З любоўю да беларускай спадчыны



Дата канвертавання27.07.2016
Памер110.89 Kb.


Пасядзелкі “З любоўю да беларускай спадчыны”

Мэты: выхаванне вучняў на лепшых традыцыях нацыянальнай культуры, выхаванне павагі і цікавасці да роднай мовы, да беларускага народа, яго гістарычнага мінулага, культурнай спадчыны;

пашырэнне светапогляду дзяцей, стварэнне ўмоў для яднання бацькоў і дзяцей, для фарміравання іх камунікатыўных уменняў і культуры маўлення.



Удзельнікі: вучні, бацькі,бабулі, дзядулі, настаўнік.

Падрыхтоўчая работа: дзеці разам з бацькамі рыхтуюць радаводы сям’і, выставу “Бульбяныя скульптуры”, “Умелыя рукі не ведаюць скукі”; дзеці рыхтуюць інсцэніроўкі, вершы; зала ўпрыгожана вырабамі ткацтва, вышыўкі, стаяць сталы, за якімі сядаюць удзельнікі пасядзелак.

Вядучая заклікае гасцей у хату:

Усіх сардэчна запрашаем!

Вячоркі чакаюць гасцей.

Заходзьце, заходзьце хутчэй!

Так сустракалі гасцей гаспадары.

Мы сёння з вамі ладзім пасядзелкі. Назвалі мы іх “З любоўю да беларускай спадчыны”.

Хачу ў вас запытаць пра сёе-тое. Але адказам на маё пытанне будзе ваша месцазнаходжанне ў залежнасці ад таго, які варыянт вы выбераце. Па вуглах пакоя прымацаваны чатыры лісты паперы рознага колеру: чырвоны, белы, сіні, жоўты. Уважліва слухайце не толькі пытанні , а і варыянты адказаў на яго, падыходзьце да таго колеру, які адпавядае абранаму вамі варыянту адказа. (Вядучая просіць хаця б аднаго вучня з кожнай групы абгрунтаваць свой выбар)


  1. Якім было надвор’е, калі вы ішлі ў школу?

Чырвоны- халоднае,сырое; белы- яснае, цёплае; сіні- дажджлівае; жоўты- халоднае, але сухое.

  1. З якім настроем вы прыйшлі на мерапрыемства?

Чырвоны- з вясёлым; белы- з дрэнным; сіні- з неахвотай ; жоўты- з цікавасцю .

  1. Што, на вашу думку, азначае слова “СПАДЧЫНА”?

Чырвоны- каштоўнасць, што засталася нам ад продкаў; белы- падарунак; сіні-гаспадыня ; жоўты- нават і не ведаю .

  1. Наколькі добра вы ведаеце мову, літаратуру, гісторыю Беларусі?

Чырвоны – амаль не ведаю; белы- ведаю, але мала; сіні- добра ведаю і магу падзяліцца ; жоўты- ведаю .

Спадзяюся, што наша мерапрыемства пашырыць вашы веды пра беларускую спадчыну, дасць магчымасць адпачыць, паказаць свае здольнасці.

З даўніх часоў беларускі народ славіўся сваёй працавітасцю, весялосцю, дружалюбнасцю. Пасля працы людзі збіраліся ў хаце на вячоркі, каб сябе паказаць і на астатніх паглядзець, заспяваць добрую песню, патанцаваць, паспаборнічаць у пацехах і забавах. І лілася мілагучная родная мова. Беларусы заўсёды ганарыліся сваёй беларускай мовай.

Вучань чытае верш У. Мазго “Ты адкуль бруішся, мова?

Ты адкуль бруішся, мова?

З сініх нёманскіх крыніц?

Па зямлі збіраю словы,

Нібы россыпы суніц.

Мілая, адзіная

Нам, нашчадкам, дадзена

Любаю радзімаю

Ад дзядоў і прадзедаў.

Вядучая: Госцікі даражэнькія, а вы сябруеце з беларускай мовай? Паспрабуйце перакласці словы з рускай мовы на беларускую:

Карандаш – …

Родина – …

Земляника-…………

Тетрадь – …

Учебник – …

Пасха-…………

Утро – …

Ёж – …


Дождь – …

Осень – …



Вядучая: Восеньскія месяцы вы , напэўна, ведаеце, а вось чаму яны так называюцца? ………. Пра верасень гавораць: "Халодны верасень— ды сыты". Як вы думаеце, чаму так гавораць? …………………………

Пасля заканчэння збору ўраджаю (21 верасня) адзначаецца старажытнае свята—Багач.

На гэты дзень і сама хата

Была прыбрана зухавата:

Памыты лавы, стол, падлога.

А каля покута святога

Дзве сцены клёнамі прыбраны.

Абрусам белым стол засланы.



Пасля доўгай напружанай працы па збору ўраджаю беларусы адпачывалі, частавалі адзін аднаго дарамі восені. Пра аднаго з іх кажуць так:

Повен хлявец белых авец.

Круглы, смачны, паласаты,

Мы яму бясконца рады.

(Гарбуз.)

Гульня "Вынесі гарбуз"

Па сігналу вядучага ўдзельнікі кожнай каманды па чарзе павінны вынесці на далоні з агарода (пераступіць за начэрчаную на зямлі ці падлозе лінію) "гарбуз" — надзьмуты і размаляваны пад гарбуз паветраны шарык. Удзельнік, які не змог утрымаць шарык на далоні, з гульні выбывае.

Нарадзіўся сярод градкі,

Быў шурпаты — вырас гладкі,

I ляжыць пад кустом

Дагары крывым хвастом.

(Агурок.)

Конкурс-жарт

Трэба як мага хутчэй з'есці скрылёчкі агуркоў, што ляжаць на талерках. Рукі трымаюць за спінай.

Зялёныя і густыя

На градках выраслі кусты.

Падкапаў іх наш Андрэйка,

Пад ім — цэлая сямейка.

(Бульба.)

Да сёняшніх пасядзелак кожная сям’я падрыхтавала скульптуру з бульбы. Паглядзіце, якая прыгажосць!

Эстафета "Садзім бульбу"

На падлозе малююцца кружкі (ямкі) па колькасці дзяцей, якія прымаюць удзел у эстафеце. Кожны з іх атрымлівае бульбіну і палачку. Па сігналу вядучага вучні павінны пасадзіць бульбіну (закаціць палачкай у кружок).

Вядучая: А 14 кастрычніка прыходзяць Пакровы.

—Ці ўсе да зімы гатовы?..

Апусцелі ніва, луг,

Гул работ на іх прыглух.

У народзе кажуць, што ў гэты дзень зіма зачыняе лета. Часта ў гэты дзень выпадае снег. Само слова Пакровы азначае "пакроў, пакрывала Божай Маці".

"Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом". 3 гэтага часу пачынаецца пара вясковых вяселляў.

Пакроў—пачатак зімавання скаціны ў хляве. Кажуць: "На Пакровы даў сена карове”. Па гэтым дні прадказвалі таксама надвор’е на зіму: "Калі на Пакровы снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу".

Апошняе з восеньскіх свят Дзяды. Хто з вас можа расказаць пра гэта свята?

………………………..

Дарэчы, кожная сям’я да сённяшняга мерапрыемства складала радавод. Раскажыце коратка аб працы над ім. ……………………………………

Што ж гэта за пасядзелкі без песень. Пацешылі б вы нас, дзеткі, песняй добрай! Айда, хлапчукі і дзяўчаты, заспявайце гучна, звонка!

Песня “Мікіта”

На дудзе Мікіта грае

Ды людзей ён забаўляе

Мікіта, Мікіта, так і гэтак Мікіта.

Прыляцелі камары,

З ім скакалі да зары,

Мікіта, Мікіта, так і гэтак Мікіта.

На дудзе Мікіта грае,

А мядзведзь яму спявае,

Мікіта, Мікіта, так і гэтак Мікіта.

Вядучая: Восеьскія работы скончыліся. Дні цяпер сталі кароткімі, ночы доўгімі. Што вы робіце вечарамі? А вы, мамы, таты, бабулі, як праводзілі час , калі былі ў такім узросце?

………………………………………………………..

Наша выстава “Умелыя рукі не ведаюць скукі” расказвае сама за сябе.

Я хачу вам прапанаваць, каму ніткі зматаць, а каму крупы ды фасолю перабраць. А каб вам не сумна было, я вам загадкі загадаю. Як вы думаеце, для чаго загадваюць загадкі?

………………………

Правільна, яны вучаць думаць, развіваюць кемлівасць, фантазію. Паглядзім, ці кемлівыя вы?


  • Вясна прыгрэе – кажух надзене,

Зіма наступае – кажух скідае.

(Дрэва і лісце)



  • Усе паны паскідалі жупаны,

Толькі тры у жупанах стаяць.

(Сасна, елка, ядловец)

• Жывы — чорны, памрэ — чырвоны. (Рак.)

• Зубастыя, а не кусаюцца. (Граблі.)

Высока стаіць, навокал глядзіць, у белай кашулі і люльку курыць.(Комін.)

• Каля носа ўецца, а ў рукі не даецца. (Дым.)

• Блакітнае вока ад зямлі высока. (Неба)

• Нахмурыцца , насупіцца, у слёзы ўдарыцца нічога не застанецца.(Хмара)

• Хвост мой пушысты, кажух мой агністы, хітрай называюць і курэй хаваюць. (Лісіца)

• Крылаў не мае, а лятае,

Без рук, а вароты адчыняе,

Без голасу, а спявае.

Без пугі, а хмары ганяе. (Вецер).

• Прыйшла чорна маці, усіх паклала спаці.(Ноч)

• Ён раскажа і пакажа, як жыве планета наша.

А няма электратоку – ён без мовы і без зроку. (Тэлевізар)



  • На тоненькай ножцы стаіць,

Сонейкам на неба глядзіць. (Сланечнік)

Вядучая: Кожная сялянская хата мае сваю гаспадарку. Калі вы адгадаеце ўсе загадкі, то даведаецеся, хто жыве на нашым двары.



  • З людзьмі сябруе,

Хату вартуе,

Жыве пад ганкам,

Хвост абаранкам. (Сабака)


  • Не араты, не каваль, не плотнік,

А першы на сяле работнік. (Конь)

  • Пасярод двара стаіць гара,

Спераду вілы, ззаду мятла. (Карова)

А на бераг сухія выходзяць. (Гусі)

  • Па зямлі ходзіць,

Неба не бачыць,

Нічога не баліць,

А ўсё стогне. (Свіння)


  • Без гадзінніка жыве.

А ў пару заўжды ўстае,

Галасіста ён спявае-

Нас прачнуцца прымушае. (Певень)


  • Лыка дзярэ, а лапці не пляце. (Каза)

  • На полі і ў лузе

Ходзіць у кажусе. (Авечка)

Вядучая: Дарагія мае, ці не стаміліся вы сядзець? Можа пагуляем?

Карагодная гульня “Маша”

Дзяўчынка з завязанымі вачыма ў цэнтры круга. Дзеці ідуць па крузе і гавораць:

Маша, ты пацеха наша,

Ручкі з золата,

Ножкі з долата,

Валасы кудлатыя,

Вочы зыркатыя.

“Маша” ідзе, выцягнуўшы рукі перад сабой. Дакрануўшыся да каго-небудзь, адгадвае, хто гэта.

Вядучая: Завітала ў госці казка – сустракайце, калі ласка!

У даўнія часы, калі простыя людзі яшчэ не ўмелі пісаць, расказвалі адзін аднаму, сваім дзецям розныя цікавыя казкі. Героямі казак былі жывёлы, а таксама выдуманыя істоты. Сюжэты казак былі не толькі забаўляльнымі, але многаму маглі навучыць.

Давайце прыгадаем з вамі казкі, складзеныя беларускім народам.

- Якімі словамі пачынаецца казка “Курачка-раба”?

“Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-раба. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу, ды паставіла на паліцу”.

- Што крычаў Пеўнік, калі яго схапіла ліса? (Казка “Коцік , пеўнік і ліса”.)

“Коце, браце!

Мяне ліска нясе

У высокія горы,

У глыбокія норы,

Па барах, па карчах,

Аж бярэ мяне страх!”

- Якімі словамі пачынаецца казка “Сынок з кулачок”?

“Жылі дзед і баба. Быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Не большы за кулак”.

- Што казала каза-манюка кожны раз дзеду, калі вярталася з пашы?

“ – Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…”

- Як заканчваецца казка “Піліпка-сынок”?

“ А Піліпка прыляцеў з гусямі дахаты. Зарадаваліся бацькі, што Піліпка вярнуўся, пасадзілі яго за стол, пачалі частаваць. А гусям далі аўса. Тут і казка ўся.”

Вядучая: Гэтыя казкі вы ведаеце добра, але ,ўпэўнена, што і самі майстры складаць казкі. Давайце ўсе разам паспрабуем. ( Вядучая або хто з дзяцей прапаноўвае пачатак казкі, астатнія працягваюць)

…………………………………..

Вядучая: Раней сярод юнакоў і дзяўчат самай любімай была гульня “Пярсцёнак”. А хто з вас ведае гульню “Пярсцёнак”?

Гульня “Пярсцёнак”

Вядучая: Хлопцы і дзяўчаты, мамы і таты, запрашаем на гульню выдатных акцёраў.

Гульня “Пантаміма”

Вучню даецца папера, на якой напісана, што ён павінен адлюстраваць з дапамогай мімікі і жэстаў. Госці павінны адгадаць, што паказвае акцёр.

Для пантамімы

Певень на світанні

Сапсаваны матацыкл

Чалавек пад дажджом

Вучань вучыць верш на памяць

Званок з урока

Повар на кухні

Дзед Мароз на свяце Новы год

Школьнік шукае кнігу ў бібліятэцы

Кот на печы

Вядучая: Я ў вас вось што запытаю,

Вы скажыце, госці, мне:

Ці вам добра тут, ці не?

Ну, тады чаго чакаеце?

Чаму артыстаў не вітаеце?

Інсцэніроўкі:

Маленькі хлопчык прынёс дадому чарапаху.

—Навошта яна табе? — пытаецца маці.

—Хачу праверыць, ці праўда, што яна жыве 200 гадоў.

* * *


— Марынка, ты вельмі непаслухмяная дзяўчынка. Адны непрыемнасці праз цябе. Я ўся пасівела.

— Мамачка, калісьці і ты,- напэўна, не слухалася. Паглядзі, колькі сівых валасоў у бабулі.

* * *

— Дзядуля, а ты быў маленькі?



—А як жа, унучак. I ў першы клас хадзіў, як і ты.

— Відаць, смешны быў ты ў школе са сваёю барадою?

* * *

Супакойвае маці сына перад кабінетам зубнога ўрача:



— Ты не бойся, нічога тут табе не зробяць.

— Тады чаго мы сюды прыйшлі?

****

Маці. Чаму ты, сынок, нічога ў пару не робіш? Помні, што адклад не ідзе на лад.



Сын. Ах, калі так, мамачка, дык тады дай мне сягоння тыя цукеркі, што ты схавала назаўтра.

Я – беларус, я нарадзіўся

На гэтай казачнай зямлі.

Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх

Адвеку прашчуры жылі.

Я – беларус, я ганаруся,

Што маю гэтае імя.

Аб добрай славе Беларусі

У свеце знаюць нездарма.

Я – беларус, і я шчаслівы,

Што маці мову мне дала,

Што родных песень пералівы

І зблізку чую і здалля.



Вядучая: Дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашай душы, у нашым сэрцы заўсёды будзе з намі адчуванне моцнай повязі з родным краем, зямлёй нашых бацькоў. Пакуль мы паважаем сваіх продкаў, не забываемся сваіх каранёў, мы паважаем Радзіму, мы існуем як народ, як нацыя. Прапаноўваю вам закончыць фразу:

Беларуская спадчына- гэта………………….

Вядучая: Жадаем здароўя і шчасця, дабрабыту вам і вашым сем’ям. Дзякуй, дарагія госці, што завіталі да нас на пасядзелкі.

Літаратура: Мая Айчына: хрэстаматыя /уклад.В.У.Буткевіч, Н.Г.Ваніна, А.У.Талкачова, - Мн.: Выдавецтва “Пачатковая школа”, 2005. – 176 с.



Шэйка М.М.



Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал