В. А. Адзіночанка гісторыя філасофіі



старонка1/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.66 Mb.
  1   2   3   4


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі

“Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Францыска Скарыны”

В. А. АДЗІНОЧАНКА


ГІСТОРЫЯ ФІЛАСОФІІ

Практычнае кіраўніцтва

Гомель

ГДУ імя Ф. Скарыны



2014

УДК 94:1(076.5)

Б

БК 87.3я73

А 299
Рэцэнзенты:

доктар гістарычных навук Р. Р. Лазько;

кандыдат філасофскіх навук В. К. Барэцкая
Рэкамендавана да выдання навукова-метадычным саветам

установы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Францыска Скарыны»


А 299


Адзіночанка, В. А.

Гісторыя філасофіі : практ. кір-ва / В. А. Адзіночанка ; М-ва адукацыі РБ, Гом. дзярж. ўн-т імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2014. – 48 с.

ISBN 978-985-439-940-9


Разгледжана гісторыя філасофіі, пачынаючы з VІ ст. да н. э. Асноўная ўвага надаецца еўрапейскай філасофскай традыцыі. Кожнае філасофскае вучэнне разглядаецца ў кантэксце яго гістарычнай і культурнай сітуацыі. Прааналізавана спецыфіка філасофствавання ў розныя перыяды. Схематычна акрэслена асноўная філасофская праблематыка. Дадзены метадычныя парады студэнтам па засваенню розных філасофскіх вучэнняў.

Адрасавана студэнтам вну.
УДК 94:1(076.5)

ББК 87.3я73


ISBN 978-985-439-940-9

© Адзіночанка В. А., 2014

© УА «Гомельскі дзяржаўны

ўніверсітэт імя Ф. Скарыны», 2014


Змест


Уводзіны ……………………………………………………………...

4

Тэма 1.

Філасофія Старажытнага Усходу ………….…………….

7

Тэма 2.

Антычная філасофія ………………….…………………...

10

Тэма 3.

Філасофія Сярэдніх вякоў ……………………..…………

16

Тэма 4.

Філасофія Адраджэння …….……………………………..

18

Тэма 5.

Філасофія Новага часу ……………………………………

20

Тэма 6.

Філасофія Асветніцтва ……….…………………………...

23

Тэма 7.

Нямецкая класічная філасофія …………………………..

25

Тэма 8.

Філасофія марксізму ……………………………………...

28

Тэма 9.

Філасофія К’еркегора, Шапенгаўэра, Ніцшэ ……………

30

Тэма 10.

Філасофія ХХ стагоддзя ………………………………….

33

Тэма 11.

Руская філасофія …………………………………………..

40

Тэма 12.

Філасофія Беларусі ………………………………………..

43

Літаратура …………………………………………………………….

47


Уводзіны
Дадзенае кіраўніцтва прызначана для самастойнай работы студэнтаў пры падрыхтоўцы да семінараў па гісторыі філасофіі.

Неабходнасць яго выдання абумоўлена двума фактарамі: па-першае, тым, што курс гісторыі філасофіі прадугледжвае вывучэнне вялікай колькасці фактычнага матэрыялу, які можна толькі схематычна выкласці ў лекцыях, і таму студэнты павінны самі засвойваць значную яго частку. Па-другое, успрыманне любых філасофскіх ведаў патрабуе асабістых намаганняў дзеля таго, каб разабрацца ў тых праблемах, аб якіх ідзе размова. Таму толькі фармальнае праслухванне курса лекцый і потым здача заліку не дасць патрэбнага выніку.

Метадалагічныя пранцыпы, якія ўжываюцца ў кіраўніцтве, шмат у чым вызначаюцца спецыфікай самой філасофіі. Філасофія (ад грэч. phileoлюблю і sophiaмудрасць) у перакладзе азначае любоў да мудрасці. Лічыцца, што слова філосаф упершыню ўжыў старажытнагрэчаскі матэматык і мысліўца Піфагор у дачыненні да людзей, якія імкнуцца да высокай мудрасці і годнага ладу жыцця. Тлумачэнне і замацаванне ў еўрапейскай культуры тэрміну філасофія звязваюць з імем старажытнагрэчаскага мысліўцы Платона. Ён сцвярждаў, што мудрымі могуць быць адныя багі, людзі ж здольныя толькі імкнуцца да мудрасці, любіць яе. Тых, хто гэтым займаецца, Платон называў філосафамі, а іх занятак – філасофіяй.

Трэба ўлічваць, што азначэнне філасофіі – адна з глыбокіх філасофскіх праблем, ад вырашэння якой шмат у чым залежыць і трактоўка яе гісторыі. Азначэнне, з якога мы будзем зыходзіць з’яўляецца адным з магчымых: філасофія – гэта спосаб вывучэння і асэнсавання найбольш агульных і фундаментальных асноў рэчаіснасці і спосабаў яе развіцця, а таксама сістэма ведаў, якая ўзнікла на гэтым грунце.

У розныя часы існавала рознае разуменне, што такое мудрасць, таму мяняўся прадмет філасофіі. Пры вывучэнні кожнага з этапаў развіцця філасофіі карысна вылучыць яго асноўны прынцып. Так для антычнай філасофіі ў цэлым характэрны космацэнтрызм, для сярэднявяковай – тэацэнтрызм, для філасофіі Адраджэння – антрапацэнтрызм, для філасофіі Новага часу – навукацэнтрызм, для філасофіі ХХ ст. – разнастайнасць філасофскіх школ і палеміка з папярэдняй традыцыяй, для філасофіі постмадэрнізму – сцвярджэнне аб канцы філасофскага развіцця. Безумоўна, такія характарыстыкі з’яўляюцца спрошчанымі і не ахопліваюць разнастайнасці філасофскай думкі таго ці іншага перыяду, але яны даюць схему яе разумення.

Пры вывучэнні гісторыі філасофіі важна разумець заканамернасці яе развіцця. Схематычна мы вылучым дзве іх разнавіднасці:

1. Знешнія заканамернасці. Філасофія з’яўляецца выражэннем асноўных тэндэнцый культуры сваёй эпохі і вызначаецца імі. Напрыклад, культура сярэдніх вякоў мела пераважна рэлігійны характар. Культура Новага часу грунтавалася на навуковым разуменні свету. Гэта адлюстравалася і на філасофскай праблематыцы. 2. Унутраныя заканамернасці. Для філасофскага развіцця характэрна пераемнасць. Напрыклад, вучэнне Сакрата склалася ў палеміцы з сафістамі, Платон даў сваё тлумачэнне ўзнятых Сакратам праблем, Арыстоцель палемізаваў з Платонам. Такім чынам, можна казаць аб адзінай філасофскай традыцыі і пераемнасці паміж вучэннямі.

Таму пры вывучэнні думак таго ці іншага філосафа трэба адказаць на пытанні: 1. Якія тэндэнцыі часу яны выражаюць? 2. На якія папярэднія вучэнні абапіраюцца, як суадносяцца з думкамі іншых філосафаў і які ўплыў аказалі на далейшае развіццё філасофіі?

Таксама для разумення шматлікіх філасофскіх вучэнняў карысна ўжываць тую ці іншую тыпалогію. Назавем толькі асноўныя з іх.

Нямецкі філосаф і логік Ф. Трэндэленбург (1802–1872) прапанаваў сістэматызаваць філасофскія вучэнні ў залежнасці ад вырашэння праблемы ўзаемаадносін суб’екта і аб’екта і на гэтай падставе вылучаць ідэалізм і матэрыялізм як асноўныя накірункі ў філасофіі. Гэты падыход быў запазычаны Ф. Энгельсам і з’яўляўся найбольш распаўсюджаным ў афіцыйнай савецкай філасофіі.

В. Дзільтэй (1833–1911) мадыфікаваў схему Трэндэленбурга і вылучыў тры асноўныя разнавіднасці філасофскіх вучэнняў: натуралізм (Дэмакрыт, Гобс, Гальбах, сенсуалізм, матэрыялізм як метафізіка), ідэалізм свабоды (Анаксагор, Сакрат, Платон, Арыстоцель, Цыцэрон, Кант, Русо, шэраг хрысціянскіх філосафаў) і аб’ектыўны ідэалізм (элеаты, Геракліт, Бруна, Гегель, Шапенгаўэр).

Своеасаблівую гісторыка-філасофскую тыпалогію прапанаваў К. Ясперс (1883–1969). Ён вылучыў: 1) мысліўцаў, якія аказалі на чалавецтва найбольш глыбокі ўплыў (Сакрат, Буда, Канфуцый, Ісус); 2) уласна філосафаў; 3) мысліўцаў, якія былі пісьменнікамі і ўздымалі ў сваіх творах філасофскія праблемы (грэчаскія трагікі, Дантэ, Шэкспір, Гётэ, Гельдэрлін, Дастаеўскі і інш.).

Пры класіфікацыі філасофскіх вучэнняў мы будзем зыходзіць з трох крытэрыяў: 1) часу (гістарычнага перыяду): антычная філасофія, сярэднявяковая філасофія, філасофія Адраджэння і г. д.; 2) прасторы (рэгіёна): усходняя філасофія, еўрапейская філасофія, руская філасофія і г. д.; 3) школы і накірунка: сафісты, кінікі, схаласты, экзістэнцыялісты і г. д.

Такім чынам, вучэнне кожнага філосафа можа быць ахарактарызавана па трох параметрах. Напрыклад, вучэнне Фамы Аквінскага належыць да: 1) сярэдневяковай філасофіі; 2) заходне-еўрапейскай філасофіі; 3) схаластыкі.

Трэба разумець тую мэту, якая ставіцца пры выкладанні курса гісторыі філасофіі на нефіласофскіх спецыяльнасцях. Яна мае азнаямляльны характар. У студэнтаў павінна быць сфарміравана самая агульнае і павярхоўнае ўяўленне аб розных філасофскіх вучэннях, іх месцы ў культуры і механізмах развіцця. Такім чынам, у кіраўніцтве дадзены агульныя схемы, якія павінны аблегчыць вывучэнне філасофскай думкі таго ці іншага перыяду. Рэкамендуецца пры падрыхтоўцы да семінарскіх заняткаў пазнаеміцца з гэтымі схемамі і потым пачытаць літаратуру па адпаведнай тэме.

Літаратура, спіс якой прыведзены ў кіраўніцтве, мае азнаямляльны і агульны характар. Неабходна ўлічваць, што, каб пазнаёміцца з думкамі таго ці іншага філосафа, трэба чытаць яго ўласныя творы.



Тэма 1. Філасофія Старажытнага Ўсходу

Пры вывучэнні філасофіі Старажытнай Індыі і Старажытнага Кітая трэба ўлічваць, што яны – часткі іншай культурнай традыцыі. Таму неабходны пэўныя намаганні для разумення іх палажэнняў. Філасофія гэтых краін не аддзелена ад рэлігіі.

Індыйская філасофія фарміруецца на грунце палажэнняў ведызму (іх прызнання альбо адмаўлення), які ўзнік у другой палове ІІ тысяча-годдзя да н. э. у выніку ўзаемадзеяння вераванняў і абрадаў мясцовых плямён і рэлігіі арыяў. Сваю назву ён атрымаў ад чатырох зборнікаў рэлігійных гімнаў і заклінанняў – Ведаў (Рыгведа, Самаведа, Яджурведа, Атхарваведа).

У VІІІ ст. да н. э. на грунце ведызму ў Індыі ўзнікае брахманізм. У гэты перыяд індыйскае грамадства канчаткова падзяляецца на чатыры класы людзей – варны брахманаў, кшатрыяў, вайш’яў і шудр. На гэты падзел трэба звярнуць асаблівую ўвагу. У аснове пабудовы традыцыйнага індыйскага грамадства – прынцып няроўнасці паміж людзьмі.

Асноўныя палажэнні брахманізму выражаны ў трактатах ва Упанішады (VII–VI стст. да н. э .): 1. Уяўленне аб дхарме – безасабовым усеагульным і вечным парадку, які ўтрымлівае і захоўвае Сусвет як адзінае цэлае. Дхарма разумеецца як абавязак чалавека і саслоўя, да якога апошні належыць. 2. Вучэнне аб перасяленні душ (сансары). Згодна з ім, пасля смерці душа чалавека не знікае, але перасяляецца ў іншую істоту альбо прадмет у адпаведнасці з кармай – сукупнасцю ўчынкаў. 3. Вучэнне пра Брахмана – вышэйшую абсалютную рэчаіснасць, ілюзорным адлюстраваннем якой з’яўляецца наш бачны свет. Мэтай жыцця лічылася зліццё індывідуальнай душы, якая называлася Атман, з Брахманам.

Філасофскія сістэмы брахманізму стварылі ў сярэдзіне І тысяча-годдзя да н. э. трывалую падставу для з’яўлення будызму, які ўзнік у VI ст. да н. э. у Паўночнай Індыі. Яго заснавальнікам з'яўляецца Сіддхартха Гаўтама Шак'ямуні (623–544 да н. э.).

Асновай будызму з'яўляецца этыка, якая грунтуецца на чатырох высакародных ісцінах: 1) усё жыццё ёсць зло і пакуты; 2) прычынай пакут з’яўляюцца жаданні; 3) каб пазбавіцца ад пакут, трэба пазбавіцца ад жаданняў; 4) каб пазбавіцца ад жаданняў, трэба ісці па “высакароднаму васьмярычнаму шляху”, які ўказаў Буда. Яго канчатковай мэтай з’яўляецца дасягненне нірваны.

Усе філасофскія школы Старажытнай Індыі падзяляюцца на дзве групы: астыка – якія прызнаюць аўтарытэт Вед (міманса, веданта, санекхья, ёга, ньяя, вайшэшыка) і настыка – не прызнаюць аўтарытэту Вед (лакаята і аджывіка).

У адрозненне ад Індыі, у культуры Кітая вельмі вялікую ролю ігралі сацыяльная этыка і адміністратыўная практыка. Мала надавалася ўвагі метафізічным разважанням і індывідуалістычным пошукам выратавання.

Згодна са старажытнакітайскай касмагоніяй, спачатку існавала толькі адзіная ўніверсальная субстанцыя. У нейкі момант яна падзялілася на два пачаткі: янь – цёплае і светлае і інь – мутнае і халоднае. Старажытныя кітайцы таксама верылі ў існаванне Вярхоўнай Вышэйшай сілы, якая называлася Небам альбо Шан-дзі (Вярхоўным Уладаром).

У VI–V стст. да н. э. старыя веды і ўяўленні, якія раней успрымаліся як закон, перасталі адпавядаць новым умовам жыцця. У Кітаі наступіў смутны час – перыяд Ваюючых царстваў. Пахіснуліся самыя ўмовы жыцця. Як адказ на патрэбу ў новым светапоглядзе ўзніклі даасізм і канфуцыянства.

Канфуцыянства – этыка-палітычнае вучэнне, заснаванне якога прыпісваецца вялікаму кітайскаму мысліцелю Канфуцыю (551–479 да н. э.). Яно лічыцца канцэнтраваным выражэннем кітайскага нацыянальнага светапогляду і важным ідэйным рэгулятарам, які доўгі час вызначаў жыццё краіны. Каб выйсці з крызісу, лічыў Канфуцый, трэба ўзнавіць мінулы парадак, які падаваўся ў ідэалізаваным выглядзе. Неабходна, каб усё стала на сваі месцы: “Няхай бацька будзе бацькам, сын – сынам, імператар – імператарам, чыноўнік – чыноўнікам”. У аснове канфуцыянства ляжыць ідэя гармоніі прынцыпаў асабістага маральнага ўдасканальвання і дзейнасці, накіраванай на ўпарадкаванне дзяржавы. Ідэальнае грамадства, па Канфуцыю, гэта перш за ўсё грамадства ідэальных людзей. Ідэальная асоба – гэта высакародны муж (цзюнь-цзы), і яго высакароднасць вызначаецца не паходжаннем, а строгім і паслядоўным выкананнем нормаў маралі. Высакароднаму мужу павінны быць уласцівы дзве якасці: гуманнасць (жэнь) і пачуццё абавязку (і).

Заснавальнікам даасізму лічыцца Лао-цзы (гэтае імя перакладаецца як “Стары мудрэц” альбо “Старое немаўля”), які, па паданні, жыў на мяжы VI–V стст. да н. э. Сутнасць свайго вучэння Лао-цзы выклаў у кнізе “Дао дэ цзын” (“Кніга аб Дао і Дэ”). У ёй адлюстравана мадэль свету, дзе над усім пануе Дао – безасабовы закон, які кіруе сусветам. Закон Дао ажыццяўляецца нябачным і неадчувальным чынам, і ўсё адбываецца як быццам бы само па сабе, кіруючыся дабратворнай сілай на карысць усяго – Дэ. “Дао дэ цзын” заклікае вяртацца да першапачатковай прыроды, спрашчэння і натуральнасці. Гэты заклік выражаны перш за ўсё ў паняцці “ня-дзеяння” (у вэй). Ён не зводзіцца да бяздзейнасці і пасіўнасці. Пад у вэй разумеецца адмаўленне ад парушэння ўласнай прыроды і прыроды Сусвету і ўключэнне ва ўсеагульнасць быцця.

Легізм (законнікі) узнік у VI ст. да н. э. Яго тэарэтыкамі з’яўляюцца Гуань Чжун (канец VІІI–VII стст. да н. э.), Цзы Чань (VI ст. да н. э.), Лі Кэ (IV ст. да н. э.), Шан Ян (IV ст. да н. э.). Легізм сфарміраваўся ў ходзе палемікі з канфуцыянствам па пытаннях дзяржаўнага ладу. Канфуцыянскай лі (традыцыі) легісты супраць-пастаўляюць фа (закон). Выкананне законаў павінна забяспечвацца сістэмай жорсткіх пакаранняў. Легісты не верылі ў магчымасць праўлення на падставе выканання маральных норм. Яны лічылі, што ўзаемаадносіны дзяржавы і народа могуць быць толькі варожымі. Іх ідэалам з'яўлялася адзіная магутная дзяржава, прынцыпова адрозная ад сям'і. Легісты прапанавалі сістэму цэнтралізаванай адмініст-ратыўнай пабудовы, адзіную сістэму мер, кіравання дзяржавай пры дапамозе ўніфікаванага дзяржаўнага аппарату, прынцып прысваення рангаў і прывілеяў за канкрэтныя заслугі, кантроль над вобразам думак падданых, сістэму нагляду за чыноўнікамі, групавую адказнасць. Іх ідэі былі выкарыстаны першым кітайскім імператарам Цынь Шыхуанам (перыяд праўлення: 221–207 гг. да н.э.), а пасля распаду імперыі асіміляваны канфуцыянствам.

Літаратура


  1. Васильев, Л. С. Проблемы генезиса китайской мысли / Л. С. Васильев. – М. : Мысль, 1989. – 309 с.

  2. Древнекитайская философия: в 2 т. / составитель Ян Хин-Шун. –– М. : ПринТ, 1994. – Т. 1. – 364 с., Т. 2. – 384 с.

  3. Ольденбург, С. Ф. Культура Индии / С. Ф. Ольденбург. – М. : Наука, 1991. – 277 с.

  4. Чанышев, А. Н. Курс лекций по древней философии : учебное пособие для студентов и аспирантов философских факультетов и отделений университетов / А. Н. Чанышев. – М. : Высшая школа, 1981. – 373 с.


Тэма 2. Антычная філасофія
Пры вывучэнні антычнай філасофіі, трэба ўлічваць наступныя палажэнні:

1. Культура Грэцыі і Рыма – адна з крыніц еўрапейскай культуры, да якой належым і мы. Пад уплывам грэкаў заходняя цывілізацыя атрымала накірунак развіцця, які вызначыў яе спецыфіку. 2. Менавіта ў Старажытнай Грэцыі ўзнікла тое, што мы называем “філасофіяй”. Яна была абсалютна новай з’явай у параўнанні з папярэднім светапоглядам. Філасофія ў іншых культурах успрымаецца намі па аналогіі з еўрапейскай. 3. У Грэцыі была закладзена філасофская традыцыя, якая цягнецца да сённяшняга дня. Усе наступныя філосафы ці спасылаюцца на грэкаў, ці палемізуюць з імі. 4. Асноўныя філасофскія праблемы былі пастаўлены грэкамі. Асэнсаванне глыбіні гэтых праблем дазваляе зразумець, тое новае, што было прынесена ў філасофію мысліўцамі ў далейшым.

Храналагічныя межы антычнай філасофіі ахопліваюць больш чым тысячагоддзе: ад VI ст. да н. э. да 529 г. н. э., калі імператар Юстыніян забараніў язычніцкія школы. Унутры гэтых межаў выдзяляюцца наступныя перыяды:

1. Перыяд натурфіласофіі (VI і V стст. да н. э), калі ў цэнтры разважанняў знаходзіліся праблемы фізіса і космаса. У гэты час існуюць іанійская (мілетцы і Геракліт) і італійская (піфагарэйцы і элеаты) школы.

2. Перыяд класічнай філасофіі (V–ІV стст. да н. э). Яму папярэднічае дзейнасць сафістаў, а спецыфіка вызначаецца вучэннямі Сакрата, Платона, Арыстоцеля. У гэты перыяд было адкрыта звышпачуццёвае і ў яўным выглядзе сфармуляваны асноўныя філасофскія праблемы, над якімі будуць разважаць у далейшым.

3. Перыяд эліністычных школ (ад заваёў Аляксандра Македонскага ў ІV ст. да н. э. да 529 г н. э.). Дзейнічаюць школы кінікаў, эпікурэйцаў, стоікаў, скептыкаў, неаплатонікаў. У цэнтры іх разважанняў (за выключэннем неаплатонікаў) знаходзіцца індывід. Храналагічна ў гэты перыяд ўваходзіць ранняя хрысціянская філасофія (апалагетыка і патрыстыка), але яна – частка наступнага перыяду.

Пры вывучэнні кожнага з гэтых перыядаў мы можам вылучыць асноўную тэму і схемы разважанняў, уласцівых мысліўцам, якія да яго належаць. Гэта абумоўлівае спрошчанасць разгляду, але дазваляе зразумець праблематыку.

1. На першым этапе філосафы разважалі аб рэчаіснасці, якую разумелі як фізіс (прырода) і як космас (упарадкаванае). Таму кажуць аб натурфіласофіі (ад лац. naturaпрырода) і космацэнтрызме. Першыя філосафы ставілі пытанні: з чаго ўсё ўзнікла і што ляжыць у аснове ўсяго? Такім чынам, у цэнтры іх разважанняў знаходзілася праблема першапачатку.

Заснавальнік Мілетскай школы Фалес (625–547 да н. э.) лічыў такім першапачаткам ваду: усё ўзнікла з вады, ўсё есць вада, і ўсё ператворыцца ў ваду.

Вучань Фалеса Анаксімандр (610–546 да н. э.) лічыў, што адзін канкрэтны пачатак (вада) не можа ляжаць у аснове разнастайнага свету. Таму ён прапанаваў у якасці першапачатку апейрон (у перакладзе з грэчаскай – неакрэслены, бязмежны).

Трэці прадстаўнік Мілетскай школы, Анаксімен (588–525 да н. э.), вярнуўся да канкрэтнага пачатку і такім лічыў паветра.

Геракліт з Эфесу (544 г. да н. э. – ?) першапачаткам лічыў агонь. Менавіта з яго пульсацыі ўзнікае свет. Геракліт – вялікі антычны дыялектык, яму прыпісваюцца выказванні “ўсё цячэ і ўсё мяняецца”, “у адну раку нельга ўвайсці двойчы”. Усё развіваецца праз барацьбу, яна “айцец усяго і цар усяго”.

Піфагор (2-я пал. VI – пач. V стст. да н. э.) лічыў, што ў аснове ўсяго ляжаць лічбы. Лічбы ў філасофіі піфагарэйцаў – гэта і матэматычныя велічыні, і фізічныя целы, і жывыя істоты. Кожная лічба нешта ўносіць у свет: адзінка – парадак, акрэсленасць, два – раздваенне, неакрэсленасць, тры – устойлівасць.

Парменід (каля 540–445 да н. э.) парывае з фізічнай традыцыяй. Ён праводзіць адрозненне паміж светам, як яго успрымаюць пачуцці, і светам у рацыянальным мысленні. Быццё (супрацьлеглае небыццю) – адзінае (бо апроч яго може існаваць толькі небыццё, а яго няма) вечнае (можа ўзнікнуць толькі з небыцця, а яго няма), нерухомае (яму няма куды рухацца, бо апроч яго нічога няма), дасканалае (а паколькі для грэкаў найбольш дасканалая фігура – шар, то быццё сферычнае).

Зянон (каля 490–430 да н. э.) не прапаноўваў уласную канцэпцыю свету, але распрацаваў шэраг апорый (грэч. aporia безвыходнасць), праз якія абараняў вучэнне Парменіда (“Ахілес і чарапаха”, “Страла”, “Дыхатамія”), у іх ён прадэманстраваў цяжкасць пераводу пачуццёвых уражанняў на мову паняццяў.

Эмпедокл (490–430 да н. э.) сцвярджаў, што тое, што людзі называюць нараджэннем, на самой справе ёсць аб’яднанне і раз’яднанне. Існуе не адзін, а чатыры вечныя пачаткі, якія адпавядаюць характарыстыкам парменідаўскага быцця: агонь, паветра, вада, зямля.

Анаксагор (500–428 да н. э.) – сцвярджаў, што элементаў столькі, колькі рэчаў. Элементы свету Анаксагор называў семянамі (гамеаме-рыямі). У парадак іх прыводзіць Розум (Нус), ён стварае з хаоса космас.

Дэмакрыт (460 г. да н. э. – ?) вядомы сваім вучэннем аб атамах. Яно грунтуецца на двух палажэннях: 1. Дзяленне да бясконцасці немагчыма, атам перакладаецца як недзялімы. 2. Існуе таксама і небыццё – пустата. Атамы аднолькавыя па складзе і адрозніваюцца паміж сабой толькі формай і размяшчэннем. Атамы трасуцца ў пустаце.

2. У класічны перыяд была пераасэнсавана праблематыка філасофіі. Аснову ўсяго сталі шукаць не ў прыродных стыхіях, а ў звышпачуццёвых пачатках.

Папярэднічае класічнаму перыяду філасофія сафістаў (грэч. sophistesмудрэц). У цэнтры іх разважанняў быў не космас, але чалавек. Спецыфіка сафістаў у тым, што яны стаялі на пазіцыях маральнага рэлятывізму1. Сэнс (знакамітае выказванне заснавальніка гэтага кірунку Пратагора (481–411 гг. да н. э.) “Чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў”) заключаецца не ва ўзвышэнні чалавека, а ў тым, што няма аб’ектыўнай ісціны, ісцінным можа быць любое выказванне. Крытэрыем ісціны з’яўляецца сам чалавек: “якімі я бачу рэчы, такімі яны і ёсць для мяне, якімі іх бачыш ты – такія яны для цябе”.

Вывучаючы філасофію Сакрата (470–399 да н. э.), трэба ўлічваць два моманты: 1. Яна склалася праз палеміку з рэлятывізмам сафістаў. 2. Неад’емнай яе часткай з’яўляецца асоба самога Сакрата. Сафісты ўяўлялі сябе мудрацамі. Сакрат жа, наадварот, прымаў вобраз чалавека, які нічога не ведае. Праз дыялог, абмеркаванне розных палажэнняў ён імкнуўся знайсці аб’ектыўную ісціну. Шлях гэтага пошуку – дыялектыка Сакрата.

Пра Сакрата мы ведаем амаль выключна з твораў яго вучня Платона (427–347 гг. да н. э.), які зрабіў Сакрата галоўным героем амаль усіх сваіх дыялогаў і выразіцелем сваіх ідэй. У адрозненне ад Сакрата, які не прызнаваў сябе настаўнікам, Платон заснаваў філасофскую школу – Акадэмію (называлася так, таму што знаходзілася ў гаі героя Акадэма).

Да нас дайшлі амаль усе творы Платона. Асноўнымі сярод іх з’яўляюцца: “Апалогія Сакрата”, “Тэатэт”, “Парменід”, “Пір”, “Федр”, Гіпій Вялікі”, “Дзяржава”, “Законы”.

Трэба памятаць, што сэнс філасофіі Платона – у адкрыцці рэчаіснасці звышпачуццёвага. Гэтым яна кардынальна адрозніваецца ад папярэдняй філасофіі, якая шукала прычыны рэчаў фізічнага плану (вада, паветра, зямля, апейрон і г. д.). Гэтыя прычыны не фізічнай прыроды Платон назваў ідэямі. Ідэя – гэта ўзор кожнай рэчы, яе сапраўдны воблік. Гэта сутнасць рэчаў, тое што іх робіць менавіта такімі. Апроч зменлівага свету рэчаў ёсць свет нязменных ідэй.

Платону належыць першая тэорыя ідэальнай дзяржавы. Яна павінна складацца з трох класаў: 1) сялян, рамеснікаў і купцоў; 2) стражаў; 3) правіцеляў. Ёсць тры грамадскія лады, якія імітуюць ідэальны лад: манархія, арыстакратыя, дэмакратыя. І тры, якія яго скажаюць: тыранія, алігархія, дэмагогія.

Арыстоцель (384–322 гг. да н. э.) стварае ўніверсальную сістэму ведаў. Яго працы ахопліваюць усе галіны: 1. Логіка. 2. Фізіка. 3. Метафізіка1. 4. Практычная філасофія (этыка, палітыка і г. д.). 5. Эстэтыка.

Трэба памятаць, што філасофія Арыстоцеля склалася ў палеміцы з Платонам. Арыстоцель сцвярджаў, што існуюць не ідэі, а асобныя рэчы. Гэта першасныя сутнасці (гэты чалавек, гэты конь). Агульныя паняцці з’яўляюцца другаснымі сутнасцямі.

Арыстоцель назваў чатыры прычыны існуючага: 1) форма альбо сутнасць; 2) матэрыя альбо субстрат; 3) рухаючая; 2) мэтавая.

У Арыстоцеля ёсць вучэнне пра душу, ён вылучаў яе тры віды: вегетатыўная, пачуццёвая, рацыянальная.

Практычныя навукі, па Арыстоцелю, разглядаюць чалавека як індывіда (этыка) і як члена грамадства (палітыка). Вышэйшае дабро і шчасце, да якога павінен імкнуцца чалавек – гэта ўдасканальванне сябе як разумнай істоты. Арыстоцель вылучаў тры правільныя формы праўлення: манархія, арыстакратыя, палітыка, і тры няправільныя: тыранія, алігархія, дэмакратыя.

Трэба падкрэсліць, што Платон і Арыстоцель – адныя з найбольш вялікіх філосафаў у гісторыі. Іх ідэі аказалі вызначальны ўплыў на далейшае развіццё філасофіі.

3. Эліністычны перыяд звязаны з палітычнымі зменамі. Паход Аляксандра Македонскага (334–323 гг. да н. э.) прывёў да крушэння полісу і стварэння вялікай імперыі, і, як вынік, – да радыкальнага перавароту ў грэчаскім духоўным свеце. Да гэтага грэк адчуваў сябе грамадзянінам полісу, прымаў удзел у яго жыцці. Поліс быў суразмерны чалавеку. Калі стварылася вялікая імперыя, грэкі ператварыліся з грамадзян у падданых. Узнікае касмапалітызм, калі айчынай робіцца ўвесь свет. Чалавек пачынае ўспрымацца не як частка поліса, а як індывід.



Кінікі. Назва паходзіць ад гімнасія Кінасарга (грэч. kynosargesхуткія сабакі). Заснавальнікам школы быў Антысфен з Афін (каля 450–360 да н. э.). Вёў аскетычны лад жыцця і прапаведваў адмаўленне ад якіх-небудзь патрэбаў, самадастатковасць духоўнага свету (аўтаркію) і абыякавасць да ўсяго (апатыю). Прапанаваўшы ідэал бязмежнай духоўнай свабоды, Антысфен ставіўся з дэманстратыўнай непавагай да сацыяльных інстытутаў, звычаяў і норм культуры.

Сімвалам руху кінікаў з’яўляецца Дыяген Сінопскі (каля 410–320 да н. э.). Ён не толькі ўзмацніў экстрэмізм Антысфена, але стварыў новы ідэал жыцця надзвычайнай суровасці.

Сэнс фармулёвак Дыягена і Кратэта складаўся ў адмаўленні і выкрыцці вялікіх ілюзій, якія рухалі людзьмі: 1) пагоні за задавальненнямі; 2) зачараванасці багаццем; 3) жадання ўлады; 4) жадання славы і поспеху. Устрыманне ад гэтых ілюзій, апатыя і аўтаркія – умова сталасці і мудрасці, якія прыводзяць да шчасця – гэты тэзіс зрабіўся агульным для ўсіх накірункаў элінізму.

Эпікурэізм. Заснавальнік Эпікур (341–270 да н. э.). Заснаваў філасофскую школу ў садзе каля Афін. Яго ідэі выкладаюцца ў некалькіх палажэннях: 1. Рэальнасць можна спасцігнуць пры дапамозе чалавечага розуму. 2. У прасторы рэальнага ёсць месца для шчасця. 3. Шчасце – гэта адсутнасць пакутаў і непакою. 4. Для дасягнення шчасця чалавеку не трэба нічога, апроч яго самога.

Этыка эпікурэізму эўдэманістычная1. Сэнсам жыцця лічыцца імкненне да шчасця. Шчасце, згодна з Эпікурам, гэта адсутнасць цялесных пакут (aponia), альбо спакой душы (ataraxia). Для таго каб быць шчаслівым, трэба пераадолець тры віды страху: 1) перад багамі – яны не ўмешваюцца ў чалавечае жыццё; 2) перад смерцю – пераадольваецца пры дапамозе вядомага прынцыпа Эпікура: “калі мы ёсць – смерці няма, калі ёсць смерць – няма нас”; 3) перад злом – яно мінае. Сваім сучаснікам, пазбаўленым упэўненасці, Эпікур паказаў новы шлях да шчасця. Яго нараджаецца знутры нас, і для яго патрэбна няшмат.



Скептыкі (ад грэч. skeptikosтой, хто разглядае, даследуе) – філасофская школа, якая зыходзіла з сумнення ў існаванні якога-небудзь надзейнага крытэрыя ісціны.

Заснавальнік – Пірон з горада Эліда (каля 360–270 да н. э.) сцвярджаў, што можна жыць разумна і шчасліва нават пры адсутнасці ісціны і каштоўнасцей. Хто хоча быць шчаслівым, павінен адказаць на тры пытанні: 1. Якія рэчы па прыродзе? 2. Якім павінна быць наша стаўленне да іх? 3. Як мы павінны сябе паводзіць? Адказы Пірона гучаць так: 1. Усе рэчы непастаянныя. 2. Трэба жыць без меркаванняў адносна рэчаў, ні да чаго не схіляючыся (так званая эпохе). 3. Пры такім становішчы слушныя толькі апатыя і атараксія.

Другі вядомы прадстаўнік скептыцызму – Секст Эмпірык (канец 2 – пач. 3 стст.). Сабраў і сістэматызаваў выказванні старажытна-грэчаскіх скептыкаў.

Стаіцызм (ад грэч. stoaпорцік). Найбольш вядомыя прадстаўнікі: Зянон (334–262 да н. э.), Сенека (1–65), Эпіктэт (50–120), імператар Марк Аўрэлій (121–180).

Сцвярджалі, што мудрэц павінен прытрымлівацца бясстраснасці прыроды (апатыя) і любіць свой рок. Асабістае шчасце разумелі як падпарадкаванне лёсу. Яны лічылі, што разумнага лёс вядзе, а неразумнага цягне. Гэта філасофія абавязку.



Неаплатанізм сістэматызаваў вучэнне Платона і аб’яднаў яго з ідэямі іншых філосафаў, пераважна Арыстоцеля і піфагарэйцаў. Гэтая філасофія была распрацавана Плоцінам (204–269) і завершана Проклам (412–485).

У цэнтры – вучэнне аб іерархічнай пабудове быцця і эманацыі1, ступенямі якой з’яўляюцца Адзінае – Розум – Душа – Космас – матэрыя. Душа чалавека – частка касмічнай Душы, і чалавек спасцігае Адзінае (альбо Бога) праз экстатычны парыў.

Мова неаплатанізму выкарыстоўвалася ў вучэннях сярэдневяковых філосафаў.




  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка