Запрашаем на вячоркі



Дата канвертавання21.06.2016
Памер96.2 Kb.
Сцэнарый “Запрашаем на вячоркі”
Перад сцэнаю калодзеж, дзяўчаты ідуць па ваду і спяваюць.

Падыходзяць адна да другой:
Алеся: - Добрай раніцы, Каця! Чаго зажурылася?

Каця: -Ой, Алесечка, гора ў мяне. Ніхто замуж не бярэ, а толькі сватае. Не ладзіцца ў нас нешта з Грышкам.

Алеся:-Чаго гэта?

Каця:- Не ведаю. Здаецца, і любіць мяне, а ўсё на другіх паглядвае.

Алеся:- А можа, лепш да знахаркі пайсці? Ці ж табе век па ім сохнуць. Яна ж так прыгаворыць, што заўжды за тваёй спадніцай бегаць будзе. А адну замову і я ведаю, паслухай:

Я іду каменным бродам, а мой Грышка гарою. Я стаю і дзіўлюся ў ваду. Яка з мяне цень: з вады – вадзяна, а з лазы лазіна, а з мяне -- мая. Як мая нага за нагою, каб так Грышка за мною. Каб ён куды ішоў – не дайшоў, каб ён еў – недаеў, каб ён спаў – недаспаў. Каб ён дзень і ноч думаў аба мне – і ў ядзе, і ў хадзе, і ў сне думаў аба мне – і ў ядзе, і ў хадзе, і ва сне думаў аба мне.
Чуецца голас гаспадара. З’яўляецца і сам.

Гаспадар:- Алесю! Дзе вас чорт пабраў? Старая з кудзеляю пайшла недзе, маладая па ваду. Вас толькі па смерць пасылаць. А гаршкі ў печы павыкіпалі, і падліць няма чым. Алесю, хутчэй ваду нясі. Хіба аднымі рукамі ўправіш усё? Пакуль свінні ўправіў, куры з сядла павыляталі, з курамі навёў парадак – цяля вылезла, цяля загнаў – печ выгарала. От!

Махнуў рукою, пайшоў прэч. Дзяўчаты смяюцца.
Алеся: - Ой, загаварылася я з табою, бяры сёння работу ды прыходзь вечарам. (разыходзяцца)

Каця: -Добра, Алесечка! ( і пайшла )

Алеся з вёдрамі пайшла ў хату.
Прыходзяць хлопцы з кароваю да калодзежа.

Адзін з іх:-Васіль, ці чуў, сёння ў Алесі вячоркі збіраюцца.

Другі:-Ну дык што? Прыйдзем, павесялімся.

Адзін з іх: -Так- то яно так. Але трэба было б неяк дзяўчат напалохаць.

Другі: Добра, вось толькі карову напоім, ды што-небудзь прыдумаем.(уходзяць з кароваю)
Вечар. Занавес адкрываецца. Гаспадыня прадзе. Гаспадар коле лучыну, гарыць лямпа. Дачка Алеся ходзіць па хаце, наводзіць парадкі, прыбірае вопраткі, напявае песеньку:

Ой, рэчанька, рэчанька,

Чаму ж ты няпоўная?

Чаму ж ты няпоўная,

З беражком няроўная?

Забягае Каця спяваючы:

А як жа мне поўнай быць,

З беражкамі роўнай плыць.

Разам:

-Ой лі, ой лі, з беражкамі роўнай плыць.



Алеся: -Ой, Кацечка, добра, што ты раней прыйшла. Дапамагай хутчэй, а то госці хутка прыйдуць.

(дзяўчаты прыбіраюць)



Гаспадыня: -І сумна неяк. Як падумаеш, як мы яшчэ ў дзеўках хадзілі, як весела было нам. А як зачуеш, што збіраюцца вячоркі – свята было. Дзеўкі яшчэ з абеду рыхтавацца пачынаюць. А што хлопцы былі? Як схопіць якую на рукі, так і носіць, так і носіць, так і носіць.

Алеся: -А што, мамка, і татка насіў Вас?

Гаспадыня: -А што ты думала. Я дзеўкай спраўнай была.

Гаспадар:- А ўжо ж. Глянеш – хоць пацалуй, а прыгубішся – плюнеш. Як дзеўкаю была – іграла, спявала. А як замуж выйшла – ног не валачэ. От, дзе б маладую прыціснуць!

Алеся: -Чаго гэта Вы, татачка, вярзеце такое брыдкае? Лепш на печ лезьце спаць.

Гаспадыня: -А праўда, стары, лезь на печ, хопіць смяціць, а то госці зараз прыйдуць. А вы, дзяўчаткі, прыбірайце хутчэй.

Дзяўчаты прыбіраюць смецце, гаспадар лезе напеч.
Уваходзяць госці – Матруна, Ганна са сваёй работай.

Матруна:- Добры вечар усім у хату! Вось, прымайце на пасядзелкі. Кажуць, сёння ў вас збіраюцца.

Ганна: -Любіце гасцяваць, любіце і прымаць.

Гаспадыня: -Добры, вечар, праходзьце, жанчынкі, праходзьце. Сядайце. Расказвайце, што новага ў вас, якім клопатам жывяце?

Матруна: -Ой, кумачка, адзін клопат – аб дачцэ. Нешта сумуе яна. А мне глядзець на яе маркотна. Сэрца крывёю абліваеца.

Дзяўчаты гадаюць на картах, размову не слухаюць.

Гаспадыня:- Ой, не кажы, Матруначка, малыя дзеці – малы клопат, А парастуць – праблем не абярэшся.

Гаспадар: (з печы) -От, больш прыдумваеце. За сваімі дочачкамі на нас, мужыкоў забыліся. Гуляюць, весяляцца, жывуць на ўсім гатовенькім, чаго яшчэ трэба?

Гаспадыня: -Пра каго гэта мы забыліся? І наварыш, і накорміш, і паабмываеш. Чаго яшчэ трэба? Маўчаў бы ўжо. Ляжы лепш на печы, дрэнна яму жывецца.

Гаспадар махнуў рукой і замаўчаў.

Гаспадыня: -А ты Ганна, што маўчыш?

Ганна: -А, што там гаварыць. Мне лягчэй. У мяне хлопцы. Грышка мо жэніцца хутка. Пара думаць аб вяселлі, от і задумалася.

Гаспадар:-Хопіць языкамі малоць, паспявайце лепей.

Матруна:- І то праўда, Алесю, Кацю, хопіць на картах гадаць. Дапамажыце дагнаць маладыя гады.(Спяваюць песню “Ой сівы конь бяжыць”)
Прыходзяць яшчэ жанчыны і мужчыны.

1-я: - Прымай, гаспадыня, на пасядзелкі. Пачулі галасок. Нешта сумнае тут у вас гучала.

2-я: - мы з работаю сваёй пасядзім, пагутарым, бо гавораць: ідзі ў людзі – не загубішся.

1-ы мужчына: -Як то кажуць: і шыла, і мылы, і прала, і ткала, і ўсё – языком.

Гаспадыня: - Сядайце, дзеванькі, сядайце, бабанькі. У гурце нішто не страшна, ды і весялей вечар доўгі скаратаць.
Толькі расселіся, пачалі работы свае рабіць, як у гэты момант урываецца Тэкля з сітам.

Тэкля: (убачыўшы Матруну) – Матруначка, і ты тут. Я ж так і думала, што ты сюды дабегла. Каб ты так да працы бегла, як да вячорак!

(трасе дзіравым сітам перад ёю) – Ты што , у гэтым сіце каменне сеяла ці проса?



Матруна: -Ну, што ты, Тэклечка, вярзеш? Якое яшчэ там сіта? Якое каменне? Нічога я ў цябе не пазычала. Можа, гэта Аўдоля Мікітава? У мяне ж сваё сіта ёсць.

Тэкля:- Якая яшчэ Аўдоля? Я ж табе яго давала. Дык ты яшчэ і не прызнаешся! Паставіла цішкам дзіравае сіта ў сенцах. Вось я табе зараз пакажу, дзе ракі зімуюць.(Калоціць Матруну па галаве, здзірае хустку; абедзве б’юцца. Бабы раздымаюць іх, але не тут-то было.Злазіць з печы гаспадар).

Гаспадар:-Тэклечка, Матруначка, бабанькі, ці ж вы біцца-сварыцца прыйшлі? Паспявайце лепей песню.

Гаспадар і гаспадыня раздымаюць іх, садзяць на лавы, жанчыны заспявалі “Ой, у лузе пры даліне”)

Тэкля:-Песня напомніла мне пра гісторыю, якую калісь мне бабуля расказвала, калі будзеце слухаць, то раскажу.

Усе:-Будзем, будзем! .(Расказвае гісторыю)
Адна з жанчын: -Ой, і праўда ж, бабанькі, і мне такое свёкар расказваў.

Матруна:- Ой, бабанькі, і я вам таксама гісторыю раскажу, слухайце (Расказвае)

Госць: - Хопіць страхоццяў. Давайце лепш паспяваем.

Адна з жанчын: А якую?

Усе: -О, ляцелі гусі з броду”.(Усе спяваюць)

Пасля песні ў хату ўвальваецца моладзь з частушкамі. Адзін з іх іграе, Грышка з дзяўчатамі ў абдымках спяваюць:
Мы з дзяўчатамі ўдваём Я надзену чаравікі

Вам прыпеўкі прапаём, Пайду на гулянне.

Пад вясёлы перабор Эх, гармонік, заіграй

Няхай пляша ў полі бор. Пра маё каханне.


На стале стаіць талерка, Беларуская старонка

А ў талерцы – ножыкі. Славіцца абрусамі.

Нашы хлопцы задаюцца, Салам, бульбай, пачастункам

Як у полі вожыкі . Ды хлапцамі русымі.


На мяне дзяўчаты кажуць, Гарманіста палюбіла –

Што я глухаватая Заругала мяне маць.

Маці сала не дала – Не ругай мяне, мамаша,--

Я не вінаватая. Развясёлы будзе зяць!
Гаспадар: - Ой, дзяўчаткі мае, сыраежачкі,

Пасаліў бы я вас – няма дзежачкі.



Гаспадыня: -Дзяўчаты, хлопцы, полечку паскачыце, і мы маладосць успомнім

Усе танцуюць полечку, пасля бяруцца ў скокі і гаспадыня з гаспадаром
Жанчына: -Ой і павесялілі ж вы нас, дзяўчаткі, хлопчыкі.А вы , цётачка, (павярнуўшыся да Матруны) кажаце, што моладзь у нас не такая нейкая.

Гаспадыня:-Ты б, гаспадар, прынёс чаго, пачаставаў гасцей. Яблыкаў мочаных, грушак, кваску прынясі. А я па печыва схаджу. (Калі гаспадары з’явіліся з пачастункамі, дапамагаць кінуліся Алеся з Кацяй).

Усе частуюцца, дзякуюць за пачастункі, хваляць квасок, печыва.

Дзяўчаты заспявалі песню “Купалінка”

Ганна: Малайцы, дзяўчаты! Добра спяваеце.Але ж і мы можам. А ну, Наталка, давай нашу, любімую!

Выконваеца песня “Цячэ вада ў ярок” або “Ў саду гуляла, цветы збірала”
Уваходзіць шаптуха, з торбаю, крыху пакульгвае, з кіёчкам у руцэ.

Шаптуха: -Добры вечар у хату! Вельмі добра, што ў вас так людна.

Гаспадыня: -Праходзьце, цётачка, праходзьце. Вы, мабыць, многа нахадзіліся, стаміліся, сядзьце, адпачыньце з дарогі, заадно і пачастуйцеся.

Алеся частуе Шаптуху, тая не есць, кладзе ўсё ў торбачку.
Гаспадар: -Ну, цётачка, раскажыце, дзе былі, што бачылі, чулі? А мы паслухаем.

Шаптуха:-Многа хадзіла, шмат лапцяў стаптала. Многа і гісторый розных чула . Адразу і не прыпомніш. Ну, вось нядаўна ў Мікіцічах расказвалі:

Маладая адна выйшла замуж за старога чалавека. І ўсё на яго: чорт стары ды чорт стары. Нарадзілася ў іх дзіця. Усё роўна жонка мужа чортам называе. Пайшла яна аднойчы ў лазню мыцца і сына з сабою ўзяла. А на мужа і кажа: “Прыйдзеш праз паўгадзіны, забярэш дзіця”. Праз паўгадзіны пастукалі ў дзверы. Жонка не гледзячы выпхнула дзіця за дзверы, а сама мыецца далей. Тут зноў хтось стукае:

-Давай сына, хопіць яго там парыць.

-Якога сына? Я ж табе яго аддала.

Так маці аддала сваё дзіця старому чорту-лазніку.

(Жанчыны з жахам заківалі галовамі, а моладзь захіхікала)

Шаптуха:- Але не хвалюйцеся, з вамі такога не здарыцца. Можа, каму лепш пашаптаць трэба?

Алеся (падбягае да Шаптухі): -Ой, цётачка, трэба, трэба.(адводзіць убок, да Каці, тая шэпча,

Алеся паказвае на Грышку, каб прышаптала яго да Каці, жанчыны ў гэты момант заспявалі песню “ Чаго вада каламутна?”
Прыходзяць хлопцы, прыносяць нешта ў меху

1-ы: -Добры вечар у хату!

2-і:- На пасядзелкі прымеце?

Дзяўчаты: -Прымем, прымем!

Гаспадыня: -Праходзьце, хлопчыкі, хоць і цесна ў хаце, але ў цеснаце, ды не ў крыўдзе.

Каця:- А што гэта вы, хлопцы, прынеслі? Можа, пачастункі якія?

Дакранаецца да меха, а ён паскакаў.

Каця: -Ой, дык гэты мех жывы? (дакранаецца яшчэ раз, а з меха выскачыў “чорт”—(пераапрануты хлопец) Дзяўчаты нарабілі віску.

“Чорт”: -Дзяўчаткі, вы што, мяне не пазналі? Гэта ж я – Паўлюк. Ужо і пажартаваць нельга.



Усе смяюцца, б’юць хлопцаў кулакамі ў спіны.

Адна з жанчын: -Ой, дзяўчаткі! Хопіць жартаваць, паспявайце што-небудзь вясёленькае!

Грышка падыходзіць да Каці, выводзіць яе на сярэдзіну хаты. Выконваюць песню

Ты ж мяне падманула”


Уваходзіць Несцерка, у капелюшы, падпаясаны прыгожым поясам, у кажушку, прытоптвае і спявае: -Ой, Лявоніха, Лявоніха мая

Падабаецца мне музыка твая.

Ты з дзяцінства карагодная,

У юнацтве-- навамодная.



Усе:-О, Несцерка! Несцерка прыйшоў!

Несцерка:-Добры дзень , сябры-браточкі!

Эге, колькі вас тут сабралася!

Не раўнуючы, як дроў у лесе.

Ой, прабачце, можа, каго абразіў?

Не, не, як кветак у полі!

Гаспадар: -Праходзь, праходзь, Несцерка, будзь госцем (падстаўляе табурэт)

Несцерка:- Ой вясёлае сёння свята, і гасцей тут вельмі багата

Адзін з гасцей: -Ну, Несцерка, раскажы, дзе быў, што чуў?

Несцерка:-О! Дзе я толькі не быў? Нават у самой Масковіі пабываў.

Мужчына: -Ідзі ты, нябось брэшаш?

Хлопец: -Брэшаш, брэшаш, Несцерка!

Несцерка: -От яшчэ будуць пярэчыць. А ведаеце, як у Масковіі наш боршчык называюць?

Жанчыны:- Як?

Несцерка: -Первое (расцяжна)

Адзін з гасцей:- Несцерка, яшчэ што-небудзь раскажы

Несцерка: -Гэта ў Спораве было.Іду я па вуліцы, бачу: хлапчук вядзе на вяроўцы цяля, якое кідалася ва ўсе бакі. А тут якраз ураднік праязджаў.

-Ты чаму перада мною шапкі не здымаеш, хам?!—закрычаў ён на хлопца.



-Калі ж мае рукі заняты, пане ўраднік. Злезце, калі ласка, з воза, патрымайце цяля, а я шапку здыму.

Усе смяюцца.

Адзін з гасцей: -А ці не ў гэтай вёсцы мужык на вяроўцы зацягнуў цяля на хлеў у галодны год, каб жыта , якое прарасло, паела,? А яно і задушылася.

Несцерка: -У гэтай, у гэтай. Там і такое было: адзін дзівак падпаліў сабаку хвост і пусціў у бок возера, а ён, ашалелы, пабег у вёску—палову сяла спаліў.

Мужчына: -Ёсць жа дзівакі на свеце!

Несцерка:- А я вось у Поразаве быў. Там вось у такую гульню моладзь гуляла.А ну, станавіцеся ў круг. Навучу. Вось яблычак. Трэба яго, трымаючы пад барадою, перадаць другому. Зразумелі? Але хто ўпусціць, той будзе цалавацца. Ну, пачынаем. (гульня праходзіць пад музыку бубна ці пад свісцёлкі).

Адна з жанчын: - Ох і насмяшыў жа ты нас, Несцерка, зараз моладзь і не супакоіш. Ніякай працы за вамі няма, рассаджвайцеся, лепш паспяваем.

Выконваецца песня “Ой у лузе пры даліне”
Грышка падыходзіць да Каці, адводзіць на край сцэны.

Грышка: -Што гэта, мая каханенькая, мяне сёння да цябе, як магнітам цягне. Ты сёння такая прыгожая, як ніколі, і танцуеш лепш за ўсіх, і спяваеш.

Каця(убок): -Дапамагла ж такі бабуля.

Каця (даГрышкі): -Ой, Грышачка, няўжо гэта праўда. Нарэшце ты мяне заўважыў. Я такая шчаслівая сёння.

Выходзіць шаптуха, кланяецца ўсім.

Шаптуха:- Ну, мне пара. Дзякуй, гаспадынька, за гасціннасць, за цяпло і за пачастункі. Пайду ў іншае сяло. Уходзіць
Грышка з Кацяй бяруцца ў пару і танцуюць “Лявоніху”, моладзь падтрымлівае.

Адна з жанчын: -Ой, ужо і пеўні заспявалі на плоце, пара па хатах.

Другая: - І праўда, засядзеліся мы не на жарт.

Гаспадыня: -Дык мо паспявалі б што напаследак?

Госць: -Ды хапіць ужо, гаспадынька. Дзякуем за ўсё: і за вяселле і за пачастункі.

Тэкля з Матрунай: - Жадаем мы вам, каб у вас, як і ў нас усё было ў місцы і ў калысцы.

Адна з гасцей: -Каб вашы дзяды не мелі бяды!

Другая: -Каб вашы ўнукі не зналі мукі.
Усе ў стаюць і спяваюць песню “Бывайце здаровы, жывіце багата”
Каталог: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал