Драматычныя творы В.І. Дуніна-Марцінкевіча
У канцы 1830-х – пачатку 1840-х гг. В.І. Дунін-Марцінкевіч піша лібрэта опер: «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкаў», «Рэкруцкі яўрэйскі набор», якія пабудаваны на спалучэнні слова і гука (героі размаўлялі і спявалі). Творы гэтыя не захаваліся. Да нас дайшоў толькі невялікі кавалак з апошняга названага твора, у якім герой ухваляе Радзіму. Творы былі напісаныя на польскай мове.
У пачатку 1840-х гг. аўтар піша лібрэта камічнай оперы «Ідылія» (ці «Сялянка», «Сельская ідылія», «Рознае бывае каханне»).
У гэтым творы адчуваецца моцны ўплыў сентыменталізму, адным з асноўных жанраў якога была ідылія (каханне маладых на ўлонні прыроды). У польскай літаратуры тэрміну «ідылія» адпавядаў тэрмін «сялянка». Твор напісаны на польскай мове. Апублікаваны ў 1846 г., музыку напісаў Станіслаў Манюшка. Твор лічыцца першай беларускай операй. Прыёмамі моўнай характарыстыкі герояў нагадвае творы беларускіх камедыёграфаў канца ХVІІІ ст.: сяляне размаўляюць па-беларуску, дваране і чэлядзь – па-польску. У аснове твора ляжыць любоўная сюжэтная лінія, выкарыстоўваецца прыём пераапранання герояў, спалучаюцца элементы сентыменталізму і рэалізму. Сюжэтам твора аўтар падкрэслівае думку пра роўнасць паміж людзьмі.
«Неспадзяванка для майстрыні» – невялікі драматычны твор, у якім аўтар ухваляе дабрачыннасць: маладыя дзяўчаты-выхаванкі імкнуцца падрыхтаваць дзень нараджэння майстрыні.
Меладрама «Апантаны» мае маральна-этычную праблематыку. У цэнтры твора – аповед пра творчую асобу, якая не знаходзіць паразумення з грамадствам. Паралельна ідуць дзве сюжэтныя любоўныя лініі.
У 1866 г. В.І. Дунін-Марцінкевіч піша знакамітую «Пінскую шляхту». Тэкст напісаны на мове пінскіх гаворак. Камедыя мела выкрывальніцкі, крытычны характар. Яна невялікая па аб’ёме, аднак значная па праблематыцы, па абагульненнях, зробленых пісьменнікам. У творы крытыкуецца адміністрацыйна-бюракратычны апарат; самавольства, якое пануе ў адміні-страцыйнай сістэме; норавы шляхты з яе невуцтвам. У творы няма ідэальнага героя. Пры стварэнні вобраза Кручкова аўтар выкарыстоўвае прыём гратэску. Аўтар высмейвае не столькі тупасць чыноўніцтва, колькі забітасць шляхты. Каларытная мова твора: Пратасавіцкі выкарыстоўвае вульгарызмы, Кручкоў – канцылярызмы, Куторга – гістарызмы.
Віленскі генерал-губернатар пазнаёміўся з тэкстам п’есы і папярэдзіў пра недапушчальнасць яе выдання. Упершыню твор надрукаваны ў 1918 г. Падкрэсліваецца думка пра адсталасць шляхты, пра яе гістарычную неперспектыўнасць.
Камедыя «Залёты» (1870) надрукавана ў 1918 г. на польскай мове. Яе пераклаў на беларускую мову Я. Купала. Да назвы ёсць два сінонімы: «заляцанні» ці «намеры». Аўтар выступае супраць нажывы і ідэалізуе дваранства, паказваючы яго неспрактыкаванасць і наіўнасць у пэўных умовах.
«Гапон» (1855) – напісаны ў жанры вершаванай аповесці, працягвае гаворку пра праблемы, закранутыя ў «Ідыліі». Галоўнымі героямі твора з’яўляюцца мужыкі, такім чынам, жыццё простага працаўніка паказваецца больш шырока. Сустракаюцца вобразы добрай пані і злога аканома. Пісьменнік паказвае цяжкае, бяспраўнае становішча селяніна, узаемаадносіны паноў і прыгонных сялян. Аўтар стварыў ідылічны, далёкі ад рэальнасці свет. Карцінамі класавага міру і ўзаемаразумення паміж багатымі і беднымі ён імкнуўся ўздзейнічаць на норавы і свядомасць сучаснікаў, найперш на прадстаўнікоў пануючага класа. З сімпатыяй і павагай ставячыся да чалавека працы, пісьменнік хацеў адкрыць скарбы душы народа, яго таленавітасць, маральную чысціню тым, хто быў далёкі ад гэтага. Ідэя гуманная, але ўтапічная, у чым і сам хутка пераканаўся В.І. Дунін-Марцінкевіч. У дадзенай вершаванай аповесці аўтар шырока выкарыстоўвае фальклорныя сродкі: прыказкі, прымаўкі, параўнанні, апісанні, уводзіць прыпеўкі без змен, што з’яўляецца не толькі індывідуальнай творчай манерай аўтара, але і заканамерным канкрэтна-гістарычным перыядам узаемадзеяння новай, прафесійнай беларускай літаратуры з народнай паэзіяй.
В.І. Дунін-Марцінкевіч абуджаў цікавасць да беларускага жыцця і беларускага слова, з’яўляўся пачынальнікам беларускай драматургіі і адным з першых яе класікаў. Шмат зрабіў для развіцця беларускай эпікі, даў штуршок для развіцця беларускай літаратуры. Яго творчасць мела агітацыйнае і асветніцкае значэнне: будаваў школы (хоць і не на беларускай мове), клапаціўся пра развіццё навукі.
3. Слоўнік паняццяў
Гратэск
|
(ад французскага «смешны, забаўны») – у літаратуры паказ людзей або прадметаў у фантастычным перабольшанні, пачварна-камічным выглядзе.
|
Ідылія
|
(ад грэчаскага «невялікі верш») – верш, у якім гаворыцца пра жыццё «людзей прыроды» – рыбакоў, пастухоў, земляробаў; паказвае жыццё гэтых людзей у прыфарбаваным выглядзе; узнік у старажытнай Грэцыі як від прыдворнай паэзіі і выклікаў перайманне ў новай еўрапейскай літаратуры.
|
Лібрэта
|
(ад італьянскага «кніжачка») – славесны тэкст вялікага музычна-вакальнага сачынення (оперы, аперэты); кароткае выкладанне зместу п’есы, балета, кінакарціны.
|
Сентыменталізм
|
(ад французскага «пачуццёвы») – літаратурная плынь ХVІІІ – пач. ХІХ стст., што ўзнікла ў Англіі, а пазней распаўсюдзілася ў Еўропе як пратэст супраць сухасці класіцызму; для яго характэрна празмерная пачуццёвасць, слязлівасць.
|
Шарж
|
(ад французскага «цяжкасць») – паказ чаго-небудзь у падкрэслена скажоным, карыкатурным выглядзе.
|
Літаратура
1. Александровіч, С.Х. Пуцявіны роднага слова: праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ – пач. ХХ стст. / С.Х. Александровіч. – Мінск: БДУ, 1971. – 245 с.
2. Беларуская літаратура: проза 20-х гадоў: хрэстаматыя / Д.Я. Бугаёў [і інш.]; пад рэд. Д.Я. Бугаёва. – 2-е выд. – Мінск: Універсітэцкае, 1997. – 592 с.
3. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: хрэстаматыя / С.Х. Александровіч [і інш.]; пад рэд. С.Х. Александровіч. – Мінск: Выш. шк., 1971. – 373 с.
4. Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: Б. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЭ імя Броўкі, 1992 – 1995. – 6 т.
5. Гісторыя беларускай літаратуры: у 4 т. / рэдкал.: У.В. Гніламёдаў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 583 с.
6. Жураўлёў, В.П. У пошуку духоўных ідэалаў: на матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стст. / В.П. Жураўлёў; пад рэд. У.В. Гніламёдава. – Мінск: Бел. навука, 2000. – 191 с.
7. Лазарук, М.А. Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ стагоддзе (20 – 50-я гады) / М.А. Лазарук, А.А. Семяновіч; пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск: Выш. шк., 2000. – 511 с.
8. Лойка, А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў ВНУ. Ч. 1 / А.А. Лойка; пад рэд. Ю.С. Пшыркова. – Мінск: Выш. шк., 1977. – 304 с.
9. Мішчанчук, М.І. Беларуская літаратура ХХ ст.: вучэбны дапаможнік / М.І. Мішчанчук, І.С. Шпакоўскі. – Мінск: Выш. шк., 2001. – 352 c.
10. Мушынская, Т.Ф. Беларуская літаратура 20 – 30-х гадоў / Т.Ф. Мушынская. – Мінск: Нар. асвета, 1994. – 160 с.
11. Навуменка, І.Я. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч / І.Я. Навуменка. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992. – 214 c.
12. Семяновіч, А.А. Гісторыя беларускай драматургіі ХІХ – пач. ХХ стст.: дапаможнік для філалагічных факультэтаў педагагічных інстытутаў / А.А. Семяновіч. – Мінск: Выш. шк., 1985. – 166 с.
13. Старычонак, В.Д. Беларуская літаратура / В.Д. Старычонак. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 350 с.
14. Янушкевіч, Я.Я. За архіўным парогам: беларуская літаратура ХІХ – ХХ стст. у святле архіўных пошукаў / Я.Я. Янушкевіч. – Мінск: Маст. літ., 2002. – 381 с.
15. Яцухна, В.І. Беларуская малафарматная драматургія ХVІ – першай паловы ХХ стст. / В.І. Яцухна. – Гомель: ГДУ, 2004. – 183 с.
Развіццё новай беларускай літаратуры
ў 1890-я гг. ХІХ ст.
Беларуская літаратура 1890-х гг.
1890-я гады – час актывізацыі літаратурнага руху ў Беларусі. Важную ролю ў грамадскім і культурным жыцці адыграла газета «Мінскі лісток», якая выходзіла з 1886 па 1902 гг. Гэта была літаратурная і грамадская газета, яна выходзіла ў Мінску на рускай мове, змяшчала творы рускамоўных аўтараў, пераклады на рускую мову сусветных і мясцовых аўтараў. Актывізуецца тэатральнае жыццё ў канцы ХІХ ст.: культурнымі цэнтрамі былі Мінск, Віцебск. У Віцебску асноўнай увагай карысталіся творы Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага. Віцебск канца ХІХ ст. быў горадам мастакоў. У 1899 г. тут адкрылася першая выстава, а ў літаратуру прыйшоў шэраг новых аўтараў, большасць з якіх не стала знакамітымі літаратарамі.
Адным з такіх аўтараў быў Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Ён родам з Мсціслаўшчыны, архітэктар па адукацыі, звяртаўся да літаратурнай творчасці, якая вызначалася алегарычнасцю. Вядома яго байка «Цягне воўк – пацягнуць воўка» (змяшчае іншасказальны заклік змагацца супраць гвалту). У вершы «Бура» аўтар у іншасказальнай форме малюе беларускую рэчаіснасць пасля паўстання Каліноўскага. Верш прасякнуты пафасам усведамлення неабходнасці перамен.
Вядомае імя дадзенага перыяду літаратуры – Марыя Косіч. Да нашага часу дайшло толькі некалькі яе перакладаў і адзін арыгінальны твор «На перасяленне» пра развітанне чалавека з роднай зямлёй.
Пад псеўданімам «Адам М-скі» выступала Зоф’я Манькоўская, муж якой быў афіцэрам і ўдзельнічаў у руска-турэцкай вайне. Зоф’я працавала ў шпіталі сястрой міласэрнасці, пісала лірычныя вершы, займалася перакладчыцкай дзейнасцю з польскай мовы на беларускую. Вядомы яе твор «Беларуская малітва». Лічаць, што ён быў напісаны ў 1880-я гг. Па форме – гэта верш-просьба, верш-зварот сялян да Бога, яны просяць хлеба, сонца, шчасця для сябе і свайго краю. Пісьменніца бралася за пераклад тых твораў, якія былі пра каханне.
Даследчыкі мяркуюць, што ў канцы ХІХ ст. мелі пэўнае пашырэнне на Беларусі рукапісныя паэмы Якава Шэмета-Палачанскага «Барысаў камень», «Вяселле ў Беляка», «Даўгінаўскі пагром», творы гэтыя пакуль не адшуканы.
Альгерд Абуховіч (1840 – 1898 ці 1905) нарадзіўся на Случчыне ў радавітай сям’і, падпісваў некаторыя творы псеўданімам «Граф Бандзінэры» (бацька быў з роду Медзічы). Атрымаў адукацыю ў Слуцкай гімназіі, ведаў еўрапейскія мовы. Браў удзел у паўстанні К. Каліноўскага, пасля катаргі вярнуўся на Радзіму і без выкупа большую частку земляў аддаў сялянам. Сямейныя адносіны не склаліся, апошнія гады жыцця правёў у галечы. Перакладаў на беларускую мову творы заходніх аўтараў: Ф. Шылера, І.В. Гётэ, В. Гюго, Ф. Петраркі, Дантэ Аліг’еры, Дж.Г. Байрана, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, а таксама А. Пушкіна і М. Лермантава. Аднак пераклады не захаваліся. Вядомы празаічны твор «Мемуары», верш «Дума», чатыры байкі – «Ваўкалак», «Старшына», «Воўк і лісіца», «Суд». У цэнтры дадзеных твораў як філасофскія, так і маральныя праблемы.
У цэнтры байкі «Ваўкалак» стаіць праблема свабоды ўвогуле, байка «Старшына» дае алегарычны малюнак парэформеннай рэчаіснасці і з’яўляецца памфлетам на рэформу 1861 г. У байцы «Воўк і лісіца» выкарыстоўваюцца традыцыйныя для фальклору вобразы недалёкага ваўка і хітрай лісіцы і паказваюцца ўзаемаадносіны паміж імі. Байка «Суд» высмейвае судовыя парадкі і выказвае ілюзіі наконт справядлівасці суда.
Верш «Дума» ўтрымлівае разважанне над лёсам людзей і знакамітых асоб (намёк на постаці Карла ХІІ і Пятра І). Праходзіць думка пра непрадказальнасць лініі чалавечага лёсу.
А. Абуховіч лічыцца адным з пачынальнікаў мемуарнага жанру ў беларускай літаратуры. Ён вёў дзённік, у якім запісваў найбольш істотнае з уласнага жыцця: «З папераў А. Абуховіча», які атрымаў пазней назву «Мемуары». У творы аўтар расказвае пра сваё дзяцінства, сваякоў, вераванні беларусаў (абрад Дзяды), уводзіць развагі пра літаратурную творчасць, выступае за ўжыванне дыялектызмаў. Аўтар садзейнічаў развіццю алегарычнага пачатку беларускай прозы.
Аляксандр Гельскі (1834 – 1916) нарадзіўся на Міншчыне ў сям’і медыка. Атрымаў неблагую агульную і музычную адукацыю, прымаў удзел у Крымскай вайне, выйшаў у адстаўку і пачаў займацца літаратурнай і краязнаўчай дзейнасцю. У 1860-х гг. у сваім спадчынным маёнтку арганізаваў першы ў Беларусі краязнаўчы музей, цікавіўся гісторыяй, геаграфіяй, культурай Беларусі. Выдаў некалькі кніг на тэму мовы і звычаяў беларусаў: «Слоўнік жабрачай гаворкі на Белай Русі», «Аб беларускай гаворцы», «Замалёўкі звычаяў шляхты». Зрабіў пераклад адной песні паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Мяркуюць, што ў 1872 г. напісаны верш, прысвечаны В. Дуніну-Марцінкевічу. У вершы апошні называецца «старым лірнікам, паэтам». Пісьменніку належаць празаічныя творы павучальнага зместу: «Сынок», «Выбіраймася ў прочкі», «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы».
На мяжы ХІХ – ХХ стст. пачыналі сваю дзейнасць К. Каганец, Цётка, А. Пшчолка, В. Арлоўскі. Апошні ў пачатку ХХ ст. выдаў беларускія апавяданні. Мяркуюць, што ён паходзіў з нізоў, родам з Віцебшчыны, пісаў рыфмаванай прозай. У цэнтры твораў – парэформенная рэчаіснасць: збядненне сялян, культ золата. Ідэалізаваў мінулае, прыгонніцкі лад, рэзка ставіўся супраць навацый (тэхнікі, чыгункі).
Аляксандр Пшчолка – руска-беларускі пісьменнік, меў духоўную і юрыдычную адукацыю. Напісаў некалькі твораў на сумесі руска-беларускай мовы: «Бабылкіна гора», «У губерню з бумагай», «Більярд у дзярэўні», «У ціятры», «Сведкі», галоўным героем якіх быў мужык, што лёгка падмануты чыноўнікам.
Францішак Казіміравіч Багушэвіч (1840 – 1900)
Дадзенага аўтара называюць «рыцарам сумлення». Нарадзіўся ў фальварку Свіраны Віленскай губерні ў шляхецкай сям’і. Продкі яго былі асіміляваныя татары. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, мовы даваліся цяжэй за дакладныя навукі. У 1861 г. адпраўляецца ў Пецярбург вучыцца на фізмат. Кіраўніцтва пачало выдаваць студэнтам залікоўкі (матрыкулы), па якіх экзамены здаваліся ў пэўны час, што значна абмяжоўвала свабоду студэнтаў. Ф. Багушэвіч не ўзяў матрыкулу і аўтаматычна выбыў. Настаўнічаў на Лідчыне (Гродзенская вобласць). Браты Багушэвічы прынялі ўдзел у паўстанні К. Каліноўскага, вымушаны былі хавацца ад уладаў. У 1864 г. пакінуў Беларусь і ўладкаваўся ў г. Нежыне. У 1865 г. паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй (вучыўся там да 1868 г.). Часта мяняў месца службы, працаваў на Украіне. Другая палова 1890-х гг. – час развіцця ўкраінскай літаратуры, таму мяркуюць, што і Ф. Багушэвіч пісаў вершы на ўкраінскай мове. Там жа ў 1874 г. ажаніўся. У 1884 г. пераехаў ў Вільню, працаваў адвакатам пры Віленскім акруговым судзе, пісаў вершы. Марыў пра стварэнне беларускай граматыкі, беларускага слоўніка. З’яўляецца аўтарам зборнікаў: «Дудка беларуская» (выдадзены ў 1891 г.) і «Смык беларускі» (выдадзены ў 1864 г.).
Публіцыстыка Ф. Багушэвіча
Літаратурную дзейнасць на беларускіх землях Ф. Багушэвіч пачаў з публіцыстычных твораў. З 1885 па 1891 гг. друкаваўся ў польскім часопісе «Край» пад псеўданімамі і крыптаграмамі (А.Д., В.Н. «бэ аш», Дэмас, Гушыч). Публікаваўся ў раздзелах, якія расказвалі пра правінцыяльнае жыццё, судовыя справы. У публікацыях звяртаў увагу на крызіс сельскай гаспадаркі таго часу, на эміграцыю беларускага сялянства, на банкроцтва памешчыкаў, пісаў пра ўзрастанне ролі банкаў і ліхвяроў. Допісы вызначаліся іранічным стылем. Пісаў пра навіны культурнага жыцця, неабходнасць развіцця беларускай культуры. Публіцыстычныя артыкулы вызначаюцца ўдалым выкарыстаннем сатырычных фарбаў (можна сказаць, што Ф. Багушэвіч – паслядоўнік М. Гогаля). Узорам публіцыстыкі з’яўляюцца прадмовы да паэтычных зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі».
Зборнік «Дудка беларуская»
Выйшаў у Кракаве ў 1891 г. лацінкай, але на беларускай мове пад псеўданімам «Мацей Бурачок». Выбар псеўданіма сведчыў пра дэмакратычнасць аўтара. Пісьменнік звяртаецца да зямлі-маткі, хоча пагаварыць пра мову, звяртае ўвагу на грамадзянскасць беларускай мовы. Заклікае беларусаў развіваць культуру на беларускай мове. У прадмове да зборніка ідэалізуе беларусаў у агітацыйных мэтах.
Зборнік адкрываўся праграмным вершам «Мая дудка», які і вызначаў запеў, настрой і тэматыку ўсіх твораў. У вершы аўтар расказвае пра прызначэнне і ролю мастацтва, паказвае неабходнасць сувязі паміж жыццём і паэзіяй, жыццём і літаратурай. Зборнік па сваім складзе і характары апавядальны (эпічны). Асноўная ўвага надаецца апісанню здарэнняў, а не чалавечых пачуццяў. Удалым кампазіцыйным прыёмам можна назваць тое, што аўтар уводзіць вобраз апавядальніка Мацея Бурачка. Вуснамі селяніна расказвае пра сялянскае жыццё. Часта аўтар называе зборнік дзённікам Мацея Бурачка, таму што амаль у кожным вершы прысутнічае апавядальнік Мацей, які расказвае пра нейкія здарэнні са свайго жыцця.
Увогуле зборнік уключае семнаццаць вершаў, адну байку, адну паэму, якую часта называюць вершаваным апавяданнем – «Кепска будзе». У тэматычным плане вершы можна падзяліць на некалькі груп:
-
патрыятычныя вершы («Мая хата», «Хрэсьбіны Мацюка»);
-
праўдашукальніцкія вершы («Мая хата», напісаны ў форме прычытання);
-
паказ парэформеннай рэчаіснасці («У астрозе», «У судзе», «Быў у чыстцы»);
-
вершы, якія ўслаўляюць чалавека працы («Дурны мужык, як варона»);
-
вершы апавядальніцкага характару пра выпадкі з жыцця («Здарэнне», «Дзе чорт не можа, там бабу пашле», «Хцівец», «Скарб на святога Яна»);
-
вершы, якія паказваюць процілегласць сіл у грамадстве («Бог не роўна дзеле», байка «Воўк і авечка»).
Верш «З кірмашу» можна аднесці да любоўнай лірыкі, таму ён стаіць асобна ў шэрагу твораў аўтара. Паэма «Кепска будзе» паказвае вобраз галоўнага героя Аліндаркі, які цэніць свабоду. Аўтар даводзіць думку пра тое, што кепска будзе чалавеку да той пары, пакуль ён церпіць здзекі з сябе. Паэму называюць яшчэ вершаванай аповесцю.
У зборніку Ф.К. Багушэвіч размясціў вершы не па тэмах дзеля цэнзуры: смешнае мяжуецца з сур’ёзным.
Зборнік «Смык беларускі»
Зборнік выдадзены ў Познані ў 1894 г. на беларускай мове лацінкай пад псеўданімам «Сымон Рэўка з-пад Барысава» (пачаткова «Шымон Рэўка з-пад Барысава»). Зборнік меў прадмову, у якой Ф. Багушэвіч працягвае размову пра перспектыву развіцця «мужыцкай» мовы, адносіны да фальклору. Імкнецца разважаць з чытачом, як пісаць: арыентавацца на народную песню ці адкідаць яе. Зборнік адкрываецца праграмным вершам «Смык». У вершы паэт услаўляе мастацтва і заяўляе, што мастацтву і музыцы падуладна ўсё. Зборнік уключае паэтычны цыкл «Песні», у які ўвайшло дзесяць песень, розных паводле тэматыкі, якія стылізаваны пад фальклор.
Першая песня «Удава» – у форме плачу, у ёй выказваецца спачуванне гаротнаму лёсу жанчыны. Другая песня – «Гора» выкарыстоўвае сюжэт народнай казкі. Трэцяя песня – пра гора – не мае назвы, пабудавана на алегарычнай сітуацыі. Чацвёртая і пятая песні – «Сватаны» (жаніх) і «Сватаная» (нявеста) выкарыстоўваюць прыём іроніі. Шостая песня паказана ў форме дыялогу. Сёмая – зварот да пана ў форме іроніі. Восьмая песня зроблена ў жанры калыханкі. Дзевятая песня па форме блізкая да народных прыпевак і па змесце нагадвае гімн гультая. Адрозніваецца песня «Хмаркі», у якой маецца разважанне пра месца чалавека на зямлі (верш элегічнага характару, роздум пра лёс інтэлігенцыі).
У зборнік увайшлі і песні, у якіх апісваецца паразітызм паноў і нягоды сялянскага жыцця. Іранічна гучаў верш «Скацінная апека», які асуджае ілжывасць і крывадушнасць сучаснай аўтару маралі.
Сацыяльнае гучанне мела байка «Свіння і жалуды» (філасофскі падтэкст у тым, што панства адбірае ў сялянства карані і не дае магчымасці існаваць). Філасофскае гучанне мае і верш «Ахвяра»; у вершы «Не цурайся» праводзіцца ідэя асветніцтва, характэрная для ХVІІІ – ХІХ стст. Патрыятызмам прасякнуты верш «Свая зямля». Багушэвіч набліжае паэзію да лірычнай плыні (верш «Балада»).
Проза Ф. Багушэвіча
Аўтар з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай прозы. Яго проза не цалкам захавалася. Калі пачаў пісаць прозай – невядома. Быў намер выдаць зборнік «Беларускія расказы», але ён не ажыццявіўся. Да нас дайшлі асобныя апавяданні. У 1892 г. у Кракаве выйшла апавяданне «Тралялёначка», надрукаванае на беларускай мове лацінкай. Апавяданне ўздымала праблему капіталізацыі вёскі, такім чынам, у ХІХ ст. ужо набывае моц літаратура пра паказ жыцця народа.
«Сведка» – пра мужыка, якога запрасілі сведкам на суд; «Палясоўшчык» (падзагаловак «Апавяданне старога лесніка») выкарыстоўвае сітуацыю народнага анекдота; «Дзядзіна» – народнае апавяданне, у аснове ляжыць прыём прамой іроніі і горкага гумару.
Ф. Багушэвіч – першы беларускі нацыянальны паэт, пра што ён сам заявіў свядома назвамі твораў. Ён адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, аўтар вострасацыяльных вершаў, садзейнічаў развіццю лірычнага пачатку беларускай паэзіі.
Янка Лучына (1851 – 1897)
Сапраўднае імя Іван Луцыянавіч Неслухоўскі. Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і адваката. Вучыўся ў Мінскай гімназіі, потым адзін год – на матэматычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. Яго прываблівала філасофія пазітывізму (самім трэба дабівацца ўсяго ў жыцці). Потым быў студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, пасля заканчэння якога ў 1877 г. паехаў працаваць на Каўказ. Па стане здароўя вымушаны перабрацца ў Мінск. У 1886 г. яго разбівае паралюш. Апошнія адзінаццаць год жыцця ён абмежаваны ў дзеяннях.
Пісаў на трох мовах: рускай, польскай і беларускай. Пры жыцці не выдаў ні аднаго зборніка вершаў. Пасля смерці ў 1898 г. выйшаў зборнік вершаў на польскай мове. У 1903 г. выйшаў зборнік беларускіх вершаў «Вязынка» (для цэнзуры выдаваўся як зборнік балгарскіх вершаў). Янку Лучыну былі блізкія тыя аўтары, якія звярталі ўвагу на абставіны жыцця селяніна. Перакладаў творы М. Някрасава і У. Сыракомлі. Пачаў пісаць вершы з дзесяці гадоў.
Першы друкаваны твор з’явіўся ў 1886 г. у першым нумары газеты «Мінскі лісток» на рускай мове – «Не ради славы или расчёта», у ім тлумачылася прызначэнне газеты, яе асветніцкая накіраванасць. У тым жа годзе з’явіўся верш грамадзянскага гучання на беларускай мове ў той жа газеце (пра неабходнасць развіваць народнае мастацтва і літаратуру на беларускай мове). Вершы «Пра што думае Янка, везучы дровы…», «Вясна», «Вясновай парой» расказваюць пра жыццё селяніна. Ёсць вершы патрыятычнага зместу, у якіх выкарыстоўваецца прыём кантрасту («У роднай старонцы»). Верш «Сівер» мае алегарычны характар (паказ жыцця грамадства канца ХІХ ст.).
Янка Лучына напісаў твор «Паляўнічыя абразкі з Палесся», дзе выступіў знаўцам беларускай прыроды. Праз некаторы час аўтар зрабіў яго пераклад з польскай мовы на беларускую і назваў «Стары ляснік». Аўтар пісаў вершы маральна-этычнай праблематыкі: «Пятрусь», «Віялета», «Андрэй», «Гануся», якія да нас не дайшлі. Найбольш вядомыя яго творы-пераклады У. Сыракомлі: «Горсць пшаніцы», «Ямшчык», «Надта салодкія думкі» (у іх пераважаюць маральна-этычныя і патрыятычныя тэмы).
Янка Лучына быў публіцыстам, драматургам, празаікам. Яму належыць невялікая аповесць на рускай мове «Верачка» пра дзяўчынку, што страціла маці, але засталася добрай; драматычны невялікі твор «Старасць – не радасць» (пра светаадчуванне старых, нікому не патрэбных людзей).
Заслуга Янкі Лучыны – у лірызацыі беларускай паэзіі, паглыбленні яе псіхалагізму, перадачы ўнутранага свету ў вершах. Нездарма псеўданім мае два значэнні: 1) Янка – распаўсюджанае імя, Лучына – продкі мелі прозвішча Лучыўка; 2) рэч, што асвятляе памяшканне (так і яго творчасць будзе садзейнічаць пашырэнню асветы ў родным краі).
Поделитесь с Вашими друзьями: |