Янка Маўр Палескія рабінзоны


Першая ноч. - Начная дужанка. - Заяц, які дзюбаецца. - Апошнія запалкі. - Дадому



старонка2/21
Дата канвертавання15.06.2016
Памер1.63 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21

II


Першая ноч. - Начная дужанка. - Заяц, які дзюбаецца. - Апошнія запалкі. - Дадому.

 

Сонца ўжо зайшло, але яшчэ цэлую гадзіну трымаўся шэры змрок. Над возерам са свістам праляталі качкі, спяшаліся на начлег. Уверсе пачуўся жураўліны крык. Вось ён мацнее, робіцца больш выразным: відаць, жураўлі спускаюцца на адпачынак.



- Вось добра было б, каб які-небудзь журавель ці гусь сеў нам на галаву! - прамовіў Віктар.

- Што б ты з ім рабіў без агню? - уздыхнуў Мірон.

- З'еў бы сырога.

Мірон перавярнуўся на спіну, зірнуў на зоркі. Яны так прыгожа зіхацелі! Ласкава шапталіся верхавіны дрэў. Мусіць, дома цешацца цяпер добрым веснавым надвор'ем, а яны...

- Вось да чаго даводзіць свавольства! - нібы сам да сябе прамовіў Мірон. - Каб мы папрасілі човен у гаспадара, дык цяпер людзі ведалі б, дзе мы, і прыехалі б па нас. А так, нават калі і знойдуць дзе човен, то не будуць ведаць, якім чынам ён там апынуўся. Паслухаўся цябе...

- Ну-ну, няма чаго наракаць, - нездаволена забурчаў Віктар. - Ніхто цябе не прымушаў. Калі ты такая цаца, дык не трэба было згаджацца. А ісці за паўкіламетра шукаць гаспадара і ў цябе самога не было ахвоты. З'есці збіраліся мы гэтую душагубку, ці што? Каб не такі выпадак, вярнулі б на месца - і ўсё.

Мірон змоўк. Усё роўна справы не паправіш. А спадзявацца на дапамогу няма чаго. Ніхто іх тут не ведае. Калі і бачыў хто, што паплылі недзе нейкія два хлопцы, то нікому не прыйдзе ў галаву пацікавіцца, дзе яны дзеліся. Прыйдзецца самім шукаць дарогу.

Паветра рабілася ўсё больш сырым і халодным. Добра яшчэ, што ветру не было. Крыху дапамагала таксама тое, што, шчыльна прытуліўшыся, яны маглі грэць адзін аднаго.

Час цягнуўся марудна. Голад і холад не давалі заснуць. Хлопцы вымушаны былі варочацца з боку на бок. Задрамалі, але хутка так змерзлі, што пачалі ляскаць зубамі. Было, мусіць, пасля поўначы. Віктар не вытрымаў і ўскочыў.

- Гэй, уставай! - штурхануў ён Мірона.

- А? Чаго?..

- Выклікаю цябе на спаборніцтва!

- А? Што?..

- Уставай дужацца!

- Што? Чаго? - мармытаў Мірон. - Не лезь!

Але Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Мірон не толькі ачухаўся, але раззлаваўся.

- Ты чаго лезеш? - закрычаў ён. - Чаго спаць не даеш? Я цябе зараз...

- Ціха, ціха! - сказаў Віктар. - Я цябе не біцца выклікаю, а дужацца. Дужацца, каб сагрэцца. Разумееш?

- А!..

І сярод начной цішы пачалася дужанка... Віктару хутка ўдалося паваліць Мірона. Той пакрыўдзіўся:



- Пачакай! Пачакай! Ты ж не даў мне добра ўзяцца, адразу накінуўся. Давай яшчэ раз, вось так. Пагледзімо, як цяпер...

І дужанка зноў пачалася, ды яшчэ як заўзята!..

Змарыліся, паляглі. Паспалі крыху і зноў пачалі варушыцца. Раптам недзе побач пачуўся дзікі, прарэзлівы крык. Крык жудасны і разам з тым нейкі жаласны, нібы хто душыць малое дзіцяня...

Жах ахапіў хлопцаў. Мімаволі яны шчыльней зашыліся між каранёў.

Крык не спыняўся, і нават непадалёк, у кустах, чулася нейкая тузаніна.

Тут ускочыў Віктар і кінуўся ў кусты.

- Мірон! Сюды хутчэй! - зараз жа пачуўся яго крык.

Спачатку Мірон зазлаваў на Віктара, чаму гэта ён кінуўся ў бяду, але ў той жа момант сам апынуўся каля Віктара. Той нешта трымаў, і гэтае нешта білася і вырывалася.

- Трымай! Хутчэй! - зноў крыкнуў Віктар.

Мірон учапіўся рукою за поўсць нейкага звера.

- Што гэта за звер такі? - здзівіўся ён.

- Трымай, трымай мацней! Заяц! - засопшыся, казаў Віктар.

Мірон учапіўся абедзвюма рукамі за зайца, але зараз жа адну руку адхапіў, бо нехта моцна ў яе дзюбануў.

- Ай, ай, заяц дзюбаецца! - крыкнуў ён з жахам.

- Трымай мацней! А то ўцячэ! - тузаўся тым часам Віктар.

Мірон зноў ухапіўся дзвюма рукамі.

- Што гэта робіцца? - крыкнуў ён. - Ніколі не чуў, каб заяц дзюбаўся!

- Я ж пугача трымаю! Гэта ён. Трымай зайца, а я гэтаму лупатаму зараз галаву раструшчу.

І ён стукнуў птушку галавой аб дрэва. Потым гэтак жа забілі і зайца.

- Адкуль ты ведаў, што там дзеецца? - запытаўся Мірон, калі яны са здабычай вярнуліся на сваё месца.

- Жаласны піск паказваў, што гэта нейкі невялікі звярок трапіў у бяду. Тузаніна ў кустах сведчыла, што і вораг яго не надта моцны, калі яны так доўга тузаюцца. Потым пачулася нібы плясканне крылаў, і тады мне прыйшла ў галаву думка, што гэта, мусіць, якая сава напала на зайца, як гэта часта пішацца ў кнігах. Але ж і запусціла кіпцюры ў спіну! Сама хацела вырвацца, ды не магла, таму і ўдалося схапіць. А цяпер паспрабуем запалкі, можа, ужо будуць гарэць.

Тыцнуўся Віктар туды-сюды, а запалак няма.

- Згубіў у час тузаніны, - прамовіў ён у роспачы.

Хацеў быў накінуцца на яго Мірон, але раздумаў.

- Знойдзеш заўтра, - сказаў ён лагодна. - Ды, мусіць, і страта невялікая, бо, відаць, усё роўна з іх толку не было б.

- А есці хочацца... - неяк жаласна сказаў Віктар.

- Ты ж казаў, што мог бы есці сырое. Вось і еш.

- Ну, ну! Лёгка казаць. Але ўсё ж такі, што мы будзем рабіць заўтра?

- Заўтра і будзем меркаваць, - сказаў Мірон і лёг у сваё логава. - А цяпер будзем спаць. Вось палажы сабе з другога боку зайца - хай грэе, а я палажу пугача.

Нарэшце дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні гром, ні мароз. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла іх, то яны праспалі аж да поўдня. Прачнуліся, селі, азіраюцца.

- Учора гэтай парой як пад'еў... - пачаў быў Віктар.

- Давай пашукаем нашы запалкі, - перапыніў яго Мірон. - Тады і пад'ясі.

Расплюснуты карабок з дзвюма запалкамі знайшлі хутка. З хваляваннем чыркнулі - запалка засіпела і больш нічога. А другая нават і не засіпела...

- Ну і ліха з імі! - раззлаваўся Віктар і ўскінуў на спіну зайца. - Хадзем лепш дахаты.

- А што рабіць з гэтай дурной савой?

- Вядома, браць. Гэта ж добры ўлоў. Зробім чучала і паставім у нашым прыродазнаўчым музеі з надпісам: «Злоўлены ў Палескай пушчы героямі-падарожнікамі і даследчыкамі Міронам Бажком і Віктарам Калягам уласнымі рукамі, без ніякай зброі». Нават і зайца я згодзен ахвяраваць для навукі і славы.

І яны пайшлі ўздоўж возера ў той бок, дзе павінен быў знаходзіцца іх дом.

 




1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка