Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»



старонка5/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.93 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

БЕЛАРУСКАЕ ВЯСЕЛЛЕ

Беларускае вяселле, у якім захоўваецца агульнаэтнічная аснова і выяўляюцца рэгіянальна-лакальныя асаблівасці, вылучаецца адметнымі абрадамі і звычаямі, непаўторным паэтычным хараством. Вясельны абрад, які ўзнік у феадальную эпоху на аснове традыцыйнага сялянскага сямейнага побыту, адзначаўся вельмі ўрачыста і ўяўляў сабой даволі цікавае тэатралізаванае прадстаўленне.

Вясельныя абрады і песні варта разглядаць як прадукт доўгага гістарычнага развіцця. Дайшоўшы да нашага часу з розных эпох, яны адлюстроўваюць многія характэрныя моманты сямейнага і грамадскага побыту працоўных, асаблівасці развіцця шлюбных і сямейных адносін на працягу многіх стагоддзяў. Вясельная абраднасць і паэзія даюць нам поўнае ўяўленне аб этычных поглядах беларускага селяніна, яго жыццёвай філасофіі, раскрываюць асаблівасці мастацкага мыслення беларусаў, паэтычнага ўспрымання навакольнага свету.

З гісторыі збірання і вывучэння вясельнай абраднасці і паэзіі. Вяселлю ў этнаграфічнай літаратуры пашанцавала як ніякаму іншаму абраду. Праўда, фактычныя матэрыялы пачалі з’яўляцца толькі з ХІХ ст., аднак гэта не абазначала, што пра вясельную абраднасць ранейшай пары да нас нічога не дайшло. Ужо ў “Аповесці мінулых часоў” летапісец распавядае пра асобныя моманты вясельнай абраднасці (жаніцьба князя Уладзіміра з полацкай княгіняй Рагнедай), а таксама параўноўвае некаторыя шлюбныя звычаі розных усходнеславянскіх плямёнаў: палян, драўлян, радзімічаў, вяцічаў, севяран.


Пра вясельныя абрады беларускай народнасці – з часу яе фарміравання і да канца XVIII ст. – могуць даць уяўленне звесткі, якія раскіданы па розных пісьмовых крыніцах: беларускіх летапісах, судовых актах, мемуарах розных асоб, нататках падарожнікаў, творах мастацкай літаратуры.

Значная колькасць матэрыялаў пра вясельныя абрады і звычаі была запісана ў ХІХ ст. Назавем асобныя працы збіральнікаў-даследчыкаў: “Беларусь” А. Рыпінскага (змяшчае беларускія вясельныя песні). У зборніку “Шляхціц Завальня…” Ян Баршчэўскі змясціў звесткі пра адзін з момантаў вяселля – праезд дружыны жаніха праз агонь, раскладзены з саломы каля варот. Я. Чачот у выпусках зборніка “Вясковыя песні з-над Нёмна і Дзвіны” змясціў узоры вясельных песень. П. Шпілеўскі ў сваёй працы “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных казках” прадставіў 2 апісанні вяселля.

Значным укладам у скарбніцу народнай культуры Беларусі з’явіліся публікацыі П. Шэйна “Матэрыялы да вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-заходняга краю” (апісанні вяселля, зробленыя яго карэспандэнтамі А. Багдановічам, М. Нікіфароўскім і інш., 24 апісанні вяселля).

Варта прыгадаць імёны і іншых збіральнікаў-даследчыкаў фальклору: Уладзімір Дабравольскі (“Смаленскі этнаграфічны зборнік”), М. Федароўскі (“Люд беларускі”). Надзвычай каштоўныя запісы вяселля былі зроблены Е. Раманавым “Беларускі зборнік”, (вып. 8), М. Косіч (“Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні…”), З. Радчанка (“Гомельскія народныя песні”).

З беларускіх вучоных найбольшую ўвагу даследаванню вясельнай абраднасці і паэзіі ўдзяліў М.В. Доўнар-Запольскі ( манаграфія “Беларускае вяселле ў культурна-рэлігійных перажытках”). Значнае месца характарыстыка вясельных абрадаў і звычаяў займае ў працы Я. Карскага (“Беларусы”, т. 3 “Народная паэзія”). Асобную манаграфію прысвяціў вясельнай абраднасці беларусаў М. Нікольскі (“Происхождение и история белорусской свадебной обрядности”. Мн., 1956 г.)

Паходжанне і структура вясельнай абраднасці. Паходжанне вясельнай абраднасці, як сцвярджаюць даследчыкі, звязана з узнікненнем парнага шлюбу ў эпоху матрыярхату. Сённяшняя форма вясельнай абраднасці пачала складвацца ў эпоху патрыярхату, калі пануючай формай шлюбу стала манагамія (аднашлюбнасць). Асноўным момантам у сістэме вясельных абрадаў стаў абрад пераезду нявесты з бацькоўскага дому ў дом жаніха.

Вясельная абраднасць узнікла менавіта як патрэбнасць грамадства, у ёй знайшлі адлюстраванне рэлігійныя ўяўленні нашых продкаў, іх светапогляд. Многія абрадавыя этапы вяселля ўзніклі як пэўныя магічныя дзеянні, скіраваныя на забеспячэнне шчаслівага жыцця маладых. Сёння вясельныя рытуалы ўспрымаюцца як сімвалічныя дзеянні. Вяселле асэнсоўваецца як своеасаблівая сімвалічная форма пажадання маладым шчаслівага сямейнага жыцця, дабрабыту.

Вядома, што царква аказала пэўны ўплыў на многія народныя святы і абрады, але, калі ў адносінах да каляндарнай абраднасці гэта ўдавалася параўнальна лёгка, то з вясельнымі звычаямі і абрадамі было не так проста. Царкве давялося з цяжкасцю прыстасоўваць іх да сваіх догматаў, бо доўгі час выступала супраць самога шлюбу. Толькі пасля таго, як хрысціянская царква ўсё ж прызнала шлюб, ёй удалося дапоўніць народны вясельны абрад сваім элементам – царкоўным вянчаннем. Гэтае новаўвядзенне доўгі час не прымалася людзьмі (Ю. Бардах “Свецкі характар шлюбнага звычаёвага права рускага насельніцтва Вялікага княтсва Літоўскага (ХV–XVII стст.). У вышэйназванай працы даследчык адзначае, што доўгі час насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага карысталася пры заключэнні шлюбу звычаёвым правам, унікаючы царкоўнага вянчання.

Пазней, калі вянчанне ўкаранілася ў побыт, яно насіла фармальны характар. Многія запісы вясельнай абраднасці сведчаць аб тым, што адразу пасля “вянца” маладыя яшчэ не лічыліся мужам і жонкай. Звычаёвае права беларусаў мела прыярытэт (аднак пэўны ўплыў усё ж быў пакінуты царквой – благаславенне абразамі, зварот да Бога ў песнях і інш.).

Беларускае вяселле, як і шлюбная абраднасць іншых усходнеславянскіх народаў, мела некалькі этапаў: сватанне, запоіны, заручыны (змовіны), зборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны жаніха па нявесту, вясельнае застолле, дзяльба каравая, ад’езд да дому маладога, сустрэча маладых, ход вяселля ў хаце маладога.

Даследчыца Л. Малаш прапанавала падзяліць усю вясельную абраднасць на 3 часткі: а) давясельную, або падрыхтоўчую; б) уласна весельную; в) паслявясельную.



Давясельная частка мела фармальна-бытавы характар, у час яе абрадавых этапаў, як адзначаюць даследчыкі вясельнай абраднасці, афармляецца пагадненне паміж бацькамі маладых адносна заключэння шлюбу. Паслявясельная частка ў розных мясцовасцях, напрыклад, Гомельскай вобласці, мела самыя розныя назвы: у некаторых вёсках Нараўлянскага р-на – гэта “Куры”, Ельскага р-на – “Хвост”, Кармянскага р-на – “Банкеты”, Брагінскага р-на – “Дуць папялішча” і інш.

Сватанне. Мэта сватання – дамовіцца аб шлюбе. Сватоў падбіралі на Беларусі з ліку мужчын, жанатых, паважаных, хаця ўдзельнічалі і жанчыны. Часцей за ўсё ў сваты хадзілі сват з бацькам жаніха або сват з самім жаніхом. У некаторых рэгіёнах Беларусі прысутнасць жаніха на сватанні была абавязковай. На тэрыторыі паўднёвага захаду Беларусі ў сватанні магла ўдзельнічаць і замужняя жанчына, іншы раз самога жаніха звычайна не бралі.

У песнях, якія суправаджалі абрадавы этап сватання, мелі месца парады, адрасаваныя маладому: чым трэба было кіравацца, каб выбраць жонку.



Запоіны (запівіны, “малыя заручыны”…) – гэта таксама адзін з падрыхтоўчых этапаў вяселля, на якім нявеста і яе бацькі ў прысутнасці блізкай радні афіцыйна давалі згоду на шлюб. На запоінах замацоўвалася гэта згода. Пасля запоін дзяўчына лічылася засватанай.

Абавязковымі стравамі на запоінах былі яечня і сыр. На запоінах адбываўся своеасаблівы абмен хлебам паміж бацькамі маладой і сватамі. Маці нявесты забірала хлеб, прынесены сватамі, і аддавала ім свой, а ў бутэльку, абвязаную ручніком, насыпала жыта. Пасля запоін шлюб яшчэ не быў абавязковым, ён мог і разладзіцца. У такім выпадку тыя бацькі маладых, па віне якіх разладзіўся шлюб, павінны былі вяртаць выдаткі супрацьлегламу боку.



Заручыны ўключаюць наступныя рытуалы:

а) жаніх і нявеста ў становішчы над хлебам або над міскай падаюць адзін аднаму рукі і іх звязваюць ручніком;

б) жаніх прывозіць пачастункі для сябровак нявесты, якія і сімвалізуюць яе выкуп з дзявоцкай грамады;

в) бацькі нявесты і жаніха абменьваюцца падарункамі і ўдзельнічаюць ў сумесным пачастунку, што сімвалізавала замацаванне заключанага саюзу – дагавору;

г) нявесце расплятаюць касу, якую яна не заплятала да самага пярэдадня вяселля;

д) маці (або хросная маці нявесты) у знак згоды на шлюб павязвала ўсіх сватоў жаніха ручнікамі, кавалкам палатна.



Зборная субота – гэты абрадавы этап бытуе не на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Калі адметнай рысай вяселля паўднёвай часткі тэрыторыі Беларусі з’яўляецца абрад каравая, то паўночнае беларускае вяселле вызначаецца развітасцю абраду зборнай суботы і багаццем песень.

Асноўны рытуал зборнай суботы – віццё вянка. Развітальны вечар маладой з сяброўкамі абазначаны не толькі тэрмінам “зборная субота”, але і наступнымі назвамі: “суборная субота”, “дзявічнік”, “паненскі вечар”, “вяночкі”, “дзявоцкія заручыны”, “пірог”, “мёд”, “дзявічкі”.

Пры класіфікацыі песень, якімі суправаджаюцца рытуалы зборнай суботы, даследчыкі ўлічваюць змест і функцыю ў абрадзе.

Песні зборнай суботы, зыходзячы з іх зместу і функцыі ў вясельным абрадзе, паводле даследавання вясельнай абраднасці, праведзенага Л.А. Малаш, падзяляюцца ў залежнасці ад наступных рытуалаў:

1) маладая збірае дружак і просіць звіць вянок;

2) кветкі для вянка;

3) уюць вянок;

4) звілі вянок;

5) вянок коцяць па стале;

6) выкуп вянка;

7) маладая чакае вянка ад маладога;

8) малады прывозіць свой вянок;

9) нядоўга давядзецца маладой насіць вянок;

10) маладая развітваецца з дзявоцтвам;

11) як маладой называць бацьку і радню маладога;

12) дружкі маладой робяць ёлачку і кветкі для дружыны маладога;

13) маладая частуе дружак.

Уласна вяселле пачынаецца ў нядзелю, якую называюць першым днём вяселля. Цэнтральнае месца ва ўласна вясельнай частцы адводзіцца пасаду.

Можна вылучыць наступныя, паводле меркаванняў даследчыцы Л.А. Малаш, тэматычныя групы песень:

1) зачынаюць вяселле;

2) прыбіраюць маладую;

3) расплятаюць і чэшуць касу маладой;

4) пара маладым на пасад;

5) брат вядзе маладую на пасад;

6) маладыя ідуць на пасад;

7) маладая сядзіць на пасадзе;

8) маладыя збіраюцца да шлюбу;

9) маладыя кланяюцца ўсім прысутным;

10) рыхтуюць коні ехаць да шлюбу;

11) ад’езд да шлюбу.

Пасад – старажытны і складаны абрад, які захаваў рэшткі першапачатковай рэлігіі славян.

Вылучаюцца 3 асобныя тыпы абрадавага этапу “пасад”:

а) пасад маладой і пасад маладога перад шлюбам на дзяжу;

б) сумесны пасад пасля шлюбу ў сувязі з абрадам злучэння (звядзення) маладых;

в) пасад маладых у розныя часы – у час завівання, на заручыны, зборную суботу.

Пасад – гэта форма благаславення жаніха і нявесты на шлюб, пажаданне ім шчаслівага жыцця.




1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка