларускі гісторык і этнограф М.В. Доўнар-Запольскі: “Цэлая справа была ўзбуджана па падазрэнню ў тым, што пападдзя Грамыкіна разам з іншымі хацела чарамі пашкодзіць здароўю маршалкі літоўскага Сапегі”.

М.В. Доўнар-Запольскі прыводзіць таксама цікавыя факты наконт чараўніцтва, якое ўплывала на гаспадарку. Напрыклад, адна чараўніца “ўмела чараваць людзей, хлеб, скаціну і што захоча”, другая вучыла заклінаць, каб знікала скаціна і людзі і дажджу не было”. У працы Адама Багдановіча “Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў” чытаем аб сведчанні аканома графа Тышкевіча, які пісаў свайму графу так: “Яснавяльможны пане! З сялянамі, якія едуць назад, паведамляю, што з вашага дазволу спаліў я шэсць чараўніц: тры з іх прызналіся, а тыя – не. Дзве з іх зусім старыя, трэцяй таксама гадоў пяцьдзясят, адзіннаць дзён праседзелі яны ў мяне пад чанам. Вось і цяпер панскае жыта ў двух месцах заломана. Я збіраю цяпер з дзесяцёх касцёлаў святую ваду і буду на ёй варыць кісель: кажуць, абавязкова ўсе чараўнікі прыбягуць прасіць кісяля, – тады яшчэ будзе мне работа”.

Прыведзены выпадак сведчыць, што прыкладам “чараўнічага напушчэння” няшчасця маглі быць “заломы” і “завіткі” ў жыце (завязаныя ў вузлы або заламаныя жмені каласоў), зробленыя нядобразычліўцамі.

Не менш цікавыя факты чараўніцтва і прыклады пакарання за валоданне незвычайнай магічнай сілай прыводзіць А. Еляонская ў артыкуле “Замовы і чараўніцтва на Русі ў ХVІІ-ХVІІІ стст.”. Папярэдне даследчыца сцвярджае, што пры вывучэнні судовых спраў можна зрабіць пэўныя вывады наконт замоў. З аднаго боку, за замовамі прызнавалі выратавальную сілу, якая можа пазбавіць ад хвароб, бяды, няўдачы, а, з другога боку, замовы лічылі небяспечнай “ерэтычнай” зброяй, якой можна загубіць чалавека, таму і каралі людзей, здольных уплываць замоўнымі формуламі, каб здзейсніць задуманае.

Паводле паведамленняў А. Еляонскай, “валхв-канавал Дарафей Пракоф’еў быў спалены ў зрубе за тое, што, па сведчанні розных людзей, “замоўнымі словамі па ветру напускаў” на цара Пятра Аляксеевіча ў падмаскоўным сяле Харошае”.

Людзей, асноўным заняткам якіх былі замаўленні, варажба, называлі чараўнікамі, шаптунамі, знахарамі, ведзьмакамі. Калі да знахароў і шаптуноў адносіліся з пачцівасцю, пашанай, то ведзьмакоў народ не любіў і баяўся. З гэтымі асобамі не выпадкова было звязана ўяўленне, што і пасля сваёй смерці яны могуць шкодзіць, таму, як сведчаць фальклорысты мінулага, іх выкапвалі з могілак, “адціналі” галаву, прабівалі асінавым калом, закідвалі могілкі травою-багуном. Лічылася, што такія захады маюць выратавальны характар ад ліхіх дзеянняў ведзьмакоў-нябожчыкаў.

Прыведзеныя прыклады сведчаць, што вера ў сілу замоў і розных чараўнічых сродкаў была моцнай, імі шырока карысталіся і ў асабістым, і ў грамадскім жыцці, і ў гаспадарчай дзейнасці.

Кампазіцыя замоў. Асаблівасці структуры і мастацкай палітры. Па кампазіцыі замовы разнастайныя. Найбольш тыповай з'яўляецца наступная схема іх структуры:

а) уводзіны-малітва;

б) зачын;

в) асноўная апавядальная частка, у якой даецца карціна выгнання


хваробы;

г) закрэпка;

д) зааміньванне (“Амінь”).

Першая і апошняя часткі ў замовах узніклі пад уплывам хрысціянства. Звернемся да класічнага ўзору замовы “Проці зглазу”, запісанай А. Шлюбскім у Полацкім павеце і вызначым асноўныя кампазіцыйныя элементы. У тэксце гэтай замовы адсутнічае зачын, у якім апавядаецца аб дзеяннях таго чалавека, хто загаворвае (“Устану я ранёшанька, умыюся бялёшанька...”). Пачынаецца замова з асноўнай апавядальнай часткі, у якой гучыць зварот да вады. Вада адухаўляецца, яе называюць “царыцай-вадзіцай, краснай дзявіцай”, “божжай памачніцай”. Гэта не выпадкова. Паводле міфалагічных уяўленняў нашых далёкіх продкаў, вада – гэта стыхія, з якой утварыўся свет, а таму і пакланяліся ёй, насялялі воды рознымі боствамі – вадзянікамі, русалкамі. Асабліва абагаўляліся імі асобныя жаночыя вадзяныя істоты – берагіні, культ якіх быў звязаны з вадой. Пакланенні вадзе павінна было засцерагчы ад засухі, спрыяць чалавеку ў яго гаспадарчай дзейнасці, сямейным жыцці.

У апавядальнай частцы замовы ідзе пералік усіх функцый вады як сілы, якая прыцягваецца на дапамогу: “Царыца-вадзіца, красная дзявіца, марская крыніца, божжа памачніца і ўгодніца Ульяніца, і румяніца, рака вялікая. Коцісся ты, вадзіца, па дням, па начам з вячэрнім зорам, ідзеш з-пад крутых гор, з-пад красных зор, з-пад жаркага сонца, з-пад яснага месяцу, з-пад латыра-камню тонкім жылам, марскім сілам. Падмывайіш ты крутыі берагі, жоўтыя пяскі, калоды валяныі, траву шаўковую; вымывайіш сыроя карэння, белая камення; абмувайіш камушкі дробныі, крамення чорная і жалеззя марскоя, цяжкоя. Ачышчайіш цароў, каралёў і ўвесь народ хрысціяньскій”.

У вышэйназваным тэксце замовы “проці зглазу”, акрамя формулы пераліку аграрна-магічных функцый вады, прысутнічае ў апавядальнай частцы і заклінальная формула з падрабязным пералічэннем усіх магчымых прычын і відаў “зглазу”: “Абмый і сцалі рабу гэту нядужую ад першага вока аднавокага, і ад карага, і ад ярага, і ад белага, і ад шэрыга, і ад стрэчнага, і скразіцельнага, і скрозьплотныга, і светавога, і агнявога, і гаравога, і палявога, ці схода, ці маладзіка, ці пад поўная, ад часіны, ад хвіліны і дзенныга, і ночныга, і ранніга, і вячэрніга, і паўночныга, і паўдзённыга, і радзімыга, і насыланыга, і падымнога, і світавога, і калючыга, і балючыга, і ламучыга, і гаручыга, ці панскага, ці цыганскага, ці дзякоўскага, ці мужчынскыга пыд вянцом, ці жаноцкыга пыд чапцом, ці хлапецкыга пад шапычкай, ці дзявочкага пад завіткай, ці ўдовіна, ці ўдаўцова, ці дзядова, ці бабіна, ці бацькіна, ці маткіна, ці братава, ці сястрына, ці рыбячыга, ці сабачыга, ці дзядзькіна, ці цёткіна, ці ад старых старыкоў, ад старых старушак, ад ведзьмінскіх і чараўніцкіх... і на чым бы яны ні былі: на піцянні, ці на ядзянні, на гулянні-красаванні, ці на мяккім спачыванні”.

Формулы пераліку ў асноўнай частцы замовы дапаўняюцца формулай выгнання, “адсылання” ўрокаў: “Ідзеця вы, зглаз-урокі, на імхі, на балоты, на топкіі аржавання, на ніцыі лозы, на гнілыі калоды, на сухіі лясы, на жоўтыі пяскі, на буйныі вятры, на неадчыняныі дзверы, на ніхрышчоную зямлю, дзе сонца ня грэіць, дзе вятры ня веюць, дзе пеўні ні спяваюць, і гусі ні крычаць, і сабакі ня брэшуць, птушкі ні пяюць, і звярро ня бегаіць, і людзі ня ходзяць. там вам курганы-пагуляны...”.

У сюжэтна разгорнутым апісанні, якое ўяўляе сабой асноўная апавядальная частка замовы, іншы раз з’яўляецца матыў нейкага Латыр-камня.

А. Весялоўскі і іншыя вучоныя тлумачылі гэты вобраз і назву запазычаннем з біблейскіх сказанняў. Як правіла, з Латыр-камнем звязаны самыя разнастайныя дзеянні і цудадзейная сімволіка.

Латыр-камень даволі часта сустракаецца ў замовах ад хвароб (№ 230): “На полі на Кіяні, на моры на Сіяні ляжыць камень Латыр, на камені на Латыры стаіць нарыца, у той нарыцы стаіць патніца...”;

“На Латыр-камні, там валасьнёва маці жыла-пражывала...” (№ 746);

“На моры, на кіяне ляжыць камень Латыр; на том на камні на Латыры сядзіць пятух красны” (№ 486);

“Ішоў Ісус па траве, абрэзаў ногі да крыві. Прыйшоў Ісус к сіню мору, на сінім моры Латыр-камень, на Латыру-камню рара-баба...” (№ 494).

Адна з універсальных формул асноўнай замоўнай часткі – гэта формула пераліку ці хвароб, ці злых сіл, ці частак цела, з якіх выганяецца хвароба. Напрыклад, у замове ад скулы (№ 668) мае месца формула пераліку частак цела, з якіх “выгаворваецца” скула: “З буйнай галавы і з русых валасоў, з чорных брывей, з шчырых вачэй, з румянага ліца і з шчырага сэрца, і з краснай крыві, з жоўтых касцей і з ножак, ручак; і з жылля-пажылля”. У некаторых замоўных тэкстах формулы пераліку і выгнання арганічна спалучаліся: “За тымі сталамі сядзела тры панны – там скулу гукалі, там скулу бажалі, ад раба божага выбаўлялі з белага цела, з румянага ліца, і з сустаў, і з касьцей, з воласа, з голаса, калючую, балючую, гнаявую, крывавую і на ніцыя лозы, на мхі, на балоты ссылалі” (№ 665).

Неад’емнай часткай шматлікіх замоў з’яўляецца і формула пагрозы пакараннем, якая вар'іруецца, напрыклад, у замове ад шалу (№ 430): “Не дасі помачы, то я пайду к Міхайлі-суддзе правяднаму, то будзець цябе судзіць, зялезным пруццем мяса тваё рубіць”;

“А то я буду самаго Госпада Бога прасіць, будзець цябе сам Гасподзь Бог громам біць, маланнёю паліць” (№ 434);

“То ты майго слова пужайся да з цела, галавы ўбірайся, бо я буду цябе паліці, словамі гаварыці, слюною пляваці, цябе буду з галавы праганяці”(№ 722).

Прысутнічаюць іншы раз у асноўнай замоўнай частцы і формулы забароны: “Тут табе, волас, не гуляць, касці не ламаць, гарачай крыві не разліваць, сэрца не знабіць, белага цела не пушыць, не таргаць, не балець, не калоць, а навек занямець” (№ 748);

“Тут жа вам ні хадзіць, касцей ні ламаць, шчырага сэрца ні знабіць, цела ні пушыць, ні калоць, ні пароць, ні гарэць, ні балець” (№ 872);

“Табе, бяроза, не красавацца, даліны не красіць, і кораня не мець, і вотпрыскаў не пускаць, і галлём не матаць, і лістам не шумець...” (№ 1019).

Звернемся да тэкстаў замоў, у якіх абавязковай часткай структуры з’яўляецца зачын. Гэта пачатковая формула, якая адрозніваецца стабільнасцю. Звычайна ў зачыне ішла размова аб дзеяннях заклінальніка.

Найбольш распаўсюджаны зачын беларускіх замоўных тэкстаў гучыць так: “Первым разам, добрым часам. Госпаду Богу памалюся і святой Прачыстай пакланюся, святому Міколі, Троицы й Пакрові, і яснаму месяцу, правяднаму сонійку і частым звяздам, усёй святой сілі нябеснай”. Іншы раз формулы-зачыны апісваюць падрабязна дзеянні таго, хто замаўляе: “Устану я раненька, памыюся бяленька, памалюся Госпаду Богу і самога Госпада Бога папрашу...” (№ 339);

“Уставала я ранюсенька, умывалася бялюсенька, выганяла я кароўку ў зялёную дуброўку, на юр'еву роску, на мікульную траўку, на скацерку-атаўку ў чыстае поле” (№ 192);

“Лягу я пазненька, устану я раненька і ўмыюся бяленька, памалюсь Богу вярненька і выйду я на крутую гару, гляну я пад жаркае сонца, на сіняе мора, на лукамор’я” (№ 105).

Некаторыя формулы-зачыны даюць падрабязнае апісанне месца дзеяння: “Як на моры на Сіяні і на Сіяньскай гарэ стаіць ігруша белая, пад тою ігрушаю карваць цясовая, на той карваці пярыны пуховы, на тых пярынах падушкі цьвілёвы, на тых падушках маць Прачыста і з сваім сынам, і з Святым Духам” (№ 364);

“Там на моры на Сіяні стаіць ябланька, на той ябланцы залатое гняздо, у том гняздзе змяя Шкурапея” (№ 348);

“На сінім моры-вялікаморы стаіць дуб, на тым дубе змяінае гняздо, у тым гняздзе тры змяі-гадзюкі” (№ 364).

Пасля галоўнай часткі ў некаторых замовах сустракаецца заключная формула, якую называюць закрэпкай. Напрыклад, у замове “Ад скулы” закрэпка мае кароткую форму: “Не сваімі думамі, гасподнімі словамі. Любі мой лёгкі дух” (№ 683). Іншы раз яна прымае выгляд разгорнутай формулы: “Стань, Гасподзь, на помач і святая маць Прачыстая і святы Ягорай, закрый залатой сваёй рызай, замкні сваімі ключамі ад суха зла. З маім словам, а з божай помаччу. Пашлі Бог на помач!” (№ 903);

“Я звёздамі ўшпулюся, за горку дакачуся, нікога не баюся, ні схода, ні падпоўна, ні маладзіком, ні ва век вяком. Любі мяне, любі мой дух” (№ 917).

Функцыя закрэпкі як структурнага элементу відавочная: той, хто замаўляе, імкнецца магічнай сілай слоў замацаваць выказанае пажаданне.

Спецыфічным мастацкім прыёмам замоў з’яўляецца прыём ампліфікацыі, сутнасць якога заключаецца ў нагнятанні ў тэксце вобразаў, эпітэтаў, сінонімаў, параўнанняў шляхам іх паўтораў з мэтай больш выразнага эмацыянальнага ўздзеяння на свядомасць і псіхіку чалавека.

У замовах выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя эпітэты, асабліва для іх паэтычнага стылю характэрны “скразны” эпітэт – адно і тое ж азначэнне, якое характарызуе розныя паняцці. Паўтарэнне аднаго і таго ж эпітэта ўзмацняе сілу эмацыянальнага ўздзеяння словам. Напрыклад, у замове “Ад урокаў карове” (172, 78) скразным эпітэтам з'яўляецца азначэнне “чорны”: “Госпаду Богу памалюся, Прачыстай божай мацеры пакланюся. Божа Маці на прэстолі стаяла, на сябе залатыя рызы накладала, усёму свету помач давала. Прыступі да памажы маёй (масць каровы) кароўцы ўрокі шаптаці. Ішоў чорны дзед чорнаю дарогаю, чорныя пасталы, чорныя валокі, чорныя нучы, чорныя штаны, чорна рубашка, чорна світа, чорна папруга, чорна шапка. Нёс на плячэ секеру. Стаў чорнага дуба рубаці, сталі асколкі лятаці”.

У замове “Ад пажару” (26, 39) скразным з’яўляецца эпітэт “чырвоны” (красны): “Ехаў Касьцянцін на красным кані ў красным жупані, у красных чаботах, у красных нагавіцах і ў краснай шапцы”.

Надзвычай пашыраныя ў замовах таўталагічныя эпітэты, якія паўтараюць заключаныя ў саміх прадметах і з’явах прыметы ці ўласцівасці. Напрыклад, у замовах ад зубнога болю сустракаецца часта выраз “маладзік малады”.

Таўталагічны эпітэт паўтарае асацыятыўнасць назоўніка, узмацняе ў нашым уяўленні ідэю незвычайнасці месяца, які валодае магічнай сілай уздзеяння.

У замовах сустракаецца шмат аднакарэнных таўталагічных эпітэтаў, ва ўтварэнні якіх мелі месца розныя суфіксы. Дзякуючы такім эпітэтам узнікае не толькі шматколерная паэтычная карціна з мноствам адценняў, але і канкрэтная, дакладная: “Добры дзень табе, скула, ты, скулавіца, сіняя сінявіца, белая белавіца, чорная чарнавіца...” (672, 199). “Скула-скулавіца, божая муравіца, сіняя сінявіца, жоўтая жаўтавіца, колкая калкавіца, рожа-ражавіца, тут табе не хадзіць, сэрца не знабіць, жывата не пушыць” (694, 207).

Ёмісты вобраз скулы, якая бывае рознай на працягу свайго выспявання, мяняе свой колер, памер, створаны ў замове, дзе азначэнні маюць трапныя “ягадныя” характарыстыкі: “Скула-суніца, скула-чарніца, скула-маліна, скула-камяніца. Скула калінавая, малінавая, сунічная, бруснічная. Скулу ўгаварваючы, а (імя) дапамагаючы. Скула-суніца, скула-чарніца, скула-камяніца, скула-маліна, скула-смародзіна, скула-парэчка, скула крушынавая, скула рабінавая, скула-брусніца, скула-ажына, скула-журавіна” (705, 211).

Акрамя таўталагічных эпітэтаў, у замовах сустракаюцца і паясняльныя эпітэты (іх яшчэ называюць аб’ектыўнымі), якія характарызуюць якасць прадмета ці з’явы. Напрыклад, у замове “Ад астуды” (737, 220): “Астуда-чуда, я цябе знаю, умаляю, уклікаю з чырвонае крыві, з белай касці, з жоўтага мозгу, з салодкага мяса. Адсылаю за крутыя горы, за густыя боры”, – паясняльныя эпітэты: “Чырвонае”, “белай”, “з жоўтага”, “з салодкага”.

Некаторыя азначэнні настолькі цесна злучыліся з пэўнымі прадметамі, што сталі іх неад’емнымі спадарожнікамі, таму іх называюць сталымі, або пастаяннымі эпітэтамі, напрыклад, “ідзі ты ў чыста поле, у сіне мора...” (683, 203); “адпраўляю цябе на чарата, на балата, на ніцыя лозы, на быстрыя воды, на сіняе мора” (693, 207).

У адным тэксце замовы цудоўна ўжываюцца розныя віды эпітэтаў (таўталагічныя, метафарычныя), напрыклад, у замове “Ад залатніка” (809, 239): “Залаты залатнічок, малады маладзічок, я цябе знаю, я цябе выгавараю, на сваём месцечку пастанаўляю. Стань ты на месцечку, на залатом крэслечку, там табе піценейка, там табе ядзенейка, там табе матка нарадзіла, на залатом крэслечку пасадзіла...” – эпітэты “залаты”, “залатом” – метафарычныя, а “малады маладзічок” – таўталагічны.

У замовах маюць месца эпітэты, якія паказваюць, адкуль паходзіць пэўная хвароба, напрыклад, у замове “Ад урокаў” вядома крыніца ўзнікнення “урокаў”: “Ачашчаіш цароў, каралёў і ўвесь народ хрысьціянські, абмый і сцалі рабу гэту нядужную ад першага вока аднавокага, і ад карага, і ад ярага, і ад белага, і ад шэрага, ад стрэчнага, ад папярэчнага, ад падзіўнага і пасьмешнага, ад падумнага і пагляднага, ад прыгаворнага і наброднага, ад галоснага і ад злоснага, ад завіснага і ад радаснага, ад вадзянага і сухавейнага..., ці панскага, ці цыганскага, ці дзякоўскага, ці мужчынскага пад вянцом, ці жаноцкага пад чапцом, ці хлапецкага пад шапачкай, ці дзявоцкага пад завіткай, ці ўдовіна, ці ўдаўцова, ці дзядова, ці бабіна, ці бацькіна, ці маткіна, ці братава, ці сястрэна, ці рабячага, ці сабачага, ці дзядзькіна, ці цёткіна, ці ад старых старыкоў, ад старых старушак, ад ведзьмінскіх і чараўніцкіх...” (872, 257).

Шматлікія замовы ад зубнога болю будуюцца па прынцыпу адмоўнага параўнання, напрыклад, як гэта мы назіраем у замовах “Ад зубішча, цемянніка” (650, 193; 651, 193; 649, 193): “Як етаму дрэву (гаворыцца тройчы ля дубовага коліка) на пні не стаяць, зялёнаму ня буваць, вецційкам не махаць, так у раба божага зуба цемяннога ня буваць, жывата-сэрца ня ўзрываць”; “Як папу пад стаўпом ня стаяці, храстоў ня паднімаці, званоў ня біваці, харуімы ня ўспеваці, так у раба божага зубішчам ня бываці, ні цемянніку, ні вісковым, ні грудным, ні падпятным, ні падпашным”; “Сколькі сухому дубу ня раскідацца, столькі ў раба божага зубішчам ня “трыгацца”.

Шмат параўнанняў-супастаўленняў мы назіраем у замовах ад хвароб жывёлы. Гэты мастацкі прыём, заснаваны на анімістычным светаўспрыманні і міфалагічнай даўніне, адрозніваецца незвычайным багаццем мастацкіх вобразных апісанняў: “...А ты, кароўка-пчолка, як пчолы носяць свайму хазяіну мёд, штоб ты сваёй хазяйцы прыносіла малако” (187, 82); “Як у тых крыніцах, у тых рэчках вада прыбывае, так у маёй кароўкі малачко прыбывае” (184, 82); “Як гэтым рэкам, морам, вадзе не высыхаць, так маёй чорнай карове малаку не адбываць, а прыбываць” (186, 82); “Як у моры прыбываець пенка, каб у рабае кароўкі прыбывала смятанка” (194,82).

З мэтай больш моцнага эмацыянальна-псіхалагічнага ўздзеяння словам выкарыстоўваецца перавелічэнне – гіпербала.

Гіпербалізаваныя выразы ў замовах закліканы пацвердзіць сілу чалавека, які валодае магічным талентам уздзейнічаць словам, каб дасягнуць жаданага: “...I сашлю я вас на мха, на балота, на ніцыя лозы, тарой закачу, залязным тынам загараджу, зорамі абсею, месяцам накрыю, штоб мая бурая скаціна з Богам хадзіла...” (160, 76).

Гіпербалізаваныя метафарычныя вобразы надаюць паэтычнасць, маляўнічасць тэкстам: “I зорка Селізорка, падкаціся пад кароўку жоўтым маслам, белым сырам, а ведзьме – сываратка. Солнышкам падкачуся, месяцам абгарнуся...” (194, 82).

Метафары ў замовах – з’ява нярэдкая, дзякуючы метафарычным вобразам дасягаецца яркасць, вялікая эмацыянальная выразнасць гучання. Іншы раз метафарычныя выразы ў замовах носяць гіпербалізаваны характар. Звернемся да прыкладаў: “Мая карова чорнай і белай шэрсці здаецца ў полі жоўтым цветам, а ў рабу гарэлым пнём, а ў лугу гнілою калодаю, а ля вады жоўтым пяском”(146, 72); “Прашу Госпада Бога: калі конь мой – схілься зялёным яварам, а карова – зялёнаю ракітаю, а свіння – чорнаю махныткаю (галаўнёю), а авечка – махавою кочкаю” (124, 66).

Вобразны паралелізм дапамагае стварыць зрокава выразныя вобразы. Прыродная паралель як бы падрыхтоўвае да ўспрыняцця “чалавечай” паралелі. У замовах часцей сустракаецца фармальны паралелізм, дзякуючы якому дасягаецца пэўны рытмічны характар радкоў, што мае важную ролю для дасягнення больш моцнага эмацыянальна-псіхалагічнага ўздзеяння на чалавечую свядомасць сілай прамоўленага слова: “Ішла дзеўка-сямілетка калінавым мастом, нясла хрэст; каліну ламала і кроў замаўляла, і жылную, і верхавую. Каліна расцвілася – і кроў сунялася” (489, 158); “Ішоў Ісус Хрыстос чэраз калінавы мост, нёс сякірку з сабою. Пры дарожцы стаяла калінка, ён тую калінку цюк-цюк-цюк! Як з тыя калінкі кроў ня канула, так каб і з раба божага (ці з скацінкі, рыжай шарсцінкі) кроў ня канула” (500, 160); “Сівы конь з гары спускаецца, віхор із віхорам страчаецца, сустаў із суставам злучаецца, кроў із кроўю зліваецца” (589, 179); “На сінім моры вада прыбывала, у рэках, у жыўцах, у калодцах вада прыбывала, так у маёй кароўкі ў вымцы малачко прыбывала, штоб яго век вяком ведзьма ні з’ядала” (999, 296).

Паралелізмы з вобразамі нябесных свяціл з’яўляюцца найбольш старадаўнімі па паходжанні, будуюцца па трапных жыццёвых назіраннях людзей. Асацыятыўныя сувязі, якія ўзнікаюць пры чытанні замовы “Ад зубнога болю” (597, 180), – дакладныя і верагодныя: “...было на свеці тры царыкі: першы царык – зялёны дуб у полі, другі царык – белы камень на моры, трэці царык – шырокі месяц на небі. Як крэпак зялёны дуб у полі, каб так былі крэпкі зубы ў році; як бел белы камень на моры, каб так былі белы зубы ў році; як свецел шырокі месяц на небі, каб так былі светлы зубы ў році...”.

Названы прыём у замовах дапамагае стварыць і атмасферу таямнічасці, і ўзмацніць веру ў сілу магічнага слова. Іншы раз прыём ланцужковай пабудовы карцін поўнасцю арганізуе тэкст замовы, з'яўляецца вызначальным сродкам кампазіцыі: “На сінім моры ляжыць белы камень, на тым камяні стаіць дуб на дванаццаць какатоў, на тых какатах сідзяць дванаццаць ангалоў, дзержаць яны па дванаццаць прутоў сталяных...” (1007, 298); “На сінім моры камень плыве, на тым камені залата цэрква стаіць, а ў той цэркві залаты прыстол. На том прыстолі тры чаны стаіць, Ісус Хрыстос сідзіць, із дзвюх чашэй мёд-віно пералівае, а з трэцяй падвей выганяец” (1011, 299); “На бялянскім полі стаіць грушка, на той грушцы гняздзечка, на тым гняздзечку гадзюка-верацёніца. Верацёніца, прымі свае паслугі чаратавыя, балатавыя, гаравыя, палявыя...” (365, 131); “Як на моры на Сіяні і на Сіяньскай гарэ стаіць ігруша белая, пад то ігрушаю карваць цясовая, на той карваці пярыны пуховыя, на тых пярынах
падушкі цьвілёвы, на тых падушках маць Прачыста і з сваім сынам, і з Святым Духам” (364, 130).

У мастацкім прыёме ступянёвага звужэння вобразаў знайшоў увасабленне матыў паступовага выгнання хваробы з адной часткі цела ў другую: “Ішлі пералогі па шырокай дарогі да каню ў ногі, а з ног у морду, а з морды ў ноздры, а з наздзёр у вочы, а з вачэй да ў вушы, а з вушэй у галаву, у мазгі, і ў жылы, і ў суставы, і ў кроў, а з крыві да ў косці, а з касцей да ў скуру, а з скуры да ў грыву, а з грывы да ў хвост, а з хваста далоў” (252, 100).

Паэтыка замоўных тэкстаў своеасаблівая, іх умоўна можна падзяліць на некалькі груп: замовы, у аснове якіх ляжыць вобразны паралелізм, якія будуюцца па прынцыпу параўнання; замовы з развітым цэнтральным вобразам, замовы-просьбы, замовы-пажаданні, замовы, якія ўяўляюць сабой звароты, замовы-малітвы, замовы тыпу абракадабры і інш. Разнастайнасць мастацкіх сродкаў у замовах прадыктавана іх функцыяй. У сувязі з гэтым правільна адзначыла пераважнае развіццё мастацкасці ў славесных формулах З.І. Уласава: “Уздзеянне значнай часткі замоў разлічана на сілу слова... Тэкст таму павінен валодаць максімальнымі магчымасцямі эмацыянальнага ўздзеяння. Адсюль незвычайная насычанасць замоў вобразнымі сродкамі: шмат эпітэтаў, увасабленняў, сінанімічных і таўталагічных выразаў, распрацаванасць метафарычнай мовы...”.

Складаным пытаннем з’яўляецца і гукавая арганізацыя замоўных формул. Назіранні, праведзеныя над шматлікімі тэкстамі, дазваляюць меркаваць, што многія замовы аформлены вершаванай мовай; некаторыя тэксты маюць празаічную форму; вылучаюцца і такія ўзоры славесных формул, якія ўяўляюць спалучэнне элементаў вершаванай і празаічнай мовы; пэўнае месца адводзіцца і магічным формулам з адзінымі ўнутранымі паўторамі, напрыклад, тэкст замовы, зампісанай у в. Дуянаўка Гомельскага раёна, уяўляе сабой яскравы прыклад вершаванай формы замовы, якая складаецца з двух двухрадкоўяў, замацаваных парнай рыфмоўкай:

Ячмень, ячмень, на тебе кукиш,

На этот кукиш кобылку купишь,

Кобылка сдохнет,

Ячмень ссохнет.

Празаічнай з’яўляецца замова ад зляку, запісаная таксама ў в. Дуянаўка Гомельскага раёна: “Бегла сабака праз двор людскі, лаяла на карову, лаяла на хваробу, карова ў двор, хвароба ў свет”.

У замовах шырока выкарыстоўваецца рыфма, асанансы, вышэйназваныя мастацкія сродкі, якія дапамагаюць у стварэнні мастацкіх вобразаў.


Спіс літаратуры

  1. Аникин, В.П. Русский фольклор / В.П. Аникин. – М., 1987.

  2. Бабуля так лячыла... Замовы ад хвароб. / Складальнік Г.А. Барташэвіч. – Мінск, 1992.

  3. Барташэвіч, Г.А. Магічнае слова / Г.А. Барташэвіч. – Мінск, 1990.

  4. Богданович, А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов.

  5. Власова, З.И. К изучению поэтики заговоров / З.И. Власова // Русский фольклор.

  6. Ветухов, А. Заговоры / А. Ветухов. – Варшава, 1907.

  7. Гарэцкі Максім. Гісторыя беларускай літаратуры. / М. Гарэцкі. – Мінск, 1992.

  8. Грушевский, Н. Заговоры как вид русской народной поэзии.

  9. Грынблат, М.Я. Замовы / М.Я. Грынблат // У кн.: Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць. – Мінск, 1967.

  1. Довнар-Запольский, М.В. Чародейство в Северо-Западном крае в ХVII-ХVIII вв. / М.В. Довнар-Запольский // Этнографическое обозрение. – М., 1890. – Вып. 2.

  1. Елеонская, Е. Заговоры и колдовство на Руси в ХVII-ХVIII вв. / Е. Елеонская // Русский архив. – М., 1912. – Вып. 4.

  1. Замовы / укладальнік, сістэм. тэкстаў, уступ, арт. і камент. Г.А. Барташэвіч. – Мінск, 1992.

  2. Крушевский, Н. Заговоры как вид русской народной поэзии / Н. Крушевский // Варшавские университетские известия. – Варшава, 1876. – № 3.

  3. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Этнографический очерк А.Е.Богдановича. – Гродно, 1895.

  4. Петров, В.П. Заговоры / Публикация А.Н. Мартыновой // Из истории русской советской фольклористики. – М., 1981.

  5. Потебня, А.А. Малорусская народная песня / А.А. Потебня. – Воронеж, 1877.

  6. Познанский, Н. Заговоры: Опыт исследования происхождения и
    развития заговорных формул / Н. Познанский. – Петербуг., 1817.

  7. Познанский, Н. Сисиниева легенда-оберег и сродные ей амулеты и заговоры / Н. Познанский // Живая старина. – 1912. – Вып. 8.

  1. Шлюбскі, А. Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны. Ч. I / А. Шлюбскі. – Мінск, 1927.

Радзінна-хрэсьбінныя абрады і песні
З гісторыі вывучэння радзінна-хрэсьбіннай абраднасці і паэзіі беларусаў. Радзінна-хрэсьбінныя абрады і паэзія ўвасобілі ў сабе этнічныя асаблівасці беларусаў, адлюстравалі сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, светапогляд, вераванні, маральна-этычныя нормы жыцця, народнае права, эстэтычныя ідэалы.

Радзінна-хрэсьбінная паэзія і ўвесь беларускі фальклор, прываблівае нас надзвычайным багаццем зместу і хараством паэтычнай формы, глыбінёй выказаных пачуццяў і паэтычнасцю вобразаў. Нездарма яшчэ ў 1837 г. у прадмове да “Вясковых песень з-над Нёмна і Дзвіны” Ян Чачот заклікаў вучыцца ў сялян: “Мы многаму ў іх навучымся з пазнання іх становішча і характару; знойдзем у іх паданні, казкі, былі, самая багатая будзе ж ніва песень, якія дадуць магчымасць пазнаць іх тонкія, прыгожыя, нават далікатныя і глыбокія пачуцці... Які гэта скарб для адукаванага спевака і даследчыка!”

Калі меркаваць па тых публікацыях, якія дайшлі да нас з 19 – пач. 20 ст., радзінна-хрэсьбінная абраднасць і паэзія выклікала цікавасць у збіральнікаў і даследчыкаў. Так, вялікі ўклад у збіранне і вывучэнне традыцыйнай духоўнай спадчыны беларусаў унёс П. Шэйн: у зборніках “Беларускія народныя песні” і “Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю” змешчаны грунтоўныя апісанні радзінна-хрэсьбінных абрадаў з шырокай ілюстрацыяй іх вербальнай часткі з Полацкага, Лепельскага, Віцебскага і Барысаўскага паветаў. Не менш каштоўным з’яўляецца “Беларускі зборнік” Е. Раманава, у 4 раздзеле 8 выпуска якога змешчаны радзінна хрэсьбінныя абрады таксама з адпаведнай вербальнай часткай.

Багаццем сямейна-абрадавай паэзіі ўвогуле і радзінна-хрэсьбіннай у прыватнасці вылучаюцца такія працы, як “Смаленскі этнаграфічны зборнік” У.М. Дабравольскага, “Люд беларускі” М. Федароўскага, “Песні пінчукоў” М. Доўнар-Запольскага, “Матэрыялы да вывучэння фальклору i мовы Вiцебшчыны” А. Шлюбскага, “Беларусы” Я. Карскага (ён, дарэчы, адным з першых прааналізаваў абрады і песні, што выконваліся пры нараджэнні чалавека, а таксама падрабязна апісаў хрэсьбіны, ахарактарызаваў хрэсьбінныя песні).

З сучасных фальклорных прац, у якіх апублікавана і радзінна-хрэсьбінная паэзія, варта назваць “Беларускія народныя песні” Р. Шырмы, “Анталогію беларускай народнай песні” Г. Цітовіча, “Песні народных свят і абрадаў” Н. Гілевіча, “Радзінная паэзія” (складальнікі М. Грынблат і В. Ялатаў) і “Радзіны. Абрад. Песні” (складальнікі Г. Пятроўская, Г. Таўлай, Т. Кухаронак) серыі БНТ. З новых апублікаваных прац вылучаюцца фальклорна-этнаграфічныя зборнікі, прысвечаныя вывучэнню традыцыйнай духоўнай спадчыны Гомельскай вобласці, у тым ліку рэгіянальна-лакальных асаблівасцей радзінна-хрэсьбінных абрадаў і паэзіі.

Апублікаваныя тэарэтычныя даледаванні нешматлікія: уступныя артыкулы да фальклорных зборнікаў, кароткія характарыстыкі ў хрэстаматыях па фальклоры, тэарэтычныя раздзелы вучэбных дапаможнікаў па курсу беларускай народнай творчасці для студэнтаў філалагічнага факультэта, кніга “Наша родная песня” Н. Гілевіча, “Радзінныя звычаі і абрады беларусаў” Т. Кухаронак, “З крыніц спрадвечных” У. Сысова.



Радзінна-хрэсьбінны комплекс беларусаў і яго структура. Комплекс традыцыйных радзінных звычаяў і абрадаў беларусаў складаецца з трох цесна звязаных цыклаў: дародавага, родавага і пасляродавага. Першыя два ўключаюць прыкметы і ўяўленні, звязаныя з імі павер’і, абрадавыя дзеянні, скіраваныя на захаванне цяжарнасці і паспяховае завяршэнне родаў, апошні – звычаі і абрады, якія сімвалізуюць ідэю прыняцця нованароджанага ў сям’ю і падтрыманне яго здароўя ў пачатковы перыяд жыцця.

Дародавы цыкл

Клопаты аб будучым дзіцяці пачыналіся ўжо з моманту ўзяцця маладымі шлюбу. Так, ужо ў складзе традыцыйнага беларускага вяселля сустракаліся шматлікія абрадавыя элементы, закліканыя стымуляваць дзетанараджэнне ў маладых мужа і жонкі:

а) сядзенне нявесты і жаніха на разасланым кажусе, на дзяжы;

б) абсыпанне маладых жытам, аўсом, арэхамі ці трыманне гэтых прадметаў за пазухай;

в) насыпанне зерня ў абутак жаніха і нявесты;

г) падкладванне пад пасцель маладым, што ўступілі ў шлюб, нажа або сякеры;

д) шматлікія пажаданні (“Колькі ў лесе пянёчкаў, каб столькі вялося сыночкаў. Дару бочку-малочку, каб нарадзіла маладая дочку” (в. Рэкта Жлобінскага р-на); “Дару каробачку медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі” (в. Майскае Жлобінскі р-н); “Дару каробку гліны, каб пазвалі на хрысціны” (г. Жлобін)).

Паводле народных уяўленняў, на цяжарнасць жанчыны мог ўказваць не толькі яе фізіялагічны стан, але і паводзіны прадстаўнікоў жывёльнага свету:



  1. “Калі над хатаю лятае да крычыць сава, то кажуць, што там маладзіца ці дзеўка зачаравацела”;

  2. “Як жанчына зацяжарыць да яшчэ першым дзіцём, та к ёй вельмі лашчацца каты да сабакі”;

  3. “На цяжарную жанчыну не брэшуць нават самыя паганыя сабакі. Кажуць, што яе не зачэпяць ні ваўкі, ні мядзведзі”.

Вядома, што нараджэнне, выхаванне ды і ўсё жыццё дзіцяці, цесна звязаны з сям’ёй, якая выступае мікраасяроддзем, у якім першыя гады жыцця дзіця існуе. Яно абсалютна залежыць ад гэтага асяроддзя, таму што толькі ў сям’і фарміруецца яго ранні сацыяльны вопыт. Адказнасць за мікраклімат у сям’і, падтрыманне ў ёй пакою і згоды ляжала на жанчыне: менавіта маці павінна была рэгуляваць унутрысямейныя спрэчкі, блакіраваць усялякія праявы агрэсіі, насілля, канфліктных паводзін, сваімі ўчынкамі ілюстраваць талерантныя, высокамаральныя адносіны да членаў роду, грамадства і ўсяго навакольнага свету.

Падобныя паводзіны і адносіны жанчына павінна была дэманстраваць, знаходзячыся яшчэ ў стане цяжарнасці, таму не здзіўляе факт наяўнасці ў мудрай народнай традыцыі вялікай колькасці парад, прыкмет, павер’яў, правілаў і забарон для будучай маці, замацаваных ў стагоддзях, пацверджаных рацыянальным вопытам і афарбаваных багатай фантазіяй нашых продкаў.



Родавы комплекс

Важнае значэнне надавалася абрадам і магічным дзеянням, якія адбываліся ў час родаў або напярэдадні іх. Усе яны павінны былі аблегчыць боль парадзіхі і садзейнічаць захаванню здароўя яе і нованароджанага.

Наступленне родаў звычайна ўтойвалі і ад старонніх, і ад блізкіх людзей, каб засцерагчы парадзіху ад цяжкіх родаў ("колькі чалавек ведае пра роды, столькі будзе патугаў"), ад чужых вачэй, урокаў і злосных чар. Часцей роды адбываліся па гэтай прычыне ў лазні ці ў іншай гаспадарчай будыніне.

Роды звычайна прымала бабка-павітуха (на яе ролю падбіралі немаладую паважаную жанчыну, у якой ёсць свае дзеці), ад уменняў якой залежала паспяховасць родаў. Яна займалася не толькі прыняццем родаў, але здзяйсняла першыя пасляродавыя працэдуры над нованароджаным і рожаніцай, суправаджаючы іх неабходнымі магічнымі дзеяннямі: абразанне пупавіны, купанне і інш.

Як толькі бабка-павітуха прыходзіла ў хату да парадзіхі, развязвала фартух, “каб хутчэй развязаліся маці з плодам” (Рэчыцкі пав.), здымала з сябе пояс і абводзіла ім тры разы вакол жывата парадзіхі, кідала яго на падлогу, дзе ён ляжаў да нараджэння дзіцяці (Мазырскі пав.).

Сярод дзеянняў, скіраваных на аблягчэнне родаў, найбольш папулярнымі ў народзе з’яўляюцца такія дзеянні, як адкрыванне (адмыканне) і развязванне (распусканне), якія здзяйсняліся паводле прынцыпаў імітатыўнай магіі: “У гэты час ў хаце адкрывалі ўсе дзверы і юшкі, адмыкалі ўсе замкі...” (в. Гірава.); “Калі набліжаліся роды – адчыняліся ўсе вокны, дзверы, развязваліся паясы, вузлы, калі ў каго-небудзь з жанчын была каса, яе распляталі...” (г. Рэчыца); “Каб роды былі лягчэйшыя, у хаце развязвалі ўсе вузлы, па­я­сы, ленты, распляталі косы” (в. Зарэчча Брагінскага р-на).

Карысталіся і практычнымі сродкамі народнай медыцыны, заснаванымі на жыццёвым вопыце. Напрыклад, бабка прымушала парадзіху саскокваць з невысокай калодкі, пераскокваць цераз парог. У некаторых рэгіёнах (Міёрскі р-н) для аблягчэння родаў налівалі ў кадушку цёплай вады і парылі парадзіху.

Першаму купанню дзіцяці, зыходзячы з міфалагічных уяўленняў жыхароў, надаваліся магічныя якасці забеспячэння здароўя і дабрабыту дзіцяці (“У ваду, у якой купалі дзіця першы раз, кідалі грошы і лекавыя травы, каб той быў здаровы і багаты (в. Гірава.)), абароны ад “дурнога вока” (“Каб абараніць младзенца ад дурнога вока, трэба пасля купання тую ваду, у якой купалі, выліць пад бярозку ці пад яблыню, калі купалі дзяўчынку, ці пад дуб, калі купалі хлопчыка” (в. Салтанава); засцярогі ад “нячыстай сілы” (“Першыя дні баба сама купае дзіця; пакупаўшы, яна трэйко сцёпае яго над начоўкамі, каб сцякла брудная вада, трэйко цалуе ў спінку й трэйко сплёўвае, каб атагнаці ат дзіцяці нячыстую сілу” (А. Сержпутоўскі)). Як сведчыць фактычны матэрыял, пры дапамозе пэўных магічных дзеянняў выканаўцы імкнуліся перадаць дзіцяці сімвалічныя якасці тых прадметаў, што выкарыстоўваліся ў абрадах (грошы = багацце, дрэвы і лекавыя травы = здароўе, абарона ад шкоднага ўздзеяння).

Першае купанне нова­народжанага было звязана з магіяй пачатку, а таму сімвалізавала закладванне лёсу дзіцяці.



Пасляродавы комплекс

Пасляродавы цыкл, які быў скіраваны на прыняцце нованароджанага ў сямейна-грамадскі калектыў, уключаў у сябе наступныя звычаі і абрады: імянарачэнне, наведванне парадзіхі і нованароджанага, выбар кумоў, абрад царкоўнага хрышчэння, хрэсьбіннае застолле (разбіванне гаршка з кашай, дзяльба кашы, рытуалы ўшанавання бабкі-павітухі, адорванне падарункамі бабкі і жанчыны-парадзіхі, выкананне радзінна-хрэсьбінных песень).

Пасля родаў парадзіху наведвалі суседкі, сяброўкі, абавязкова замужнія. Такое наведванне называлася адведкамі, або провідкамі. Парадзісе прыносілі аладкі, яечню, кісель і іншыя стравы, прадукты, каб яна магла хутчэй аднавіць свае сілы: “Адведкі спраўлялі ў нас у пятніцу, на першым тыд­ні. Да парадзіхі прыходзілі мы пасля абеда. …Стараліся на дзіця не глядзець, бо яно яшчэ нехрышчонае і няма ў яго імя. К­лі ўжо хто і паглядзеў, то тры разы перахрысціўся, ды тры разы паплюваў праз левае плячо” (г. Рэчыца), а таксама для таго каб было дзіця здаровае: “Парадуха, як прынясуць ёй узвар ці іншы гасцінец, павінна тагды ж пры той жанчыне пакаштаваць і з’есці тае яды да яшчэ паказаць, што яна да густу. Гэта робяць дзеля таго, каб хутчэй набрацца сіл, хутчэй паправіцца да й каб дзіця было здаровенько, каб хутчэй у яго пайшлі зубкі” (А. Сержпутоўскі). Важным момантам з’яўлялася адорванне жанчын, якія прыходзілі ў адведкі: “Роджаніца прымае гасцінец, а палатно ці ручнік атдае назад. Тут яна павінна чым-небудзь атдарыць тую жанчыну, што прыйшла ў праведы, даць ёй абаранак, кусочак цукру, жменю чарніц, гарбузікаў ці што другое. Калі гэтаго не зрабіць, та як дзіцяці да роджаніцы, так і той жанчыне можа зашкодзіць” (А. Сержпутоўскі).

Прынесеныя гасцінцы былі звычайна настолькі добрымі, што дазвалялі жанчыне, якая яшчэ не адышла ад родаў, некалькі дзён адпачыць ад дамашніх клопатаў і на турбавацца пра дамачадцаў.

Важнейшым абрадам у радзінах славянскіх народаў было хрышчэнне, у якім абмыванне вадой, ачышчэнне нованароджанага, як і ў язычнічніцкім абрадзе, мела ахоўны сэнс. У язычніцкія часы абрад грунтаваўся на карпаганічнай – ачышчальна-ахоўнай магіі. Хрысціянскае таінства хрышчэння азначала вызваленне чалавека ад грахоў і далучэнне да царквы. Названы абрад заканчваўся традыцыйным народным святкаваннем – хрэсьбінамі або ксцінамі (“бабіны”).

Насілі хрысціць дзіця ў царкву хрышчоны бацька і хрышчоная маці — кум і кума, для якіх давер сям'і нованароджанага быў вялікім гонарам. У сувязі з гэтым была выпрацавана ў розных лакальных традыцыях Гомельшчыны адпаведная рэгламентацыя, згодна з якой як да выбару кума, так і кумы прад’яўляліся пэўныя патрабаванні. Напрыклад, у в. Старая Дуброва Акцябрскага раёна кумоў выбіралі, каб “былі малодшыя за бацькоў, тады дзеці не будуць доўга заседжвацца ў халасцяках: дзеўкі будуць замуж ісці, а хлопцы жаніцца”. У якасці кумоў у в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна выбіралі толькі жанатых людзей, але “не ў коім разе муж і жонка – гэта забаранялася, бо пасля гэтых хрэсьбін яны пачыналі жыць вельмі дрэнна”.

Паколькі традыцыя кумаўства ў народных уяўленнях мела высокі аўтарытэт, то і рытуалу выбару кумоў надавалася вялікае значэнне. Звычайна гэту высокую місію выконваў бацька, які павінен прыйсці абавязкова з хлебам і гарэлкай, пры гэтым ён прагаворваў сваё запрашэнне (быць кумам) у становішчы “стоячы, каб дзіцё хутка навучылася хадзіць” (в. Сінічына Буда-Кашалёўскага раёна). Тым, каго запрашалі ў кумы, зыходзячы з народных вераванняў, адмаўляцца нельга было: “Адказвацца, калі цябе звалі быць кумам, была нельзя” (в. Залаты Рог Веткаўскага раёна). Як пацвердзілі жыхары в. Старое Сяло Веткаўскага раёна, хросных бацькоў выбіралі з ліку блізкіх або далёкіх родзічаў, бо яны далжны аб дзіцёнку забоціцца, калі што з роднымі бацькамі здарыцца”.

Цэнтральнай падзеяй у радзінных абрадах з’яўляліся хрэсьбіны — урачыстае застолле, бяседа, якая адбывалася па традыцыйнаму рытуалу, што складваўся на працягу стагоддзяў. Рэшткі яго дайшлі да нашага часу ў большай або меншай захаванасці амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Спецыяльных абрадавых дзеянняў, якімі распачыналі хрэсьбінную ўрачыстасць, на большай частцы тэрыторыі Беларусі не існавала.

На хрэсьбіны запрашаліся сваякі, сябры, суседзі. Абавязковымі гасцямі былі бабка, кума, кум. Для іх адводзілася ганаровае месца — кут. Калі збіраліся госці і кумы вярталіся разам з нованароджаным з царквы, гаспадар запрашаў грамаду за стол.

Звычай “бабіна каша – важны момант радзінна-хрэсьбіннай абраднасці: “Крута зва­раную кашу зверху ўпрыгожвалі кветкамі або цукеркамі. Падавалі яе ў канцы застолля” (в. Валосавічы Акцябрскага раёна). “У некаторых месцах (на Палессі) раней кашу прыносіла і хросная маці, але “білі” гаршчок толькі з “бабінай кашай” (часцей за ўсё крута зваранай прасяной). Абрад сімвалізаваў надзею на дабрабыт, здароўе парадзіхі і нованароджанага і даваў магчымасць падмацаваць іх матэрыяльна: сабраць грошы і іншыя падарункі для сям’і і бабкі” .

Гаршчок з кашай павінны былі разбіць і раздаць удзельнікам урачыстасці, якія прымалі кавалкі кашы і аддзячвалі падарункамі. Рытуал разбівання гаршка з кашай меў адметныя мясцовыя асаблівасці: у адных вёсках кашу разбіваў кум, у другіх той, хто больш пакладзе грошай, у трэціх – хто апошні дасць грошы на кашу.



Рытуал разбівання гаршка з кашай – кульмінацыйны момант радзін­на-хрэсьбіннай абраднасці. Магічнае значэнне надавалася “разбітым чарапкам” ад гаршка. Семантыку дзеянняў, звязаных з імі, тлумачылі мясцовыя жыхары па-рознаму:

  • уплываць на дабрабыт у гаспадарцы (“Кашу раздзяляюць дзецям, грошы – парадзісе, а чарапкі – у сарай. І госці ідуць у са­рай, разбіраюць сабе чарапкі, штоб вялася ў кожнага худоба” (в. Азершчына; Цуранкова С. К., 1925 г.н.); “Яшчэ чарапкі забіраюць дамой і аддаюць свінням, каб вялося патомства” (в. Заспа).

  • спрыяць нараджэнню дзяцей (“Чарапкі з гаршка ложаць усім маладым дзяўчынам на галаву, каб тыя таксама нарадзілі дзяцей” (в. Заспа); “Чарапкі ложаць на галовы гасцям, асобенна ў каго няма дзяцей” (в. Васількаў; Шафарэнка Л.); “Калі ў маладых нараджалася дачка, то бабка рабіла так: ...другі кавалак кашы кла­ла на галаву маладога бацькі і казала: “Табе клад у чарапок, каб на другі год быў сынок” (в. Левашы; Калеснік І. С., 1925 г.н.);

  • садзейнічаць здароўю і прыгажосці дзіцяці (“Верх кашы знімалі і клалі асобна, каб яго не пачаставала ма­ці дзіцяці, бо тады ў дзіцёнка будзе лічыка ў прышчах” (в. Салтанава; Кляцоўская М.І., 1935 г.н.); “Кум рэжа астатнюю кашу, бярэ сабе кавалак і гаворыць: “Няхай майму дзіцятку шчасця, долі ў хатку, хай яму столькі год пражыць, сколькі ў маёй чарцы кропель дрыжыць, быць яму здаровым, крэпкім, як мядзведзь, і ніколі не балець” (в. Левашы; Калеснік І. С., 1925 г.н.)).

Абрад “адвозіць бабку ў карчму” прадстаўлены ў розных рэгіянальных традыцыях беларусаў: “Назаўтра збяруцца бабу цягаць на калясках, зімой на санках. Надзенуць ён капялюш, пер’я ўставяць, па вуліцы ідуць, крык, смех, качалкай у вядро стукаюць” (в. Вялікая Быхаўшчына Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці); “У канцы хрэсьбін бабку цягалі на баране, а часта яшчэ і кумоў. Бабу ўпрыгожвалі пер’ямі, каснікамі, кветкамі, твар мазалі сажай, чырвонай фарбай, бураком націралі. Бабу цягнулі па вуліцы, усе госці крычалі, галёкалі, білі палкамі ў пустыя вёдры. Затым увальваліся ў магазін, бабка купляла гарэлку і аддавала гасцям” (в. Варатынь Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці); “На другі дзень раніцай збіраюцца госці, п’юць і закусваюць. Затым усе госці робяць “складку” на гарэлку. Далей бяруць павівальную бабку, прыбіраюць яе (улетку) кветкамі, узімку лентамі і стужкамі. Потым бяруць перакуленую ўверх зубамі барану (улетку) ці сані (узімку), садзяць бабку на барану ці сані і вязуць яе на сабе ў бліжэйшую карчму” (Віцебская вобласць).

Камедыйнасць прыведзеных сітуацый, звязаных з бабкай як з адным з галоўных персанажаў радзінна-хрэсьбіннай абраднасці, абумоўлена верай у магічную сілу смеху, якому надавалася ў дадзеным выпадку прадуцыравальнае значэнне і які выконваў функцыі забеспячэння здароўя і шчаслівага жыцця нованароджанага. Невыпадкова працэс “цягання бараны” ад хаты да брамы і зноў да хаты суправаджаўся славеснымі прыгаворамі магічнай скіраванасці: “каб шчасце было”, “каб здаровы быў, жаніўся”, “каб ціхі быў, спагадлівы” і г.д.

Абрад “адвозіць бабку” суправаджаўся песнямі-ілюстрацыямі. У некаторых тэкстах можна назіраць спалучэнне матываў, звязаных як з адвозам бабкі-павітухі, так і кумы:

Запражыця, запражыця

Да дзвенаццаць валоў.

Атвязіце, атвязіце

Да бабульку дамоў.

Наша бабулька, наша рабулька

Да паязды любіць.

Завязіця ў карчомачку

Кварту гарэлкі купіць.

Хрэсьбінныя песні і іх класіфікацыя. Найбольшую каштоўнасць у радзіннай паэзіі маюць хрэсьбінныя песні, якія і вызначаюць нацыянальную адметнасць беларусаў, таму што гэтыя творы ў нас, у параўнанні з іншымі народамі, захаваліся лепш. Выконваліся яны ў час святкавання нараджэння і хрышчэння дзіцяці. Колькасць песень, якія толькі прымяркоўваліся да ўрачыстасці, але зусім не звязваліся з ёю, паступова расла, і цяпер значна пераважае ў песенным рэпертуары хрэсьбіннага абраду.

У песнях адлюстраваны ўсе стадыі абраду: паход бацькі па бабку-павітуху, роды, зварот да Бога па “долю” для дзіцяці, дзяльба “бабінай кашы”. Па сваім змесце яны групуюцца вакол асноўных дзеючых асоб: дзіцяці, яго бацькоў, бабкі-павітухі і хросных бацькоў, а па эстэтычна-функцыянальнаму прынцыпу хрэсьбінныя песні класіфікуюцца на рытуальна-заклінальныя, велічальныя, гумарыстычныя, бяседныя.

Змястоўнасцю і паэтычным хараством вызначаюцца ў хрэсьбіннай паэзіі велічальныя песні. У іх услаўляюцца бацька і маці дзіцяці, бабка, кум і кума.

У песнях-велічаннях бацькоў адначасова гучаць матывы любові да дзіцяці і найлепшых пажаданняў, адрасаваных яму, розныя па паходжанні, некаторыя з іх захавалі старажытныя рысы быту і светапогляду і вядуць пачатак з глыбінь першабытнаабшчыннага грамадства.

Песня, прысвечаная маці дзіцяці:

Ой, наша Марына

Нарадзіла сына:

Сына, як дубочка,

Падобнага на мужа.

Расці, наш сыночак,

Расці, як дубочак,

Будзь жэ ты разумны,

Каб мог палічыці

Усе ў вёсцы гумны.

Цікава славіцца бацька ў хрэсьбіннай песні:



Наш [імя бацькі] маладзец, майстэр на ўсе рукі,

Падкідае бабцы што рок па унуку.

Хлопец, як грыбочак, як рыба здаровы,

Як зорачкі вочы, як шнурочкі бровы.

Трапныя параўнанні, якія выкарыстоўваюцца ў песні, тут садзейнічаюць стварэнню вобраза дзіцяці, якому ўдзельнікі хрэсьбін жадаюць прыгажосці і здароўя. Пахвала бацьку, як правіла, выказваецца ў жартоўным тоне, як, напрыклад, і ў песні:



Паздароў, Божа, кываля,

А што скаваў нам дзіця,

А ні ў ручкі ні хукаў,

А ні молатам ні стукаў,

А ў мяккіх падушках,

А пад цёплай дзяружкай,

Без молата, без кавадла,

А паглядзіш — дзіця ладна!

Бытавалі таксама песні, у якіх бацька дзіцяці паўставаў ў вобразе клапатлівага і стараннага, уважлівага і спагадлівага гаспадара. Ніякія цяжкасці і перашкоды не могуць спыніць яго, каб выратаваць жонку і дзіця. І ён нярэдка ноччу, часам па гнуткай кладцы бяжыць да бабулькі і просіць яе пайсці з ім да парадзіхі.

У групе песень да нованароджанага адлюстраваны рэшткі старажытных народных уяўленняў аб долі, лёсе, душы, смерці, хваробе, што вынікалі з анімістычнага светапогляду чалавека. У пазнейшых хрысціянізаваных песнях пра нованароджанага сталі гучаць матывы выпрошвання долі ў Бога для дзіцяці:

А дай, божа, етай дзіцяці

Усякую долю ўзяці:

І хлебавую, і салявую,

Трэцюю – здаровейкую.
Песні , адрасаваныя бабцы-павітусе:

Не кукуй, зязюлечка, рана,

Не кажы, што ночачка мала.

Аленка ўсю ночку не спала,

Яна к сабе госцікаў звала,

Любых госцікаў ды бабулю.

Столікі абрусом засцілала,

Талеркі сухароў накладала,

Кубачкі ды віном налівала,

Яна сваю бабулю частавала.

(в. Аравічы Хойніцкага р-на)

Сярод радзінна-хрэсьбінных пе­сень Гомельшчыны па колькасным паказчыку пераважаюць творы, адрасаваныя куме і ку­му. Сярод мноства песень пра куму і кума сустракаюцца такія, у якіх яны малююцца ідэалізавана:



Кума на куце села,

Харошу песню спела,

Першу — хрышчоную,

Другую — вясельную,

Ой, дай, Божэ, дзіцяці

Да вяселля даждаці.

Сатырычна-гумарыстычныя песні вылучаюцца дасціпнасцю, жартаўлівым характарам, час­та змяш­чаюць у сабе адкрыты ці прыхаваны намёк на магчымы пра­цяг блізкіх адносін паміж героямі. Як, скажам, у адным з тэкстаў песні, запісаным у Калінкавіцкім раёне.



Кума кума любіла,

К сабе ў госці звала.

Ты, кума, ты, душа,



Саўсім кума хараша, красіва. (в. Гулевічы Ка­лін­ка­віц­ка­га р-на).
Мой кумочак, мой кумочак,

Не на тое прыйшла,

Каб ад цябе, каб яд цябе

Пехатой я пайшла.
Залажыце, запражыце

Клячу вараную,

Завязіце, адвязіце

Куму маладую (Хойніцкі р-н).

На хрэсьбінах выконвалася шмат бяседных песень, у якіх славіліся шчодрасць і гасціннасць гаспадароў, выказвалася радасць з нагоды з'яўлення новага чалавека, раскрывалася атмасфера святкавання ўрачыстасці падзеі.

Акрамя таго, бяседныя песні вызначаліся дасціпным гумарам, з'едлівай насмешкай з нядбайліц, няўмек, гультаёў. У гэтых песнях, як і ў іншых народных творах, выяўляліся высакародныя і высокамаральныя ідэалы працоўных, іх нецярпімасць да п'янства, ашуканства, гультайства і іншых людскіх заган.

Падагульняючы вышэйсказанае, трэба адзначыць, што асноўнымі структурнымі кампанентамі радзінна-хрэсьбіннай абраднасці беларусаў як сістэмы з’яўляюцца мі­фа­ла­гіч­ныя ўяў­ленні, звязаныя з цяжарнасцю жанчыны і нараджэннем дзі­ця­ці; адведкі (наведванне жанчыны-парадзіхі і яе дзіцяці); зап­ра­шэн­не бабкі і кумоў; царкоўны абрад хрышчэння (язычніцкі аб­рад абмы­вання дзіцяці вадой); хрэсьбіннае застолле; адорванне ма­ці-парадзіхай бабкі і кумоў; абрад разбівання гаршка з кашай; цы­ры­мо­нія падзелу бабінай кашы; частаванне кашай удзельнікаў хрэсьбін; абрад адвозіць бабку-павітуху да­до­му; выкананне радзін­на-хрэсьбінных песень.


Спіс літаратуры

        1. Беларуская вусна-паэтычная творчасць: падручнік для студэнтаў філалаг. спецыяльнасцей ВНУ / К.П. Кабашнікаў [і інш.]. – Мінск, 2000.

        2. Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2 т. – Мінск, 2005–2006.

        3. Булгаковский, Д. Пинчуки. Этнографический сборник. Песни, загадки, пословицы, обряды, приметы, предрассудки, поверья, суеверия и местный словарь // Записки ИРГО по отделению этнографии / Д. Булгаковский.– СПб., 1890. – Т. 23.

        4. Гілевіч, Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма / Н.С. Гілевіч. – Мінск: Выш. школа, 1975. – 285 с.

        5. Гурскі, А.I. Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі / А.I. Гурскі. – Мінск, 2001.

        6. Добровольский, В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 2. // Записки ИРГО по отделению этнографии / В.Н Добровольский. – СПб.: Типография Евдокимова. – 1892.

        7. Емельянаў, А.С. Паэтыка хрэсьбінных песень / А.С. Емельянаў / Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр / А.С. Фядосік, А.С. Емяльянаў, У.М. Сысоў, М.А. Каладзінскі; Навук. рэд. К.П. Кабашнікаў. – Мінск: Бел. Навука. – 2001.

        8. Жыцця адвечны лад: Беларускiя народныя прыкметы i павер’i. Кн. 2 / уклад., прадм., пер. У. Васiлевiча. – Мiнск: Мастацкая лiтаратура – 1998.

        9. Кухаронак, Т.І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: Канец ХІХ – ХХ ст. / Т.І. Кухаронак. – Мн.: Навука і тэхніка. – 1993.

        10. Никифоровский, Н.Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах / Н.Я. Никифоровский. – Витебск: Губернская Типо-Литография. – 1897.

        11. Прыкметы і павер'і Гомельшчыны / уклад., сістэм., тэксталагічная праца, уступныя артыкулы В.С. Новак, А.А. Кастрыца. – Гомель: Барк, 2007.

        12. Радзінная паэзія / склад. М.Я. Грынблат, В.И. Ялатаў. – Мн., 1971.

        13. Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі беларусаў (на матэрыяле фальклору Гомельскай вобласці) / аўтары-ўкладальнікі Новак В.С., Шынкарэнка В.К., Кастрыца А.А., Воінава А.М., Вяргеенка С.А., Палуян А.М., Партнова-Шахоўская АУ. – Гомель: Барк, 2013.

        14. Романов, Е. Белорусский сборник / Е. Романов. – Вып. 8 – Вильна, 1912.

        15. Сержпутоўскi, А.К. Прымхi i забабоны беларусаў-палешукоў / прадм. У.К. Касько. – Мiнск: Унiверсiтэцкае, 1998.

        16. Фядосік, А.С. Беларуская сямейна-абрадавая паэзія / А.С. Фядосік.Мінск, 1997.

        17. Фядосік, А.С. Радзінная паэзія (функцыянальнасць абрадаў і абрадавай паэзіі, семантыка, жанравы састаў) / А.С. Фядосік / Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр / А.С. Фядосік, А.С. Емяльянаў, У.М. Сысоў, М.А. Каладзінскі; Навук. рэд. К.П. Кабашнікаў. – Мінск: Бел. Навука. – 2001.

        18. Шейн, П.В. Белорусские народные песни, с относящимися к ним обрядами, обычаями и суевериями, с приложением объяснительного словаря и грамматических примечаний. – СПб.: Типография Майкова. – 1874.

        19. Шейн, П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т.III. – СПб.: Типография императорской академии наук, 1902. – Сборник отделения русского языка и словесности императорской академии наук. – Т. 72, № 4. – СПб, 1903.

        20. Шлюбскi, А.Л. Матэрыялы да вывучэння фальклору i мовы Вiцебшчыны.Ч.2. – Мінск: Iнстытут беларускай культуры. – 1928.





Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал