В. А. Адзіночанка гісторыя філасофіі



старонка2/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.66 Mb.
1   2   3   4

Літаратура


  1. Асмус, В. Ф. Античная философия / В. Ф. Асмус. – М. : Высш. шк., 2003. – 400 с.

  2. Лосев, А. Ф. История античной философии в конспективном изложении / А. Ф. Лосев. – М. : ТОО «ЧеРо», 1998. – 190 с.

  3. Чанышев, А. Н. Курс лекций по древней философии : учеб. пособие для студ. и аспир. филос. фак-ов и отдел. ун-ов / А. Н. Чанышев. – М. : Высшая школа, 1981. – 373 с.

  4. Чанышев, А. Н. Философия Древнего мира : учеб. для вузов / A. Н. Чанышев. – М. : Высш. шк., 2003. – 702 с.


Тэма 3. Філасофія Сярэдніх вякоў
Пры вывучэнні сярэдневяковай філасофіі трэба ўлічваць наступныя палажэнні:

1. Сярэдневяковая філасофія належыць у асноўным да эпохі феадалізму (V–XV стст.). У аснове культуры гэтага перыяду ляжыць хрысціянства з яго палажэннямі. Асноўным культурным інстытутам у Заходняй Еўропе гэтага перыяду з’яўляецца каталіцкая царква. Амаль выключна ў яе межах развіваецца адукацыя, навука, мастацтва і філасофія.

2. Філасофія сярэднявечча з’яўляецца непасрэдны працягам тэмаў антычных філософаў, перш за ўсё Платона і Арыстоцеля, але ў зусім іншым культурным кантэксце, і таму для яе ўласцівы іншы характар праблематыкі і спосабаў разважання.

3. Сярэдневяковую філасофію, і культуру ў цэлым, не трэба разглядаць як заняпад у параўнанні з антычнасцю. У гэты час багацце антычнай думкі аказалася пераўзыдзеным хрысціянскім света-поглядам. У перыяд сярэднявечча дзейнічалі такія выдатныя філосафы, як: Аўрэлій Аўгусцін (354–430), Ян Скот Эрыўгена (810–877), Ансельм Кентэрберыйскі (1033–1109), Ібн Рушд (1126–1198), Абеляр (1079–1142), Роджэр Бэкон (1214–1292), Фама Аквінскі (1225–1274), Дунс Скот (1266–1308), Уільям Акам (1285–1349) і іншыя.

Асноўныя рысы заходняй сярэдневяковай філасофіі абумоўлены яе сувяззю з хрысціянствам:

1. Тэацэнтрызм (ад лац. theosбог). Сцвярджаецца, што ў цэнтры свету знаходзіцца Бог як Абсалютнае Быццё. Тэацэнтрызм адпавядае імкненню антычнай філасофіі вывесці космас з адзінай асновы і будаваць мысленне ў адпаведнасці з адзіным лагічным прынцыпам.

2. Крэацыянізм (ад лац. creatioстварэнне) – зыходзяць з таго, што Бог усё стварыў. З гэтага выводзяцца вельмі важныя філасофскія палажэнні: 1. Свет мае пачатак. 2. Яго стварэнне мае сваю паслядоўнасць. 3. Працэс стварэнне свету апісваецца рацыянальна, а не праз вобразы, таму ён можа быць падвергнуты аналізу і крытыцы. 4. Свет мае сваю каштоўнасць. 5. Свет створаны ў адпаведнасці з Божым розумам, і таму можа быць рацыянальна спасцігнуты.

3. Персаналізм (ад лац. personaасоба) – значна больш глыбокае, чым у антычнасці, разуменне асобы, бо кожны чалавек створаны па вобразу і падабенству Бога, значыць, мае сваю каштоўнасць. На гэтай аснове абвяшчаецца прынцыповая роўнасць паміж людзьмі, што паўплывала на далейшыя сацыяльныя тэорыі.

4. Правідэнцыялізм (ад лац. providentiaпрадбачанне) – тлумачэнне гістарычнага працэсу як ажыццяўленне Божай задумы. Найбольш яскрава выразіўся ў творы Аўгустына “Аб градзе Божым”. Трэба звярнуць увагу на тое, што ў гэты перыяд гісторыя набывае дзве такія важныя рысы, як сэнс і лінейны характар.

Вылучаюць наступныя этапы гісторыі сярэдневяковай філасофіі:

1. Патрыстыка (ад лац. paterайцец) – сукупнасць вучэнняў найбольш значных хрысціянскіх мысліўцаў ІІ–VIII стст. – “Айцоў Царквы”. У ёй ёсць тры этапы: 1. Ранняя альбо апалагетыка (II ст.) – адбывалася адстойванне ісцінасці хрысціянскага веравучэння ва ўмовах крытыкі з пазіцый антычнай культуры. 2. Сталая (III–V стст.) – фарміруюцца асноўныя палажэнні хрысціянскага веравучэння. 3. Позняя (V–VIII стст.) – адбываецца сістэматызацыя хрысціянскага веравучэння. Палажэнні патрыстыкі былі сфармуляваны на мове, запазычанай з філасофіі неаплатанізму: дагмат аб Троіцы, аб дзвюх прыродах Хрыста, вучэнне аб перавазе душы над целам.

2. Схаластыка (ад лац. scholaшкола) – кірунак у заходне-еўрапейскай сярэдневяковай філасофіі, для якога былі характэрны імкненне рацыянальна абгрунтаваць хрысціянскае веравучэнне і асаблівы інтарэс да лагічнай праблематыкі. Вылучаюць раннюю (IX–XII стст.), высокую (XIII – пач. XIV стст.) і познюю (XIV–XV стст.) схаластыку.

Да асноўных праблем сярэдневяковай філасофіі адносяцца:

1. Праблема суаднясення веры і розуму. Пры яе вырашэнні вылучыліся тры падыходы: 1. Вера супрацьстаіць розуму. У афарыстычнай форме гэтая пазіцыя была выражана ў палажэнні “credo quia absurdum” (“веру, бо абсурдна”) Цертуліяна. 2. Вера з’яўляецца асновай розуму. Выражана ў формуле “credo ut intelligam” (“веру, каб разумець”). Уласціва большасці сярэдневяковых філосафаў. 3. Вера абапіраецца на розум. Выражана ў формуле Абеляра intelligo ut credam (“разумею, каб верыць”). У цэлым жа, згодна з сярэдневяковай філасофіяй, розум і вера з’яўляюцца аўтаномнымі і валодаюць аднолькавым статусам. Праблема гарманічнага сінтэзу розуму і веры прысутнічае ў сістэмах Ансельма Кентэрберыйскага, Альберта Вялікага, Фамы Аквінскага.

2. Праблема прыроды ўніверсалій (агульных паняццяў). Па гэтым пытанні вылучыліся дзве пазіцыі: рэалізм (ад лац. realisсапраўдны) і наміналізм (ад лац. nomenімя). Рэалісты сцвярджалі, што ўніверсаліі існуюць ідэальна, да рэчаў, альбо, што яны рэальныя, але існуюць у асобных рэчах (умераны рэалізм). Наміналізм адмаўляў рэальнае існаванне ўніверсалій, лічачы іх толькі імёнамі (крайні наміналізм), альбо ўтварэннямі думкі, якія не з’яўляюцца адвольнымі імёнамі і існуюць у розуме чалавека як вынік абстрагіруючай дзейнасці (умераны наміналізм альбо канцэптуалізм (ад. лац. сonceptusпаняцце)).

Рэалізм існаваў у ранняй схаластыцы. У высокай ён змяніўся ўмераным рэалізмам. На пазіцыях канцэптуалізму стаяў Абеляр. У позняй схаластыцы на першае месца выйшлі наміналісты. Дыскусія наміналістаў і рэалістаў удасканальвала логіку, садзейнічала дасягненню навуковай строгасці, паклала аснову тэорыі мностваў і матэматычнай логіцы.



Літаратура


  1. Коплстон, Ф. Ч. История средневековой философии / Ф. Ч. Коплс-тон. – М. : Энигма, 1997. – 512 с.

  2. Майоров, Г. Г. Формирование средневековой философии / Г. Г. Майоров. – М. : Мысль, 1979. – 431 с.

  3. Чанышев, А. Н. Курс лекций по древней и средневековой философии / А. Н. Чанышев. – М. : Высшая школа, 1991. – 512 с.

  4. Штекль, А. История средневековой философии / А. Штекль. – М. : URSS, 1996. – 312 c.


Тэма 4. Філасофія Адраджэння
Пры вывучэнні філасофіі Адраджэння трэба зыходзіць з дзвюх яго ўзаемадапаўняльных характарыстык: 1. Гэта – пераходны этап ад Сярэднявечча да Новага часу. 2. Яно адрозніваецца і ад таго, і ад другога. Філасофія Адраджэння мае самастойны і арыгінальны характар.

Звычайна Адраджэнне характарызуецца праз змены, якія пачалі адбывацца з пачатку XIV ст. у розных галінах еўрапейская культуры Заходняй Еўропы. Падкрэсліваецца яго адрозненне ад сярэдніх вякоў.

Трэба зыходзіць з таго, што ў гэты перыяд адбыўся сапраўдны выбух у культуры. Найбольш яскрава ён праявіўся ў мастацтве. У галіне філасофіі ў гэты час працавалі такія мысліўцы як: Лявон Батыста Альберці (1404–1472), Ларэнца Вала (1407–1457), Марсіліа Фічына (1433–1499), Джавані Піка дэла Мірандола (1463–1494), Мікола Макіявелі (1469–1527), Эразм Ратэрдамскі (1469–1536), Мішэль Мантэнь (1533–1592), Томас Мор (1478–1535), Мікалай Кузанскі (1401–1464), Тамаза Кампанела (1568–1639) і шмат іншых.

Спецыфіка гэтага перыяду адлюстравана ў самой яго назве: Адраджэнне (франц. Renaissance). Адраджаліся элементы антычнай культуры, але адбывалася гэта на хрысціянскай аснове.

Асноўнымі рысамі Адраджэння з’яўляюцца:


  1. Інтарэс да антычнай культуры. У філасофіі – да Платона, які супрацьпастаўляўся Арыстоцелю, на якім грунтавалася схаластыка. У той жа час адной з галоўных асаблівасцяў філасофіі гэтага перыяду з’яўляецца тое, што ў ёй адбываецца спецыфічная мадыфікацыя арыстоцелізму, платанізму, эпікурэізму, стаіцызму, скептыцызму і іншых антычных філасофскіх школ.

  2. Інтарэс да чалавека. Вельмі часта філасофія Адраджэння пазначаецца як гуманізм (ад лац. humanusчалавечы, чалавечны). Трэба ўлічваць, што ў перыяд Адражэння гэтае слова мела значэнне, адрознае ад сучаснага. Гуманістамі (humanista) называлі выкладчыкаў дысцыплін, якія займаліся пазнаннем чалавека: гісторыі, літаратуры, філасофіі і рыторыкі, па аналогіі са словамі законнік (legista), мастак (artista). У далейшым так сталі называць большасць дзеячоў эпохі Адраджэння. Галоўнай асаблівасцю рэнесанснай культуры быў пераход ад тэацэнтрычнага да антрапацэнтрычнага разумення свету.

  3. Індывідуалізм. У Сярэднявеччы чалавек успрымаў сябе толькі як частку нейкага цэлага: саслоўя, групы сям’і. У Адраджэнні чалавек успрымае сябе адасоблена, у сваёй унікальнасці. Націск робіцца на яго самарэалізацыю.

4. Інтарэс да прыроды. Для філосафаў Адраджэння быў характэрны пантэізм (ад грэч. раnусё і theosБог) – вучэнне, у якім атаясамліваўся Бог і свет. Пантэістычныя матывы моцныя ў філасофіі М. Кузанскага. Таксама характэрным было імкненне даследаваць прыроду. Пераварот у светапоглядзе таго часу ажыццявіў М. Капернік, які прапанаваў геліяцэнтрычную мадэль сусвету. Адбылася капер-нікіянская рэвалюцыя.

5. Жаданне рэлігійнага абнаўлення. Але змены ў рэлігіі адбыліся за межамі Італіі. Англійскі філосаф Э. Ратэрдамскі выкарыстоўваў ідэі гуманізму для рэформы царквы.

Своеасаблівым працягам і адмаўленнем ідэй Адраджэння з’яўляецца Рэфармацыя, якая пачалася ў Германіі з выступлення Марціна Лютэра (1483–1546) і прывяла да ўзнікнення пратэстанцкай царквы. Найбольш вядомымі дзеячамі Рэфармацыі, апроч Лютэра, з’яўляюцца Томас Мюнцэр (1490–1525), Уільрых Цвінглі (1484–1531) і Жан Кальвін (1509–1564).

6. Імкненне да пераўтварэння грамадства. У перыяд Адраджэння былі створаны вядомыя сацыяльна-палітычныя вучэнні ў творах Томаса Мора “Утопія” і Тамаза Кампанэлы “Горад Сонца”. Яны імкнуліся прапанаваць праект справядлівага ладу. Фактычна яны стварылі праект таталітарнага грамадства, якое атрымала сваё ўвасабленне ў ХХ ст.

Відавочнай праявай крызісу гуманізму Рэнесансу з’яўляецца знакаміты твор Нікола Макіявелі “Князь”, у якім была выказана ідэя аўтаноміі ўлады ад маралі. Макіявелі лічыў, што чалавек сам па сабе ні добры, ні дрэнны, але, хутчэй, схільны да таго, каб быць дрэнным. Палітык павінен гэта ўлічваць і адпаведным чынам дзейнічаць. Безумоўна, такі падыход рэзка супярэчыць устаноўкам гуманізму.

Літаратура


  1. Буркхардт, Я. Культура Италии в эпоху Возрождения / Я. Буркхардт. – М. : Юристъ, 1996. – 591 с.

  2. Бэрк, П. Рэнесанс / П. Бэрк. – Мн. : Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, 1997. – 96 с.

  3. Горфункель, А. Х. Философия эпохи Возрождения / А. Х. Гор-функель. – М. : Высшая школа, 1980. – 368 с.

  4. Лосев, А. Ф. Эстетика Возрождения / А. Ф. Лосев. – М. : Мысль, 1982. – 623 с.

  5. Соколов, В. В. Средневековая философия / В. В. Соколов. – М.: Высшая школа, 1996. – 448 с.


Тэма 5. Філасофія Новага часу
Гэта перыяд, калі фарміруюцца асноўныя тэндэнцыі развіцця еўрапейскай культуры. Узнікае класічная навука, творцамі якой з’яўляюцца Галілеа Галілей (1564–1642), Іаган Кеплер (1571–1630) і Ісаак Ньютон (1642–1727).

У цэнтр філасофскіх разважанняў уваходзіць праблема пазнання. Ставіцца пытанне: якім чынам мы дасягаем ісціных ведаў? Праз адказ на яго фарміруюцца два асноўныя філасофскія накірункі Новага часу: рацыяналізм (ад лац. ratio – розум), які сцвярджаў, што ісціныя веды дае розум, і эмпірызм (ад грэч. empeiria – вопыт), які зыходзіў з таго, што адзінай крыніцай ісціных ведаў з’яўляецца вопыт.

Пры вывучэнні гэтых кірункаў неабходна звярнуць увагу на спецыфіку іх спосабаў разважання і аргументацыі. Цікавым з’яўляецца і той факт, што на пазіцыях рацыяналізму стаялі філосафы з кантынентальнай Еўропы, а на пазіцыях эмпірызму – з Англіі.

Заснавальнікам рацыяналізму з’яўляецца французскі філосаф Рэнэ Дэкарт (1596–1650). Трэба памятаць, што ён таксама быў матэматыкам і свае разважанні будаваў на прыкладзе і матэрыяле гэтай навукі.

Дэкарт шукае фундамент, на якім можна пабудаваць веды. Для гэтага ён выкарыстоўвае прынцып метадычнага сумнення. Мы можам сумнявацца ў любых ведах, атрыманах праз пачуцці, бо яны часта нас падманваюць. У чым я сумнявацца не магу? У тым, што я сумняваюся. Сам факт мыслення сведчыць пра існаванне таго, хто мысліць: “сogito, ergo sum” (“мыслю – значыць, існую”). Выснова, якую робіць з гэтага Дэкарт, мае радыкальны характар: ісціныя веды гэта тыя, якія наш розум успрымае як ясныя і відавочныя.

Дэкарт распрацаваў правілы для кіраўніцтва розумам, якія, на яго думку, павінны прывесці да ісціных ведаў.



  1. Правіла відавочнасці – зыходзіць толькі з тых палажэнняў, якія прадстаўляюцца розуму настолькі ясна і выразна, што ў іх не можа быць ніякіх сумненняў. 2. Правіла аналізу – дзяліць кожную праблему на столькі частак, колькі магчыма і неабходна для найлепшага яе вырашэння. 3. Правіла сінтэзу – будаваць свае думкі ў акрэсленым парадку, пачынаючы з найбольш простых прадметаў, і паступова ісці да найбольш складаных. 4. Правіла паступовасці – старанна пералічваць усе крокі разважанняў, каб быць упэўненым, што нічога не прапушчана.

Іншымі вядомымі прадстаўнікамі рацыяналізму з’яўляюцца Мікалай Мальбранш (1638–1715), Блез Паскаль (1626–1662), Бенедыкт Спіноза (1632–1677) і Готфрыд Вільгельм Лейбніц (1646–1716).

Заснавальнікам эмпірызму з’яўляецца Фрэнсіс Бэкан (1561–1625).

Яму належыць знакамітая фраза: “Веды – сіла”. Трэба падкрэсліць, што гэта было прынцыпова новае палажэнне: да гэтага веды насілі сузіральны характар і служылі для ўспрымання агульнай гармоніі свету. Бэкон падкрэсліваў практычны сэнс пазнання.

Закладзеная Бэканам праграма эмпірызму зыходзіць з таго відавочнага для штодзённага светапогляду факта, што аснову нашых ведаў аб рэчаіснасці складаюць вопытныя (эмпірычныя) дадзеныя. Ёсць незалежныя ад нас прадметы, якія мы ўспрымаем. Праграма Бэкана заключалася ў тым, каб ачысціць розум ад усяго, што перашкаджае яму непасрэдна ўспрымаць рэчаіснасць. Гэтыя перашкоды Бэкан называе “ідаламі”, якіх налічвае чатыры:

1. Ідалы роду (idola tribus) – памылковыя погляды, уласцівыя ўсім людзям, паколькі вынікаюць з прыроды чалавека і абумоўлены недасканаласцю пачуццёвага ўспрымання. 2. Ідалы пячэры (idola specus) – індывідуальныя памылковыя думкі, якія ўзнікаюць таму, што кожны чалавек бачыць свет са сваёй абмежаванай перспектывы. 3. Ідалы рынку (idola fori) – узнікаюць з недакладнасці нашай мовы, якая не заўсёды ясна абазначае прадметы. 4. Ідалы тэатру (idola theatri) – абумоўлены, па-першае, прыпісваннем вобразам рэальнага існавання, па-другое, верай у несапраўдныя аўтарытэты.

Бэкан вылучыў два спосабы пазбаўлення ад ідалаў:

1. Эксперымент, які з’яўляецца мэтанакіраваным назіраннем аб’екта ў спецыяльна створаных умовах, дзякуючы чаму пераадольваецца суб’ектыўнасць успрыманння. 2. Індукцыя – паслядоўны пераход ад дадзеных вопыту да агульных суджэнняў. Эксперымент пераадольвае заблуджэнні пачуццяў (ідалы роду і пячэры), а індукцыя – заблуджэнні розуму (ідалы рынку і тэатра).

Наступны вядомы прадстаўнік эмпірызму – англійскі філосаф Джон Лок (1632–1704). Менавіта ён стварыў цэласную сістэму эмпірычнай філасофіі. Яму належыць выказванне: “Няма нічога ў розуме, чаго папярэдне не было б у пачуццях”. Свядомасць чалавека ён параўноўваў з чыстай дошкай (tabula rasa), на якой дзякуючы пачуццям запісваюцца веды.

Лок з’яўляецца адным з тэарэтыкаў лібералізму1. Ён лічыў, што дзяржава ўзнікае ў выніку дамовы паміж грамадзянамі, якія аб’ядноўваюцца, каб сумесна абараняць свае натуральныя правы. Выступаў за раздзяленне ўладаў.

Наступны прадстаўнік эпірызму, Томас Гобс (1588–1679), вядомы сваім творам “Левіафан”, у якім сцвярджаў, што дяржава ўзнікла з неабходнасці пераадолець эгаістычную прыроду чалавека. У натуральнам стане існуе вайна ўсіх супраць усіх, кожны кіруецца сваімі інтарэсамі, і чалавек чалавеку – воўк. Для сумеснага жыцця людзі заключаюць паміж сабой дамову і перадаюць свае правы дзяржаве. Дзяржава – гэта галоўны выхаваўчы фактар цывілізацыі, яе ўлада мае абсалютны характар.

У творах Дэвіда Юма (1711–1776) і Джорджа Берклі (1685–1753) эмпірызм паказаў сваю абмежаванасць. Юм зыходзіў з трактоўкі пачуццёвага вопыту як патоку ўражанняў, прычыны якіх з’яўляюцца неспасцігальнымі. Таму ён адмаўляў паняцце субстанцыі і аб’ектыўны характар прычыннасці, бо мы не атрымліваем іх з пачуццяў. Берклі сцвярджаў, што знешні свет не існуе незалежна ад яго ўспрымання, таму быць – гэта значыць быць ўспрымаемым (esse еst percipi).

Філасофія эмпірызму аказала значны ўплыў на фарміраванне ідэй французскага Асветніцтва, але максімальнага развіцця дасягнула ў ХХ ст. у метадалогіі пазітывізму.



Літаратура


  1. Соколов, В. В. Введение в классическую философию / В. В. Со-колов. – М. : Высшая школа, 1999. – 448 с.

  2. Кирсанов, B. C. Научная революция XVII века / B. C. Кирсанов. – М. : Наука, 1987. – 342 с.

  3. Хесле, В. Гении философии Нового времени / В. Хесли. – М. : Наука, 1992. – 205 с.

  4. Шашкевич, П. Д. Эмпиризм и рационализм в философии Нового времени / П. Д. Шашкевич. – М. : Мысль, 1976. – 314 с.


Тэма 6. Філасофія Асветніцтва
Асветніцтва – (франц. Lumière, ням. Aufklärung, англ. Enlightenment) – асаблівы тып светапогляду і філасофіі, характэрны для культурнага жыцця Еўропы ў XVIII ст. Сама назва паходзіць ад таго, што яго прадстаўнікі лічылі асноўным сродкам развіцця грамадства распаўсюджванне ведаў.

Трэба ўлічваць, што Асветніцтва – гэта міжнародны рух, які ахапіў шмат якія краіны. Але у Францыі Асветніцтва праявілася з класічнай выразнасцю, паслядоўнасцю і радыкальнасцю. Тут знаходзіліся яго асноўныя прадстаўнікі: Дэні Дзідро (1713–1784), Жан Лярон Д’Аламбер (1717–1783), Вальтэр (1694–1778), Жульен Офрэ дэ Ламетры (1709–1751), Шарль Луі Мантэск’е (1689–1755), Жан Жак Русо (1712–1778), Клод Адрыян Гельвецый (1715–1771), Поль Анры Гольбах (1723–1789), Эцьен Бано дэ Кандзільяк (1715–1780).

Асноўныя рысы Асветніцтва:

1. Упэўненасць у тым, што крыніцай усіх праблем з’яўляецца непісьменства. Таму яно павінна быць пераадолена.

2. Грамадства павінна быць перабудавана на аснове розуму. Розум у ідэалогіі Асветніцтва: а) з’яўляецца адзіным, універсальным і агульным для ўсіх людзей і часоў; б) займае месца вышэйшай інстанцыі крытычнага аналізу.

3. Палажэнні розуму павінны быць пабудаваны на абагульненні вопыту. Рацыянальнасць Асветніцтва з’яўляецца сінтэзам англійскага эмпірызму і картэзіянскага рацыяналізму. Узорам з’яўляецца для іх фізіка Ньютона, пабудаваная на вопыце. Таму асветнікі выступалі супраць метафізічных сістэм. Механістычнае светаразуменне, распрацаванае на падставе паняццяў ньютонаўскага прыродазнаўства, яны імкнуліся ўжыць таксама і для тлумачэння паводзін людзей і грамадства.

4. Вельмі важнае значэнне надаецца канцэпцыі натуральнага парадку, які можа быць спасцігнуты розумам. Згодна з асветнікамі, сацыяльныя адносіны павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з прыродай чалавека. Вельмі вялікае месца ў іх разважаннях займаюць паняцці “натуральная рэлігія”, “натуральная маральнасць”, “натуральнае права”.

5. Крытычнае стаўленне да існуючай абсалютнай манархіі, сістэмы саслоўных прывілеяў, каталіцкай царквы. Наогул для большасці асветнікаў хрысціянская рэлігія і царква з’яўляюцца галоўнай перашкодай на шляху розуму і прагрэсу. Вядомы заклік “патрыярха асветнікаў” Вальтэра – “Раздавіце гадзіну!”. Але ў той жа час рэлігія лічылася патрэбнай для кіравання масамі, абгрунтавання для іх неабходнасці маральных паводзін. Таму ж Вальтэру належыць фраза “Калі б Бога не існавала, яго трэба было б прыдумаць”. Частка асветнікаў стаялі на пазіцыях атэізму1 (Гольбах, Дзідро, Ламетры), частка – дэізму2 (Вальтэр, Мантэск’е). Але ўсе яны былі антыклерыкаламі3.

6. Вера ў прагрэс. Асветніцтва – аптымістычная філасофія буржуазіі, якая ў гэтыя часы была поўная сіл і імкнення да развіцця. Вальтэр любіў казаць: “Аднойчы ўсё зробіцца лепш”. Іншай была пазіцыя Русо. Згодна з яго поглядамі, развіццё навукі і мастацтва вядзе да маральнага заняпаду, бо фарміруе ў людзей штучныя патрэбы.

7. У адрозненне ад філасофіі XVII ст. у перыяд Асветніцтва не было створана фундаментальных традыцый, падобна эмпірызму ці рацыяналізму. Рух філасофскай думкі ідзе ў гэты перыяд не “ўглыб”, але “ўшырыню” і накіраваны не столькі на стварэнне новых філасофскіх ідэй, колькі на прапаганду ўжо існуючых. Яго прадстаўнікі працавалі не толькі ў філасофіі, але і ў літаратуры. Іншымі сродкамі, якія асветнікі ўжывалі для распаўсюджвання сваіх ідэй, былі акадэміі, масонскія ложы, салоны, лісты, нарысы, і нарэшцэ, знакамітая “Энцыклапедыя альбо тлумачальны слоўнік навук, мастацтваў і рамёстваў” (1751–1772).

Асветніцтва аказала значны ўплыў на далейшую культуру і сацыяльную гісторыю Еўропы. Самым важным яе вынікам з’явілася ідэйная падрыхтоўка Французскай рэвалюцыі 1789–1799 гадоў.

Літаратура


  1. Кузнецов, В. Н. Западноевропейская философия XVIII века / В. Н. Кузнецов, Б. В. Мееровский, А. Ф. Грязнов. – М. : Высшая школа, 1986. – 400 с.

  2. Длугач, Т. Б. Подвиг здравого смысла, или Рождение идеи суверенной личности (Гольбах, Гельвеций, Руссо) / Т. Б. Длугач. – М. : Наука, 1995 – 221 с.

  3. Манфрез, А. З. Три портрета времен французской революции / А. З. Манфрез. – М. : Мысль, 1989. – 223 с.

  4. Момджнян, Х. Н. Французское просвещение XVIII века: очерки / Х. Н. Момджнян. – М. : Мысль, 1983. – 447 с.

  5. Французское просвещение и революция / М. А. Кисель [и др.]; отв. ред. М. А. Кисель. – АН СССР, Институт философии. – М. : Наука, 1989. – 272 с.


Тэма 7. Нямецкая класічная філасофія
Нямецкая класічная філасофія – гэта своеасаблівая мяжа ў развіцці філасофіі, пасля яе пачынаецца пошук іншых спосабаў філасофствавання.

Вызначальнай рысай, праз якую можна зразумець спецыфіку гэтай філасофіі, з’яўляецца выяўленне і падкрэсліванне актыўнасці суб’екта.

Да нямецкай класічнай філасофіі традыцыйна адносяць Імануіла Канта (1724–1804), Іагана Готліба Фіхтэ (1762–1814), Фрыдрыха Вільгельма Шэлінга (1775–1854), Георга Вільгельма Фрыдрыха Гегеля (1770–1830) і Людвіга Феербаха (1804–1872). Вучэнне кожнага з гэтых мысліўцаў уяўляе сабой складаную і разгалінаваную сістэму. Мы схематычна выкладзем ідэі Канта, Гегеля і Феербаха.

Трэба ўлічваць, што дзейнасць Канта падзяляецца на два перыяды: дакрытычны (1746–1770) і крытычны (1770–1797). Галоўная праца першага перыяду “Усеагульная натуральная гісторыя і тэорыя неба” (1755), дзе была сфармулявана знакамітая тэорыя Канта-Лапласа, аб паходжанні Сусвету. У крытычны перыяд былі напісаны “Крытыка чыстага розуму” (1783), “Крытыка практычнага розуму” (1791) і “Крытыка здольнасці суджэння” (1798), стварэнне якіх сам Кант лічыў “капернікіянскім пераваротам у філасофіі”. Яго сутнасць у тым, што не наша пазнанне адпавядае свету аб’ектаў, а, наадварот, свет аб’ектаў будуецца ў адпаведнасці з формамі нашага пазнання.

Кант падзяляў веды на апастэрыёрныя (ад лац. aposterioriз наступнага), якія паходзяць з вопыту, і апрыёрныя (ад лац. aprioriз папярэдняга), якія папярэднічаюць вопыту. Усеагульным і неабходным характарам валодаюць апрыёрныя веды, яны з’яўляюцца ўмовай апастэрыёрных.

Кант вылучае дзве формы апрыёрнага пачуццёвага пазнання: прастору і час. Веды аб іх мы атрымліваем не з вопыту, але яны з’яўляюцца ўмовамі пачуццёвага вопыту.

Апрыёрнымі формамі разумовага пазнання з’яўляюцца катэгорыі: адзінства, мноства, цэласнасць, рэчаіснасць, адмаўленне, абмежаванне, субстанцыя, прычыннасць, магчымасць, існаванне, неабходнасць і г. д. Праз іх афармляецца наш пачуццёвы вопыт.

Кант раздзяляў “рэчы ў сабе”, якія з’яўляюцца крыніцай вопыту, але пра якія мы нічога не можам сказаць і “рэчы для нас”, альбо з’явы, якія фарміруюцца праз формы нашага пазнання. Мы пазнаем не рэчы ў сабе, але з’явы.

Згодна з Кантам, пазнанне абмежавана вопытам. Але чалавек заўсёды імкнецца пры дапамозе розума выйсці за межы вопыта. Кант крытыкуе чысты розум і вылучае тры яго памылковыя ідэі: 1. Аб існаванні душы (псіхалагічнае ідэя). 2. Аб існаванні сусветнай душы (касмалагічная ідэя). 3. Аб існаванні Бога (тэалагічная ідэя). Даказаць іх немагчыма.

Аднак гэтыя ідэі з’яўляюцца пастулатамі “практычнага розуму” і неабходнымі прадумовамі маральнасці. Этыка Канта грунтуецца на катэгарычным імператыве (ад лац. imperativusзагадны) – безумоўным прынцыпе паводзін: “паводзь сябе так, каб прынцып тваіх паводзін мог стаць усеагульным законам”.

Філасофія Гегеля – гэта канцэнтраванае выражэнне рацыяналізму Новага часу. Яго асноўнымі творамі з’яўляюцца: «Фенаменалогія духа» (1807), «Навука логікі» (1812–1816), «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817).

Пры вывучэнні яго філасофіі трэба ўлічваць, што яна ўяўляе сабой адну з самых разгалінаваных і складаных для разумення філасофскіх сістэм. Схематычна яе можна выкласці праз тры палажэнні: 1. Рэчаіснасць ёсць не субстанцыя, але суб’ект, бясконцы Дух. 2. Сутнасць Духа – у яго развіцці праз супярэчныя моманты. 3. Асаблівасцю развіцця з’яўляецца тое, што Гегель назваў спекулятыўным элементам, калі адбываецца сінтэз супярэчнасцяў.

У сваім развіцці Дух праходзіць тры моманты: 1) быццё-у-сабе; 2) іншабыццё, быццё-для другога; 3) канчатковае быццё-у-сабе-і-для-сябе. Гэтыя тры моманты прынята пазначаць у спрошчанай форме як “тэзіс”, “антытэзіс”, “сінтэз”. Адсюль вынікае падзел Гегелеўскай філасофіі на галіны: 1) логіку (быццё, сутнасць, паняцце); 2) філасофію прыроды (механіка, фізіка, арганічная фізіка); 3) філасофію Духа, куды ўваходзяць суб’ектыўны Дух (антрапалогія, фенаменалогія, псіхалогія), аб’ектыўны Дух (права, мараль, звычаі), Абсалютны Дух (мастацтва, рэлігія, філасофія).

Л. Феербах стварыў канцэпцыю антрапалагічнага матэрыялізму. Асноўная яго праца “Сутнасць хрысціянства” (1841). Яго ідэі склаліся ў палеміцы з Гегелем. Феербах, вядомы перш за ўсё сваёй крытыкай рэлігіі, у філасофіі Гегеля бачыў спробу пабудаваць рацыянальную тэалогію. Лічыў, што вышэйшым прадметам філасофіі з’яўляецца чалавек з яго шматлікімі перажываннямі. Рэлігія адлюстроўвае рэальныя чалавечыя імкненні да шчасця і дасканаласці, але ў адчужанай форме. Прапаноўваў стварыць “рэлігію любві”, у якой месца Бога зойме чалавек.

Феербах аказаў вялікі ўплыў на фарміраванне філасофіі марксізму.




1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка