В. А. Адзіночанка гісторыя філасофіі



старонка3/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.66 Mb.
1   2   3   4

Літаратура


  1. Асмус, В. Ф. Кант Иммануил 1724–1974. К двухсотпятидесяти-летию со дня рождения / В. Ф. Асмус. – М. : Наука, 1973. – 534 с.

  2. Гулыга, А. В. Немецкая классическая философия / А. В. Гулыга. 2-е изд. – М. : Рольф, 2001. – 416 с.

  3. Кузнецов, В. И. Немецкая классическая философия второй половины XVI – начала XIX века : учеб. пособие для ун-тов / В. Н. Кузнецов. – М. : Высшая школа, 1989. – 480 с.

  4. Румянцева, Т. Г. Немецкая трансцендентально-критическая философия (середина XVIII – первая треть XIX) : курс лекций / Т. Г. Румянцева. – Минск : БГУ, 2008. – 171 с.

Тэма 8. Філасофія марксізму
Пры вывучэнні філасофіі марксізму трэба ўлічваць дзве абставіны:

1. Марксізм у выглядзе марксізму-ленінізму доўгі час з’яўляўся афіцыйнай савецкай ідэалогіяй. Пасля распаду Савецкага Саюзу ён падвергся інтэнсіўнай крытыцы. Але ў той жа час, марксісцкія схемы разважанняў і да гэтага часу выкарыстоўваюцца шмат у якіх падручніках і штодзённым жыцці. Таму трэба ведаць, што такое марксізм, каб мець магчымасць супаставіць яго з іншымі вучэннямі.

2. Марксізм уяўляе сабой адну з найбольш глыбокіх сацыяльных тэорый. Прапанаваны ў ім метад аналізу грамадства плённы і зараз. Калі казаць надзвычай спрошчана, гэты метад зводзіцца да выяўлення інтарэсаў (перш за ўсё эканамічных) тых ці іншых сацыяльных груп.

Раней класікамі марксізму лічыліся Карл Маркс (1818–1883), Фрыдрых Энгельс (1820–1895) і Уладзімір Ільіч Ленін (1870–1924). Зараз, як правіла, абмяжоўваюцца толькі Марксам.

Асаблівасці марксісцкага светапогляду:

1. Мае дзейсны характар. Неад’емным яго кампанентам з’яўляецца імкненне ператварыць свет. Марксізм – гэта не толькі філасофскае вучэнне, але і палітычная праграма, якая ўвасобілася ў дзейнасці сацыялістычных і камуністычных партый.

2. Уяўляе сабой цэласную сістэму, куды ўваходзяць: марксісцкая палітэканомія, марксісцкая філасофія (дыялектычны матэрыялізм) і навуковы камунізм. Адпаведна ў якасці крыніц, з якіх узнік марксізм, называюць англійскую палітэканомію, нямецкую класічную філасофію і французскі матэрыялізм, а таксама французскі утапічны сацыялізм.

3. Філасофія марксізму сфарміравалася ў выніку крытычнага пераасэнсавання і творчага сінтэзу ідэалістычнай дыялектыкі Гегеля і антрапалагічнага матэрыялізму Феербаха. Ад першага была запазычана ідэя развіцця ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі законамі. Ад другога – палажэнне аб тым, што свет разглядаецца праз прызму чалавечых патрэб і, наадварот, – тлумачэнне чалавека патрабуе тлумачэння свету.

4. Матэрыялістычнае разуменне гісторыі. “Не свядомасць людзей вызначае іх быццё, але, наадварот, іх грамадскае быццё вызначае іх свядомасць” – найбольш дакладнае акрэсленне матэрыялізму Маркса. Пад грамадскім быццём у марксізме разумеецца сукупнасць вытворчых адносін. Іх матэрыяльнасць заключаецца ў тым, што яны складваюцца і развіваюцца па сваіх іманентных законах, існуюць аб’ектыўна, незалежна ад таго, асэнсоўваюць іх людзі, ці не.

5. Згодна з марксізмам рухавіком грамадскага прагрэсу выступаюць супярэчнасці паміж новымі вытворчымі сіламі і існуючымі вытворчымі ўзаемаадносінамі. Для ўсіх фармацый, за выключэннем першабытна-абшчыннай і камуністычнай, гэта супярэчнасць праяўляецца ў форме класавай барацьбы, якая прыводзіць да рэвалюцыі.

6. Філасофіяй марксізму з’яўляецца дыялектычны матэрыялізм. Згодна з ім адзінай фундаментальнай асновай свету з’яўляецца матэрыя. Усё – альбо матэрыя, альбо ўзнікае з яе. Яна – вечная і бясконцая ў прасторы і часе. Валодае здольнасцю да самазмянення і самаразвіцця, што ажыццяўляецца дзякуючы ўзаемадзеянню ўласцівых ёй дыялектычных супрацьлегласцей.

У канцы ХІХ ст. сярод найбольш аўтарытэтных марксістаў Германіі назіраецца адыход ад артадаксальнага вучэння. Дапускаецца філасофскі плюралізм, які сцвярджае, што галоўнае – вызваленне пралетарыяту, і неістотна, пры дапамозе якіх філасофскіх поглядаў, ідэалістычных альбо матэрыялістычных, яно будзе абгрунтавана.

Гэтая тэндэнцыя сустрэла рашучы адпор з боку Леніна ў яго галоўнай філасофскай працы “Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм” (1909). Менавіта яе палажэнні з’явіліся асновай марксісцка-ленінскай філасофіі, якая ў Савецкім Саюзе мела характар афіцыйнай ідэалогіі.

У Заходняй Еўропе сфарміраваўся неамарксізм. Для яго характэрна крытычнае стаўленне як да капіталізму, так і да таго ладу, які пад назвай сацыялізму быў усталяваны ў Савецкім Саюзе. У неамарксізме метадалогія Маркса ўжывалася для аналізу грамадства ХХ ст. Яго прадстаўнікамі з’яўляюцца: Дзьёрдзь Лукач (1885–1971), Антоніа Грамшы (1891–1937), Тэадор Адорна (1903–1969), Юрген Хабермас (нар. 1929), Вільгельм Райх (1897–1957), Эрых Фром (1900–1980), Герберт Маркузэ (1898–1979), Луі Альцюсер (1919–1990) і інш.

Спрэчкі наконт тых ці іншых палажэнняў марксізму ідуць і зараз. Марксізм – філасофскае вучэнне, якое аказала каласальны ўплыў на гісторыю ХХ ст.

Літаратура


  1. Андерсон, П. Размышления о западном марксизме / П. Андерсон. – М. : Интер-Версо, 1991 – 272 с.

  2. Диалектический и исторический материализм / под общ. ред. А. Г. Мысливченко, А. П. Шептулина. – М. : Политиздат, 1988. – 446 с.

  3. Рахманов, А. Б. Социальная философия К. Маркса и Ф. Энгельса и ее антиномии / А. Б. Рахманов. – Москва : URSS : Либроком, 2012. – 602 с.

Тэма 9. Філасофія К’еркегора, Шапенгаўэра, Ніцшэ
У сярэдзіне XІX ст. адбываецца разрыў у традыцыі і філасофія набывае новае аблічча. Гэта ўвасабляецца ў такіх постацях, як Сёрэн К’еркегор, Артур Шапенгаўэр і Фрыдрых Ніцшэ.

У іх вучэннях адбываецца крытыка рацыяналізму з яго прэтэнзіяй пры дамамозе розуму цалкам растлумачыць свет. К’еркегор і Шапенгаўэр прама палемізавалі з Гегелем, Ніцшэ – з усёй папярэдняй традыцыяй.

Кожны з гэтых мысліўцаў меў трагічны асабісты лёс. Яны былі неўладкаванымі ў жыцці і адзінокімі людзьмі, не мелі вучняў і прызнання. Іх вучэнні мелі прароцкі характар і аказалі вялікі ўплыў на філасофію ХХ ст.

К’еркегор Сёрэн (1813–1855) быў не толькі філосафам, але таксама пратэстанцкім тэолагам і пісьменнікам. Яго асноўнымі творамі з’яўляюцца: “З запісак таго, хто яшчэ жыве” (1838), “Аб паняцці іроніі»” (1841), “Павучальныя прамовы” (1842), “Альбо – альбо” (1843), “Хвароба да смерці” (1849), “Уводзіны ў храсціянства” (1850).

Сваю дзейнасць К’еркегор разглядаў як адстойванне чысціні першапачатковага хрысціянства. Ён настойваў на трансцэндэнтнасці1 Бога і неабходнасці вяртання да біблейскай рэлігійнасці.

Цэнтральнае месца ў вучэнні К’еркегора займае канцэпцыя трох стадый чалавечага існавання: эстэтычнай, этычнай і рэлігійнай.

На першай з іх чалавек імкнецца атрымаць задавальненне ад рэчаіснасці. Але такім чынам ён губляе сябе, жыве толькі знешнімі асалодамі. (Сімвалам гэтай стадыі з’яўляецца Дон Жуан). Аднак чалавек не можа жыць толькі знешнім, і таму пераходзіць да другой, этычнай, стадыі. На ёй ён добраахвотна падпарадкоўваецца маральнаму закону, асэнсоўвае свой абавязак перад ім. (Сімвалам гэтай стадыі з’яўляецца Сакрат). Але і гэта не з’яўляецца сапраўднай духоўнасцю, бо чалавек саманадзейна ўпэўнены, што менавіта ад яго залежыць ажыццяўленне дабра. Таму ён не хоча ведаць пра вечнасць і ўзвысіцца да Бога. Асэнсаванне гэтага вядзе да рэлігійнай стадыі. На ёй чалавек цалкам адмаўляецца ад сябе і ў акце веры давяраецца Богу. Сімвалам гэтай стадыі з’яўляецца Аўраам, які па загаду Бога быў гатовы зрабіць жахлівы з пункту погляду маралі ўчынак – прынесці ў ахвяру свайго адзінага сына Ісаака.

Шырокую вядомасць філасофія К’еркегора атрымала ў пачатку ХХ ст., калі да яе звярнулася дыялектычная тэалогія, а потым экзістэнцыялізм.

Артур Шапенгаўэр (1788–1860) вядомы сваім адзіным творам: “Свет як воля і ўяўленне” (1818). У ім погляды філосафа прадстаўлены ў закончаным выглядзе, у далейшых працах яны толькі дапаўняюцца і развіваюцца. Асноўнае яго палажэнне: свет ёсць не што іншае, як уяўленне. У адпаведнасці з вучэннем Канта, Шапенгаўэр сцвярджаў, што пачуццёвы свет існуе толькі ў свядомасці суб’екта і не мае незалежнага ад яе існавання. Няма ні сонца, ні зямлі, а ёсць толькі вока, якое бачыць, і рука, якая дакранаецца. Ніхто не можа выскачыць з сябе, каб убачыць рэчы самі па сабе. Рэальнай асновай свету з’яўляецца воля да існавання. Эмпірычны свет – гэта яе аб’ектывацыя, вышэйшай стадыяй якой з’яўляецца чалавек. Кожнай аб’ектывацыі ўласціва імкненне да панавання, што абумоўлівае “вайну ўсіх супраць усіх”. У чалавеку гэтае імкненне знаходзіць найбольш інтэнсіўнае выражэнне, менавіта яно асуджае чалавека на бессэнсоўную мітусню, якая параджае пакуты.

Далейшыя разважанні Шапенгаўэра запазычаны з будызму. Каб пазбавіцца ад крыніцы пакут, чалавек павінен пераадолець волю да жыцця і адмовіцца ад жаданняў. Аснову маральных паводзін чалавека складаюць, па Шапенгаўэру, два прынцыпы: аскетызм да сябе і альтруізм да іншых. Канчатковая мэта жыцця чалавека – гэта тое, што ў будызме называецца нірванай.

Ідэі Шапенгаўэра ўвайшлі ў склад неакантыянства, філасофіі жыцця, экзістэнцыялізму, інтуітывізму, прагматызму, псіхааналізу, ён аказаў уплыў на погляды Р. Вагнера, Э Гартмана, Ф. Ніцшэ, Т. Мана, М. Пруста, Ул. Салаўёва, Л. Талстога, А. Фета і інш.

Пры знаёмстве з поглядамі Ф. Ніцшэ трэба ўлічваць, што ён – адна з самых яскравых і спрэчных постацяў у гісторыі філасофіі. Большасць яго палажэнняў маюць свядома парадаксальны характар і іх нельга ўспрымаць непасрэдна, без крытычнага асэнсавання. Каштоўныя хутчэй тыя пытанні, якія ён паставіў, чым адказы, якія ён на гэтыя пытанні даў.

Асноўнымі яго творамі з’яўляюцца: “Нараджэнне трагедыі з духу музыкі” (1872), “Несвоечасовыя разважанні” (1873–1876), “Так казаў Заратустра” (1883–1885), “Чалавечае, занадта чалавечае” (1878–1880), “Вясёлая навука” (1882), “Па той бок дабра і зла” (1886), “Воля да ўлады” (1889–1901). Іх асаблівасцю з’яўляецца незвычайны для філасофіі стыль афарызмаў і дыфірамбаў.

Ніцшэ не быў прафесійным філосафам і паводзіў сябе хутчэй як прарок, чым як прафесар. Ён супрацьпастаўляў сваю філасофію філасофіі спецыялістаў. Па адукацыі ён быў філолаг, і яго творы належаць хутчэй літаратуры, чым філасофіі. У той жа час аб філалогіі ён адзываўся вельмі пагардліва, называў яе пачварай, зачатай багіняй Філасофіяй з нейкім ідыётам. Ніцшэ лічыцца заснавальнікам філасофіі жыцця, у сваіх творах ён праслаўляў сілу, энергію, волю. У той жа час ён быў чалавекам з вельмі няўстойлівай нервовай сістэмай, меў перапады настрою, быў непрыстасаваным да жыцця і апошнія дванаццаць гадой правёў у стане вар’яцтва. Розум пакінуў яго ў 1889 г. ў Турыне, калі ён пабачыў, як рамізнік збівае каня.

Вучэнне Ніцшэ – род духоўнага практыкавання, ён шмат разоў паўтарае свае палажэнні, асноўнымі з якіх з’яўляюцца:

1. Пераацэнка ўсіх каштоўнасцей. Еўрапейская культура сфарміравалася ў межах платанічна-хрысціянскіх ідэй аб сапраўдным пазазямным свеце і, адпаведна, пагардзе да света зямнога. Гэтую пагарду Ніцшэ разглядае як праяву нігілізму. Ён лічыць, што яго трэба пераадолець і зыходзіць з каштоўнасцей таго зямнога свету, у якім чалавек жыве: сілы, энергіі, волі і г. д.

2. Смерць Бога – сімвал эпохі, якая ідзе за нігілізмам. Азначае страту веры ў вышэйшыя каштоўнасці, якімі да гэтага кіравалася культура.

3. Звышчалавек – істота, якая па сваёй магутнасці павінна была пераўзысці сучаснага чалавека настолькі, наколькі апошні пераўзышоў малпу; сканцэнтроўвае ў сабе сілы жыцця; прымае жыццё ў яго найбольш экстрэмальных праявах; творца, воля якога накіроўвае гістарычнае развіццё. Прататыпамі звышчалавека Ніцшэ лічыў Аляксандра Македонскага, Цэзара, Чэзарэ Борджыа і Напалеона.

4. Воля да ўлады. Сфарміравалася як супрацьпастаўленне арыентацыі на трансцэндэнтнае дэкадэнцкага свету. Разумелася як іманентны, жывы, ірацыянальны пачатак усяго, што ёсць у свеце. Згодна з Ніцшэ, станаўленне ёсць намаганне, а імкненне да росту ёсць умова захавання жыццця. Гэта намаганне, “прагу жыцця”, Ніцшэ называе “воляй да ўлады”. Разумее яе анталагічна, яна сутнасць быцця.

У асноўным Ніцшэ аказаў уплыў на тых мысліўцаў ХХ ст., якія аналізавалі крызісныя з’явы ў еўрапейскай культуры.



Літаратура


  1. Быховский, Б. Э. Кьеркегор / Б. Э. Быховский. – М. : “Мысль”, 1972. – 238 с.

  2. Быховский, Б. Э. Шопенгауэр / Б. Э. Быховский. – М. : “Мысль”, 1975. – 206 с.

  3. Гайденко, П. П. Трагедия эстетизма. О миросозерцании Серена Киркегора / П. П. Гайденко. – М. : Республика, 1997. – 207 с.

  4. Немировская, Л. З. Ницше : мораль “по ту сторону добра и зла” / Л. З. Немировская. – М. : Знание, 2003. – 213 с.

  5. Ясперс, К. Ницше и христианство / К. Ясперс // Философские науки. – 1999. – № 3. – С. 117–129.


Тэма 10. Філасофія ХХ стагоддзя
Еўрапейскую філасофскую традыцыю можна ўмоўна падзяліць на два этапы: класічны і некласічны. Першы пачынаецца з VI ст. да н. э і працягваецца да сярэдзіны ХІХ ст., другі – з пачатку ХХ ст. Вучэнні К’еркегора, Шапенгаўэра, Ніцшэ – пераходны прамежак паміж гэтымі этапамі. Раней некласічная філасофія яшчэ называлася сучаснай і атаясамлівалася з філасофіяй ХХ ст. Зараз сучасная філасофія – гэта філасофія пачатку ХХІ ст.

Трэба ўлічваць, што некласічная філасофія ўяўляе сабой складаную і разнастайную з’яву. Мы можам схематычна пералічыць толькі яе некаторыя асноўныя рысы.

1. Асэнсаванне перарванасці традыцыі. Гэта зафіксавана і шэрагам філосафаў: яны ўспрымалі сваю творчасць як тое, што адрозніваецца ад папярэдняй філасофіі.

2. Класічная філасофія прэтэндавала на ўсеагульнае тлумачэнне Сусвету. Некласічная філасофія ад гэтых прэтэнзій адмаўляецца і імкнецца растлумачыць толькі адзін з бакоў рэчаіснасці.

3. Для класічнай філасофіі ў цэлым быў уласцівы рацыяналізм – вера ў тое, што розум з’яўляецца асноўным інструментам пазнання свету і што паступова пры яго дапамозе свет будзе пазнаны ўсё больш поўна. У некласічнай філасофіі адбываецца крытыка рацыяналізму, якая ідзе ў двух асноўных накірунках: а) паказваецца, што рацыянальнае пазнанне мае абмежаваны характар і не можа ахапіць усю рэчаіснасць; б) розум разглядаецца як сродак не столькі пазнання, колькі панавання. Пры яго дапамозе ствараецца схема рэчаіснасці, якая лічыцца адзіна правільнай і навязваецца.

4. Узорам метадалогіі для класічнай філасофіі з’яўлялася прыродазнаўства. Філосафы імкнуліся пабудаваць свае творы ў выглядзе навуковых трактатаў. Філасофія ХХ ст. ад гэтага адмаўляецца і арыентуецца хутчэй на літаратуру. На месца навуковых трактатаў прыходзяць эсэ. Найбольш яскравы праклад – творы экзістэнцыялістаў, персаналістаў, постструктуралістаў і постмадэрністаў.

5. Мноства школ і накірункаў. Калі казаць пра філасофію Новага часу, то яе, у прынцыпе, можна апісаць з пункту погляду двух кірункаў: рацыяналізму і эмпірызму. У ХХ ст. з’явіліся неа- і постпазітывізм, экзістэнцыялізм, персаналізм, фрэйдызм і неафрэйдызм, неамарксізм, неатамізм, структуралізм, постструктуралізм, постмадэрнізм і г. д.

Мы схематычна разгледзім наступныя накірункі некласічнай філасофіі.

1. Пазітывізм (фр. positivisme, ад лац. positivusстаноўчы) – філасофская вучэнне і накірунак у філасофіі навукі, у якім сцвярджалася, што адзінай крыніцай і ісціных сапраўдных ведаў з’яўляюцца эмпірычныя даследаванні, а філасофскія палажэнні не маюць пазнаваўчай каштоўнасці.

Вылучаюць чатыры этапы развіцця пазітывізму:

1) класічны пазітывізм. Заснавальнікам гэтага пазітывізму з’яўляецца французскі філосаф Агюст Конт (1798–1857). У праграмнай кнізе “Дух пазітыўнай філасофіі” (1844) ён пастуляваў наяўнасць трох стадый інтэлектуальнага развіцця чалавецтва: тэалагічнай, метафізічнай і навуковай. На апошняй стадыі філасофія адмаўляецца ад абмеркавання традыцыйных метафізічных праблем і займаецца абагульненнем і сістэматызацыяй вынікаў навуковага пазнання.

Іншымі прадстаўнікамі класічнага пазітывізму з’яўляюцца Джон Сцюарт Міль (806–1873) і Герберт Спенсэр (1820–1903).

2) эмпірыякрытыцызм. Існаваў ў канцы XIX – пачатку ХХ стст. Лідэрам пазітывізму ў гэты час робіцца аўстрыйскі фізік Эрнст Мах (1838–1916). У гэты час былі адкрыты электрамагнітныя з’явы, якія немагчыма было растлумачыць з пункту погляду існуючай механічнай карціны свету.

Свет, з пункту погляду Маха, складаецца з нейтральных элементаў, якія ўяўляюць сабой аб’яднанне фізічнага і псіхічнага. Вучэнне аб нейтральных элементах павінна было, на думку Маха, пераадолець крайнасці матэрыялізму і ідэалізму і вырашыць супярэчнасць паміж гэтымі накірункамі.

3) неапазітывізм альбо лагічны пазітывізм. Існаваў у 20–50 гг. ХХ ст. Яго прадстаўнікамі з’яўляюцца: Морыц Шлік (1882–1936), Людвіг Вітгенштэйн (1889–1951), Рудольф Карнап (1891–1970), Ота Нейрат (1882–1945). Грунтаваўся на эмпірызме і аналізе мовы. Задачай філасофіі лічылася не сістэматызацыя спецыяльна-навуковых ведаў, як гэта было ў класічным пазітывізме, а распрацоўка метадаў аналізу навукі праз аналіз яе мовы. Асноўным такім метадам лічылася верыфікацыя (ад лац. verusсапраўдны і facioраблю) – эмпірычнае пацвярджэнне тэарэтычных палажэнняў дадзенымі вопыта.

Згодна з неапазітывізмам навуковымі з’яўляюцца толькі тыя палажэнні, якія можна верыфікаваць. Палажэнні філасофіі (метафізікі) верыфікаваць немагчыма, таму яны не ісцінныя і не памылковыя, але бессэнсоўныя. Але неапазітывізм сутыкнуўся з тым, што прынцыпа верыфікацыі не вытрымлівае ні адна навуковая тэорыя.

4) постпазітывізм. Яго асноўныя прадстаўнікі: Карл Попер (1902–1994), Томас Кун (1922–1996), Імрэ Лакатас (1922–1974), Пол Фейерабенд (1924–1994), Майкл Палані (1891–1976), Сцівен Тулмін (нар. 1922). Усіх іх аб’ядноўвае крытычнае стаўленне да той праграмы абгрунтавання навукі, якую прапанаваў неапазітывізм.

Замест верыфікацыі К. Попер прапанаваў фальсіфікацыю (лат. falsusнесапраўдны) ў якасці крытэрыя дэмаркацыі ведаў: навуковай з’яўляецца толькі тая тэорыя, якая ў прынцыпе можа быць абвергнута (фальсіфікавана) вопытам.

У працы Томаса Куна «Структура навуковых рэвалюцый» (1962) было паказана, што навука развіваецца не шляхам паступовага накаплення ведаў і набліжэння да ісціны, але праз змену парадыгм1. Кун вылучаў у развіцці навукі два перыяды: перыяд нармальнай навукі і навуковую рэвалюцыю.

Лакатас апісаў навуку як канкурэнтную барацьбу “навукова-даследчых праграм”, якая складаюцца з “жорсткага ядра” прынятых фундаментальных дапушчэнняў (не могуць быць зменены ўнутры праграмы) і “ахоўнага пояса” дапаможных гіпотэз, якія мяняюцца і прыстасоўваюцца да контрпрыкладаў праграмы.

Фейерабенд адстойваў ідэю аб тым, што не павінна існаваць такіх метадалагічных правіл, якія заўсёды выкарыстоўваюць вучоныя. Ён выступаў за метадалагічны анархізм, бо любы метад ставіць межы ў дзейнасці вучонага і такім чынам абмяжоўвае прагрэс.

2. Экзістэнцыялізм – філасофскі кірунак ХХ ст., цэнтрам увагі якога з’яўляецца існаванне чалавека (ад. позднелац. existentiaіснаванне). Быў распаўсюджаны ў Еўропе і ЗША ў першай палове ХХ ст. Найбольш вядомыя прадстаўнікі: Карл Ясперс (1883–1969), Марцін Хайдэгер (1889–1976), Жан Поль Сартр (1905–1980), Габрыэль Марсель (1889–1973), Альбер Камю (1913–1960).

Адна з характэрных рыс экзістэнцыялізму – тое, што ён шчыльна звязаны з мастацкай літаратурай. Вядомы творы Сартра “Дарогі свабоды” (1945–1949), “Мухі” (1943), “Д’ябал і Гасподзь Бог” (1951), Камю “Калігула” (1944), “Падзенне” (1956), “Чужы”(1942), “Чума” (1947), Марселя “Расколаты свет” (1933), “Смага” (1938), “Рым больш не ў Рыме” (1951) і іншыя. Камю (1957 г.) і Сартру (1964) былі прысуджаны Нобелеўскія прэміі па літаратуры.

У экзістэнцыялізме выразіліся духоўныя праблемы заходняга чалавека ХХ ст. Яго асноўныя тэмы: чалавечае існаванне, лёс асобы, свабода, вера і нявер’е, праблема сэнсу жыцця. Сваімі папярэднікамі экзістэнцыялісты лічаць Б. Паскаля, С. К’еркегора, М. Унамуна, Ф. М. Дастаеўскага, Ф. Ніцшэ.

Вылучаюць рэлігійны (Ясперс, Марсель) і атэістычны (Хайдэгер, Сартр, Камю) экзістэнцыялізм.

У экзістэнцыялізме адбыўся паварот ад гнасеалогіі да анталогіі. Асноўным недахопам папярэдняй філасофіі экзістэнцыялісты лічылі падзел рэчаіснасці на аб’ект і суб’ект. Сапраўдная філасофія павінна зыходзіць з іх еднасці, якой з’яўляецца экзістэнцыя.

Пазначаюцца яе наступныя модусы: 1. Закінутасць – чалавек заўсёды знаходзіць сябе ў акрэсленай сітуацыі, якая не з’яўляецца актам яго свабоднага выбару і з якой ён павінен лічыцца. Экзістэнцыя ёсць “быццё-ў-свеце”. 2. Трансцэндзіраванне1 – з пункту погляду рэлігійнага экзістэнцыялізму адбываецца ў накірунку да Бога. Атэістычны экзістэнцыялізм лічыць, што трансцэндэнцыя мае ілюзорны характар і адбываецца ў нішто. 3. Часавасць – экзістэнцыя канечная і цягнецца пэўны час. Яе часавасць адрозніваецца ад аб’ектыўнага часу, як чыстай колькасці, абыякавай да свайго зместу. Экзістэнцыяльная часавасць вызначаецца тымі падзеямі, якія ў ёй адбываюцца. 4. Свабода, якая разумеецца як свабода выбару. Свабода чалавека адрозніваецца ад свабоды жывёл, паколькі іх учынкі вызначаюцца іх сутнасцю, чалавек жа ёй не валодае і таму самастойна будуе свае паводзіны і нясе за іх адказнасць.

3. Неатамізм – найбольш аўтарытэтны кірунак каталіцкай філасофіі. Грунтуецца на вучэнні Фамы Аквінскага. Пасля апублікавання ў 1879 годзе энцыклікі папы Льва XIII “Aeterni Patris” (“Айцу вечному”) ён набыў статус афіцыйнай філасофскай дактрыны каталіцкай царквы. Вядучымі прадстаўнікамі неатамізму з’яўляюцца Эцьен Жыльсан (1884–1978), Жак Марытэн (1882–1973), Карл Ранер (1904–1984), Караль Вайтыла (1920–2005) і інш. Ужо ў першай палове ХХ ст. разам з тэндэнцыяй на захаванне філасофіі Фамы з’явіліся імкненні дапоўніць яе палажэннямі іншых філософаў. Пасля ІІ Ватыканскага сабору (1962–1965 гг.), які ўзяў курс на аджорнамэнта (італ. aggiornamentoадпаведнасць сённяшняму дню), гэтыя тэндэнцыі ўзмацніліся. Зараз неатамізм – не адзіны, але вядучы філасофскі кірунак у каталіцкай царкве. Яго асноўнымі праблемамі з’яўляюцца:

1. Праблема суаднясення розуму і веры. У філасофіі неатамізму гармонія розуму і веры абгрунтоўваецца праз канцэпцыю ступеняў пазнання Фамы Аквінскага.

2. Праблема быцця. Вырашаецца на грунце крэацыянізму. Неатамісты сцвярджаюць, што ў аснове ўсяго існуючага знаходзіцца татальнасць чыстага боскага быцця, якое параджае разнастайнасць стварэння. Разнастайнасць быцця тлумачыцца пры дапамозе сфармуляванай яшчэ Арыстоцелем канцэпцыі гілемарфізму1.

3. Праблема актыўнасці чалавека. У неатамізме чалавек разглядаецца як творца культуры, якая ёсць працэс самаўдасканальвання чалавека. Абнаўленне культуры звязваецца з увасабленнем у жыццё “інтэгральнага гуманізму”, калі чалавек бярэцца ў адзінстве яго пачуццяў, розуму і веры.

Персаналізм (от лац. personaасоба), філасофскі накірунак, які выходзіць з ідэі аб тым, што асоба чалавека з’яўляецца першаснай творчай рэчаіснасцю, а ўвесь свет – праява творчай актыўнасці “Вярхоўнай Асобы” – Бога. Сфарміраваўся ў 20–30-я гг. ХХ ст. Найбольш вядомым яго прадстаўніком з’яўляецца французскі філосаф Эмануэль Мунье (1905–1950).

У аснове персаналізму знаходзіцца прынцып дыялагічнага суіснавання чалавека і Бога. Персаналісты зыходзяць з камунікатыўнай тэорыі асобы: Бог разглядаецца як той Другі, ва ўзаемадзеянні з якім чалавек робіцца асобай. У сацыяльнай тэорыі быў сфарміраваны ідэал “персанальнай і камунікатыўнай цывілізацыі”, альбо “грамадства асобаў”. Было абвешчана, што асоба – вышэйшая сутнасць дэмакратыі.



Структуралізм – агульная назва для шэрагу накірункаў у гуманітарным пазнанні ХХ ст., звязаных з выяўленнем структуры – сукупнасці такіх шматузроўневых узаемаадносін паміж элементамі цэлага, якія захоўваюць устойлівасць пры разнастайных зменах і пераўтварэннях. Структуралізм больш адэкватна разглядаць не як філасофію, а як метадалагічную праграму, якая за ўзор бярэ метады прыродазнаўчых навук.

Пачатак фарміравання метадалогіі структуралізму звязваецца з выхадам працы швейцарскага вучонага Фердзінанада дэ Сасюра (1857–1913) “Курс агульнай лінгвістыкі”. Яе галоўныя палажэнні: 1. Мова з’яўляецца сістэмай знакаў. 2. Кожны знак можа выражаць нешта толькі ва ўзаемадзеянні з іншым знакам.

У 1950-х гг. французскі этнограф К. Леві-Строс (1908–2009) распаўсюдзіў метады структуралізму на даследаванне культуры. Апорай яго метада стала вылучэнне так званых несвядомых бінарных апазіцый (прырода – культура, расліннае – жывёльнае, сырое – варанае і г. д.).

Менавіта працы Леві-Строса (які, дарэчы, лічыў сябе адзіным сапраўдным структуралістам) паклалі пачатак французскаму структуралізму, альбо уласна структуралізму, які займаўся аналізам культуры. Да яго належаць таксама Жан Лакан (псіхааналіз), Ралан Барт (літаратуразнаўства масавая культура), ранні Мішэль Фуко (гісторыя навукі). Структуралізм, з яго прэтэнзіяй на навуковасць, выконваў у Францыі тую ж ролю, якую ў іншых краінах выконваў неапазітывізм.

У структуралізме выразіўся пратэст супраць суб’ектывізму экзістэнцыялізму. Найбольшая цікавасць да яго назіралася – у 50-х – першай палове 60-х гг. Але потым яна пайшла на памяншэнне. Пачалі шукаць тое, што выходзіць за межы структур. У выніку самакрытыкі структуралізму і развіцця яго тэндэнцый узнік постструктуралізм.

Постструктуралізм – падыходы ў сацыяльна-гуманітарным пазнанні 1970–1980-х гг. якія выходзілі з семіатычнай трактоўкі рэчаіснасці (як сукупнасці знакаў), але асноўная ўвага ў іх была сканцэнтравана на аналізе па-за структурных элементаў (на “вывараце” структуры). Галоўным іспульсам эвалюцыі структуралізму ў постструктуралізм з’явіліся майскія падзеі ў Парыжы 1968 г. Характэрны лозунг 1968 г.: “Структуры не выходзяць на вуліцы”. У цэнтры постструктуралізму – выкрыццё ўлады, якая рэалізуе сябе праз структуры культуры. Як і структуралізм, постструктуралізм быў распаўсюджаны ў асноўным у Францыі.

Асноўныя рысы: 1) крытыка метафізікі з яе арыентацыяй на логас; 2) непрыманне цэласнасці і схільнасць да ўсяго нестабільнага, супярэчлівага, фрагментарнага і выпадковага; 3) выкрыццё стратэгій ажыццяўлення ўлады, якія ў грамадстве не асэнсоўваюцца; 4) пошук маргінальных зон свабоды (жаданне, гісторыя, афекты, цела і г. д.).

Постструктуралізм з’явіўся філасофскай асновай для постмадэрнізму, таму шмат якія постструктуралісты ў далейшым зрабіліся постмадэрністамі.

Постмадэрнізм (фр. postmoderneпасля сучаснасці) – кірунак у еўрапейскай культуры канца ХХ ст., у аснове якога – адмаўленне ўстановак сучаснасці (мадэрну) на прагрэс, рацыянальнае спасціжэнне рэчаіснасці, ўзмацненне ролі суб’екта і інш. Асноўныя прадстаўнікі: Жан-Франсуа Ліатар (1924–1998), Ралан Барт (1915–1980), Жорж Батай (1897–1962), Рычард Рорці (1931–2007), Жак Дэрыда (1930–2004), Жыль Дэлёз (1925–1995), Фелікс Гватары (1930–1992), Жан Бадрыяр (1929–2007), Юлія Крысцева (нар. 1935).

Пасля выхаду працы Ліатара “Постмадэрністскі стан: даклад аб ведах” (1979) пры дапамозе тэрміна “постмадэрінізм” сталі выражаць духоўную спецыфіку сучаснай эпохі. Асноўнай рысай постмадэрнізму Ліатар лічыў “адмаўленне ад метанаррацый” – ідэй і канцэпцый, якія прэтэндуюць на ўсеагульнае апісанне свету. Постмадэрнісцкая філасофія займае радыкальна крытычную пазіцыю адносна ідэй мадэрнізму і імкнецца падвергнуць іх “дэканструкцыі”.

Можна вылучыць наступныя асноўныя рысы постмадэрнізму:


  1. Людзі не маюць непасрэднага доступу да рэчаіснасці, таму няма адэкватных сродкаў для яе пазнання. Рэчаіснасць трактуецца як хаос, які арганізуецца пры дапамозе мовы, людзі з’яўляюцца “палоннымі мовы”. Таму прырода рэчаіснасці вызначаецца тымі, хто валодае ўладай па фарміраванню мовы.

  2. Ідэалам апісання з’яўляецца радыкальны плюралізм, а пазнаваўчым ідэалам – радыкальны рэлятывізм. Адмаўляецца само паняцце ісціны, лічыцца, што яно мае рэпрэсіўны характар.

  3. Адмаўляецца любая іерархія, усё – раўназначна, няма розніцы паміж ісцінным і памылковым, прыгожым і брыдкім, дабром і злом. Адзін з аспектаў гэтага – адмаўленне так званых “бінарных апазіцый”: “суб’ект-аб’ект”, “мужчынскае-жаночае”, “унутранае-вонкавае”, “цэнтр-перыферыя”.

4. Адмаўляецца суб’ект. Яго месца займаюць шматлікія безасабовыя структуры: патокі жаданняў (Дэлёз, Гватары), трансгрэсія і эратызм (Батай), спакушэнне (Бадрыяр) і г. д. Суб’ект разумеецца як від аб’екту. У выніку антрапацэнтрызм філасофіі Новага часу змяняецца мноствам анталогій, якія будуюцца ў адпаведнасці з тым ці іншым “аб’ектам”.

5. Адмаўляецца магчымасць у сучасных умовах любой метафізікі. Гэта выліваецца ў адмаўленне ад самой філасофіі – яе праблем, катэгарыяльнага апарата, метадаў даследавання. Постмадэрнісцкая філасофія разглядае сябе як “постфіласофію”.





Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал