В. А. Шпакоўская Складанае сінтаксічнае цэлае



Дата канвертавання15.05.2016
Памер55.19 Kb.
Актуальные проблемы преподавания иностранных языков

в высшей школе Республики Беларусь – 2014

________________________________________________________________


УДК 811.161.3’36
© В. А. Шпакоўская
Складанае сінтаксічнае цэлае

ў беларускіх літаратурных афарызмаХ
Ключевые слова: афоризм, сложное синтаксическое целое, предложение, связь, диалог, суждение, риторическое высказывание.

Keywords: аphorism, compound syntactic entity, sentence, link, dialogue, judgement, rhetorical question.


Рассматриваются белорусские литературные афоризмы, в составе которых есть сложное синтаксическое целое, оценивается их количественная представленность по отношению к другим белорусским литературным афоризмам. Определяются основные типы синтаксической связи между предложениями в афоризмах, характеризуются их целевая направленность, структурная организация и модальность.

The article considers the Belarusian literary aphorisms comprising compound syntactic entity. The author presents the percentage ratio of these and other types of the Belarusian literary aphorisms. The major types of links used in such aphorisms are defined and characterized according to their goal, organization and modality.


Афарызмы, якія па сваёй сінтаксічнай структуры з’яўляюцца складаным сінтаксічным цэлым складаюць прыкладна 16% ад агульнай колькасці беларускіх літаратурных афарызмаў.

Складанае сінтаксічнае цэлае – гэта полікамунікатыўная сінтаксічная адзінка, якая арганізавана з двух ці больш самастойных сказаў (простых або складаных), аб’яднаных адпаведнымі сродкамі сувязі і па сэнсе [1, с. 498].

Такія афарызмы структурна складаюцца з некалькіх сказаў, якія могуць з’яўляцца простымі або складанымі, але гэтыя сказы заўсёды звязаны паміж сабой агульнай тэмай, якую нельга выразіць адным сказам. Афарызм, як складанае сінтаксічнае цэлае, адрозніваецца ад афарызма, які з’яўляецца адным сказам, толькі аб’ёмам. Для такіх афарызмаў характэрна таксама семантычная і сінтаксічная завершанасць. У семантычным плане складанае сінтаксічнае цэлае характарызуецца тым, што кожны з наступных сказаў пашырае і развівае змест папярэдняга. У кожным сінтаксічным цэлым сэнсавая згуртаванасць у межах адной тэмы з’яўляецца абавязковай умовай [2, с. 179].

Складанае сінтаксічнае цэлае здольна комплексна, эканомна і дакладна перадаць самыя тонкія сэнсавыя і эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні розных значэнняў [1, с. 499]. У гэтым яго адрозненне ад абзаца, які з’яўляецца часткай друкаванага або рукапіснага тэксту ад аднаго чырвонага радка да другога, якая складаецца з аднаго ці некалькіх сказаў і характарызуецца адзінствам і адноснай закончанасцю зместу [3, с. 205].

У складаным сентаксічным цэлым вылучаюцца два віды міжфразавай сувязі – паралельная і ступеньчатая (ланцужковая) [1, с. 498].

Ступеньчатая (лунцужковая) сувязь служыць для прымацавання сказаў, якія маюць разнатыпную будову, г. зн. не паўтараюць структуру стрыжнёвага сказа, а развіваюць яе [1, с. 498]. Такі тып сувязі самы распаўсюджаны сярод афарызмаў са структурай складанага сінтаксічнага цэлага (12%), паводле яго сказы злучаюцца лексічна-сінтаксічна, або пры дапамозе прымыкання [5, с. 223], напр.: Імкненне да новага жыцця ніколі не пакідае чалавека. Пры розных умовах існавання, прымаючы новыя формы, убіраючыся ў розныя вопраткі, выяўляючыся ў адных больш яскрава, у другіх меней заметна, жыве яно ў кожным чалавеку (Я. Колас); Вада з балота можа стаць святой. / Растуць спакойна дрэвы на іконы. / I пацалунак безграхоўны той, / Якім цалуем маці й хлеб надзённы (Р. Бароадулін); Ты — чалавек. / Калі бяда паўзе, / Прад ёй ніколі не спяшай здавацца. / Адлюстраваны ў тваёй слязе, / Павінен свет не плакаць, / а смяяцца (С. Законнікаў).

Пры дапамозе паралельнай сувязі прымацоўваюцца сказы, якія маюць аднатыпную будову, г. зн. у большай ці меньшай ступені паўтараюць структуру стрыжнёвага сказа [1, с. 498]. Такі тып сувязі значна менш ужываецца ў афарызмах са структурай складанага сінтаксічнага цэлага (3%), напр.: Шчырасць у мастацтве нельга падрабіць. Пачуццё нельга выдумаць. Значнасць не вырасце з дробязнасці (В. Быкаў); Дзіця без дзяцінства – сівы лунь. Дзіця без душы – ледзяны слуп. Дзіця без працы – труцень. Дык вось што трэба для здароўя нашых дзяцей: шчаслівае дзяцінства, высокая духоўнасць, творчая праца! (У. Ліпскі); Што значыць сапраўдным другам быць? / – Любіць. / – Што значыць аддана справу рабіць? / – Любіць. / – Што значыць дарогу ў жыцці не згубіць? / – Любіць. / – Што значыць зямное шчасце здабыць? / – Любіць (А. Вярцінскі).

У некаторых афарызмах са структурай складанага сінтаксічнага цэлага паралельная сувязь можа сумяшчацца з ланцужковай (1%), напр.: Страціў слова, страціў спадчыннае слова, – / Штосьці страціў у душы абавязкова! / Можа – годнасці хоць кропельку якую? / Можа – мудрасці хоць дробачку якую? / Можа – памяці хоць зернетка-іскрынку? / Можа – праўды хоць пылінку-парушынку? / Я не ведаю дакладна, што ты страціў. / Запытайся – ці не скажа табе маці (Н. Гілевіч); Нарадзіўся, каб памерці. Але развітваюцца са светам, калі па-Божаму, як дагарыць свечка жыцця. Калі аддасі сваё цяпло спадчыннікам. Калі сэрца перахварэе каханнем. Калі спазнаеш свята душы. Калі ты ў нейкім і ў нечым прадоўжыш сябе на Зямлі (У. Ліпскі).

Пры класіфікацыі беларускіх літаратурных афарызмаў са структурай складанага сінтаксічнага цэлага, іх мэтавай скіраванасці, мадальнасці была ўзята класіфікацыя З. К. Тарланава [4, с. 401], але з пэўнымі змяненнямі і дапаўненнямі.

1. Афарызмы, якія складаюцца з незалежных суджэнняў, аб’яднаных адной агульнай думкай, напр.: Думу не давярай суму. / 1 цішыні не мані (Р. Барадулін). Нерэдка ў іх выказваецца супрацьпастаўленне, напр.: Святла баяцца цёмныя краты. / Арлы да сонца ведаюць дарогу (Р. Барадулін); Любоў і лад узвышаюць, / вядуць за далягляд. / Варожасць і злосць прыніжаюць, / адкідваюць назад (А. Вярцінскі).

2. Афарызмы, якія пабудаваны па прынцыпу дыялога, або імітуюць сабой дыялог, напр.: Ды што краса без аўладання? / Адно пустое парыванне… (Я. Колас); Трэба было б уставіць у ранішнюю малітву словы: «Згінь навекі ўсё, што перашкаджае ў працы!» (М. Танк).

3. Афарызмы, заключная частка якіх аформлена ў выглядзе рытарычнага пытання або суджэння, аб тым, што гаворыцца ў першай частцы, напр.: Родны кут, як гняздзечка ў траве, / Там – дзе маці табою жыве. / Дзе ён, калі памірае маці? (Р. Барадулін).

4. Афарызмы, кожная частка якіх з’яўляецца рытарычным пытаннем, напр.: А спяваеце песні на мове якой? / Кажаце, што на многіх, толькі не на сваёй?.. (М. Танк); А можа, і трэба гарэць нам дашчэнту? /А можа, і трэба жыць нам ахвярна? (А. Вярцінскі).

5. Афарызмы, цэнтральная, асноўная частка якіх з’яўляецца рытарычным пытаннем, напр.: Жаданне жыць... / Любоў і смага... / Што можа быць вышэй за іх?! / Беззапаветная адвага / з’яднала мёртвых і жывых (А. Разанаў);

6. Афарызмы, якія пачынаюцца з рытарычнага пытання, напр.: Што значым мы / самі па сабе?.. / Семя знаходзіць сябе / ў сяўбе. / У гэтым полі, / гэтым жыцці / мы павінны / прарасці. / У гэтым полі, / гэтым жыцці / мы павінны / ўзысці. / У гэтым полі, / гэтым жыцці / мы павінны / сябе знайсці. / А па вясне, / а па сяўбе / мы ўжо / не самі па сабе (А. Вярцінскі).

Афарызмы, дзе заключная частка ўяўляе сабой запрашэнне да разважання аб тым, што гаворыцца ў першай частцы, не сустракаюцца.

Трэба асобна адзначыць тыя афарызмы са структурай складанага сінтаксічнага цэлага, дзе прысутнічаюць звароткі, якія вылучаны ў асобны сказ, або існуе фармальны падзел на сказы, пры якім паміж сказамі ў межах афарызма магчыма паставіць коску або працяжнік. Фармальны падзел, вылучэнне зваротка ў асобны сказ ужываецца каб надаць афарызму большую эмацыянальную напруджанасць, вылучыць з кантэксту. Такія афарызмы толькі фармальна можна лічыць складаным сінтаксічным цэлым, напр.: Эх ты, жыццё, жыццё людское! / Няма табе, няма спакою… (Я. Колас); За словамі не бачым мы жывой работы, сапраўднага дзела. А слова-гаварню за гэтае дзела прымаем (Я. Колас); Зямля! / Што ж не навучыш мяне – / Сваю жменю пяску – / Маўчаць! (М. Танк); Толькі блізкіх збліжае ростань. / Толькі з блізкімі час ў згодзе (Н. Мацяш); Справядлівы Бог адзін. / З правам першага суддзі (В. Аколава).

Складанае сінтаксічнае цэлае са ступенчатым відам міжфразавай сувязі, якое складаецца з незалежных суджэнняў, аб’яднаных адной агульнай думкай з’яўляецца самым распаўсюджаным ў складзе беларускіх літаратурных афарызмаў са структурай складанага сінтаксічнага цэлага. Асобна трэба адзначыць афарызмы са структурай складанага сінтаксічнага цэлага, якія маюць у сваім складзе рытарычныя выказванні або звароткі.


Літаратура

1 Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. – Мінск : БелЭн, 1994. – 655 с.

2 Королькова, А. В. Руская афористика / А. В. Королькова. – М. : Флинта : Наука, 2005. – 344 с.

3 Сцяцко, П. У. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / П. У. Сцяцко, М. Ф. Гуліцкі, Л. А. Антанюк. – Мінск : Вышэйшая школа, 1990. – 222 с.



4 Тарланов, З. К. Русские пословицы : синтаксис и поэтика / З. К. Тарланов. – Петрозаводск : ПГУ, 1999. – 448 с.

5 Цікоцкі, М. Я. Стылістыка беларускай мовы / М. Я. Цікоцкі. – Мінск : Універсітэцкае, 1995. – 294 с.


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал