Ягор конеў Забойца з роду Дастаеўскіх


Віславух. Дзевяць гадоў, сем месяцаў і два тыдні. Раіна



старонка2/5
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.72 Mb.
1   2   3   4   5

Віславух. Дзевяць гадоў, сем месяцаў і два тыдні.

Раіна. Мудрагелістае тлумачэнне.

Віславух. Столькі часу мінула з таго дня, калі я мусіў быць пасаджаны на кол.

Раіна. Чаму ж вы, пане Фелікс, сядзіце тут?

Віславух. Колісь быў я чалавекам, вартым дакору. Юнаком з невымернай пыхай. Заўсёды на падпітку і нос у тытуню. У спадчыну я атрымаў чын падскарбія і ад таго займеў думку, быццам Бога за бараду ўхапіў. Але нейкім чорным ранкам прачнуўся я абвінавачаным у жахлівым злачынстве. Усе доказы ўказвалі на маю віну. Сам жа анічога не памятаў, паколькі баляваў без просыпу тры дні. Патрапіў я ў вязніцу. Пазіраў праз краты, як востраць палю для мяне, і горка наракаў на сваю долю. Аднак жа злітаваліся нада мною анёлы. Маю справу разглядаў пан Андрэй Станкевіч. Западозрыў ён падвох і ашуканства. Правёў новае следства і выкрыў сапраўднага зламысніка. А з мяне і талера не ўзяў за вызваленне. І тады я даў зарок, што, покуль жывы, будзе ў сумленнага суддзі адданы сакратар. Будзе ў паляўнічага верны сабака, які не збаіцца і апраметнай, калі нас так далёка ловы завядуць.

Раіна. Я памалюся, пане Фелікс, каб пошукі вас не завабілі ў такую далеч. А каб спрыяла вам удача, пакіну я ў пакоі вашым абраз Боскай Маці. Яна абароніць ад ліха вас і пана суддзю. (Сурова.) Ды не пазірайце на мяце, бы кот на сала! А калі б вас гэтак жа юрліва паглыналі позіркамі белагалоўкі!

Віславух (самалюбна). Усялякае здаралася ў нашай судовай практыцы. Часам у сядзібах і засценках знаёміліся мы з паненкамі ды панямі чароўнай прыгажосці ды смелых паводзін. А паколькі мець у прыяцелях судзейскага сакратара карысна, то здабываў я вялікі поспех у фаворах і амурных гулях...

Раіна. Вось і выхваляйцеся некаму іншаму! А нам пра вашыя перамогі слухаць нецікава.

Віславух (са штучным здзіўленнем). Вам нецікаўныя размовы пра каханне? Не веру! Такія пекныя белагалоўкі пра каханне толькі і думаюць, дзеля яго толькі жывуць.

Раіна. Многія з іх — верагодна. А для мяне ўжо недалёкі той час, калі я стану чорнагалоўкай, пакрыю валасы манаскім улёнам.

Віславух. Чорны хабіт зусім не пасуе такой прыгожай панне!

Раіна. Пасаромеліся б, шаноўны, ліслівасцю салодкай лашчыць мяне! Прыгажуняй была я дваццаць гадоў таму. Цяпер, пераспелая векавуха. Люстэрка і любая сястрыца пра тое мне заўсёды нагадаюць.

Віславух. Аднак жа абаяльнасць з цягам часу не сплывае. Як далікатнасць і святло дабрыні ў позірку, мяккасць у кожным руху і музыка ў кожным слоўцы. Усё гэта ў вас засталося, панна Раіна. Дарэчы, з пераспелых ягад атрымліваецца найсмачнейшая наліўка. Дык саграшым і пакаштуем яе разам. (Цалуе Раіну.)

Раіна (заляпіўшы Віславуху поўху, адбягае). Хоць я ўжо не маладзіца і не веле пекная ў харастве, аднак жа гонарам сваім не ахвярую. Паводзіце сябе вы, пане, бы певень пажадлівы, аднак жа я не курыца-нясушка. І пер’е з вашага хваста павыдзіраю!

Віславух. Скажу вам шчыра я. Магу ўзнагародзіць. Не толькі жарам кахання. Але грашыма і пратэкцыяй у судзе...

Раіна (усплёскваючы рукамі). Хіба я апошняя дзеўка ў павеце? Хіба мала ў двары круціцца служак? Хіба не прыкмецілі, як пазірае ў ваш бок траўніца? А кухарка!

Віславух. Яны ж з простага саслоўя. Ганебна шляхціцу змушаць халопак задавальняць патрабаванне прыроды па сардэчнай частцы. Парушэнне саслоўных межаў небяспечна для ўсёй дзяржавы... (Ідзе да Раіны, але бачыць яе паднятую далонь і спыняецца.)

Раіна (збянтэжана). Пан Фелікс сам прыйшоў да такіх высноў?

Віславух. Шчыра кажучы, мне тое мовіў пан Андрэй Станкевіч. А яго меркаванням я давяраю беззаганна.

Раіна. Шкада, ён вам не раіў трымаць у абцугах розуму сваю пажадлівасць. Прашу вас болей нам не назаляць сваім суседствам.

Віславух (абурана). Дакучаць вам? А хто сюды ўпотайкі пракраўся? Хто нос утыкаў у судзейскія паперы?

Раіна. Віной усяму цікаўнасць, ад спракаветных часоў уласцівая кожнай дачцэ Евы. (Прысядае ў паклоне. Затрымаўшыся на парозе.) Дарэчы, у вашых пратаколах сустракаюцца памылкі. Вам раю ў вольную часіну пачытаць граматыку Мялеція Сматрыцкага. З яе пазычыце вы шмат карысных звестак. (Выходзіць.)

Дзея 8
Віславух (усхвалявана). Ах, ясачка ясная! Ах, паванька прыгожая! (Жагнаецца на абраз.) Матухна Боская, дапамажы злавіць мне гэтую галубку!
Уваходзіць Станкевіч, стомлена апускаецца ў крэсла.
Віславух. Ваша міласць, даўно я вам хацеў параіць. Трэба нам за кошт судовых выдаткаў набыць граматыку Салеція Матрыцкага.

Станкевіч (неўразумела). Можа, Мялеція Сматрыцкага?

Віславух. Менавіта. Хачу ў вольную часіну я пачытаць яго.

Станкевіч. З чаго вам раптам закарцела чытаць кнігі?

Віславух. Бо вычарпалася ўшчэнт маё цярпенне! (Трасе паперамі.) У многіх пратаколах спрэс граматычныя памылкі! Чаму, пане Андрэй, вы не зважалі на маю малапісьменнасць?

Станкевіч. Таму, што шаблю і кубак трымаць вы болей звыклі, чым пяро і чарніліцу. А чаму, пане Фелікс, шчака ваша пабарвавела, бы неба на заходзе сонца? Мабыць, убачылі на блізкай адлегласці кухарку або траўніцу і далі рукам волю?

Віславух. Свой гонар не запляміў я чапляннем да халопак.

Станкевіч. Ухваляю вытрымку. А цяпер зоймемся мы справай важнай. Адновім у дробязях злачынства. (Устае з крэсла.)

Віславух. А што сусед Карловічаў адкрыў вам?

Станкевіч. Пан Карабурда расказаў, што за пару тыдняў да забойства пан Станіслаў Карловіч прыязджаў у яго маёнтак Свіслач. Спачатку яны выпілі вішнёвую настойку. Пасля — цінамонаўку, настоеную на персікавых костачках. А потым чарга дайшла да садовай ратафіі настоенай на карэннях крамбамбулі.

Віславух (іранічна). Каштоўныя звесткі. (Уздыхае.) І я ратафію шаную. П’еш яе — і хмелю не адчуваеш. А ранкам прачынаешся побач з непрыгожай кабетай і не можаш даўмецца: як сюды патрапіў? І ўсё ж гэта лепей, чым абудзіцца ў ложку побач з прыгожым мужыком...

Станкевіч. Пачаставаўшыся, пан Станіслаў Карловіч раптам разрыдаўся і пажаліўся, што неўзабаве яго заб’юць. Прасіў ён пана Карабурду, каб той маліўся за спачын ягонай грэшнай душы.

Віславух. А імя верагоднага забойцы называў?

Станкевіч. Не адважыўся. Збаяўся... Прыгадайце, пане Фелікс, хто апошні бачыў пана Карловіча жывым?

Віславух (глядзіць у паперы). Ключніца. Вечарам 14 кастрычніка 1606 года. Сведка паказала, што апоўдні пані Марына загадала напаліць лазню. Першымі папарыліся сёстры Дастаеўскія. Пан Карловіч не праявіў ахвоты да мыцця. Аднак пані Марына, вярнуўшыся, гучна прымушала мужа, каб і ён пайшоў у лазню.

Станкевіч (пляснуў далонню па стале). Уявім, пане Фелікс, што гэта маёнтак з панскім домам, флігілем для прыслугі і гаспадарчымі пабудовамі. (Адыходзіць і пляскае па крэсле.) У трохстах кроках ад яго — лазня. Вось я — Карловіч, брыду памыцца з венікам пад пахай. (Панурліва тэпае.) Гусцее вечаровы змрок. Зоркі ззяннем увесялілі неба і цямрэчу. Леваруч ад мяне — лес, праваруч — чыстае поле. (Віславуху.) Дзе ў гэты момант знаходзяцца жыхары сядзібы?

Віславух. У прыцемках уся прыслуга ўмомант пазасынала. Маўляў, ніхто анічога не бачыў і не чуў.

Станкевіч. А што слугі казалі сваякам у вёсцы?

Віславух (глядзіць у ліст). Конюх на падпітку балбатаў, што, калі гаспадар сышоў, Ян Тур пасадзіў вартавых сабак на ланцуг і зачыніў браму на замок. Свае ўчынкі аканом тлумачыў загадам пані Марыны.

Станкевіч. Наконт загаду мог і зманіць. Мажліва, дзейнічаў ён самачынна. Або аддаў распараджэнне пасынак, а не гаспадыня.

Віславух. Кухарка мовіла сваёй матулі, што пасля абеду пан Казімір сышоў у свой пакой і болей ніхто яго не бачыў. Яна ж першая ў прыцемках пачула гукі стрэлу і крыкі пана Станіслава.

Станкевіч. Дык вось, я — Карловіч, вы — забойца. Распараны і супакоены я вяртаюся ў маёнтак. Дзе будзеце мяне падсцерагаць?

Віславух (уяўляючы прыхаванага злодзея). Зручней усяго — у хмызах пры дарозе. (Выцягвае рукі.) Са стрэльбаю ў руках.

Станкевіч. Вось нетаропка я наблізіўся. На мне толькі крыж, сподняя бялізна, кашуля, боты і аніякай зброі...

Віславух. Нацэліўся я ў грудзі. Ба-бах! Канай жа, шэльма!

Станкевіч. У прыцемках пацэліцца складана. Я не забіты, а паранены ў грудзі. Крычу ад жаху. Ай-ай-ай!

Віславух. Прэч стрэльбу! Шаблю з похваў! Выходжу на дарогу.

Станкевіч. Вас месяц асвятляе. Бягу да брамы.

Віславух. Я следам. Я шпарчэйшы. І крывёю не сплываю.

Станкевіч. Адчуваю, як губляю сілы. Грукаю ў браму. Зачынена! Знутры — ані гуку. Чую за спінаю вашыя крокі. Выю ў роспачы.

Віславух. Б’ю шабляй па патыліцы. Кроў ліецца струменем. Каб не запэцкацца, я адступаю. Калі Карловіч валіцца на зямлю, набліжаюся. Хвалююся, што і з такімі ранамі ён можа выжыць. Раз’ятрана калю яго ў грудзіну, пахвіны, жывот...
Станкевіч валіцца на спіну і калоціцца ў канвульсіях.

Віславух схіляецца над ім з уяўнай шабляй.


Віславух. Вось, атрымай! Яшчэ! Яшчэ! Яшчэ!
Уваходзяць Марына Карловіч і Ян Тур, разгублена разглядваюць Станкевіча і Віславуха.
Марына (збянтэжана). Не станем вам замінаць.
Марына і Тур выходзяць.
Станкевіч (услед ім). Так аднаўляем мы падзеі. (Падымаючыся.) Нават думаць не хачу пра тое, што яны думаюць пра нас.

Віславух. Вы можаце ўжо і не думаць. Вы — нябожчык. Ваша журботная душа прадстала перад Боскім вокам.

Станкевіч. Я зноў суддзя. Жывы пакуль што, дзякуй Богу.

Віславух (сноўдаючы і ўяўляючы адначасова розных асоб). І я таксама болей не забойца. Я — аканом, убягаю, узмылены, у флігель, дзе храпе прыслуга. Усіх падымаю на ногі — кучара, кухара, стайніка, вартаўніка. Усе мы чуем жахлівыя крыкі. Усёй ардой брыдзём да брамы, здымаем засоўку, адмыкаем замок, расчыняем створкі. Што бачым? Душа пана Карловіча развітваецца з яго целам. Пан Станіслаў яшчэ жывы. Кроў ліецца з яго рассечанага горла. А побач з ім стаіць на каленях пан Казімір Карловіч і плача. Я — кухар, крычу: «Забойца!» (Асуджальна выцягвае руку. Замірае. Бяжыць да стала, глядзіць у паперы.) Не! Першым асуджэнне выгукнуў Ян Тур. Астатнія толькі паўтарылі. (Адыходзіць ад стала, скручвае ўяўнаму ворагу рукі.) Ніхто не слухае пана Казіміра. А ён анічога і не кажа. Цягнем яго ў клець. А ён і не супраціўляецца. Замыкаем яго. Вяртаемся да гаспадара. (Трасе рукой.) Пан Станіслаў некуды ўказвае. Падымаем яго на рукі, нясём на ганак. Тым часам на парог выходзіць пані Марына. Кучар мовіў брату, быццам гаспадыня ім крыкнула...

Станкевіч (скрыжаваўшы рукі на грудзях, верашчыць па-жаночы). «Прэч адсюль! Досыць ён тут пагаспадарыў! Цягніце гэтага д’ябла да клеці! Хай сынок скрозь краты на бацьку паўзіраецца!»

Віславух. І мы цягнем Карловіча да клеці, кладзём на зямлю, накрываем старымі рушнікамі. Каля брамы засталася лужына крыві. Вартавыя сабакі яе злізалі. Потым прайшоў дождж і змыў усе сляды.

Станкевіч. Пакуль ліў дождж, удава да нябожчыка не набліжалася. Корпалася ў ягоных рэчах, тэстамент шукала.

Віславух. Тое бачыла ключніца. І кумачкам прабалбаталася.

Станкевіч. Пахавалі пана Карловіча ў Менску на Кальварыі. На пахаванні пані Марыну вёў пад руку Ян Тур. Неўзабаве звярнулася яна па дапамогу да Пятра Сасінавіча Дастаеўскага. У выніку мы тут...

Віславух. Што ж рэканструкцыя падзей нам падказала?

Станкевіч. У гэтай справе цьмянай мне падаецца роля пасынка.

Віславух. Куды ж як ясней! Ён схоплены па гарачай крыві.

Станкевіч. Забойства здзейснена асэнсавана. Калі б былі вы, пане Фелікс, разважлівым злачынцам, няўжо засталіся б рыдаць каля ахвяры ў час, як браму адмыкалі? Або ўзялі б лахі пад пахі?

Віславух. Уцякаў бы, як заяц ад ганчакоў.

Станкевіч. У першы дзень, калі я чысціў боты дзеркачом на двары, то запрыкмеціў брамку, якая вядзе ў сад. Праз тую фортку можна выйсці за агароджу. Браму ў ноч забойства замкнулі на замок. Аднак жа веснічкі ніхто не зачыняў. Пэўна, праз садовую брамку вярнуўся ў дом забойца. І праз яе пабег пан Казімір, калі пачуў бацькаў крык.

Віславух. Калі ён толькі сам не забіваў у той міг бацьку. Трэба падняць яго на прэнг і спытаць сардэчна.

Станкевіч. Я спытаю. Прывядзі яго.

Віславух. А з прэнгам як быць?

Станкевіч. Пачакаем.

Віславух. А мне што рабіць?

Станкевіч. Як заўсёды, калі прашу сысці.
Кіўнуўшы, Віславух выходзіць.

Дзея 9
Станкевіч садзіцца ў крэсла спінаю да дзвярэй, стомлена пацягваецца, пазяхае, дрэмле.

Уваходзяць Марына са скруткам у руцэ і Ян Тур з падарункамі.


Станкевіч (абудзіўшыся, не азіраючыся). Як маецеся, пані Марына? Маё вам шанаванне, пане Тур.

Тур (здзіўлена). Як ваша міласць здагадаліся, што менавіта мы ўвайшлі? Хіба маеце вочы на патыліцы?

Станкевіч. Маснічыны рыпяць пад вашымі нагамі. А гукі крокаў у вас характэрныя. Вы, пане Тур, цісніце на абцасы, нібыта сцвярджаеце сваё вяршэнства ў доме. А гаспадыня ступае на мысок, быццам хоча прыўзняцца над усімі.

Марына. Ваша міласць памыляецца. Такімі думкамі я не грашу.

Станкевіч (падымаючыся з крэсла). Паходку і ўчынкі чалавека часцей вызначаюць не ягоныя словы, а запаветныя памкненні.

Марына. Як рухаецца следства, ваша міласць?

Станкевіч (цалуючы Марыне руку). Перагружаная павозка паднялася на гару і неўзабаве паімчыць пад схіл.

Марына. Ці можаце назваць імя злачынцы?

Станкевіч. Вядома. Вашая сястра. Панна Дастаеўская.

Марына (збянтэжана). Раіна? Але чаму?

Станкевіч. Яна не выклікае падазрэнняў. Як падказвае мой досвед, такія найчасцей аказваюцца вінаватымі. З вашага дазволу мой сакратар загоніць панне Раіне пад пазногці парачку іголак.

Марына (спалохана). Аддаць вам любую сястрыцу на пакуту?.. Што ж, калі так патрабуе правасуддзе, то я пакорліва пагаджуся...

Станкевіч (весела). Вы, пэўна, зразумелі — я жартую! Чаму наогул мы мяркуем, нібыта злодзей жыве ў маёнтку? А можа, гэта нехта з вяскоўцаў? Мабыць, пан Карловіч загінуў выпадкова? Можа, забіць хацелі некага іншага?

Тур. Зашмат у вашай міласці думак. І ўсе супярэчлівыя.

Станкевіч. І ўсе я мушу іх асэнсаваць, паколькі мае рашэнні перамяняюць рух чалавечых лёсаў.

Марына (Станкевічу). Хацелі б мы паскорыць следства. Мой дзядзечка пісаў, што ваша міласць хабару не церпіць, аднак падарункі ад шчырага сэрца прымае. Мо прыйдуцца яны вам даспадобы?

Тур (выкладваючы на стол). Сярэбраная талерка з залатой акантоўкай. Фарфоравая міса саксонскага вырабу. Фарбы крыху пабляклі, затое аніводнай расколіны. Крышталёвы куфар для віна.

Марына. Мажліва, нашы сціплыя дарункі змусяць вашу міласць хутчэй выкрыць сапраўднага злачынцу.

Станкевіч (разглядваючы посуд). Я хабару насамрэч не ўзяў бы. А вось ад гасцінцаў не адмоўлюся.

Марына. Яшчэ я склала ліст на імя дзядзечкі. У ім да нябёсаў ухваляю вашы намаганні ды малю пана Пятра Сасінавіча, каб усяляк садзейнічаў вашаму абранню ў суддзі Галоўнага трыбунала.

Станкевіч. Дарэчы, я адпраўляю сакратара ў Менск па справах. Ён асабіста перадасць вашае пасланне ў рукі пану Дастаеўскаму.

Марына. Велцэ буду вам удзячна. (Працягвае скрутак.)

Тур. Пара вячэраць. Я распараджуся. (Пакланіўся, выходзіць.)

Марына (прысядае ў паклоне перад Станкевічам). Пайду і я. Прыслуга апошнім часам разгультаілася, разленавалася.

Станкевіч. Прывялебная пані, а навошта ў вечар забойства вы загадалі аканому зачыніць браму, пакуль ваш муж у лазні парыўся?

Марына. На ноч заўсёды ў маёнтку браму замыкаюць. Але я мовіла пану Туру, каб павесіў замок пасля вяртання мужа, а не раней... Заўсёды да паслуг вашай міласці. (Выходзіць.)

Дзея 10
Станкевіч разгортвае скрутак, чытае, вымае са скуранога меха тэстамент Карловіча, раскладвае паперы на стале, звярае.

Уваходзяць Віславух і Казімір Карловіч.



Казімір жагнаецца на абраз і кланяецца Станкевічу.
Казімір. Душэўна рады бачыць вашу міласць.

Станкевіч (Казіміру). І я таксама, пане Казімір Карловіч! (Тыцкае пальцам у паперы.) Нярэдка ў практыцы сваёй я сутыкаўся з падробкай тэстаментаў. І магу запэўніць — другое завяшчанне, у якім маёнтак адыходзіць да пані Марыны, напісана не вашай мачахай.

Казімір. Але маім бацькам. Я ў роспачы быў ад такой знячэўкі.

Станкевіч. Адчай быў такі беспрасветны, што вы нячыстага ў душу запрасілі? Мабыць, крываблудны вораг чалавечы нараіў вам страляць у бацьку, а потым шабляю яго паласаваць?

Казімір. Апошнім часам я шмат думаю пра Бога і д’ябла. Пра тое, што чалавечая душа — адвечнае іх поле бітвы...

Станкевіч. Бацьказабойства караецца строга. Чыстасардэчнае прызнанне падорыць шанец вам на больш гуманную кару.

Казімір. Якую?

Станкевіч. Спаленне жыўцом на вогнішчы. Вы амаль не будзеце пакутаваць. Як полымя разгарыцца, ваша сэрца лопне ад перагрэву.

Казімір. Я бацюхну свайго не забіваў.

Станкевіч. Тады вашая бязгрэшная душа адправіцца ў рай. А душа прадузята настроенага суддзі пасля смерці будзе дзесяць тысяч гадоў смажыцца ў пекле ды столькі ж мерзнуць у ільдах.

Казімір (указваючы на стол). Наконт наўмыснасці яскрава сведчаць паднесеныя вам дарункі. Мачаха ўмее марна траціць бацькоўскае дабро.

Станкевіч (Віславуху). Прыбярыце гасцінцы, пане Фелікс. І можаце пакуль што адпачыць.
Віславух жвава пакуе падарункі ў мех, выходзіць.
Станкевіч (складвае паперы ў скураны мех, Казіміру). Вы думаеце аб допыце ў лёхах менскай ратушы? Там з вашага цела саскобляць усе валасы, каб адшукаць вядзьмарскія знакі. На прэнгу вам вывярнуць суставы і падагрэюць іх распаленым жалезам. Бізунамі здзяруць скуру са спіны і сцёгнаў. Абцужкамі выскубуць пазногці на пальцах рук і ног. Дазнанне мусіць адбыцца тройчы. Бо тройчы вы абавязаны пацвердзіць сваю віну...

Казімір. Не заслужыў я такой долі!

Станкевіч. Многія такой долі не заслужылі. Аднак яе зазналі.

Казімір. Я вінаваты ў зламыснасці. Але я бацьку не забіваў.

Станкевіч. Паміж думкай і благім учынкам шлях кароткі.

Казімір. Засмучаны я з іншае нагоды. З таго, што тыдні тры ўжо не мыўся. Смуродам патыхаю, бы з памыйнай ямы.

Станкевіч. Прывыкайце да водару менскай турмы. Там вязні месяцамі чакаюць, пакуль іх возьмуць на допыт, пакуль суд урэшце разгледзіць іх справу. Турма — гэта месца, ад якога Бог адвярнуўся.

Казімір. У бок Дурыніцаў Ён таксама даўно не глядзіць. Вось я і хачу Бога знайсці. Вядома, не сярод грэшнага тлуму, але ў кляштары. З-за таго мы з бацькам шмат сварыліся, даймалі адно аднаго. Ён цвярдзіў, што мне, яго адзінаму сыну, належыць працягваць род Карловічаў. А я марыў пра пострыг і жадаў адпісаць маёнтак манастыру. Бацька кпіў з мяне, упарта навязваў сваю волю. А я адчуваў, як гарачаю хваляю ў сэрцы ўздымаецца нянавісць. Ды незадоўга да смерці бацюхна са мною прымірыўся, абняў, пацалаваў і мовіў: «Як памру, сыне, — усё тваім стане. Дзейнічай тады, як сумленне падкажа».

Станкевіч. Ці маеце вы сведкаў той размовы?

Казімір. Прысутнічалі побач кухарка, аканом і ключніца. Аднак ніхто з іх пад прысягай не пацвердзіць. Мачахі збаяцца.

Станкевіч. Значыць, бацька вам саступіў, а вы яго зарэзалі?

Казімір. Годзе вашай міласці паклёпнічаць ды нагаворваць.

Станкевіч. А хто з нас схоплены на месцы і ў час злачынства?

Казімір. Тым вечарам я ў сваёй святліцы быў, маліўся. Раптам пачуў стрэл, затым бацюхна нема зароў. Я выбег на двор, да брамы — зачыненая. Тады я паімчаў у абыход, цераз садовыя веснічкі…

Станкевіч. Ці бачылі кагосьці па дарозе?

Казімір. Сустрэнь я забойцу — сёння мы не размаўлялі б. Убачыў бацьку, залітага крывёю. Схіліўся над ім. Раптам расчынілася брама, панабеглі людзі са двара і Ян Тур закрычаў, нібыта я забойца...

Станкевіч. Благія вашыя справы, пане Казімір. Усе ў маёнтку маюць алібі. На вашу карысць сведчаць толькі што ўласныя паказанні. Прызнайцеся мне лепей — пазбегнеце пакуты вы на прэнгу.

Казімір (у роспачы). Чаму не верыце мне, ваша міласць?

Станкевіч. Які з вас манах! Вы ў кляштары і месяца не вытрымаеце!.. Да таго ж вы — бацьказабойца! Пакуты вы зазнаеце цяпер. Гарэць вам у пекле вечна! (Адварочваецца ад Казіміра, корпаецца ў стосе папер на стале.)

Казімір (жагнаючыся). Бог вам суддзя, пане суддзя. А я, пакуль жывы, буду прасіць Бога, каб пацвердзіў сваю прысутнасць у нашым свеце. Каб злітаваўся Ён з нас, грэшных...

Станкевіч (паварочваецца). Дурань вы, пане Казімір.

Казімір. Прыемна размаўляць з добра выхаваным чалавекам.

Станкевіч. Паразважалі б лепш пра тое, чаму Бог дапускае ліха? Мабыць, каб людзі навучыліся адасабляць дабрыню ад злосці.

Казімір. Шкадую я, што меркаванне наконт маёй віны ваша міласць вынеслі зусім не на падставе разваг пра Боскую мудрасць.

Станкевіч. Намякаеце на гасцінцы, прынесеныя пані Марынай? На адзенне, дасланае яе дзядзечкам?

Казімір. Вы не першы і не апошні суддзя, які любіць дарункі.

Станкевіч. А ці ведаеце, якія найкаштоўныя дарункі для мяне? Калі душагуба вешаюць на шыбеніцы, а гвалтаўніка дзяцей садзяць на кол. Калі зганьбаваная дзяўчына паводле судовага выраку атрымлівае сорак коп грошай з маёмасці крыўдзіцеля. Калі бязвінна асуджаны атрымлівае волю ды выходзіць са смуроднай вязніцы. У такія хвіліны я кажу: «Дзякую, Божа, за такія падарункі. Дапамажы і падтрымай мяне». Але ж Гасподзь анічога не дорыць тым, хто анічога не робіць. Добрыя справы Яму важней, чым малітвы слабавольных. Ён хоча, каб мы самі ператварылі гэты свет лепшым чынам. І я, наколькі мне хапае розуму, імкнуся дбайна паслужыць Яго намерам.

Казімір. Значыцца, кат будзе крышыць мне рэбры, каб гэты свет зрабіўся лепшым? Дзівосным чынам успрымаеце вы Боскія намеры!

Станкевіч. Скажу вам шчыра — я не ўхваляю катаванне. У вышуку праўды бізун, прэнг і абцугі памочнікі благія.

Казімір. Ваша міласць, мабыць, здзекуецца з мяне?

Каталог: wp-content -> uploads -> 2013
2013 -> Форма №1-иг, лбг
2013 -> План ідэалагічнай І выхаваўчай работы на I чвэрць 2013/2014 навучальнага года
2013 -> Сябры! Вы з’яўляецеся сябрам/актывістам моладзевай арганізацыі альбо ініцыятывы?
2013 -> Библиотека справочно-библиографический отдел
2013 -> Правапіс канчаткаў назоўнікаў першага скланення ў адзіночным ліку
2013 -> Друзья! Вы являетесь членом/активистом молодёжной организации или инициативы?
2013 -> Конкурс творчых вучнёўскіх работ (далей конкурс), прымеркаваны да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ініцыятыва грамадскага аб’яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі",
2013 -> Расклад пазаўрочных заняткаў на I паўгоддзе
2013 -> Дырэктар А. А. Марціновіч


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал