Уводзіны ў курс. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Перыядызацыя новай беларускай літаратуры



старонка5/7
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.12 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

Зборнік «Шляхам жыцця» (1913)

Выдадзены кірыліцай у Пецярбургу. Лічыцца падагульненнем бела­рускай сялянскай лірыкі пачатку ХХ ст. Кампазіцыя зборніка класічная (складаецца з сямі раздзелаў, бо лічба сем лічыцца шчаслівай). Раздзел – паказчык тэматыкі і праблематыкі: «Бацькаўшчына», «Па межах родных», «Для яе», «Наша вёска», «Сваім і чужым», «Байкі і аповесці», «Пераклады з польскай мовы».

Жыццё ў зборніку адлюстравана ва ўсіх сваіх праявах: вершы «Аб мужыцкай долі», «Прыстаў я жыць», «Чаго хмурыцца», « Ён і яна» ўтрым­ліваюць і паэтыку народнай песні, і класічнай славянскай літаратуры.

Тэма апісання прыроды паўстае ў вершах «Вярба», «Летняя раніца», «Ваўкалак», «Хохлік», «Русалка». Тэма Бацькаўшчыны і сацыяльнай інерт­насці прысутнічае ў вершах «Я ад Вас далёка», «Па межах родных і разо­рах», «Вясна за вясной», «Беларус». Вобраз маладой Беларусі, якая павінна заняць вартае ёй месца сярод іншых краін свету, яскрава прысутнічае ў зборніку.

Асаблівасцю зборніка з’яўляецца зліццё вобразаў мужыка і паэта ў адну дзеючую асобу. Лірычныя вершы пра каханне таксама маюць месца ў зборніку («Да дзяўчыны», «Явар і каліна», «Над ракою ў спакою»). У збор­нік увайшлі вершаваныя апавяданні, байкі з маральнай і нацыянальнай пра­блематыкай: «Асёл і навука», «Два мужыкі і глушэц».

Усяго каля сямідзесяці вершаў напісана Я. Купалам за 1913 – 1915 гг. Асноўныя тэмы, што асвятляюцца ў іх: антываенная, гуманістычна-саты­рычная, любоўная, тэма філасофскага асэнсавання жыцця. У дадзены пе­рыяд Я. Купалу вабяць санеты: «Бацькаўшчына», «На суд» (разважанні пра ўласную творчасць). Матыў смутку з прычыны нешчаслівага кахання ад­люстраваны ў вершах «А яна», «Ночцы», «Не судзіла доля».


Раннія паэмы Я. Купалы

Першая руская рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. пабудзіла Я. Купалу напі­саць шэраг твораў пра мінулае і паказаць, што ў беларусаў была багатая гіс­торыя. У 1909 г. Я. Купала піша ўступ да паэмы «Гарыслава». Яна была надрукавана толькі ў 1929 г. У гэтым урыўку згадваюцца думкі пра міну­лае беларусаў (ідэя вызвалення беларусаў, чалавечай асобы, Бацькаўшчы­ны). Ва ўрыўку расказваецца пра нялёгкі шлях Беларусі. Падаецца зварот да чытача, у якім паказаны заняпад краіны. Выражаецца ўпэўненасць у тым, што калі-небудзь прыйдуць часы славы і велічы Бацькаўшчыны. Праца над паэмай адбывалася ў 1912 г. Паэма не закончана. Захаваліся два варыянты першага раздзела і прадмова. У творы Купала збіраўся паказаць перыяд феадальных канфліктаў і расказаць пра жыццё і дзейнасць полац­кай князёўны Рагнеды.

У 1911 г. у Пецярбургу Я. Купала піша паэму «На куццю». Твор вы­значаецца патрыятычнай накіраванасцю і набліжаны да героіка-драматыч­най тэматыкі. У дванаццаці частках паэмы падаецца роздум лірычнага ге­роя пра лёс Радзімы. Карціна зімовай ночы – гэта, з аднаго боку, фон, на якім будуць адбывацца падзеі, з другога – паказ становішча Беларусі. Да­лей аўтар знаёміць нас з дзеючымі асобамі. Выкарыстоўвае Я. Купала пры­ём умоўнасці (спалучэнне ўмоўных і канкрэтных падзей).

У 1912 г. напісана паэма «На дзяды», якая была змешчана на старон­ках газеты «Наша ніва». У цэнтры твора – праблематыка нацыянальнага і сацыяльнага, роздум пра мінулае і будучыню. Канкрэтная жыццёвая гісто­рыя абагульняецца да ўзроўню сімвала. Аўтар распавядае пра лёс маці і няўдзячных дзяцей, што выракаюцца яе. У пачатку паэмы выкарыстоўва­ецца прыём адмоўнага паралелізму.


Фальклорна-рамантычныя паэмы Я. Купалы

Цесная сувязь творчасці Я. Купалы з фальклорам тлумачыцца ўмо­вамі развіцця беларускай літаратуры. Адраджэнне беларускай літаратуры арыентавана на фальклор. У дадзеных паэмах прасочваецца нацыянальна-вызваленчая праблематыка.

Паэма «Курган» (1910) адкрывае цыкл фальклорна-рамантычных па­эм Я. Купалы. У адрозненне ад іншых паэм дадзенага кірунку ў аснове тво­ра ляжыць прыдуманая аўтарам легенда пра гордага гусляра і жорсткага князя. Тэма паэмы – лёс мастака ў класавым грамадстве. Гусляр гіне, але ў народзе жыве памяць пра яго (сімвалы памяці – курган, дуб на кургане). Канфлікт паэмы звязаны з вобразамі Гусляра і Князя, што з’яўляюцца ан­тыподамі, выяўляюць класавыя супярэчнасці грамадства. Вобраз Гусляра ідэалізаваны і рамантычна абагульнены, вобраз Князя – вобраз носьбіта за­ган эксплуататарскага класа. Кантрастнасць вобразаў праяўляецца праз апісанне знешняга выгляду, паводзін герояў.

Паэма – стройная па кампазіцыі як агульнай, страфічнай (складаецца з дванаццаці раздзелаў, кожны з якіх мае ў сваю чаргу чатыры катрэны), так і звязанай з развіццём дзеяння. Першы раздзел – экспазіцыйны, аўтар апісвае курган, у апошнім таксама дзеянне вяртаецца да кургана, дзе з’яў­ляецца дзед з гуслямі раз у год. Легенда пра гусляра расказваецца ў асноў­най частцы твора.

Паэма «Бандароўна» (1913) у аснове сюжэта мае народную песню пра Бандароўну, вядомую на Украіне і Беларусі. Я. Купала паглыбіў сюжэт фальклорнага твора сацыяльна і псіхалагічна: канфлікт у паэме не паміж Бандароўнай і панам, а паміж народам і прыгнятальнікамі. Бандароўна ста­ла той кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення народа. Вобраз Бандароў­ны ідэалізаваны, падаецца як сімвал дзявочай прыгажосці – знешняй і ўнут­ранай. У абмалёўцы вобразаў герояў, узнаўленні падзей побач з фальклор­нымі традыцыямі аўтар выкарыстоўвае і рамантычныя (выключнасць, гі­пербалізацыя арганічна спалучаюцца з фальклорнымі параўнаннямі, эпітэ­тамі пры паказе вобраза Бандароўны). У плынь аб’ектывізаванага апавя­дання ўведзены радкі суб’ектыўнага аўтарскага перажывання за гераіню. Паэма характарызуецца вострым напружаным канфліктам. Купала выка­рыстоўвае элементы песні, напрыклад, паралелізм.

Паэма «Магіла льва» (1913) у аснове сюжэта мае легенду пра ўзнік­ненне г. Магілёва. Вобраз галоўнага героя Машэкі пераўвасоблены. Машэ­ка паўстае разбойнікам, а не народным заступнікам. Характары герояў, у параўнанні з папярэднімі паэмамі, паказаны ў развіцці, з глыбокім пранік­неннем у свет пачуццяў і перажыванняў. Аўтар асуджае сляпы індывідуа­лізм і эгаізм Машэкі. Паэма мае строгую сіметрычную кампазіцыю. Паказу асноўных падзей папярэднічае ўступ; апошні, ХХ раздзел, з’яўляецца эпі­логам. Першы, уступны раздзел, не звязаны непасрэдна з вобразам Машэ­кі. Аўтар актуалізуе думку пра захаванне роднай гісторыі, паказвае сувязь мінулага, сучаснасці і будучыні.


Драматычныя паэмы Я.  Купалы

Я. Купала звяртаўся да драматургіі ў паэзіі. Яго пяру належаць паэ­мы «Адвечная песня» (выйшла ў 1908 г.) і «Сон на кургане» (выйшла ў 1910 г.); драматычны абразок «На папасе».

Паэма «Адвечная песня» складаецца з наступных раздзелаў:

І. Хрэсьбіны (над калыскай дзіцяці спяваюць Жыццё, Доля, Бяда, Го­лад, Холад, якія вызначаюць імя дзіцяці – Мужык).

ІІ. На службе (маленькі, босы, у парванай вопратцы пастушок пасе скаціну, жаліцца на долю, але кажа маці, што зможа пераадолець усё).

ІІІ. Вяселле (паказаны вясельны абрад).

ІV. Вясна (расповед пра тое, што ў дадзеную пару трэба сеяць).

V. За сахою (паказаны чалавек працы).

VІ. Лета.

VІІ. Касьба і жніво.

VІІІ. Восень.

ІХ. Свята (хворыя дзеці на палку ў хаце, Мужык хоча павесяліцца і выпіць чарку).

Х. Зіма (сячэ Мужык па калена ў снезе хвою, падсечанае дрэва ва­ліцца і забівае Мужыка, да нябожчыка падыходзіць зграя ваўкоў).

ХІ. Хаўтуры.

ХІІ. На могілках (цень Мужыка наноў просіць магілу раскрыцца, бо «Страшней яе людзі і свет»).

«Адвечная песня» – першая напісаная Я. Купалам драматычная паэ­ма. У дванаццаці частках раскрываецца жыццё галоўнага героя ад нара­джэння да смерці. Часткі – гэта этапы жыцця героя. Я. Купала паказвае, што Мужык прыходзіць у гэты свет свабодным (як і ўсе людзі). Усе пам­кненні чалавека, аднак, пры сутыкненні з рэчаіснасцю набываюць чыста тэарэтычны характар. Мужык у паэме памірае два разы: першы раз яго за­бівае хвояй, другі раз ён добраахвотна вяртаецца ў магілу. Вобраз у паэме набывае выразную трагедыйнасць.

Я. Купала звярнуўся ў паэме да рэалістычных і сімвалічных сродкаў мастацкай выразнасці. У творы шэраг умоўных вобразаў: Жыццё, Доля, Бяда, Голад, Холад, Вясна, Лета, Восень, Зіма. Вобразы людзей – Мужык, Жонка, Араты, Пастушок, Маці, Магазыннік і інш. – абагульненыя, індыві­дуальна-канкрэтныя рысы ў іх адсутнічаюць. Паэма цікавая з боку формы. Кожная яе частка мае сваю танальнасць, сваю адметную рытміка-інтана­цыйную арганізацыю.
Драматургія Я. Купалы

У 1912 г. напісана п’еса «Паўлінка», у 1913 г. – «Прымакі» і «Рас­кіданае гняздо». «Паўлінка» пастаўлена ў 1912 г. у Вільні, паводле Я. Ку­палы  – гэта сцэнкі са шляхецкага жыцця. У аснову п’есы пакладзена жыц­цёвая гісторыя, што адбывалася на радзіме аўтара. Усе героі мелі прататы­паў з жыцця. Пан Быкоўскі напісаны з мясцовага шляхціца, бацька Паўлін­кі і сусед – з далёкіх сваякоў. Паўлінка – або Паўліна Мядзёлка, якую ка­хаў Купала, або Паўліна Аблачынская, сваячка аўтара. Сямейна-бытавы канфлікт перарастае ў творы ў сацыяльны. Па жанры твор з’яўляецца каме­дыяй. У творы шаржыраваны вобраз Быкоўскага. Твор меў трагічную раз­вязку.

У 1913 г. напісаны сцэнічны жарт «Прымакі». Падзеі адбываюцца ў вёсцы. У творы асуджаецца п’янства.

У 1913 г. Купала піша драму «Раскіданае гняздо». Твор складаецца з пяці дзеянняў – гэта драма народнага і чалавечага лёсу. Дата дзеяння – 1905 г. У аснову пакладзены рэальны факт выгнання дзеда Я. Купалы з зямлі. П’еса рэалістычная, але носіць адбітак сімвалічнага рамантызму. У творы ставіцца праблема свабоды чалавека і праблема далейшага лёсу Ра­дзімы. Вобраз Лявона Зябліка – выразна трагедыйны. У п’есе назіраюцца два канфлікты – унутраны (паміж членамі сям’і), знешні (паміж панічом і Зяблікам). Паводле Я. Купалы чалавек сам вызначае свой лёс. Праблема Бацькаўшчыны застаецца нявырашанай. Я. Купала ў гэтым творы хутчэй выступае песімістам.

Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922) у савецкія часы лічылася супярэч­лівым і слабым у ідэйна-мастацкіх адносінах творам. У ім выявілася тры­вога аўтара за лёс Бацькаўшчыны, народа. Пра набалелае аўтар казаў шля­хам камічнага. Час дзеяння – калі Беларусь стала арэнай змагання паміж Захадам і Усходам, а адна акупацыя змянілася на другую. Персанажы тво­ра ў гістарычных падзеях не ўдзельнічаюць, ніхто не абараняе ніякую ўла­ду са зброяй у руках. Дом, у якім жывуць героі (у шырокім сэнсе – уся Бе­ларусь, у вузкім – кватэра Мікіты Зносака), – няўтульны і ненадзейны. Жы­хары яго мала падобныя да гаспадароў. Сімвалічным з’яўляецца пачатак чацвёртай дзеі, дзе Гануля сядзіць на вузлах і вяжа панчоху.

Я. Купала акцэнтуе ўвагу на іншай трагедыі народа – «тутэйшасці». Гэта несвядомасць, пасіўнасць, абыякавасць. Людзі – староннія назіраль­нікі ўласнага лёсу, бязвольная маса. Слова «тутэйшы» пэўны час было адэкватна слову «беларус». Мікіта Зносак – вобраз рэнегата, прыстасаван­ца, для якога сваё нічога не значыць, а чужое – лепшае. Я. Купала прыста­саванства бачыў як тыповую рысу ў характары народа. Асаблівасцю твора з’яўляецца тое, што адны персанажы выявіліся як адметныя, паўнакроўныя характары (Мікіта Зносак, Гануля, Лявон Гарошка, Янка Здольнік, Аленка і інш.), другія  – абагульненыя, умоўныя (Поп, Дама, Пан, Стражнік), роля трэціх – чыста службовая, функцыянальная (Абарванец, Чырвонаармеец, Начальнік, Немец і інш.).


Паэма Я. Купалы «Безназоўнае» (1924)

Твор несюжэтны, лірычны. З’явы рэчаіснасці падаюцца сродкамі лі­рыкі, праз метафарычныя і сімвалічныя вобразы. «Безназоўнае» – вобраз, што даў назву ўсяму твору, – своеасаблівая паэтычная загадка ў фальклор­ным стылі, калі з’ява падаецца праз апісанне яе характэрных прыкмет. М. Багдановіч адзначаў, што: «Уласна «безназоўнае» – таямнічае, узвыша­нае «яно» – гэта толькі пачатак, падспеў рэвалюцыі, выспяванне яе ў перы­яд – кастрычніцкі час. Метафарычны змест «яно» знікае пасля чацвёртай страфы першага раздзела і ператвараецца ў вобраз «буралому», гэта зна­чыць, уласна рэвалюцыі». Пісьменнік звяртаецца і да падзей грамадзян­скай вайны, акупацыі Беларусі.

Супастаўляючы мінулыя чорныя дні і будучыню (шчаслівае жыццё пры савецкай уладзе), Купала далёкі ад думкі, што ўсё дасягнута. Завярша­ецца паэма нязменнай думкай пра вольны бацькоўскі кут.

Я. Купала ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Вер­шы аўтара адметныя ў плане ідэйнай накіраванасці. Грунтоўную ацэнку купалаўскай творчасці даваў М. Багдановіч у артыкуле «Глыбы і слаі», «За тры гады» (ён упершыню паставіў пытанне пра стыль Купалы і пра эвалю­цыю яго творчасці). Творчасць Я. Купалы спалучае класіцызм і рамантызм, выводзіць маладую беларускую літаратуру на сусветны ўзровень. Я. Ку­пала стварыў тып нацыянальнага характару беларуса, жанрава і стылёва ўзбагаціў беларускую літаратуру.


Якуб Колас (1882 – 1956)
Сапраўднае імя Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Меў шмат літара­турных псеўданімаў: Дзядзька Карусь, Агарак, Тамаш Булава, Андрэй-са­цыяліст, Іван Торба, Дзям’янаў вус, Лесавік, Ганна Крум, Тарас Гушча і інш. У літаратуры за ім замацаваўся псеўданім Якуб Колас, што сведчыла пра прывязанасць да звычайнага, зямнога. Нарадзіўся ў фальварку Акінчы­цы пад Стаўбцамі ў сям’і Міхаіла і Ганны Міцкевічаў. Бацька служыў лес­ніком у пана Радзівіла, да чаго яго прымусіла беззямелле. Бацька і дзядзька былі пісьменнымі людзьмі. У 1898 г. Я. Колас паступіў у Нясвіжскую нас­таўніцкую семінарыю, якая займалася па праграме, складзенай К. Ушын­скім. Літаратуру выкладаў там Фядот Кудрынскі. Яму Я. Колас паказаў першыя свае творы. Педагог параіў яму пісаць далей. У дадзены перыяд Я. Колас шмат піша на рускай мове.

У 1902 г. Я. Колас заканчвае настаўніцкую семінарыю са званнем на­роднага настаўніка пачатковых школ. Пасля заканчэння семінарыі Я. Ко­лас едзе працаваць на Палессе ў в. Люсіна на Піншчыне. Пасля моцных уражанняў узнік твор на рускай мове «Школьный труженик» (аснова для кнігі «На ростанях»). Потым Я. Колас працаваў у Пінкавіц­кай школе. Піша ліст пану Скірмунту, яго абвінавачваюць у палітычнай небяспечнасці і пераводзяць у Смалявіцкі раён.

Летам 1906 г. адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд на Мікалаеў­шчыне, пасля якога ўдзельнікаў пакінулі без працы. У 1906 – 1907 гг. Я. Колас жыве ў бра­та і адкрывае там школу. Працуе над падручнікам-хрэстаматыяй «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». Яшчэ ў 1904 г. частку сваіх вершаў Я. Ко­лас дасылае ў часопіс «Для всех» (атрымаў рэцэнзію пра недасканаласць вершаў у плане формы).

У 1906 г. у першым нумары «Нашай долі» Я. Колас змясціў першы верш, у якім даецца апісанне роднай вёскі як краю галечы. У 1907 г. Я. Ко­лас запрошаны ў газету «Наша ніва», едзе ў Вільню, але адносіны з рэдак­цыяй у яго не складваюцца. Я. Колас прымае запрашэнне аднаго з памеш­чыкаў і ў 1908 г. едзе працаваць у в. Сані Талачынскага раёна. Суд па спра­ве настаўніцкага з’езду адбыўся ў 1908 г., і Я. Колас павінен быў прасе­дзець тры гады ў Мінскім астрозе (1909 – 1911).

У 1910 г. выйшаў зборнік «Песні жальбы» і нарадзілася задума паэм «Новая зямля», «Сымон-музыка» і зборніка «Казкі жыцця». У 1912 г. улад­каваўся працаваць настаўнікам у Пінскае прыходскае вучылішча (1912 – 1914). Першая імперыялістычная вайна прымусіла Я. Коласа эвакуіравацца да сваякоў жонкі ў Маскоўскую губерню. У 1915 г. у верасні Я. Коласа на­кіроўваюць у Маскоўскае баявое вучылішча, у чыне прапаршчыка яго ад­праўляюць на Румынскі фронт. 1918 г. – савецкая ўлада дэмабілізавала Я. Ко­ласа як настаўніка з войска. З 1921 г. працуе і жыве ў Мінску, займаецца педагагічнай (выкладае ў педтэхнікуме) і літаратурнай дзейнасцю.
Творчасць Я. Коласа дакастрычніцкага часу

Асноўныя тэмы творчасці Я. Коласа дакастрычніцкага часу: сялян­скае жыццё, нялёгкая праца, прыгажосць беларускай прыроды. У цэнтры вершаванай паэтычнай творчасці аўтара два героі: мужык-селянін і інтэлі­гент-змагар. Першы зборнік «Песні жальбы» выйшаў у 1910 г. Ён скла­даўся з пяці раздзелаў: «Думкі», «Родныя вобразы», «Мужычае жыццё», «На ростані», «З турмы». Зборнік аўтабіяграфічны, Я. Колас расказвае пра жыццё селяніна праз сваё жыццё.

Коласаўская проза прайшла ад сюжэтнага да псіхалагічнага шляху. Першае апавяданне – «Што робіцца ў сяле?». Сацыяльна-псіхалагічныя апавяданні: «Думкі ў дарозе», «Малады дубок», «Тоўстае палена», «Сі­рата», «Дзеравеншчына», «У старых дубах», «Нёманаў дар» спалучаюць гумар і псіхалагізм.

На пачатку стагоддзя Я. Колас распрацоўваў тэму горада (урбаніза­цыі). У невялікім апавяданні «У горадзе» Я. Колас малюе горад праз ус­прыняцце беспрацоўнага, нікому не патрэбнага чалавека. У апавяданні го­рад супрацьпастаўлены вольнай прыродзе.

У дакастрычніцкі час (у 1908 г.) пачаў працу над «Казкамі жыцця», якую працягваў да 1954 г. Зместам апавяданняў Я. Колас паказвае знітава­насць усяго жывога і нежывога ў прыродзе. Коласаўскае разуменне жыцця грунтавалася на перапляценні дабра і зла (аўтар імкнецца раскрыць склада­ную дыялектыку чалавечага жыцця). Некаторыя творы маюць выразны са­цыяльны падтэкст: «У балоце», «Асінае гняздо». «У балоце» – водгук вы­разнага алегарычнага напрамку на падзеі першай рускай рэвалюцыі, калі палітыка ўрада давяла краіну да безвыходнага становішча. «Стары лес», «Асінае гняздо» – можна ўбачыць алегорыю на падзеі першай сусветнай вайны. Апавяданне «Балотны агонь» – філасофскага плану. Утрымлівае пытанне: ці лепш усё ведаць і пакутваць ад гэтага, ці жыць у свеце ілюзій. Да дадзенай праблематыкі набліжана апавяданне «Чыя праўда?». Перапля­ценне пытанняў чалавек – прырода – Радзіма назіраецца ў апавяданнях «Адзінокае дрэва», «Крынічка». Выразную філасофскую праблематыку мае апавяданне «Камень». Такім чынам, апавяданні Коласа з «Казак жыцця» варта назваць апавяданнямі-прыпавесцямі.

Апавяданні вершам аўтар браў з народных анекдотаў: «Доктар па­мог», «За дождж», «Зяць», «Паслушная жонка». У творах апавядаецца пра сялянскае жыццё, пра непаразуменні ў ім. У некаторыя апавяданні Я. Ко­лас уводзіў замалёўкі – «За дождж». У некаторых вершаваных апавяданнях звяртаўся аўтар да мінулага – «Прапаў чалавек», «Паўлюкова бяда». Гума­рыстычна-сатырычную афарбоўку мае апавяданне «Як Янка забагацеў». Некаторыя апавяданні вершам высмейваюць чалавечыя слабасці: п’янства, безгаспадарлівасць. Бытавая тэматыка прадыктавана жыццём. Апавяданне «Пад Новы год» падобнае да «Казак жыцця» па сваіх сюжэтных вартасцях.
Паэма Я. Коласа «Новая зямля»

Названа даследчыкамі літаратуры энцыклапедыяй жыцця беларуска­га сялянства. Паэма складаецца з трыццаці раздзелаў. Гэта твор пра жыццё сялянства паслярэформеннага часу. Я. Колас пісаў паэму, калі знаходзіўся ў Мінскім астрозе (з 1911 – 1923 гг.). Першым яе напісаным раздзелам стаў «Як дзядзька ездзіў у Вільню, і што ён там рабіў», які пазней быў перапра­цаваны. У дакастрычніцкі час напісаны яшчэ раздзелы: «Леснікова паса­да», «Раніца ў нядзельку», «Cмерць ляснічага», «Каля зямлянкі», «Дзядзь­ка-кухар», «На першай гаспадарцы», «Пярэбары», «Нататкі».

Паэма была задумана як твор пра жыццё звычайнага чалавека, які іс­нуе ў тыповых абставінах. Твор у многім аўтабіяграфічны (з жыцця ўзяты вобразы бацькі, маці, дзядзькі, Костуся – з сябе і інш.). Твор можна назваць кнігай сялянскага жыцця, аповедам пра паўсядзённую працу, бытавыя кло­паты сялян. Зямля для Міхала – гэта сродак свабоды і маральная каш­тоўнасць, а не толькі мэта прыгожа жыць. Праз вобраз Міхала паказаны чалавек, які хоча змяніць абставіны ў лепшы бок, якога не задавальняе служба і пераезды з месца на месца. Карціна смерці Міхала мае філасоф­скае значэнне: кожны чалавек нараджаецца і памірае; «памірае» няздзейс­неная мэта Міхала пра набыццё зямлі, а значыць і спадзяванне сялянства на свабоду і незалежнасць у цэлым. Вобраз Антося паэтызаваны: раскры­ваецца паэтыка земляробчай працы. Вобразы Міхала і Антося як бы суп­рацьпастаўлены, гэта дзве палавінкі аднаго светаўспрымання. Многія даследчыкі знаходзяць тут дзве пазі­цыі: імкненне аднаго да незалежнасці, да зямлі, другі жыве сённяшнім днём, выконвае свае абавязкі. Увогуле аўтар паэтызуе краіну дзяцінства і свет прыроды.

У аўтарскім стылі спалучаецца смешнае і сур’ёзнае: аповед пра сур’ёз­ныя рэчы вядзецца праз гумарыстычныя элементы. Ёсць у паэме і алега­рычныя моманты: «Воўк». Твор адметны сваёй кампазіцыяй (прысутніча­юць элементы каляндарнай кампазіцыі, выкарыстанне рэтраспекцыі для таго, каб увесці чытача ў сутнасць падзей). Колас у паэме вельмі часта па­дае пейзажныя замалёўкі і ўводзіць лірычныя адступленні, што спрыяе фарміраванню аўтарскай ідэі ў творы. Прырода паказана ў паэме праз ус­прыманне селяніна.

Паэму можна назваць не проста энцыклапедыяй сялянскага жыцця, але і энцыклапедыяй жыцця наогул. Паэма напісана анегінскай страфой, спалучае народную мову і вершы, народнасць, сялянскасць. Аўтар аб’яд­наў высокія традыцыі і народную мову.

Паэма была надрукавана ў 1923 г. і выклікала спрэчкі сярод беларус­кіх пісьменнікаў і крытыкаў. У 1920-я – 1930-я гг. выказваліся думкі пра тое, што Колас апаэтызаваў прыватнаўласніцкае імкненне да зямлі. Вульгарна-са­цыялагічныя ацэнкі твора сустракаюцца ў 1930-я гг., што, безумоўна, з’яў­лялася заканамерным павевам часу.


Паэма Я. Коласа «Сымон-музыка»

Першы варыянт паэмы быў закончаны ў 1918 г., другі – у 1923 г. (згублены), 1925 г. – трэцяя рэдакцыя твора. Паэма напісана ў рамантыч­ным стылі. Складаецца з пяці частак, кожная частка пісалася асобна. Праца распачата ў 1911 г. у астрозе. Першая частка паэмы напісана ў 1911 г., дру­гая – у 1913 г., трэцяя – у 1917 г., чацвёртая, пятая – у 1918 г. Друкаваліся часткі асобна. Я. Колас скончыў працу ў 1925 г. Першае і другое выданні – з прадмовай, якая ў астатніх выданнях не друкавалася.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў аснову твора пакладзена гісто­рыя, пачутая аўтарам падчас вучобы ў семінарыі; таксама напісанне твора адбывалася пад уплывам творчасці У. Караленкі ці, паводле меркавання другіх, – тут бачны ўплыў карэла-фінскага эпасу. Даследчык У. Конан лі­чыць, што твор шматпластны (быццам Колас перапрацаваў міф пра Арфея і Эўрыдыку). Вытокі паэмы ідуць ад зямлі, падказаны самім жыццём. І. На­вуменка знайшоў у паэме падабенства з традыцыямі кітайскай філасофіі.

Галоўны герой – Сымон – незразумелы для іншых людзей. Ён з’яў­ляецца прадстаўніком новага пакалення. Вобраз дзеда Курылы сімвалічны (паказ мінулага як неад’емнай часткі будучыні). Адлюстравана ў паэме праблема мастака і мастацтва: ці быць мастаку забаўнікам, ці змагаром. Агульнасацыяльнае паказана ў такой форме, што нават даросламу нельга зразумець тую сітуацыю, у якой ён жыве. У паэме аўтарам падаецца кан­цэпцыя мастака і мастацтва. Сапраўдную свабоду аўтар бачыць у твор­часці, у мастацтве, у душы чалавека. Я. Колас сутыкае светлыя парыванні з цемнатой і хцівасцю, паказвае, што жабрак – ахвяра грамадства, чалавек, варты жалю. Без свабоды няма сапраўднага мастацтва – адна з галоўных думак твора. Аўтар атаясамлівае прыроду з Богам. Я. Колас паказвае, як чалавек мужнее, каб развіваць свой талент, прыносіць карысць людзям, выконваць наканаваную зверху сваю місію на зямлі. Сапраўднае мастацтва таму і вялікае, што яно праўдзівае, пераконвае нас Я. Колас.

Вобраз Сымона адначасова з’яўляецца і традыцыйным, і наватарскім. У ім назіраюцца тыповыя рысы Сымона як мастака з народа. Адначасова гэта паэма не столькі пра лёс народа, колькі пра лёс мастацтва ўвогуле. Вобраз Сымона – гэта і вобраз мастака, і вобраз вясковага хлопца, і вобраз-тып.

Твор насычаны лірычнымі адступленнямі (пейзаж, разважанні пра сэнс жыцця – гэта аўтарскі голас). Твор спалучае казачнае і рэальнае. На­яўнасць прыпавесцей і легенд у спалучэнні з праўдзівым паказам падзей надае твору большую выразнасць. Паэма становіцца высока інтэлектуаль­ным творам. Я. Колас паказвае, як павінна развівацца сапраўдная літаратура.

Выкарыстанне фальклорных традыцый даказвае, што Я. Колас ім­кнуўся пісаць простай даступнай мовай. Аўтар пятнаццаць год перапра­цоўваў паэму. Сваёй творчасцю і моўнымі асаблівасцямі дадзенай паэмы Я. Колас хацеў паказаць, што асновай творчасці павінна з’яўляцца народ­ная мова (хоць і літаратурная адначасова). Мова ж паэмы лаканічная і вы­разная.

Я. Колас і трылогія «На ростанях»

У дадзеным творы Я. Колас імкнуўся пісаць пра Бацькаўшчыну, на­род, і гэта ўспрымаецца ў комплексе. Я. Колас выяўляе разуменне чалаве­чай асобы, паказвае чалавека-працаўніка ў экстрымальных умовах. Трыло­гія – новы этап станаўлення рэалізму. У ёй спалучаюцца тэндэнцыі твораў эпічнай формы. Гэта ўзор класічнай формы нацыянальнага рамана, трады­цыі якога працягваліся пасля К. Чорным.

Па сваёй жанравай структуры твор спачатку задумваўся як невялікае апавяданне пра сялянскі побыт. Твор складаецца з трох частак: «У палес­кай глушы» (1922), «У глыбі Палесся» (1927), «На ростанях» (1954).

Першапачаткова Я. Колас хацеў паказаць вобраз настаўніка, які скон­чыць жыццё самагубствам – застрэліцца. Праз вобраз Лабановіча Я. Колас імкнецца даць адказы на пытанні пра сэнс чалавечага жыцця. На думку Я. Коласа, інтэлігент можа з’яўляцца або злачынцам, або ахвярай. Лабано­віч знайшоў сэнс жыцця ў працы на карысць народа, але гэта – толькі своеасаблівае «выйсце» для канкрэтнага чалавека, бо спасцігнуць жыццё нельга. Блытаніна ў меркаваннях Лабановіча – гэта паказ аўтарам блыта­ніны ў грамадстве.

Крытыка папракала Я. Коласа, што галоўны герой занадта паглыбле­ны ў сваю псіхалогію і душу, што твору не хапае знешняга дынамізму. Але ў аўтара мы назіраем дынамізм унутраны, бо ў 1920-я гг. у літаратуры былі спробы паказу чалавека як асобы. Сімвалам у творы з’яўляецца чалавек-адзіночка ў багне, у балоце абставін. Такім чынам, Лабановіч – вяшчун тых змен, якія адбудуцца ў грамадстве. Я. Колас хацеў абудзіць крытычную думку.

Вялікую ролю ў рамане адыгрывае пейзаж. Прырода надзяляецца чалавечымі якасцямі, існуе як асобны самастойны арганізм. Хараство яе нараджае пратэст: чаму на фоне краявідаў чалавек існуе так нецікава і недарэчна. Нацыянальнае разумеецца праз адносіны Лабановіча з рэнегата­мі народа, праз асэнсаванне сябе. Асабістае шчасце герой не ўяўляе без шчасця іншых людзей.

Я. Колас праводзіць у трылогіі думку і пра самакаштоўнасць чалаве­ка. Цікава падаецца ў рамане і свет кахання: праз асабістыя адносіны і све­таўспрыманне галоўнага героя.

Аўтар распрацоўвае методыку новых эпічных форм: калі ў творы прысутнічае вобраз-тып папа, то іх паказваецца некалькі; тое ж і з чыноў­нікамі, і з інтэлігентамі (тыпізацыя робіцца Я. Коласам з некалькіх герояў).

У першай частцы трылогіі абставіны падаюцца статычнымі, потым паступова назіраецца адыход ад дадзеных прынцыпаў. Пачынаецца паказ асобных вобразаў: Аксён Каль, Андросаў і інш. Увогуле твор насычаны тонкай філасофіяй, сатырычнымі момантамі, якія спрыяюць раскрыццю асноўных ідэй і вобразаў, арганічна ўплятаючыся ў агульную канву.

Драматычныя творы Я. Коласа мала вядомыя. У дакастрычніцкі час напісаны п’есы «Антось Лата», «На дарозе жыцця». У першым творы апа­вядаецца пра беспрасветнасць жыцця селяніна, падаюцца карціны вяско­вага п’янства. Другі твор утрымлівае развагі аўтара пра будучыню Бела­русі, мае сімвалічныя вобразы і вельмі нагадвае твор палемічнай літарату­ры А. Філіповіча «Фрынас» (у абодвух творах прысутнічае вобраз маці-Беларусі і яе клопат пра сваіх дзяцей). П’есы былі непрыдатныя для бела­рускай сцэны, бо вельмі насычаны маналогамі.

Такім чынам, у дакастрычніцкі час Я. Колас выступаў як паэт, пра­заік, драматург. У паэзіі ён – прадстаўнік грамадзянскай плыні. Я. Колас шмат зрабіў для развіцця прозы і паэзіі, садзейнічаў станаўленню і развіц­цю прынцыпаў псіхалагізму у літаратуры. Шмат зрабіў для развіцця жанру апавядання ў беларускай прозе: узор філасофскіх, псіхалагічных, сатырыч­ных апавяданняў. У творчасці аўтара яскрава назіраюцца спробы стварыць нацыянальны характар беларуса, беларускія нацыянальныя тыпы. Аналіз творчасці Я. Коласа рабіўся яшчэ М. Багдановічам у артыкуле «За тры гады» (1913), дзе давалася разгорнутая характарыстыка творчасці аўтара, праводзілася думка пра праўдзівасць створаных ім воб­разаў і карцін.

Сістэмнае вывучэнне творчасці аўтара пачалося з 1920-х гг. М. Гарэцкі ў «Гісторыі беларускай літаратуры» сцвярджаў, што Я. Колас з’яўляецца заснавальнікам беларускай прозы, абгрунтоўваў думку пра тое, што Я Ко­лас – прадстаўнік рэалістычнай плыні. Пазнейшыя працы даследчыкаў пад­крэслівалі вялікі ўклад аўтара ў развіццё беларускай літаратуры.


Каталог: bitstream -> 123456789 -> 15230
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал