Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



старонка18/24
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.8 Mb.
1   ...   14   15   16   17   18   19   20   21   ...   24

Няма універсальных рэцэптаў, што з гэтым рабіць. У краінах былога лагера сацыялізму створаныя за саветамі культурныя каштоўнасці засталіся незапатрабаванымі і былі выціснутыя з рэальнага жыцця, трапілі ў музеі. У Беларусі савецкія каштоўнасці сталі асноўным рэсурсам, на якім грунтуецца культурная палітыка беларускага ўрада. Аднак беларускае грамадства падышло да такога моманту, калі і яно па ўзору іншых сацыялістычных краінаў Еўропы гатовае перадаць савецкае мінулае ў музеі і адкрыць прастор для развіцця новай культуры на аснове ўласных нацыянальных традыцый. Менавіта ў гэтым і бачыцца яе пазбаўленне ад саветызацыі.

Наступная праблема, звязаная з ангажаваннем постсавецкай прасторы ў агульнаеўрапейскі культурны кантэкст, не менш складаная і мае некалькі чыннікаў.

1. Пасляваенная навукова-тэхнічная рэвалюцыя ўнесла істотныя змены ў характар гарадской культуры: яна набыла ў параўнанні з даваенным часам вельмі адрозныя, спецыфічныя рысы. Квінтэсенцыя гарадской культуры, найноўшае яе дасягненне – гэта мадэрная інфармацыйная прастора. Традыцыйныя і новыя носьбіты ведаў (тэксты, а таксама аўдыё-, відэа-, графічная і мультымедыйная прадукцыя) зліваюцца ў адзіную камунікацыйную сістэму, з дапамогай якой чалавек мае магчымасць доступу да неабсяжных рэсурсаў інфармацыі. Паскарэнне выхаду з крызісу сучасных гарадоў залежыць у значнай меры ад магчымасці атрымання і апрацоўкі інфармацыі. Сучасная інфармацыйная інфраструктура стварае якасна новы лад жыцця, забяспечвае ўмовы для дыстанцыйнай адукацыі, працы дома і інш. Новыя інфармацыйныя тэхналогіі фармуюць новае аблічча цывілізацыі.

Гарадскія цэнтры становяцца магутнымі крыніцамі інфармацыі. Адбываецца паступовы пераход да глабальнай інфармацыйнай інфраструктуры, аснову якой складае сусветная сетка гарадоў. Гарадскія цэнтры, якія ствараюць глабальнае інфармацыйнае сеціва, служаць праваднікамі глабалізацыі. Такія працэсы выклікаюць задавальненне і страх. Краіны Захаду і Расія сур’ёзна ўключаюцца ў гэтую структуру, разумеючы, што доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў спрыяе развіццю ўсіх сфераў эканамічнай дзейнасці. Мэта, пастаўленая сёння перад дзяржавамі, – забяспечыць доступ да глабальнай інфармацыйнай структуры усім сваім грамадзянам незалежна да месца жыхарства і матэрыяльнага дабрабыту. Кожная краіна імкнецца падаць інфармацыю пра сябе і адначасова захаваць сваю нацыянальную культуру. Вядомыя прыклады ўвядзення шэрагам краінаў абмежаванняў на пранікненне амерыканскай масавай культуры, на паказ па тэлебачанні замежных кінафільмаў і г. д. Рэалізацыя ідэі глабальнай інфармацыйнай інфраструктуры патрабуе скаардынаваных намаганняў усіх краінаў свету: свабода дзейнасці СМІ, вольнае прадпрымальніцтва, абарона правоў інтэлектуальнай уласнасці, узгодненая тарыфная палітыка і інш. У Беларусі глабальная інфармацыйная інфраструктура пакуль ігнаруецца.

2. У сучасных гарадах пераважае масавая культура, якая далёка не заўсёды вылучаецца высокай мастацкасцю. У Беларусі па-ранейшаму пануе масавая культура Расіі, якая часта мае перавагу толькі дзякуючы разрэкламаванасці. Стварылася абсурдная сітуацыя, калі рускамоўная масавая культура мае большую падтрымку, чым родная, беларуская. Яна запаланяе ўсю культурную прастору беларускіх гарадоў і служыць практычна безальтэрнатыўным узорам для беларускіх творцаў, якія працуюць у дзяржаўных культурных установах. Падробкі пад культуру Расіі будуць заўсёды ўспрымацца як частка яе правінцыйнай культуры. Міжнародная супольнасць хацела б мець інфармацыю не пра правінцыйную рускую, а пра нацыянальную культуру – беларускую. Асабліва важна развіваць масавую культуру на беларускай мове і на аснове беларускіх традыцый. Толькі гэта паспрыяе кансалідацыі нацыі і стане выхадам з крызісу многіх гарадоў Беларусі.

Тыя захады і метады зваротаў да беларускай культуры, якія робіць дзяржава, выклікаюць нараканні. Беларуская культура, што цяпер прэзентуецца, прымаецца не ўсімі і прываблівае не ўсіх, бо ў ёй мала праўдзівага. Беларуская мова асацыюецца з беларускім тэлебачаннем, наскрозь заідэалагізаваным, а беларускія народныя святы – з масавымі папойкамі. У гэтым прычына таго, што адны гараджане трымаюцца тарашкевіцы, а другія – рускай мовы і класічнай рускай культуры.

3. У панараму гарадскога культурнага асяроддзя ўсё выразней уваходзяць разнастайныя субкультуры. У аснове субкультуры – спецыфічнай культуры пэўных групаў гараджанаў – палягае сістэма каштоўнасцяў, светапогляд, інтарэсы, што і звязвае суполкі людзей, надае ім адметнасць. Гэта можа быць субкультура моладзі (хіпі, панкі і г. д.), сэксуальных меншасцяў і інш. Усе субкультуры ствараюць агульную гарадскую культуру сучаснасці, хоць звычайна яны індыферэнтныя да нацыянальнай ідэі ці афіцыйнай ідэалогіі. Эфектыўны маркетынг немагчымы без уліку субкультур, аднак у нас яны застаюцца па-за ўвагай не толькі эканамістаў, але і палітыкаў.

4. Развіццё гарадской культуры мае нечаканыя павароты. Асаблівае месца ў сучаснай гарадской прасторы займае графіці – надпісы і малюнкі на сценах, цягніках і інш. Графіці ўзыходзіць да наскальнага мастацтва старажытных людзей. У 1970-я гг. чарнаскурая моладзь Філадэльфіі і Нью-Ёрка зрабіла графіці сродкам самасцвярджэння і пазначэння тэрыторый. Дарэчы, у 1920-я гг. прадстаўнікі віцебскага рэвалюцыйнага авангарду (К. Малевіч, М. Шагал) размалёўвалі гарадскія дамы і трамваі. Рывера ў Мексіцы прадоўжыў іх пачын. Цяпер графіці – гэта мадэрны кірунак ў мастацтве, які патрабуе ўвагі і вывучэння. У нашай краіне яно знаходзіцца пад строгім дзяржаўным кантролем, фактычна забароненае.

5. Усё больш актуалізуецца праблема выпрацоўкі аптымальнай мадэлі суадносінаў удзелу дзяржавы і прыватнай ініцыятывы (прыватных капіталаў) у развіцці культуры. Беларуская культура гарадоў пакуль не мае неабходнай падтрымкі з боку дзяржавы. У незалежнай Беларусі законам «Аб культуры» прадугледжана, што на фінансаванне развіцця культуры павінна выдзяляцца не менш 3 расходнай часткі бюджэту, аднак даецца не больш за 1,5%. Сярэдні заробак культработнікаў – адзін з самых нізкіх у краіне. Аднак гістарычны досвед паказвае, што пры скарачэнні фінансавання культуры дзяржава павялічвае выдаткі на ўтрыманне праваахоўных органаў.

У сучасных умовах важна пераводзіць культуру на камерцыйную аснову, шырока выкарыстоўваць маркетынг і абапірацца на паслугі мененджментаў. Аднак празмерная камерцыялізацыя культурнай дзейнасці прыводзіць да росту цэнаў на культурныя паслугі, што робіць іх недасягальнымі для асноўнай масы насельніцтва. Поспех працы культурных устаноў залежыць ад узважанага ўзаемадзеяння бізнэсу і дзяржавы: ім неабходныя і матэрыяльная дапамога дзяржавы, і магчымасць атрымліваць уласныя даходы, і падтрымка мецэнатаў. Установы культуры павінны сілкавацца з усіх крыніцаў. Беларускія дзяржаўныя ўстановы культуры не маюць умоваў, каб самастойна зарабляць грошы, таму дзяржава дыктуе і вызначае для іх шкалу каштоўнасцяў. Фундатары лічаць культуру другараднай справай, тым больш што дзяржава ахвяраванні на культурнае развіццё абкладае падаткамі. Няма разумення, што культура і эканоміка – два бакі аднога медаля. Кожнаму эканамічнаму ўздыму звычайна папярэднічаў прарыў у развіцці культуры. Праўда, уздзеянне ўзрослага культурнага патэнцыялу праяўляецца не адразу, а праз нейкі час.

Калі раней культурны ўздым рыхтавала Царква, то цяпер гэтая місія ўскладаецца на творчую інтэлігенцыю. Яна павіна мець свабоду для творчасці і пэўную дзяржаўную падтрымку. Нават у царскай дэспатычнай Расіі ў інтэлігенцыі было больш магчымасцяў для культурна-асветніцкай дзейнасці, чым у сучаснай Беларусі: тады інтэлігенцыя была ў большай ступені матэрыяльна забяспечаная, больш адукаваная і актыўная.

Паступленні на развіццё культуры з гарадскіх бюджэтаў, як і з дзяржаўных, таксама недастатковыя. Муніцыпалітэты не маюць свабоды для разгортвання культурных праграмаў.

6. Цяпер, калі адбываецца імклівая тэхналагізацыя гарадскога жыцця, вельмі актуальныя намаганні па ператварэнні гарадоў у духоўныя (інтэлектуальныя) асяродкі. Горад мусіць стаць не толькі цэнтрам вытворчасці высокіх техналогій, высокаінтэлектуальнай працы, але і цэнтрам духоўна-культурнай дзейнасці. Культура гараджанаў не павінна адставаць ад навукова-тэхнічнага прагрэсу. Толькі ў такім разе гарадская цывілізацыя будзе здольная забяспечыць далейшае стабільнае развіццё краінаў свету.

У Беларусі нямала робіцца для захавання сярод гараджанаў духоўнасці. Аднак дзяржаўная палітыка ў гэтым пытанні мае аднабокі характар, бо грунтуецца пераважна на ідэалах былога Савецкага Саюза і сучаснай Расіі. Калісьці, у нашаніўскі перыяд, беларуская культура гарадоў развівалася з улікам эталонаў маральнасці беларускай вёскі і з выкарыстаннем культурных дасягненняў суседніх народаў. Традыцыя такога культурнага развіцця дагэтуль не аднавілася.


4. Гарадскі турызм
4.1. З гісторыі турызму ў Беларусі
З эканамічнага пункту гледжання турызм – гэта асаблівы від спажывання матэрыяльнага дабра, паслуг і тавараў, які вылучаецца ў асобную галіну гаспадаркі, што забяспечвае спажыўца (турыста) усім неабходным: транспартам, жыллём, харчаваннем, культурна-спазнавальнымі паслугамі, забаўляльнымі мерапрыемствамі. Этымалагічна слова "турызм" паходзіць ад французкага слова “tourisme” – “прагулка, паездка”. У 1937 г. Ліга нацый вызначыла змест паняцця "турыст": усякі, хто пакідае месца жыхарства больш чым на 24 гадзіны са спазнавальнымі мэтамі, называецца турыстам. Тыя, што ад’язджаюць дзеля заробку, турыстамі не лічацца.

Турызм спароджаны жаданнем людзей непасрэднага кантакту з арыгінальнымі творамі, дасягненнямі культуры. Яны спецыяльна падарожнічаюць, каб убачыць іх, атрымаць уласныя ўражанні. Існуе ідустрыя турызму. У асобных краінах яна дае самы высокі прыбытак. Паколькі турысцкія арганізацыі канцэнтруюцца ў гарадскіх цэнтрах, то турызм выступае важнай крыніцай інвестыцый ў эканоміку гарадоў, спрыяе іх адраджэнню і мадэрнізацыі.

Можна вылучыць некалькі відаў турызму:

паводле спосабу перамяшчэння – актыўны (пешы, лыжны, веласіпедны, водны, конны) і пасіўны (чыгуначны, паветраны, аўтатурызм);

паводле мэтавага прызначэння:

спазнавальны (азнаямленне з помнікамі архітэктуры, музеямі, гістарычнымі мясцінамі, мемарыяльнымі аб'ектамі і г. д.);

спартыўны (турызм як від спорту);

лячэбны (паездкі на мора, у горы, паляванне ў пушчы і г. д.);

кангрэсны (удзел у навуковых кангрэсах);

забаўляльны (наведванне казіно, спартыўных спаборніцтваў);

паводле ўзросту турыста – дарослы і дзіцячы;

паводле колькасці ўдзельнікаў – індывідуальны і групавы;

паводле формы арганізацыі – самадзейны і арганізаваны;

паводле месца правядзення – айчынны, ці ўнутрыдзяржаўны, і замежны; гарадскі і сельскі.

Цэнтрамі турызму выступаюць гарады. Аднак апошнім часам імкліва пашыраецца сельскі турызм для гараджанаў (да прыкладу, беларускія Дудуткі) і так званы экатурызм.

Варта размяжоўваць падарожнікаў і турыстаў. З даўніх часоў падарожжы былі скіраваныя на адкрыццё новых земляў, апісанне жыцця народа ў натуральных умовах. Гарадская цывілізацыя спарадзіла зусім іншы кірунак падарожжаў: прыярытэтным аб'ектам зацікаўленасці стаў горад.

Яшчэ ў старажытнасці людзей прывабліваў Вавілон, Афіны, Рым, Александрыя, Ерусалім, але сапраўднае паломніцтва ў гарады пачалося толькі пасля Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, у ХVI ст., калі ў гарадскіх музеях пачалі канцэнтравацца багацці і дзівосныя рэчы з каланіяльных краінаў, а самі гарады пачалі ўпрыгожвацца фешэнебельнымі будынкамі, вуліцамі, плошчамі, кварталамі. Шмат якія гарады сталі аб'ектам захаплення, у іх лік уваходзілі сталіца ВКЛ Вільня, а таксама Гародня і Магілёў.

Як масавая з'ява турызм зарадзіўся ў гарадах свету толькі ў ХІХ ст. Масавы турызм мог узнікнуць толькі ў грамадстве масавага спажывання.

У 1855 г. у Вільні пры актыўным удзеле графа Тышкевіча быў адчынены першы ў беларускім краі публічны музей старажытнасцяў. Фактычна прыватны музей Тышкевіча ў Лагойску быў пераведзены ў старадаўнюю сталіцу Літвы. З таго часу каштоўнасці з усёй Беларусі сцякаліся ў Вільню. Потым гарадскія музеі заснавалі ва ўсіх губернскіх гарадах беларускага рэгіёну Расійскай імперыі. Гэтыя музеі і запачаткавалі гарадскі турызм ў Беларусі. Новыя культурныя ўстановы сталі аб'ектам спецыяльнага наведвання, асабліва частымі гасцямі былі навучэнцы гімназій і школ, а таксама навукоўцы.

Вельмі паспрыяў гарадскому турызму ірландзец Данлоп. У 1888 г. ён вынайшаў пнеўматычную шыну, і ў жыццё людзей увайшоў веласіпед. Аматары падарожжаў ператварыліся ў мабільных турыстаў. Першы веласіпед у Беларусі з'явіўся ў Віцебску ў 1880-я гг. У 1901 г. аддзяленні расійскага таварыства веласіпедыстаў-турыстаў дзейнічалі ў шасці гарадах Беларусі. Адчыняліся пункты пракату веласіпедаў (ад 25 да 60 капеек за гадзіну). Веласіпед стаў сродкам для прыгарадных паездак, масавых велапрабегаў з горада ў горад.

Такім парадкам, масавы гарадскі турызм пачаўся ў Беларусі з наведвання гарадскіх музеяў і велатурызму. На пачатку ХХ ст. у буйных беларускіх гарадах сталі наладжваць дачныя цягнікі, каб вывозіць гараджанаў у прыгарады для летняга адпачынку. Адток турыстаў з горада на прыроду намнога перавышаў прыток турыстаў у мясцовыя гарадскія музеі. Спецыяльнага экскурсійнага абслугоўвання не існавала.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. усе дасавецкія турысцкія клубы і таварыствы былі ліквідаваныя. Вышэйшы савет па фізічнай культуры пры ЦВК БССР, створаны ў 1924 г., узяў пад кантроль і турызм. Адчынены ў 1928 г. тэхнікум фізічнай культуры ў Мінску пачаў рыхтаваць спецыялістаў па турызму. У студзені 1931 г. заснавалі Таварыства пралетарскага турызму і экскурсій Беларусі. Яго арганізацыі меліся па ўсёй краіне. Сярод маршрутаў быў і сельскагаспадарчы для вывучэння свінагадоўлі (чамусьці пралягаў праз Оршу – Жодзіна – Мінск). Аднак для сапраўднай турысцкай дзейнасці ў савецкай краіне адсутнічала матэрыяльная база. Таму турысцкія арганізацыі ўдзельнічалі ў пасяўных кампаніях. У 1935 г. на прыклад Масквы Таварыства пралетарскага турызму і экскурсій Беларусі зліквідавалі, а гэтую справу перадалі прафсаюзам. Самадзейны турызм да Вялікай Айчыннай вайны не атрымаў шырокага распаўсюджання. Гарадскім турызмам вылучаўся Магілёў, дзе распрацавалі шэсць тэматычных экскурсій па горадзе. Беларусь лічылася неперспектыўнай для развіцця турызму: зруйнаванай і разрабаванай сталінскай БССР не было чым пахваліцца.

У Заходняй Беларусі, што знаходзілася ў складзе Польшчы, турызм развіваўся на камерцыйнай аснове і адначасова меў дзяржаўную падтрымку. Турысцкімі справамі займалася Міністэрства публічных работ. У кожным ваяводскім цэнтры пры ўпраўленні быў створаны аддзел турызму. У 1935 г. узнік Саюз турысцкай прапаганды Наваградскай зямлі. Ён займаўся распрацоўкай і арганізацыяй маршрутаў, звязаных з Адамам Міцкевічам, з Мірскім і Нясвіжскім замкамі.

Пасля вайны справа турызму знаходзілася ў руках Беларускага турысцка-экскурсійнага ўпраўлення пры цэнтральным савеце прафсаюзаў (БТЭУ). Адбудоўваліся гарады, узнаўляліся краязнаўчыя музеі. Умовы для гарадскога турызму паляпшаліся. Паступова стваралася матэрыяльная база. У 1959 г. пачалі працаваць турысцкія базы "Нарач" у вёсцы Сцяпнёва Маладзечанскай вобласці і "Браслаўскія азёры" ў горадзе Браславе. У 1961 г. у вёсцы Ганолес Мінскай вобласці, на Заслаўскім вадасховішчы, адчынілася яшчэ адна турбаза "Беларусь", якая рэгулярна прымала з Мінска цягнікі выхаднога дня. Значны ўклад у развіццё турызму гараджанаў унеслі прамысловыя прадпрыемствы. Кожнае з іх мела сваю базу для адпачынку ў прыгараднай зоне.

Калі ў 1962 г. БТЭУ рэарганізавалі ў Беларускі савет па турызме і экскурсіях, саветы па турызме былі створаныя ва ўсіх адміністрацыйных цэнтрах, а значыць, ва ўсіх гарадах. З таго часу ў БССР пачаўся сапраўдны росквіт савецкага турызму. Пашырылася сетка турысцкіх клубаў. Асабліва актыўную дзейнасць разгарнуў клуб "Гарызонт" пры мінскім педінстытуце. Па ўсім Савецкім Саюзе калясіў турысцкі цягнік "Беларусь". Беларускія турбазы з'явіліся на ўзбярэжжы Чорнага і Балтыйскага мораў. У 1965 г. была прынятая спецыяльная пастанова падвозіць турыстаў аўтатранспартам, і ў часопісе "Беларусь" друкавалі талоны "Аўтастопа".

Пры Беларускім савеце па турызме і экскурсіях у 1965 г. было створанае Мінскае гарадское экскурсійнае бюро. Праз год такія самыя бюро адкрыліся ва ўсіх абласных гарадах, а таксама ў Бабруйску, Мазыры, Полацку і Оршы. Асабліва добра працавала мінскае бюро. Пры ім дзейнічаў метадычны савет па падрыхтоўцы экскурсаводаў. Ён распрацаваў 12 экскурсій па Мінску. Бюро наладжвала экскурсіі ва ўсе куткі БССР і вядучыя гарады СССР.

У 1969 г. у Мінску адбыўся аб'яднаны пленум цэнтральнага савета Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры разам з Беларускім саветам па турызме і экскурсіях. На ім была прынятая пастанова "Аб выкарыстанні помнікаў культуры і гісторыі ў турысцка-экскурсійнай працы". Пачаўся ўлік і паспартызацыя помнікаў, іх вывучэнне і рэстаўрацыя. Гарадскі турызм атрымаў новы імпульс. Але з 7 тысяч помнікаў, узятых пад ахову дзяржавы, для турысцкага выкарыстання выявіліся прыдатнымі толькі 1,8 тысяч. Напрыканцы 1960-х гг. быў складзены план разгортвання ў БССР турысцкіх інфраструктур. Але сервіс знаходзіўся на вельмі нізкім узроўні і падыходзіў толькі для ўнутранага карыстання. У турысцкай справе існавала шмат фармалізму. Пераважала імкненне да масавасці за кошт якасці абслугоўвання. Прыезды ў горад турысты выкарыстоўвалі для набыцця дэфіцытных тавараў ў мясцовых магазінах.

Паралельна развіваўся самадзейны ("дзікі") турызм. Першыя студэнцкія турысцкія паходы аматараў адбыліся ў 1951–1956 гг. З 1961 г. пачалі працаваць самадзейныя клубы турызму. Яны мелі пункты пракату турысцкіх тавараў, але не маглі задаволіць імі ўсіх жадаючых. Самадзейны турызм развіваўся пераважна стыхійна. Толькі ў 1977 г. быў створаны адзіны цэнтр грамадскага турысцкага руху – Федэрацыя турызму БССР. Партыя выкарыстоўвала яе і як канал ідэалагічнай апрацоўкі моладзі. Значная частка турысцкіх маршрутаў скіроўвалася па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы. Часам турысты мелі сфальсіфікаваныя карты, зрабленыя спецыяльна, каб схаваць ваенныя аб’екты (такі турызм набліжаўся да экстрымальнага).

Турызм служыў для савецкай улады сродкам адцягнення гараджанаў ад непажаданай грамадскай актыўнасці ў горадзе, а для саміх гараджанаў стаў своеасаблівым бегствам з цяжкай заідэалагізаванай атмасферы савецкага горада. У 1988 г. беларускія турысты пачалі наведваць суседнюю Польшчу. Такім парадкам, масавы турызм у БССР сапраўды існаваў і быў абумоўлены фармаваннем у Савецкім Саюзе грамадства спажывання, а таксама ідэалагічнай і сацыяльнай палітыкай бальшавікоў.

Аднак з 1989 г. колькасць турыстаў няўхільна памяншалася. Крызіс дзяржавы ахапіў і гэтую сферу. З распадам СССР развалілася і савецкая турысцка-экскурсійная сістэма. У Беларусі пачалося станаўленне нацыянальнага турызму, зараджэнне турысцкага бізнэсу. У 1995 г. была створаная Беларуская асацыяцыя турысцкіх агенстваў, у якую ўваходзіла 80 фірмаў. У тым самым годзе з’явіўся указ аб рэарганізацыі Камітэта па спорце Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь у Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. У яго падпарадкаванні знаходзіцца ўся турысцкая дзейнасць у краіне. Распрацаваная Дзяржаўная праграма развіцця турызму ў Беларусі. Для пашырэння замежнага турызму ў 1996 г. створаны Нацыянальны турысцкі канцэрн "Белінтурыст", падначалены Міністэрству спорту і турызму. З 1996 г. дзейнічае Беларуская федэрацыя турызму. На геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта рыхтуюць экскурсаводаў, у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце – мененджэраў турызму.

Cучасны стан унутранага турызму нельга назваць бліскучым. Расце цікавасць да помнікаў гісторыі Беларусі, у Нацыянальны Мастацкі музей Беларусі наведнікі едуць з усёй краіны. Гэта спрыяе развіццю спазнавальнага турызму, але пакуль ён не набыў арганізаванага і цывілізаванага характару. Спазнавальныя паездкі наладжваюцца самастойна ці з ініцыятывы асобных аматараў. На другім месцы, відаць, стаіць спартыўны турызм. Многія заўзятары ездзяць услед за беларускімі хакеістамі і футбалістамі. Становіцца папулярнай, але не для ўсіх даступнай база горных лыжаў ў Сілічах.

Галоўнае месца займае турызм міжнародны. Яго часам называюць феноменам ХХ ст. Кожная краіна імкнецца найперш да развіцця міжнароднага турызму, бо мае ад таго вялікія прыбыткі. Гэты від турызму імкліва развіваецца з сярэдзіны ХІХ ст. Ад самага пачатку яго арганізоўваюць турысцкія фірмы. Іх дзейнасць практычна нічым не адрозніваецца ад дзейнасці звычайных гандлёвых фірмаў. Турыстам (пакупнікам) прапануюцца турысцкія паслугі, у тым ліку гатэлі, транспарт, харчаванне.

Першае вядомае турысцкае агентства ўзначальваў англічанін Томас Кук. Яно адкрылася ў 1841 г. у Лондане і дзейнічае дасюль. Томас Кук першым скарыстаўся паслугамі чыгуначнага траспарту для перавозкі турыстаў. Крыху пазней турысцкія агенствы з'явіліся ў Францыі і іншых краінах Еўропы. У 1885 г. першае турыскае бюро Л. Ліпсана пачало дзейнічаць у Санкт-Пецярбургу. Большасць турыстаў, якія падарожнічалі па ўсёй Еўропе, складалі англічане. У 1838 г. быў наладжаны рэгулярны параходны рух паміж Лонданам і Нью-Ёркам, а ў 1877 г. – турысцкія паездкі за акеан (адна з іх у 1913 г. скончылася катастрофай "Тытаніка").

Заможныя гараджане Беларусі адчулі смак да міжнароднага турызму ў першай палове ХІХ ст., калі стала модным выязджаць "на воды" ў Крым і на замежныя курорты. За часам савецкай улады замежжа было аддзеленае “жалезнай заслонай”, на Захад траплялі толькі перадавікі вытворчасці і наменклатура з раднёй, і тое пад жорсткім кантролем партыі.

Пасля Другой сусветнай вайны міжнародны турызм атрымаў надзейную падтрымку з боку ААН і яе культурніцкай арганізацыі ЮНЕСКА. Пад эгідай ААН дзейнічае Сусветная турысцкая арганізацыя, створаная ў 1963 г. Яе статут быў прыняты 27 верасня 1975 г. Таму гэтая дата з 1980 г. адзначаецца як Сусветны дзень турызму.

На міжнародным турысцкім рынку баль правяць прыватныя турысцкія фірмы. Паміж імі ідзе жорсткая канкурэнцыя, і трапіць на міжнародны рынак беларускім турысцкім фірмам няпроста. Асобныя праекты ўжо набылі папулярнасць: многія цікавяцца Белавежскай пушчай, адпачынкам у беларускай вёсцы, маршрутам па рачных каналах Беларусі і Польшчы (Аўгустоўскі канал). Але ўсе яны ляжаць па-за межамі горада.


4.2. Турысцкі патэнцыял гарадоў Захаду і Беларусі
Турыстаў з ўсяго свету найперш прывабліваюць славутасці сусветных гарадоў, захаваныя з даўніх часоў. Кожны з сусветных турысцкіх цэнтраў мае сваё аблічча. Вось некаторыя прыклады.

Нью-Арлеан да 1960-х гг. быў сталіцай гееў, а нью-арлеанскі джаз лічыцца самай эратычнай музыкай у свеце. Не выпадкова слова "джаз" на крэольскім дыялекце (крэолы з Карыбскіх выспаў) азначае палавы акт. Славіцца нью-арлеанская кулінарыя, якую заклалі разам з горадам французы. Дарэчы, рэгент Францыі Філіп Арлеанскі, у гонар якога названы горад, любіў добра і смачна паесці.

З амерыканскага Лос-Анжэлеса да 1980-х гг. кпілі: трыццаць прыгарадаў у пошуку цэнтра. Там была заснаваная знакамітая кінастудыя “Галівуд”, а ў выніку горад вырас да памераў Галандыі па колькасці насельніцтва. Адшукаўся і цэнтр з хмарачосамі. Гэта горад Чарлі Чапліна.

Мехіка стаў у ХХ ст. адным з самых стракатых і самых рэвалюцыйных гарадоў свету. Рывера ўвасобіў у ім мару рэвалюцыйных авангардыстаў Малевіча, Лісіцкага, Шагала, сфармаваную ў Віцебску. Здаецца невыпадковым, што носьбіт ідэі "перманентнай рэвалюцыі" Троцкі знайшоў свой супакой таксама ў Мехіка. Фрэскі Рывера – гэта мастацтва горада, навечна ўмантаванае ў ягоныя сцены: іх не перавязеш і не пакажаш на выставе.

Аргенцінская сталіца Буэнас-Айрэс актыўна забудоўвалася на пачатку ХХ ст. у стылі мадэрн: пластычнасць, плаўнасць ліній, адсутнасць прамых вуглоў, асіметрычнасць, арнаментальнасць. Праглядаецца спроба аб'яднаць эстэтычныя і утылітарныя пачаткі. У іншых гарадах гэта таксама ёсць, але не ў такіх маштабах. Горад мае шырачэзныя вуліцы і бульвары (ёсць нават адзін самы шырокі ў свеце), круглыя, святочныя плошчы, раскошны оперны тэатр "Колан". Рэстараны вылучаюцца славутымі аргенцінскімі стэйкамі. У іх падаюць ялавічыну "лома" вагой 1,1 кг – порцыя на аднаго. Гэта еўрапейскі горад з рэспектабельнай публікай – выключна белай, тады як у Парыжы беласкурых разбаўляюць арабы, у Лондане – індыйцы, у Амстэрдаме – сурынамцы, у Мюнхене – туркі, – справа ў тым, што карэннае насельніцтва Аргенціны было бязлітасна вынішчанае.




Поделитесь с Вашими друзьями:
1   ...   14   15   16   17   18   19   20   21   ...   24




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал