Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»


Крыніцы ўзнікнення прыказак і прымавак



старонка8/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.93 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   23

Крыніцы ўзнікнення прыказак і прымавак


Да ліку крыніц адносяцца:

А) разнастайныя жыццёвыя назіранні,

Б) гістарычныя сітуацыі, тыя ці іншыя рысы людзей,

В) з выслоўяў, што вылучаліся з фальклорных твораў – казак, былін, песень, баек (Біты нябітага вязе – з казкі пра лісіцу і ваўка),

Г) асобныя трапныя выразы з літаратурных твораў, якія паступова фалькларызуюцца.

Тэматыка прыказак і прымавак


1. Прыказкі і прымаўкі, запісаныя на тэрыторыі Гомельскай вобласці, сведчаць аб актыўных беларуска-руска-ўкраінскіх культурных і моўных кантактах.

А) прырода, гаспадарчая дзейнасць, праца.

Гром грыміць, будзе хлеб радзіць.

Багата вясна кветкамі, а восень палеткамі.

Як пасееш у пару – збярэш жыта гару.


Б) матэрыяльны быт.

Рыхтуй сані летам, а калёсы зімой.

Свая хатка, як родная матка.
В) грамадскае жыццё.

Ідзеш на чужую старану – пільнуйся, каб не было сораму.


Г) сям’я і сямейны быт.

Калі мілы па душы, з мілым рай у шалашы.

У каго матка, у таго і галоўка гладка.
Д) духоўнае жыццё.

Рана загаіцца, а злое слова ніколі.


Г) чалавек і яго якасці, мараль.

У людзей пытай, да свой розум май.

Еш боршч з грыбамі, а язык дзяржы за зубамі.

Спіс літаратуры


  1. Ахрыменка, П. Беларускія загадкі, прыказкі і прымаўкі. / П. Ахрыменка. – 1961.

  2. Янкоўскі, Ф. Паэтыка беларускай прыказкі. / Ф. Янкоўскі. – Мн., 1971.

  3. Янкоўскі, Ф. Беларускія прыказкі, прымаўкі і фразеалагізмы. / Ф. Янкоўскі. – Мн., 1958.

  4. Рапановіч Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі. – Мн., 1958.

  5. Шкраба, І.Р. Шкраба. Крынічнае слова. / І.Р. Шкрба. – Мн., 1987.

  6. Прыказкі і прымаўкі: У 2 кн. / склад. М.Я. Грынблат. – Мн., 1976.



БАЛАДЫ
Тэрмін “балада”, якім абазначаецца жанравая група твораў (песень) у фальклоры многіх народаў, на розных этапах свайго выкарыстання меў неаднолькавае сэнсавае напаўненне. Па-рознаму ён успрымаўся ў традыцыях асобных еўрапейскіх народаў. Трапіўшы на славянскія абшары з заходніх краін, гэты тэрмін найперш замацаваўся ў якасці азначэння літаратурнага жанру, і толькі значна пазней яго сталі прымяняць у фалькларыстыцы. Даследчыца Л. Салавей сцвярджае, што “балада — гэта апавядальная ліра-эпічная песня з напружаным драматычным сюжэтам, якая адлюстроўвае трагічныя калізіі ў асабістым, сямейным жыцці чалавека”. Балады прынята адносіць да пазаабрадавага фальклору, аднак у адносінах да беларускіх балад, на думку даследчыцы, гэта не зусім слушна. Яна зазначае, што “значная частка запісаў вызначана носьбітамі як каляндарна-абрадавыя песні – веснавыя, купальскія, паставыя і інш.”. Большасць баладных сюжэтаў мае выключна пазаабрадавае паходжанне і бытаванне, а сюжэты, звязаныя з абрадам, найперш цікавыя для разумення вытокаў жанру, яго фарміравання, асэнсавання вобразнасці.

Упершыню характарыстыку жанру балады ў пачатку ХІХ ст. даў А. Міцкевіч. Яскравым прыкладам з’явіліся баладныя творы самога паэта, заснаваныя на матывах беларускага фальклору.

У адносінах да фальклорнага песеннага жанру тэрмін “балада” сталі прымяняць даволі позна, у канцы ХІХ ст. (У. Дабравольскі). Носьбіты народнай балады абазначалі іх як “доўгія песні”, “смутныя”, “жалосныя”, “так песні”, “быль”. Спроба збіральнікаў (У. Вярыга) аб’яднаць творы гэтага жанру пад назвай “думкі” не замацавалася ў беларускім народазнаўстве.

А. Яскевіч адзначае, што беларуская вусна-паэтычная творчасць да часу з’яўлення прафесійнай літаратуры мела даволі развітыя традыцыі народнай балады. Вялікая колькасць тэкстаў і напеваў народных балад сведчыць пра жыццяздольнасць твораў гэтага жанру, іх важную ролю ў сучасным народным рэпертуары.

Адзначым, што народная балада займае значнае месца ў духоўным жыцці беларусаў. Творы гэтага жанру – адна з крыніц, з дапамогай якой можна больш даведацца пра гісторыю, традыцыі роднага краю, яго эстэтычныя, маральныя ідэалы. Акрамя таго, народная балада паўплывала на з’яўленне літаратурнай “сястры”. Тэрмін “балада” зараз ужываецца для абазначэння ліра-эпічнага жанру ў фальклоры, літаратуры, музыцы, нават кіно. Высокія эстэтычныя і гістарычныя вартасці народнай беларускай балады, па-новаму асэнсаваныя прафесійнай літаратурай і мастацтвам, садзейнічаюць развіццю нацыянальнай культуры.

Тэксты, а пазней і напевы беларускіх народных балад прыцягвалі да сябе ўвагу фалькларыстаў на працягу ўсёй гісторыі збіральніцтва беларускага фальклору. Самымі вядомымі збіральнікамі і даследчыкамі жанру балад у XIX ст. былі Я. Чачот, П. Шэйн, Е. Раманаў, Я. Карскі і іншыя. Названыя фалькларысты зрабілі шмат у вывучэнні і асэнсаванні баладных песень.

Так, напрыклад, значная колькасць тэкстаў балад была сабрана і часткова апублікавана ўжо ў 30–40-х гг. XIX ст. у зборніках Яна Чачота пад агульнай назвай “Вясковыя песні з-над Нёмана і Дзвіны”, на беларускай мове або толькі ў польскім перакладзе.

У працах І. Насовіча (“Белорусскіе песні”) і П. Шэйна (“Материалы к изучению быта и языка русского населения Северо-Западного края”, “Белорусские народные песни”) уздымаюцца пытанні класіфікацыі народных балад.

Я. Карскі ў трэцім томе сваёй манаграфічнай працы “Беларусы” дае наступнае тлумачэнне тэрміну “балада”. На яго думку, гэта ліра-эпічныя творы, у якіх эпічныя і лірычныя элементы ўраўнаважаны.

У пэўнай ступені пасля Я. Карскага вывучэнне балад, іх жанравай спецыфікі спынілася. Толькі ў савецкі час з’явіліся працы, са зместу якіх бачна, што беларуская фалькларыстыка была пастаўлена на сур’ёзную навуковую аснову. Выходзіць спецыяльны зборнік у двух тамах “Балады” (1977–78 гг.) з уступным артыкулам, укладаннем, каментарыямі Л.М. Салавей. Упершыню ў беларускай фалькларыстыцы аўтар паспрабавала высветліць праблемы ўзнікнення і развіцця беларускай балады, разгледзець яе ідэйна-тэматычны змест і мастацка-выяўленчую сістэму баладных песень.

У 1971 г. выйшла ў свет манаграфія І. Штэйнера “Беларуская балада. Вытокі жанру і паэтычная структура”, у якой на багатым фактычным матэрыяле даследчык вырашае праблему паходжання жанру, прапануе класіфікацыю балад, выяўляе іх нацыянальную спецыфіку, падкрэслівае самабытнасць і самастойнасць твораў.

Дасканалыя ўзоры народных балад змешчаны ў зборніку “Песні сямі вёсак”, складзеным Н. Гілевічам, куды былі ўключаны студэнцкія запісы з палявых экспедыцый, што былі праведзены на тэрыторыі цэнтральных раёнаў Беларусі. Аўтар вылучае балады ў асобны раздзел. Адбор балад праведзены з вялікай адказнасцю, дасканаласцю, з глыбокім разуменнем мастацкай спецыфікі гэтага жанру.

Але найбольшую ўвагу заслугоўвае навукова-папулярны нарыс Н. Гілевіча “Наша родная песня”, дзе аўтар разважае пра месца і значэнне балады ў народным рэпертуары, гаворыць пра яе жанравую прыроду, тэматыку, матывы, мастацкія асаблівасці.

У манаграфіі А. Ліса «Купальскія песні» (1974) баладам прысвечаны асобны раздзел. Аўтар засяродзіў увагу на агульнай характарыстыцы групы сюжэтаў, якія генетычна, функцыянальна або тэматычна звязаны з летнім каляндарным цыклам народнай паэзіі, на разглядзе тых праяў жыцця, якія склалі аснову сюжэтных калізій. Вывучэнне ўзаемасувязі балады з каляндарнымі цыкламі з’яўляецца важным і неабходным як пры даследаванні абрадавага песеннага рэпертуару, так і пры высвятленні асобных пытанняў жанру балады. Манаграфія А. Ліса ў гэтым кірунку заслугоўвае несумненнай увагі.

У зборніку “Паэзія барацьбы” (1985 г.), прысвечанаму падзеям Вялікай Айчыннай вайны, змешчаны шэраг традыцыйных баладных сюжэтаў, перапрацаваных ў адпаведнасці з трагедыйнымі абставінамі, ў якіх апынуўся беларускі народ.

У кнізе “Пазаабрадавая паэзія” асобны прысвечаны балладам, падрабязна разглядаецца даследчыцай гісторыяграфія, ідэйна-тэматычны змест гэтага народнага жанру. Значная ўвага надаецца разгляду мастацкіх асаблівасцей баладных песень.

У кнізе “Беларусы. Вусная паэтычная творчасць” (2007 г.) балады пададзены асобным раздзелам, аўтарам якога з’яўляецца К. Кабашнікаў. Даследчык дае класіфікацыю гэтых песень, вылучае асноўныя вобразы беларускіх народных балад.

Вывучэнне балад працягваецца і ў наш час. Праблемамі даследавання гэтага жанру займаюцца такія даследчыкі, як А. Багамолава (“Структурна-граматычнае выражэнне народна-паэтычнага эпітэта і яго функцыя ў баладных песнях”), Л. Салавей (“Беларуская народная балада”), А. Яскевіч (“Ля вытокаў жанру балады ў беларускай літаратуры”), І. Штэйнер (“Шматмоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя”), К. Лецка (“У святле фальклорных вытокаў: Народныя казкі, легенды, паданні, [балады]”) і іншыя.

Варта адзначыць, што жанр народнай балады быў цікавым не толькі для даследчыкаў XIX стагоддзя, ён і сёння прыцягвае да сябе ўвагу многіх навукоўцаў, у тым ліку і студэнтаў.

Класіфікацыя сюжэтаў баладных песень. Праблема сюжэтнай класіфікацыі беларускіх народных балад вымагае высвятлення семантычнай напоўненасці паняцця “сюжэт”. Сюжэт (франц. sujet – прадмет) – сістэма ўзаемазвязаных падзей, паступовае разгортванне якіх раскрывае характары персанажаў і ўвесь змест эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твораў. Паводле меркаванняў М. Горкага, сюжэт – гэта “сувязі, супярэчнасці, сімпатыі, антыпатыі і ўвогуле ўзаемаадносіны людзей – гісторыі росту і арганізацыі таго ці іншага характару, тыпу”.

Адзначым, што пад сюжэтам варта разумець не толькі ўсякую дынаміку дзеяння ў мастацкім творы, але таксама і змену настрояў, не ўсякае развіццё ідэі, увасобленае ў выявах, але неабходна разумець толькі тую дынаміку, якая даецца ў аб’ектыўным выглядзе, калі здзяйсняюцца пэўныя дзеянні, адбываюцца падзеі. У адваротным выпадку сціраецца грань паміж сюжэтам і наогул зместам твора.

Вядома, што пад падзеямі, якія адбываюцца з персанажамі, трэба разумець не толькі знешнія, але і ўнутраныя, псіхалагічныя канфлікты, пераломы. Вылучаюцца не толькі грандыёзныя падзеі, але і штодзённыя, дробныя, што ўтвараюць паўсядзённую плынь жыцця. У якасці персанажаў могуць выступаць не толькі людзі, але і антрапамарфізаваныя героі, адухоўленыя істоты і прадметы жывой і мёртвай прыроды.

Апавядальныя матывы, якія прысутнічаюць у баладных творах, звязаны з узнаўленнем падзей, якія мелі ці маглі мець месца ў жыцці. Асаблівасцю баладных тэкстаў з’яўляецца імклівае развіццё сюжэта, і, у адрозненне ад іншых жанраў (напрыклад, былічка), амаль адсутнічаюць сродкі запавольвання падзей. Для баладнага сюжэта характэрна перарывістасць выкладання падзей. Вельмі часта ў баладных песнях назіраецца нарастанне падзей, што ўзмацняе напружанне і тым самым набліжае драматычную развязку. Часам баладныя тэксты цалкам складаюцца з дыялогу, як напрыклад, адзін з варыянтаў, запісаны ў в. Канатоп Нараўлянскага раёна: “Чаму не прышоў, як месяц ўзышоў, / Як я цябе ждала, / Ці каня не меў, ці сцежкі не знаў, / Ці маць не пускала? // Я коніка маў і сцежачку знаў, / Мяне маць пускала, / Младшая сястра, бадай не ўзрасла, / Сядзельца схавала”.

Жанравую спецыфіку балад вызначае шэраг асаблівасцей яе зместу і формы. Баладныя тэксты ўтрымліваюць сукупнасць пэўных адзнак (прымет): сямейна-бытавую тэматыку, трагічнасць, ідэйную скіраванасць, якая звязана з народнай гуманістычнай мараллю (асуджэннем зла, абаронай вольных пачуццяў). На думку А. Кулагінай, “гэтыя прыметы паасобку могуць быць уласцівы і для іншых жанраў, але ў такой сукупнасці яны існуюць толькі ў баладзе”. Як адзначалася раней, для баладных форм характэрны меншы ў суадносінах з былічкай і большы ў суадносінах з лірычнай песняй аб’ём, наяўнасць закончанага сюжэта, аднаканфліктнасць і напружанае дзеянне, эпічная апавядальнасць, аб’ектыўнасць расповеду, танічны верш, напеў без рэчытатыву і распеву. Адзначаныя асаблівасці баладных тэкстаў дазваляюць меркаваць аб іх ідэйна-мастацкай каштоўнасці, што забяспечвае ім доўгае паэтычнае жыццё. Сутнасць гэтай каштоўнасці заключаецца ў тым, што балады даюць магчымасць глыбей ўсвядоміць радасць быцця і перажыць спачуванне да таго, хто гіне. Смерць баладнага героя ўспрымаецца як сцвярджэнне маральных норм, абвінавачванне зла.

Неабходна адзначыць і пэўную ступень індывідуалізацыі герояў у сюжэце балад. Большая частка дзеючых асоб не мае ўласнага імя, і размова ўжо не можа ісці аб распрацаваным характары герояў. Адрозніваюцца яны паміж сабой толькі па характары сямейных узаемаадносін (муж, жонка, брат і сястра, свякруха).

Гістарычнае жыццё жанру не з’яўляецца ў сваім развіцці раўнамерным і аднолькавым па часе. Адны жанры знікаюць, толькі з’явіўшыся, а іншыя выяўляюць устойлівасць ў працэсе бытавання на працягу доўгага часу. Калі параўноўваць у гэтых адносінах баладу і іншыя жанры, то прыйдзецца прызнаць, што яна існуе даволі працяглы час, што невыпадкова. Гэта звязана найперш з сямейна-бытавымі ўзаемаадносінамі, якія цэментуюць жыццё чалавека. Пры распрацоўцы сюжэтнай класіфікацыі баладных тэкстаў даследчыкі выкарыстоўвалі розныя падыходы, напрыклад, М. Краўцоў лічыў, што “гістарычны падыход да баладных тэкстаў дапамагае зняць супярэчнасці адносна іх класіфікацыі, убачыць паслядоўнае развіццё розных тыпаў балад, разгледзець сувязь песень з тым ці іншым гістарычным перыядам у тэматыцы, сюжэтах, вобразах, героях, стылі”. Ва ўсіх разнавіднасцях балад ёсць агульнае: сямейна-асабістыя сюжэты і сямейна-асабістыя аспекты адлюстравання падзей. Гэта асноўная, устойлівая прымета балад як жанру.

У класіфікацыі, распрацаванай В. Гусевым, унутрыжанравы падзел балад на віды амаль цалкам супадае з класіфікацыяй М. Краўцова (балады міфалагічныя, гістарычныя, сацыяльна-бытавыя). Адрозненне заключаецца толькі ў тым, што В. Гусеў вылучае яшчэ і “гераічныя” балады, а М. Краўцоў – “сямейна-бытавыя балады”. Што да міфалагічных балад, то іх вылучэнне цалкам апраўдана і неабходна. Адносна ж умоўнасці, нават немагчымасці вылучэння гістарычных балад з сацыяльна-бытавых ужо гаварылася вышэй.

Гістарычны прынцып вывучэння балад праведзены паслядоўна даследчыкамі І. Горакам і П. Лінтурам, з’яўляецца надзейнай асновай пры вырашэнні шматлікіх тэарэтычных пытанняў, звязаных з гэтым жанрам, але гэты прынцып мае і свае слабыя бакі. Падзел застаецца занадта агульным: вылучаюцца толькі шматвяковыя пласты – балады старажытныя, балады феадальнай эпохі, новыя балады. Акрамя таго, гэты падзел не ўлічвае складаную, нават супярэчлівую прыроду самога жанру. Разнавіднасці баладных песень выступаюць так выразна, што гэты факт выклікаў ў некаторых вучоных сумненні адносна цэласнасці баладнага жанру.

Ва ўступным артыкуле да зборніка “Руская балада” М. Андрэеў зрабіў першую спробу распрацаваць даволі дэталёвы падзел баладных песень на асобныя группы: “песні казачнага, уласна навелістычнага і часткова анекдатычнага характару, што далучаюцца да навелістычных казак і анекдотаў; песні, што далучаюцца да былін, да гістарычных і ваенных песень; песні, больш выразна звязаныя з пэўнымі сацыяльнымі групамі (салдацкія, разбойніцкія, манастырскія)”. Адзначым, што хоць гэта схема не адрозніваецца асаблівай распрацаванасцю, паўнатой і паслядоўнасцю, вылучэнне асобных груп балад зроблена ўдала.

Пэўным дасягненнем з’яўляецца класіфікацыя балад, якая была прынята складальнікамі анталогіі еўрапейскіх балад, выдадзенай у Капенгагене ў 1967 г., дзе “творы размеркаваны на восем груп: балады пра надпрыродныя істоты; балады пра чары і магію; балады навелістычныя; балады гераічныя; балады-загадкі; балады казачныя; балады рэлігійныя; балады пра звяроў. Спрэчным з’яўляецца далучэнне да балад жартоўных песень пра звяроў і птушак, якія ўспрымаюцца хутчэй як пародыя на баладу”.

Паводле меркаванняў К. Кабашнікава, “сюжэтна-тэматычная разнастайнасць балад вымагае класіфікацыі гэтага матэрыялу”. Адзначым, што даследчыкі з розных краін свету прапаноўвалі розныя схемы класіфікацыі, якія былі заснаваны на тэматычным, эстэтычным, гістарычным падыходах да падзелу балад, але да гэтага часу яшчэ не выпрацавана класіфікацыя, якая была б паслядоўна рэалізавана на практыцы.

Падвяргаючы крытыцы розныя схемы падзелу балад, даследчыца Л. Салавей прапанавала класіфікацыю, якая абапіраецца на падабенства асобных груп баладных песень да твораў іншых фальклорных жанраў: казак, легенд, загадак і інш. Пры гэтым даследчыца выказала думку, што беларускі баладны рэпертуар, які захоўвае галоўныя рысы жанру, вызначаецца ўнутранай неаднароднасцю. Вылучаюцца адносна незалежныя групы, якія нясуць у сабе адбітак рознага падыходу да адлюстравання рэчаіснасці, рознага функцыянальнага прызначэння і мастацкага вырашэння. Па гэтай прычыне, як мяркуе Л. Салавей, багаты і даволі складаны беларускі матэрыял “немэтазгодна было б класіфікаваць па тэматычным прынцыпе, бо такі падзел выглядаў бы павярхоўна, не толькі не тлумачыў бы адметнасць разнавіднасцей жанру, а, наадварот, стушоўваў бы гэтыя разнавіднасці, пазбаўляў бы яго жывой шматколернасці”. Выбар прынцыпу падзелу часта абумоўлены асаблівасцямі канкрэтнага нацыянальнага матэрыялу і практычнымі задачамі.

Па характары вымыслу баладныя тэксты дзеляцца на дзве раўназначныя часткі. Да першай можна аднесці творы, у сюжэтную аснову якіх уплецены элементы надпрыроднага (напрыклад, метамарфоза, вера ў чарадзейную сілу слова, праклён, прароцкія сны, персаніфікацыя стыхій і з’яў прыроды і інш.). У гэтых баладах захавалася найбольш архаічных элементаў, і таму храналагічна гэтыя тэксты балад больш старажытныя. Да другой часткі можна аднесці творы, для якіх характэрна адсутнасць элементаў надпрыроднага і якія малююць не штодзённыя, але цалкам рэальныя канфлікты і абставіны. Храналагічна гэтыя балады больш позняга ўтварэння.

Праблема класіфікацыі баладных песень як была, так і застаецца да сённяшняга часу дыскусійнай. Яна ўскладняецца з прычыны цяжкасцей гістарычнай атрыбуцыі балад. Тым не менш агульны прынцып, якім кіравалася даследчыца Р. Кавалёва пры іх класіфікацыі, – гэта характар традыцыйнасці, арганічна звязаны з функцыянальнасцю твораў. “Згодна з гэтым прынцыпам, вылучаюцца тры гістарычныя тыпы балад: міфарытуальныя балады, класічныя балады, “новыя” балады. Тэрмін “міфарытуальная балада” даволі ўмоўны, а таму міфалагічнымі іх называюць таму, што сюжэт дадзеных баладных твораў трымаецца на міфалагемах. Пад міфалагемай разумеецца любая адзінка твора (матыў, вобраз, сюжэтная сітуацыя, атрыбуты, дэталі і г. д.), якая мае самастойную міфалагічную семантыку, гістарычна звязаную з канкрэтным міфам або міфалагічнымі ўяўленнямі. Рытуальнымі мы называем іх па функцыянальнай і змястоўнай сувязі з тым ці іншым абрадам, што існуе відавочна, рэканструюецца навуковым шляхам або мяркуецца як гіпатэтычная”.

Кожная гістарычная эпоха магла да непазнавальнасці змяніць выгляд старажытнага твора, напоўніць яго новым зместам. І ўсё ж захаванне хоць аднаго варыянта ў больш старажытным выглядзе або нават фрагмента песні дапамагае зразумець яе першапачатковы сэнс, аднесці ўзнікненне сюжэта да адпаведнага гістарычнага перыяду. Даследчыца Л. Салавей прапанавала наступную класіфікацыю сюжэтаў балад: “балады з міфалагічнымі матывамі; балады казачныя і легендарныя; балады, якія змяшчаюць загадкі; балады гульнёва-карагоднага складу; балады навелістычныя”.


Спіс літаратуры

1. Салавей, Л.М. Беларуская народная балада / Л.М. Салавей. – Мн.: Навука і тэхніка, 1987. – 284 с.

2. Гурскі, А.І. Пазаабрадавая паэзія / А.І. Гурскі, Г.А. Пятроўская, Л.М. Салавей. – Мн.: Беларуская навука, 2002. – 564 с.

3. Яскевіч, А. Ля вытокаў жанру балады ў беларускай літаратуры / А. Яскевіч // Роднае слова. – 2001. — № 11. – С. 16–17.

4. Балады ў дзвюх кнігах. Кн. 2. / рэд. К.П. Кабашнікаў, В.І. Ялатаў. – Мн. : Навука і тэхніка, 1978. – 744 с.

5. Кравцов, Н.И., Лазутин, С.Г. Русское устное народное творчество / Н.И. Кравцов, С.Г. Лазутин. – М. : Высшая школа, 1983. – 448 с.

6. Кравцов, Н.И. Славянский фольклор / Н.И. Кравцов. – М., 1976. – 398 с.

7. Беларуская вусна-паэтычная творчасць: Падручнік для студ. філалаг. спец. ВНУ / Кабашнікаў К.П., Фядосік А.С., Ліс А.С. і інш. – 2-е выд., перапрац. – Мн. : Выш. шк., 1988. – 415 с.

8. Кавалёва, Р.М. Баладныя песні / Аўт.-уклад.: Р.М. Кавалёва і інш.; пад. рэд. Р.М. Кавалёвай. – Мн. : БДУ, 2010. – 103 с.
ІІ. ПРАКТЫЧНАЯ ЧАСТКА
СПЕЦЫФІКА ФАЛЬКЛОРУ.

ТЭОРЫЯ І ГІСТОРЫЯ ФАЛЬКЛОРУ

Пералік вывучаемых пытанняў

1. Фальклор як мастацтва слова.

2. Сучаснае разуменне тэрмінаў “фальклор” і “фалькларыстыка”. Тыпы фальклорных традыцый.

3. Жанравая сістэма беларускага фальклору.



4. Фальклор і літаратура.
Пытанні для самаправеркі

1. Што ўключае ў сябе паняцце вуснай народнай творчасці?

2. Што вывучае фалькларыстыка?

3. Якія тыпы сусветнага фальклору вам вядомы?

4. Што называюць постфальклорам?

5. Якія спецыфічныя рысы фальклору вылучаюць навукоўцы?

6. Якія фальклорныя жанры вам вядомы?
Практычныя заданні

1. Падрыхтуйце вуснае выступленне на тэму “Фальклор і літаратура: агульнае і адметнае”.

2. Напішыце сачыненне-разважанне “Постфальклор як частка “трэцяй культуры”.

3. Зрабіце запісы фальклорных тэкстаў у сваёй мясцовасці. Назавіце іх спецыфічныя рысы.

4. Падрыхтуйце мультымедыйную прэзентацыю “Жанравая сістэма беларускага фальклору”.

5. Узгадайце творы беларускай і сусветнай літаратуры, у якіх сустакаюцца фальклорныя элементы.


Праверачны тэст

1. Кім быў уведзены ў навуковы ўжытак тэрмін “фальклор”?

а) А.М. Весялоўскім;

б) В.М. Тацішчавым;

в) У. Томсам;

г) Я. Карскім.
2. Адзначце спецыфічныя рысы фальклору:

а) вусная форма бытавання;

б) індывідуальнасць;

в) інавацыйнасць;

г) традыцыйнасць;

д) сінкрэтызм.


3. Адзначце толькі фальклорныя жанры:

а) аповесць;

б) апавяданне;

в) легенда;

г) нарыс.
4. Адзначце літаратурныя жанры:

а) быліна;

б) песня;

в) духоўны верш;



г) паэма.
5. Устанавіце адпаведнасць:

1

Варыянтнасць

А

Наяўнасць разнастайных рэгіянальных (лакальных) традыцый

2

Імправізацыйнасць

Б

Сістэма сувязей мінулага і сучаснага

3

Дыялектнасць

В

Зменлівасць тэксту ў працэсе яго бытавання







Г

Стварэнне твораў у момант выканання.


6. ____________________________ – непадзельнасць, адзінства відаў народнай творчасці.

7. Устанавіце адпаведнасць:

1.

Выхаваўчая

А.

Фальклор – від мастацтва, звязаны з калектыўнымі зносінамі.

2.

Эстэтычная

Б.

Фальклор – з’ява мастацтва, якая задавольвае неабходнасць чалавека ў зносінах з прыгожым.

3.

Камунікатыўная

В.

Фальклор фарміруе асобу чалавека.







Г.

Фальклор – важны кампанент абрадаў.




1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   23


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка