Я. М. Галагуш (г. Мінск) Жаночыя вобразы ў аповесці І. Шамякіна «Гандлярка і паэт»



Дата канвертавання15.05.2016
Памер54.07 Kb.
Я. М. Галагуш (г. Мінск)
Жаночыя вобразы ў аповесці І. Шамякіна

«Гандлярка і паэт»
І. Шамякін належыць да ліку тых пісьменнікаў, у творчасці якіх уздымаюцца пытанні чалавечага лёсу, маральныя праблемы грамадства. Творы пісьменніка вызначаюцца псіхалагізмам, ён выступае як дасведчаны знаўца таямніц чалавечай душы.

Адна з самых трагічных тэм у творчасці І. Шамякіна — тэма вайны. Няма нічога больш жахлівага, чым вайна, на якой гінуць людзі, а яшчэ горш — дзеці і жанчыны. Менавіта праблема «жанчына і вайна» асэнсоўваецца пісьменнікам у аповесці «Гандлярка і паэт». «Аповесць заглыблена ў не кранутыя яшчэ літаратурай пласты народнага жыцця. Яна адкрывае такія сітуацыі і падзеі, якія амаль не заўважаліся папярэдняй прозай, таму і вырашэнне самой праблемы набывае глыбейшы сацыяльны падтэкст і вялікі гуманістычны пафас» [1, с. 191], — адзначае В. Каваленка. Пісьменнік паставіў перад сабой складаную задачу — на прыкладзе чалавека зусім не гераічнай прафесіі, праз лёс камароўскай гандляркі паказаць народны характар барацьбы ў тыле ворага, на акупаванай тэрыторыі.

У творы вельмі яскрава намаляваны вобразы жанчын, раскрываецца іх псіхалогія. Кожная з жанчын мае свой погляд на вайну і новую «ўладу». Так, яшчэ маці галоўнай гераіні Хрысця Ляновіч казала, што і ў вайну можна жыць не горш, чым да яе. Не варта чакаць ад кагосьці дапамогі, трэба дбаць пра сябе, уласны дастатак. Абапіраючыся на шматгадовы вопыт гандляркі, яна ведала, што з’яўляецца самым неабходным падчас вайны і давала парады дачцэ. Старая Ляновічыха — «старасціха ўсіх камароўскіх гандлярак». Яна была жанчынай працавітай, рупілася на сваёй гаспадарцы, прывучала дзяцей да працы. Старая Ляновічыха клапацілася пра дабрабыт сям’і, імкнулася мець у хаце хлеб і да хлеба. Яна памерла на градах, працуючы на зямлі, з якой было знітавана яе жыццё.

Гандлярка Вольга Ляновіч — цэнтральны герой твора, у назве твора яна паўстае перад паэтам, на першым месцы. Пачатак твора, да таго, як камароўская прыгажуня вызваліла з палону Алеся — паэта, дваццацігадовага юнака, пераконвае ў тым, што перад намі хоць і жанчына маладая, але вопытная, навучаная жыццём і маці-гандляркай жыць для сябе, для сям’і, для дзіцяці — дачкі Святланы. Гэтай мэце прысвяціла яна сябе з маладога веку. Дзеля дабрабыту свайго і крывіначкі сваёй, змагаючыся з сумленнем, яна адбірае ў алкаголіка частку нарабаванага ім тавару: «Ану, морда, падзяліся з людзьмі!» [4, с. 358] І далей аўтар паказвае, як Вольга Ляновіч разбівае вітрыну гастранома, нясе адтуль, надрываючыся, скрынку гарэлкі і няпоўны мех макаронаў. Паходы па Мінску, дзе няма ўлады і парадку, працягваюцца пры бамбардзіроўках горада, з рызыкай для жыцця. Прыйшлі немцы, а яна робіць вылазкі ў пакінутыя пустыя кватэры. Здаецца, жанчына не можа спыніцца, ёй усё мала і мала дармавога дабра. Яна апраўдвае сябе тым, што «бярэ сваё, народнае, і не дзеля п’янства бярэ, не дзеля забавы — карміць дзіця, карміцца самой, бо хто цяпер пра яе паклапоціцца, калі муж ваюе, брат ваюе» [4, c. 359].

Адны хваляць яе адвагу: «Во баба, нідзе не разгубіцца, ні на вайне, ні ў пекле» [4, с. 363], другія асуджаюць: «Ненажэрная! На вайне і то нажыцца хоча» [4, с. 363]. Але жанчына мае цвёрды характар. Глыбокі псіхолаг, Шамякін стварае складаны жаночы вобраз, тлумачыць апантанасць, няўрымслівасць Вольгі яе ж вуснамі, з дапамогай аўтарскага каментарыя. Асабліва яскрава раскрываюць сутнасць гэтага характару ўнутраныя маналогі гераіні: «…усё дабро — народнае. А калі народнае, разважала яна, то, значыцца, і яе. Хіба яна не народ? Хіба мала папрацавалі на дзяржаву бацька яе, муж, браты, ды і сама яна не паняй на Мінску хадзіла!» [4, с. 357]

Паступова гераіня ўсведамляе, што робіць нешта не так. Сумленне загаварыла ў яе душы, і яна пачала жыць і паводзіць сябе па-іншаму. Вольга здзейсніла сапраўдны подзвіг — вызваліла з-за дроту па просьбе Лены Бароўскай Алеся Шпака. Сцэна вызвалення, вяртання дадому са знясіленым маладым чалавекам — адна з самых псіхалагічных і лірычных у творы. Тут ужо «нешта большае», чым клопат пра сям’ю, тое, што можна назваць мужным, гуманістычным учынкам: «Вользе ажно весела зрабілася ад такой сквапнасці тоўстага паразіта, яна раптам адчула, наколькі яна лепшая за іх, за гэтых прышэльцаў, якія крычаць на ўсё горла, што яны вышэйшыя за ўсе іншыя народы <...> яе прагнасць у параўнанні са скнарнасцю гэтых ненажэрных прыблуд, што зарабляюць на крыві і смерці, — драбяза, бяскрыўдная чалавечая слабасць, і ёй зрабілася асабліва хораша ад свайго ўчынку» [4, с. 472].

Далейшы лёс Вольгі Ляновіч — гэта эвалюцыя чалавека, у якога адкрываюцца вочы на шырокі свет, на вайну і лёс краіны ў цэлым. Выключную ролю ў яе духоўным росце і ўзвышэнні адыграла пачуццё кахання да паэта Алеся Шпака. Яно нараджалася паступова. Пераадольваўся страх за лёс дачкі, за тое, што ўратаваны ваеннапалонны можа загубіць яе сям’ю. Алесь завабіў маладую жанчыну ў свет прыгожага, у свет паэзіі Блока, Лермантава, Купалы. З рынку і таўкучкі яна пачынае прыносіць не толькі ежу, але і кніжкі. Яе насцярожвае просталінейнасць Алеся, ад чаго яна пакутуе. Але перамагае каханне. У імя кахання яна дапамагае Алесю, бярэцца за выкананне задання — вязе гранаты партызанам, забівае паліцая Друцьку.

Безумоўна, І. Шамякін, выкарыстоўваючы ў якасці цэнтральнага персанажа гандлярку з Камароўкі, рызыкаваў, бо ў савецкі час такая прафесія была зусім не ў пашане. І гэтая рызыка мела для пісьменніка наступствы. Твор крытыкавалі за выбар пісьменнікам гераіні, асуджалі, нават не прымалі. Шамякін наперакор канонам і схемам зрабіў значнае адкрыццё: на прыкладзе жанчыны-гандляркі паказаў катарсіс душы чалавека, яго маральнае станаўленне і самасцвярджэнне. Пісьменнік разбураў уяўленні пра занятак гандлем, жанчыну з камароўскага асяродку, якая, маўляў, толькі і здатная штосьці прадаваць і кагосьці ашукваць.

Характар Вольгі моцны, яго карані ў спрадвечнай народнай мудрасці, разважлівасці, уменні прыстасавацца да цяжкіх умоў і абставінаў. І яна, напэўна, выжыла б, каб толькі кіравалася цвярозым разлікам, прагматычнымі інтарэсамі. Але так ужо склаўся яе жаночы лёс у гады вайны, і ёй выпаў выбар.

Вольга Ляновіч — характар не адналінейны, а надзвычай шматгранны, аб’ёмны. «У асобе Вольгі ўжываецца і гандлярка, і мяшчанка, і Чалавек, і Маці. І гэтыя якасці не процістаяць адна адной, а суіснуюць разам» [2, с. 602]. Сапраўды, перад намі чалавек, здольны да самаразвіцця і ўдасканалення. Вольга зразумела, што ў жыцці ёсць тое, што не прадаецца, вышэй уласнага дабрабыту. Логіка развіцця характару Вольгі Ляновіч пераконвае ў тым, што яна стала сапраўднай патрыёткай.

Вольга зусім не такі персанаж, якім здаецца на першы погляд. Яна — глыбокая жаночая натура, для якой уласціва ўсё чалавечае. Яна адкрытая ва ўсіх сваіх праявах характару. Галоўнае ў гэтай жанчыне — уменне кахаць і здольнасць ахвяраваць дзеля іншых. Да таго ж Вольга не баіцца сказаць услых пра тое, што бачыць і думае

Яшчэ адзін жаночы вобраз аповесці — Лена Бароўская, якая была сяброўкай Вольгі Ляновіч са школы. Лена — асоба ідэйная, можна сказаць, правільная, бездакорная па нормах савецкай маралі. Школьная сяброўка асуджае гандлярку за выбраны «лад жыцця». Сям’я Бароўскіх верыць у савецкую ўладу, чакае ад яе дапамогі і ў той самы час жыве ў нястачы, галадае. Лена — чалавек рамантычнага складу, тыповы прадстаўнік свайго пакалення. Бароўская верыць у ідэалы, але не здольная на мужны ўчынак, не змагла ў адрозненне ад Вольгі зрабіць рашучы і адважны выбар. Усё, на што яе хапіла, — гэта працаўладкавацца ў нямецкую тыпаграфію.

Такім чынам, І. Шамякін стварыў тры розныя жаночыя вобразы. Найбольш жывы, па-сапраўднаму паўнакроўны атрымаўся характар Вольгі Ляновіч — адметны тып беларускай жанчыны. На яе прыкладзе пісьменнік выявіў духоўна-гуманістычны патэнцыял нашага народа ў час суровых ваенных выпрабаванняў.

Літаратура

1. Каваленка, В. Іван Шамякін / В. Каваленка. — Мінск: Нар. асвета, 1980. — 207 с.

2. Локун, В. І. Іван Шамякін. / В. І. Локун // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: у 4 т. / НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2001. — Т. 3: 1941 — 1965. — С. 597—639.

3. Мішчанчук, М. І. Вайна ў аповесці І. Шамякіна Гандлярка і паэт›› / М. І. Мішчанчук // Міжнародныя Шамякінскія чытанні «Пісьменнік — Асоба — Час»: матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф., г. Мазыр, 19—20 ліст. 2009 г. / рэдкал.: А. У. Сузько (адк. рэд.) [і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2009. — С. 16—20.



4. Шамякін, І. Выбраныя творы: у 3 т. / І. Шамякін. — Мінск: Маст. літ., 1992. — Т. 2: Снежныя зімы: раман; Гандлярка і паэт: аповесць. — 558 с.


: bitstream -> 123456789 -> 41313
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал