Я − беларус! Л. Паўлікава “Балада пра нараджэнне Беларусі”



Дата канвертавання10.06.2016
Памер194.38 Kb.
ЯБЕЛАРУС!

Л. Паўлікава
Балада пра нараджэнне Беларусі”
У сівой даўніне,

Дзе губляецца летапіс часу,

Дзе народы зямлі і паданні пачатак бяруць,

Кінуў воклік гусляр:

− Як, Радзіма, назваць цябе шчасна?

З трох бярозак адна

Адгукнулася:

− Белая Русь.

І паверыў гусляр,

І распраміў магутныя плечы,

Ціха струны крануў:

− Помні славу сваю, беларус!

Мы прынеслі яе

З поля Неўскай і Грунвальдскай сечы,

Каб жыла ў вяках!

Наша вольная − Белая Русь.

А калі наш магнат

Выракаўся народа і веры

І Ягайла ў Літве

Ладзіў з Польшчай вясельны хаўрус,

Мы за праўду сваю

Паўставалі з агнём і сякерамі,

Каб жыла ў вяках

Наша мужная − Белая Русь...

Так спяваў той гусляр,

І сягоння ў бярозавым гаі

Прыпыніліся на міг,

Цішыню на зоры не паруш

І пачуеш тады,

Як нябачныя гуслі іграюць,

Горды голас звініць:

− Помні славу сваю, беларус!


Р. Барадулін
Маленне за Беларусь”
Божа, пашлі Беларусі

Ласку з Тваімі вачамі,

Сэрцы суцеш у скрусе,

Злітуйся над крывічамі.

Знікнуць, Святы, не дай нам

Ад рукатворнага жаху,

Верыцьмем вечным тайнам

Руху Твайго і шляху.


Божа, вярні дадому

Блудныя душы з выгнання.

Поперак духу злому

Воля гасподняя стане.


Хай беларус беларуса

Будзе любіць як брата.

Светлая імем Ісуса

Наша крывіцкая хата.


Божа, на ўсіх раздарожжах

Нас ад напасцяў варожых

Твой зберажэ напамін

Амін.
У. Караткевіч


Беларуская песня”
Дзе мой край? Там дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў.

Дзе на ўзвышшах Навагрудскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат заб’ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны і неба − разлівы ільноў.

Дзе мой край?

Там дзе людзі ніколі не будуць ніколі рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, − ударыш і зломіцца меч.

Дзе мой край?

Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі.

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Ты − наш край.

Ты чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты − наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць, ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзем у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі

Ніколі,

Ніколі,


Так,

Ніколі, не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе. (1968)


В. Вітка
Беларусь”
На карце вялікага свету

Яна, як зялёны лісток,

Песня гарачага лета,

Крынічнай вады глыток,

Адвечная калыханка,

Душы запаветны куток.

Трапеча гарачым ранкам

На дрэве нястомны лісток,

А ў навальніцу б’ецца,

Нябачны паміж лісця,

Як родная матчына сэрца,

Што мне даражэй жыцця.


Н. Гілевіч
Я − беларус!”
Я − беларус, я нарадзіўся

На гэтай казачнай зямлі,

Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх

Адвеку прашчуры жылі.


Я − беларус, я ганаруся,

Што маю гэтае імя:

Аб добрай славе Беларусі

У свеце знаюць нездарма!


Я − беларус, і я шчаслівы,

Што маці мову мне дала,

Што родных песень пералівы

І зблізку чую, і здаля.


Я − беларус, і хоць сягоння

Яшчэ малы, але скажу:

Я родам з племя непакорных

І прад бядой не задрыжу!..


Алесь Бачыла
Радзіма мая дарагая...”
Радзіма мая дарагая,

Ты ў шчасці жаданым жыві:

Я сэрцам табе прысягаю

І шчырай сыноўняй любві


На рэках, азёрах і нівах,

Заводах, будоўлях − наўсцяж

Народ наш працуе руплівы,

І край узвышаецца наш.


Я радасць сваю не стрымаю −

І песня ўзлятае сама:

Мне лепей ад роднага краю

Нічога на свеце няма.


Чужое зямлі нам не трэба,

Пачуцці ва ўсіх нас адны:

Мы хочам , каб мірнае неба

Не знала пажараў вайны.


Мы дружбы народам жадаем

І шчырай братэрскай любві.

Радзіма мая дарагая,

Красуйся і ў шчасці жыві!


Генадзь Бураўкін
Не залаты зусім, не срэбны,

быў на табе заўсёды ўбор,

звычайны самы. самы срэбны:

зялёны луг ды сіні бор,


каля дарогі жыта ў полі,

вярба старая ля ракі,

ды ў жоўтым восеньскім прыполе

рабін даспелых аганькі.


Ты не сляпіў вачэй.Быў просты

ва ўсе вякі твой просты ўзор:

гаёў бялюткія бяросты,

густы блакіт лясных азёр.


І лён, зусім , як неба, сіні,

і ўсе ў рамонках берагі...

Мой беларускі, мой адзіны

край, ад калыскі дарагі.


Даніла Сасеў
Мясцінам родным
Навечна сэрцу блізкі самы −

У любую кінь далечыню −

Той кут, дзе дарагое “мама”

прамовіў я ўпершыню;


Дзе першым променем усмешкі,

Як сонцам маці азарыў,

Дзе першую пракладваў сцежку

У лузе росным, у бары.


Сляды маіх там босых ног...

І любы мне мясціны тыя:

Па сёння ў памяці збярог

Малюнкі, сэрцу дарагія.


Штогод адзін кірунак маю,

Як адпачынак прыйдзе мой, −

Не жыў, калі не пабываю

На Магілёўшчыне сваёй.


Асцёр – шумлівая рака,

І Сож, і старажытны Крычаў!..

Мясцін такіх не сустракаў,

Што гэтак сэрца маё клічуць!

І мне навечна блізкі самы –

У любую кінь далечыню –

Той кут, дзе дарагое “мама”

Прамовіў я ўпершыню!


Генадзь Бураўкін
Полаччына
Не шукайце красы за морамі,

Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі, −

Прыязджайце да нас на Полаччыну,

Пахадзіце яе прасторамі.


Тут азёры, як неба, сінія,

У чаротах чароды гусіныя,

А на дне Млечным Шляхам свецяцца

Трапяткія гурты язіныя.


Навальніцы грымяць над кручамі,

З гор бягуць ручаі грымучыя,

Тут ля Дрысы сасонкі звонкія,

Над Дзвіною бары пявучыя.


Тут вясёлкай сонца акружана,

Усміхаецца з кожнай лужыны.

Тут на кожнага закаханага

Салаўёў па чатыры тузіны.


Тут дзяўчаты ўсе − чарнабровыя,

На палях ільны двухмятровыя...

Тут пад кожным курганам і каменем –

Ці быліна, ці казка чароўная...


Алесь Гурло
Мой край
Край мой там, дзе рэчак хвалі

І плюскочуць і плывуць, −

Што далей – да новых даляў

Мяне клічуць і завуць.


Край мой там, дзе шэпчуць сосны,

Шумяць волаты-дубы...

Гэты шэпт і шум галосны

Ўсяму свету кажуць быль.

Край мой там, дзе поўны колас

За паклонам б’е паклон,

І жняі шчаслівы голас

Заглушае сэрца звон.


Край мой там, дзе каля хаты

Аж да неба ўзняўся сад;

Там, дзе хлопцы і дзяўчаты

Апяваюць згоду, лад.


Край мой там, дзе Нёман льецца

Срэбна-плыннай паласой,

Там, дзе ўсё, усё смяецца,

Шчасцем хваліцца, красой!


Уладзімір Караткевіч
Бацькаўшчына
Дагарэў за брамай небакрай,

Месяц паміж воблачкаў плыве.

Выйду зноў, як у мінулы май,

Басанож прайдуся па траве.


Дымная, сцюдзёная раса,

Цёмныя ў траве ад ног сляды.

А такога рослага аўса

Я не бачыў доўгія гады.


Бач, хмызы спляліся, як павець,

Светлякі мігцяць, гараць святлей.

Перад тым як звонка ў лозах пець,

Прачышчае горла салавей.


Лашчыцца трава да босых ног.

З дальніх паплавоў плыве ракой

Ледзь прыкметны сумны халадок −

Подых юні ўсходзячай маёй.


Ціха цмокае ў траве рака.

О ! Як добра, як прыгожа жыць!

Раска, як русалчына луска,

На вадзе ад месяца гарыць.


А вакол травіцы роснай рай.

І бярозак белая сям’я.

Мой чароўны беларускі край,

Бацькаўшчына светлая мая!


Генадзь Бураўкін
Люблю свой край зялёны і спакойны.

Сіваваронкі дрэмлюць на слупах.

Над хатамі – вясёлыя шпакоўні,

А ў хатах – аржанога хлеба пах.

Усё вакол знаёмае да болю:

Збягаюць незабудкі да вады,

Сядае важна бусел на таполю,

Ад ластавак абвіслі правады.

На ноч сплывае сонца за жытное.

свой невад туманы павалаклі...

Святое, непрыдуманае, тое,

Чаго не знойдзеш на чужой зямлі...

Такім свой край навек люблю і помню

І калі згасне сонца ў вачах, −

Мне будуць сніцца кожны дзень шпакоўні

І аржанога хлеба родны пах...


* * *
Мы дома песень менш знаходзім,

Удалеч шлях кіруем свой.

На поўнач ездзім і на поўдзень,

Бліжэй да кедраў і секвой.


А там,дзе першы крок зрабілі,

Дзе нашы мацеркі жывуць,

Растуць бярозы і рабіны

І лісце падае ў траву.


Ды мы наіўна прывыкаем,

Што нам спатрэбіцца пасля

Прашытая баравікамі,

Смалой прапахлая зямля.


Шукаем сцежак невядомых,

Чужыя топчам бальшакі.

А песні нас чакаюць дома,

Ля цёплай матчынай шчакі.




Кастусь Кірыенка
Радзіма
Лепей за ўсё мне на свеце мясціна

Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос.

Бэз пад акном і на полі каліна,

Ціхае сонца, блакіты нябёс...


Можа, другому не скажа нічога

Сціплая смолка на ўзлессі ў траве, −

Мне ж у ёй радасць гучыць і трывога,

З ёю маё захапленне жыве.


Любы мне бору сасновага звоны,

Пошум прысадаў, што ўзбеглі на шлях.

Там, дзе бязмежна пралеглі загоны,

Сэрца ўбірае прыволле ў палях.


Выйдзеш за вёску – жытнёвыя хвалі

Коцяцца, цёплыя, плыняць наўсцяж...

Клічуць дарогі ў бясконцыя далі...

Самы ты вольны, край бацькаўскі наш!


Колькі мне маці тут песень спявала,

Колькі радзілася ў сэрцы тут мар,

Колькі мне ласкі жыццё аддавала,

Позіркам шчасця тут гледзячы ў твар!


Тут я быць верным і чулым вучыўся,

Сілу здабыў тут, якой не зламіць.

І сваёй роднай зямлі, дзе радзіўся,

Мне аніколі нідзе не забыць...


Алесь Бачыла
Цябе мы назвалі Радзімай
Дзе рэчкай, дзе борам. дзе лугам.

Ты вабіш сабою здаля,

Зямля між Дняпром і між Бугам,

Спрадвечная наша зямля.

Цябе мы назвалі Радзімай

Не годам раней, не двума,

Не годам-двума прынялі мы

Тваё дарагое імя.

З тых дзён і па сёння прадвеснем

Па нівах і ціхіх гаях

Гучаць: твая звонкая песня,

Пявучая мова твая.

Іх нам нездарма аддавалі

як скарб запаветны зямлі,

Каб мы − праз вякі шанавалі,

Каб мы − праз вякі бераглі.

Калі ж гэты скарб чужаніца

Панішчыць захоча ў агні,

Каму ж як не нам , заступіцца,

Каму ж, як не нам, бараніць.

Табе прысягалі ў жыцці мы,

За вернасць пад кулі ішлі

Мы самі цябе, як Радзіму,

У сэрцы свае прынялі.

Шырокімі нівай і лугам

Пад сонцам цвіці ж , як цвіла,

Зямля між Дняпром і між Бугам,

Любімая наша зямля.


Пятрусь Броўка
Беларусь
Зямля Беларусі! Бары і дубровы,

Жытнёвае поле, шаўковы мурог.

У промнях рабіны заход вечаровы.

Што клёкат буслоў-ручаёў пералівы

І ў шумных прысадах істужкі дарог.
Зямля Беларусі! Вачамі азёраў

Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс,

Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,

Знікаюць па водах, па чорных разорах,

Па травах, абсыпаных кроплямі рос.
Былога быліны, старога паданні

Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны,

Па краю зялёным, прасторах бяскрайніх

Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,

Па хвалях Дняпра і шырокай Дзвіны.
Бацькоў нашых слава па іх узбярэжжах,

Гамоняць пра гэта бары-байкары,

Гамоняць пра гэта і Полацка вежы,

І Турава сцены, і шум Белавежы,

І роднага Мінска сівыя муры...
Данута Бічэль-Загнетава
Радзіма
Салома стрэхаў мохам перакрыта,

Хвайняк калючы б’ецца над ракой,

Загон курамі зблытанага жыта...

Цябе я змалку ведала такой.


Зашмыгаў мой кірпаты нос над міскай,

Вакол сінеў нязведаны прастор, −

А ўжо мне быстры Нёман стаў калыскай,

Стаў шалашом цяністы шэры бор.


Услед за статкам сярод буйных росаў,

Па межах палыновых, у журбе,

Зязюляй ранняй, перапёлкай босай,

Зусім маленькай зведала цябе.


Твае ля прызбы кветкі гадавала,

Праводзіла па Нёмане плыты...

Па імені яшчэ не называла,

Бо я не знала, што такое ты.


Ляцелі дні, мае дужэлі ногі,

Луналі сны трывожна па начах,

Даўжэлі змераныя мной дарогі,

І ты штодзень расла ў маіх вачах.


Здаецца, усюды маладзік двурогі...

Чаму ж такі прывабны родны кут?

Мяне завуць нязнаныя дарогі...

Пайду, а сэрца застанецца тут.


Пад лёгкім ветрам палавее збожжа,

Над галавою жаўранё дрыжыць...

Хто вырас тут, той не любіць не можа,

Табой не жыць, табой не даражыць.


Мікола Хведаровіч
Родныя вобразы
Мы ездзім далёка за мора

Чужыя глядзець гарады,

Шукаем скалістыя горы,

Азёры крыштальнай вады.


І часта, так часта бывае.

Што мы ў сумятлівым жыцці

мінаем і на заўважаем

Красу сваіх родных мясцін,


Свае гарады і пасёлкі,

Абмытыя ласкай вятроў,

І подых сасновае смолкі

Сівых беларускіх бароў...


І той, хто Палесся не бачыў,

Хто ў Пінску ні разу не быў,

На Прыпяці хто не рыбачыў,

Не плыў у вясенні разліў, −


Не зведаў красу свайго краю.

Скажу я вам праўду адну:

Заморскія вёсны, я знаю,

Не лепей за нашу вясну.


Калі разліюцца паводкі −

Бярозы па грудзі ў вадзе.

Як белыя тыя лябёдкі

На воду сышлі кагадзе.


На ветры румяным і золкім

Іх сёстры стаяць на груду,

Дзявочага шчасця пярсцёнкі

Раняюць яны на ваду.


А скрозь цішыня веснавая,

І там, дзе мігціць небакрай,

Сясцёр сваіх родных гукае

Бярозак спалоханы рай.


Вось так яно часам бывае,

Што мы ў сумятлівым жыцці

Мінаем і не заўважаем

Красу сваіх родных мясцін.


Рыгор Барадулін
Я не ганю землі чужыя −

Хай іх сонца не абміне.

Толькі дзе за морам не жыў я,

Беларусь мая снілася мне.


Так карцела − сляза закіпала, −

Каб да сэрца хаця б здалёк

Прыплывалі жалейка Купалы,

Багдановічаў васілёк...


Гэта ўсё, безумоўна, не нова.

А ці трэба, каб новым было

Поле бацькава, матчына слова

І буслова − над хатай жытло?

Хіба душы свае не лечым

Ад бяздомных бядот і згрызот

Самым простым і самым вечным,

Што пранёс праз вякі народ?


І якія б шляхі не схадзіў я,

Кліча полацкая сенажаць...

А калі не спяваць аб Радзіме,

Дык навошта наогул спяваць?


Генадзь Бураўкін
Мой родны край,за што цябе, скажы,

Гісторыя так люта шкуматала –

Разворвала ўсіх войнаў рубяжы,

Каціла вал грымотнага метала?


Нібыта ёй карцела дапячы

Тваёй спрадвечнай стойкасці вясковай.

Як пяліся чужацкія ключы

Тваю душу замкнуць абавязкова!


І колькі сквапных прыхатняў паўзло

З агнём, з атрутай, з Богам і без Бога!

Свінцом і здрадай рассявалі зло,

Каб зарасла нянавісцю аблога.

Не шкадавалі толу і брані

На ціхія палеткі і прысады.

Але тваёй славянскай дабрыні

Не затапталі танкі і снарады.


Ты ў свайго лёсу нават не спытаў,

За што прыблуды на табе кішэлі.

І маладой нястрымнасцю атаў

Пазараслі акопы і траншэі.


Узрушанаму людству напаказ

Т узняў не крыўдай звугленыя раны.

А жыццялюбства вечнага запас,

На дне тваіх крынічак захаваны.


Алесь Ставер
Мой народ
Мой народ праз стагоддзі пранёс дабрату,

Да суседзяў-народаў павагу.

Знае свет навакольны яго прамату,

І любоў да жыцця, і адвагу.

І заўсёды ў віхурах вякоў і нягод,

У зямной непагодзе суровай,

Вылучала між іншых мой мужны народ

Беларуская родная мова.


Мой народ зберагае сваю даўніну.

кожны нашай гісторыі знаўца

Добрым словам успомніць на раз Скарыну

І пахваліць за мудрасць Мсціслаўца.

Каліноўскага імя навокал гучыць,

І Купалы, і Коласа слова.

Навучыла іх край беларускі любіць

Беларуская родная мова.


Мой народ ганарыцца сягоння сваім

Партызанскім праслаўленым краем.

У вялікіх бяседах прад светам усім

Дэлегаты яго выступаюць.


Дык чаруй жа людзей паміж моваў другіх

І гучы вечна, ярка і нова

Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх –

Беларуская родная мова!



Галіна Іванова
Ты вырасцеш, сыне, і пройдзе твой шлях

Па родных мясцінах, па дальніх краях.

А што ты адкажаш, як хто запытае,

Якога ты роду, якога ты краю?

Хай будзе кароткім і простым адказ:

− Я роўны, браты і сябры, сярод вас.

І шчыра скажу, бо сакрэту не маю:

Я − чэснага роду, я − вольнага краю!..


Вера Вярба
Я не глытала па акопах дыму

І франтавых не ведала дарог.

Калі я нарадзілася, Радзіма,

Ты святкавала свята перамог.


І не выццё варожых самалётаў,

І не агонь , што пёк тваю зямлю, −

Чаромху помню, як цвіла ля плота,

Як падалі зярняты на раллю.


Цябе, вясняная, я помню ў цвеце,

Люблю з маленства, родная, люблю.

І за таго, каго няма на свеце,

Хто ўсё аддаў за родную зямлю.


Мае сябры ў жыцці дасхочу бралі

Усё, чым навучаеш даражыць.

Мы за цябе яшчэ не паміралі,

Мы за цябе, Радзіма, будзем жыць!


Алесь Емельянаў
Беларусь
Край бяздоння, край нямога свету,

Дзе адно – касцей прыгонных хруст.

Прывідна ўставала над сусветам

Белая ад болю Беларусь.


Хто тут не кружыў і не крыжаліў –

Смерць і здзекі ладзілі хаўрус.

Ды ўстаяла, не растала ў жалі

Белая ад болю Беларусь.

У бяздоллі спела непакорна,

Вояў вёў у раніцу Кастусь...

Не счарнела, узышла зарою

Белая ад болю Беларусь.


Рыгор Барадулін
Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы,

Мы, беларусы,

Мы – народ такі.

Ахвотна забываем, што мы,

Хто мы.

Згадаюць нашай памяці вякі!


Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы,

Саміх сябе хваліць нам не з рукі.

Хай слабакі

Аж падаюць ад стомы,

На плечы ўзяўшы

Пыхі мех цяжкі.


Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,

Надзейныя сябры і дружбакі.

І госць, і падарожны ў нас

Як дома.


А злым і травы колюцца ў бакі.
Гатовы ўсё аддаць –

І тым багаты,

Мы, беларусы,

Мы – народ такі.

што з краю небяспекі нашы хаты,

Пар гэта


Не забудуць чужакі!
Генадзь Бураўкін
Народ мой, дзякую табе,

Што і на міг мне не дазволіў,

Каб я кагосьці абязволіў,

Жыў у кагосьці на гарбе,

Што ў радаслоўную ўпісаў

не гандляроў і прайдзісветаў,

А плытагонаў, і паэтаў,

І штукароў ганчарных спраў.


Народ мой. дзякую, што ты

Велікадушна даў мне ў рукі

Не алебарды і шчыты,

А лемяхі і першадрукі,

Што нашаптаць мне не забыў

Не грукатню бравурных маршаў,

А задуменнасць песень нашых,

Дзе столькі болю і жальбы.


Народ мой, дзякуй,што нідзе

Мяне балюча не ўпікнулі

За твой далёкі век мінулы,

За сённяшні твой сіні дзень.

І аднаго хачу ў жыцці.

Каб ты не паглядзеў з дакорам,

Каб за мяне ніколі сорам

Табе душу не засмуціў.


Пятро Глебка
Слова міру
Я не слыхам – істотаю чую,

Як, гайдаючы рэхам эфір,

На світанні і ў поўнач глухую

Не сціхае магутнае: − Мір!


Гэта токар закончыў работу

І, вітаючы ранні гудок,

Выцірае свой воблік ад поту:

− Мір табе, працавіты станок!

Гэта сейбіт калгасны, рупліва

Засяваючы, кажа палям:

− Мір табе, узараная ніва,

Ураджаям тваім і пладам!


Гэта, у школу праводзячы сына,

Ад глыбінь усяго пачуцця

Шэпча маці ўцесе адзінай:

− Мір табе, дарагое дзіця!


Мір вам, людзі, лясы і дубровы,

Мір табе, залатая зямля!

Скрозь расходзяцца гэтыя словы,

Іх сусвет паўтарае здаля.


Толькі той, хто сумлення не мае,

Каго радуе прагнасць адна,

Пачынае свой дзень і канчае

Чорным словам злавесным: − Вайна!


Ёсць магутная сіла ў народаў,

Што ўратуе ад вырадкаў мір, −



Гэта мы, гэта наша свабода,

Гэта нашы браты і сябры...

Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал