Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»



старонка6/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.93 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

Каравай. Уласна вяселле пачыналася з замешвання цеста на каравай і яго выпечкі. кожны момант падрыхтоўкі каравая суправаджаўся адпаведнымі рытуаламі і песнямі.


Ніводная каравайная песня ніколі не выконваецца і не мае сэнсу па-за абрадам каравая. Выкананне каравайных песень і рытуалаў адбываецца ў строгай паслядоўнасці адначасова з прыгатаваннем абрадавага хлеба. Як сцвярджаюць даследчыкі, прынята наступная ўмоўная класіфікацыя каравайных песень:

а) запрашаюць род і суседак на каравай;

б) рашчыняюць каравай;

в) сукаюць свечкі (рэжуць воск на кавалкі і робяць свечкі), запальваюць;

г) месяць каравай, ён падыходзіць;

д) рыхтуюць печ для каравая;

е) робяць каравай і шышкі;

ё) садзяць каравай у печ;

ж) каравай пячэцца;

з) вымаюць каравай з печы;

и) убіраюць каравай;

к) пераносіць каравай у клець;

л) частуюць каравайніц;

м) дзеляць каравай;

н) просяць каравая.

Прыезд дружыны жаніха па нявесту. Сутнасць гэтага абрадавага этапу – сустрэча дружыны жаніха раднёй нявесты, што па форме нагадвала своеасаблівы ваенны набег з мэтай захапіць нявесту сілай (захаваліся рэшткі старажытнага звычаю ўмыкання нявесты жаніхом).

Вясельнае застолле – гэта сімвал нараджэння новай сям’і. У вясельных песнях, якія выконваліся ў гэты час, галоўнымі былі матывы ўшанавання маладых, іх бацькоў, сватоў.


Дзяльба каравая гэта кульмінацыйны момант у сістэме вясельнай абраднасці. Падзел каравая адбываўся згодна з выпрацаванымі на працягу стагоддзяў рытуаламі. Старшы сват сярэдзіну каравая аддаваў маладым, ніжэйшую частку (“падэшву”) – музыкам, астатнюю частку каравая дзяліў па ступені сваяцтва паміж гасцямі, бацькамі, хроснымі і інш.


На гэтым абрадавым этапе выказваліся пажаданні, у якіх можна было знайсці тлумачэнне многіх сімвалічных дзеянняў вясельнай абраднасці:

Даруем вам з павагай,

Каб не было знявагі.
Дарую пару галубоў,

Каб была моцная любоў.


Ад’езд да дому маладога – развітанне маладой з бацькоўскім домам – надзвычай эмацыянальны момант вяселля.

Ход вяселля ў хаце ў маладога. Адпраўлялі маладых ў камору, кармілі, замыкалі, раніцай будзілі, адбываўся рытуал, звязаны з “агледзінамі” пасцелі. Вяселле магло разладзіцца, калі маладая страціла цноту, у такім выпадку ганьбавалі бацькоў маладой.


Паслявясельны перыяд на тэрыторыі Беларусі вядомы пад рознымі назвамі, напрыклад, на Гомельшчыне паслявясельную частку называлі: “гуляць разгуліны”, “гуляць банкеты” (вв. Багданавічы, Сямёнаўка Кармянскага р-на), “пірагі”, “госці” (вв. Любавічы, Хільчыцы Жыткавіцкага р-на), “ламаць печ” (в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на), “гуляць зайца” (в. Алексічы Хойніцкага р-на).
Спіс літаратуры

1. Вяселле. Абрад / склад. К.А. Цвірка. – Мн., 1978.

2. Вяселле. Песні: У 6 кн. / склад. Л.А. Малаш, З.Я. Мажэйка. Кн. 1. – Мн., 1980; Кн.2. Мн., 1981; Кн. 3. Мн., 1983; Кн. 4. Мн., 1985; Кн. 5. Мн., 1986; Кн. 6. Мн., 1988.

3. Фядосік, А.С. Беларуская сямейна-абрадавая паэзія. / А.С. Фядосік. – Мн., 1997


Пахавальная абраднасць і галашэнні

Сістэма народных вераванняў, звязаных з пахавальнай абраднасцю. Перш чым гаварыць пра пахавальны абрад, варта засяродзіць увагу на разнастайных павер’ях, якія нельга абысці як найбольш старажытны элемент абраднасці пахавання і памінак. Да ліку павер’яў, якія нібыта прадказвалі набліжэнне смерці, адносіліся наступныя: калі сабака вые ўгору, калі зязлюля закукуе на страсе, калі курыца запяе пеўнем, калі ў хату праз разбітую шыбу залятае птушка, калі ўночы дзверы самі сабой расчыняюцца. Лічылася, што і некаторыя сны папярэднічаюць смерці: царква, свечкі, абразы, выкапаная магіла, калі нехта падае ў яму, выганяе скаціну ў поле, белая свіння, каршун, які каго-небудзь задзірае, калі выпадае зуб, калі сякуць дрэва, калі з’яўляюцца памерлыя раней бацькі, балота, пясок, гліна.


У дахрысціянскія часы характар пахавальных абрадаў ў славянскіх плямёнаў быў неаднолькавым. Да найбольш старажытнай формы адносіцца спальванне нябожчыкаў. Агонь здаўна лічыўся сімвалам ачышчэння, яму прыпісвалася ўласцівасць абароны ад нячыстай сілы. Выкарыстанне агню на пахаваннях і памінках узыходзіць да старажытных часоў культу агню.

Аднак дзесьці з пачатку нашай эры асноўнай формай пахавання стаў звычай пахавання цела нябожчыка ў зямлі.

Магчымае паралельнае бытаванне двух спосабаў пахавання на працягу многіх стагоддзяў выпрацавала рытуальна-вербальныя кампаненты пахавальных абрадаў. Калі ў абрадзе пахавання, звязаным з трупаспальваннем, было важным правядзенне трызны, што ўяўляла ўрачыстыя провады нябожчыка на той свет з “гуляннямі”, спаборніцтвамі, ахвярапрынашэннямі, то абрад ямнага пахавання ўключаў жалобныя рытуалы з галашэннямі, плачам і памінальным сталом.

У пахавальнай абраднасці знайшлі адлюстраванне шматлікія народныя вераванні. Напрыклад, нядобрым знакам лічылася сустрэць чалавеку смерць не ў родных сценах. Гэтыя ўяўленні ўстойліва захоўваюцца ў народнай свядомасці.

Перад смерцю хворы абавязкова прасіў ва ўсіх прысутных дараваць прыжыццёвыя крыўды, іншы раз запрашалі святара для апошняй споведзі. Іншы раз хто-небудзь з членаў сям’і (старэйшы) павінен быў перахрысціць паміраючага.

Існуюць многія народныя павер’і наконт маруднай смерці: пры цяжкім кананні развязваюць вузлы, расшпільваюць гузікі, адчыняюць замкі, лічылася, што такім чынам, зыходзячы з народных вераванняў, больш лёгка “раз’ядноўваліся магчымыя ўвасабленні душы і спакутаванага цела”. Каб душа не шукала доўга выйсця і свабодна пакінула памяшканне, адчынялі дзверы ў хаце, вароты ў хляве, у коміне душнікі, зрывалі дошкі са столі, вымалі верхні “касяк дзвярэй”, пасылалі ў царкву, каб свяшчэннік адчыніў царскія вароты. Лічылася, што душа без болю адыдзе ў вечнасць, калі канаючаму даць свечку. Найбольшай пашанай карыстаюцца ў народзе свечкі, пасвечаныя ў царкве на свята Грамніцы або ў перадвелікодны тыдзень. Здаўна бытавала вера, што запаленая свечка нібы асвятляе шлях на той свет, з’яўляецца сімвалам пакаяння і даравання грахоў.

Варта адзначыць, што шматлікія прыкметы былі звязаны з шэсцем пахавальнай працэсіі: а) калі па вуліцы неслі труну, забаранялася спаць (“каб соннага смерць не прыбрала”); б) нельга было скарачаць шлях да могілак; в) нельга было выглядваць з акна ці праз дзверы, калі вязуць нябожчыка; г) благой прыкметай лічылася сустрэць каго-небудзь, асабліва таго чалавека, які ішоў насустрач працэсіі (трэба было ці аб’ехаць, абысці, ці ісці разам, каб смерць не вярнулася ў вёску).

Структура пахавальнай абраднасці. Пахавальная абраднасць – складаны абрадавы комплекс, які ўключае ў сябе такія кампаненты, як народныя вераванні, абрадавыя дзеянні, галашэнні.

Варта адзначыць, што пахавальны абрад знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з развіццём яго эмацыянальна-псіхалагічнай скіраванасці і характарызуецца, як адзначаюць даследчыкі, некалькімі аспектамі: прасторава-часавым; індывідуальна-калектыўным; паэтыка-рытуальным.



Прасторава-часавы аспект пахавальнага абраду. У беларускай абраднасці асобныя моманты развіваюцца ў адносна абмежаванай прасторы і маюць працяг у часе. Увогуле можна вылучыць 8 паслядоўных момантаў: смерць чалавека; падрыхтоўка да пахавання; выраб труны і перанос у яе памерлага; наведванне суседзямі і сваякамі нябожчыка; вынас труны; шэсце на могілкі пахавальнай працэсіі; пахаванне; памінальны стол у хаце памерлага.



1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка