Здароўезберагаючай адукацыйнай прасторы на сучасным уроку Зборнік дыдактычных матэрыялаў Прынцыпы фізічнага выхавання дзяцей



Дата канвертавання22.07.2016
Памер183.09 Kb.
Фарміраванне

здароўезберагаючай адукацыйнай прасторы на сучасным уроку


Зборнік дыдактычных матэрыялаў

Прынцыпы фізічнага выхавання дзяцей
Прынцып рознабаковага развіцця асобы прадугледжвае здзяйсненне, пры рашэнні спецыфічных фізкультурных задач, яшчэ і разумовага, маральнага, эстэтычнага, працоўнага выхавання. Любое фізкультурнае мерапрыемства патрабуе актывізацыі разумовай дзейнасці, стварэння ўмоў, у якіх дзіця само шукае найбольш рацыянальны спосаб паводзін, практыкуецца ў працоўных дзеяннях, звяртае ўвагу на фарбы і формы наваколля ды абсталявання, эмацыянальна ўспрымае рытм, музыку.

Прынцып гуманізацыі і дэмакратызацыі абавязвае адмовіцца ад аўтарытарнага стылю стасункаў з дзецьмі, педагагічных стэрэятыпаў. Фізічны, псіхічны і сацыяльны дабрабыт кожнага дзіцяці – вось што закладзена ў падмурку любога педагагічнага працэса, незалежна ад абранай сістэмы у цэлым ці яе асобных кірункаў (напрыклад, аўтарскія праграмы ці методыкі, тып установы).

Уся фізкультурная праца будуецца на падставе камфортнасці. Улічваючы жаданні і настроі дзіцяці, настаўніку трэба ведаць, “куды і як яго весці” – і ўмець гэта рабіць.



Дэмакратызацыя фізічнага выхавання прадугледжвае наданне педагогу права вольнага выбару формаў, сродкаў і метадаў працы з дзецьмі. Аднак такое права павінна гарантаваць сапраўды высокія канчатковыя вынікі здароўя, фізічнага развіцця, рухальнай падрыхтаванасці дзіцяці ў параўнанні з зыходнымі дадзенымі. Яно патрабуе ад настаўніка ўмення: вызначыць бліжэйшую зону здароўя, фізічнага і рухальнага развіцця дзіцяці; знайсці найбольш плённыя сродкі, формы і метады выхавання; з’яднаць іх у сістэму; ацаніць эфектыўнасць методык.

Прынцып індывідуалізацыі абавязвае забяспечыць здаровы лад жыцця ва ўстанове адукацыі кожнаму дзіцяці з улікам здароўя, развіцця, інтарэсаў і г.д.
Кансультацыя для бацькоў

Гадуем здаровае дзіця”


Паўнавартаснае здароўе і гарманічнае фізічнае развіццё дзіцяці – тое, да чаго імкнуцца ўсе бацькі. Для здзяйснення гэтай мары патрэбна не толькі рацыянальнае харчаванне, станоўчы псіхаэмацыянальны фон, але і фармаванне добрых звычак, слушна арганізаваны працэс фізічнага выхавання. Каб дасягнуць пазітыўных вынікаў, неабходна шчыльная супраца сям’і і ўстановы адукацыі.

Бацькі павінны забяспечыць установу адукацыі поўнай інфармацыяй пра здароўе дзіцяці. Рэжым сна і харчавання, дыету, прынятыя ва ўстанове адукацыі, трэба выконваць і дома.

Дарослыя павінны хваліць дзіця за праявы самастойнасці, слушнае выкананне гігіенічных працэдур.

Важна правільна падабраць абутак для дзіцяці, адпаведны памеру ступні, з невялікім трывалым абцасам, устойлівы і зручны.

У выхадныя і святочныя дні пажадана выконваць рэжым дня. Бацькі павінны ведаць, што дзіцяці пад час прагулак неабходна шмат і вольна рухацца, так як менавіта ў рухальнай актыўнасці ён знаходзіць месца сваёй няўрымслівай энергіі і фантазіі, такая актыўнасць стымулюе эмоцыі, маўленчую і разумовую дзейнасць, самарэгуляцыю.

Вельмі добра завесці сямейную традыцыю заняткаў спортам, далучаць дзіця да хадзьбы на лыжах, катання на каньках, веласіпедзе, спартыўных гульняў, плавання. Гуляючы з дзіцём, дарослыя павінны выхоўваць уменне падпарадкоўвацца агульнаму правілу, кантраляваць праявы эмоцый і паводзіны, фарміраваць псіхалагічную ўстойлівасць да няўдач.

Здароўе чалавека суцэльна залежыць ад ладу яго жыцця, паводзінаў. Вось чаму так важна з маленства навучыць дзяцей ашчадна ставіцца да самога сябе, захоўваць, развіваць, памнажаць тое, што дадзена самой прыродай.



Карысныя парады

Вада і сонца.



Водныя працэдуры (загартоўка вадой)”
Пачынаць трэба з найпростага: умывання, абцірання; паступова перайсці да аблівання, прахалоднага душу; пасля - да больш складаных працэдур: купання ў басейне, у адкрытым вадаёме.

Надзвычай карысна сумяшчэнне паветранай і воднай загартоўкі: адразу пасля паветранай ванны робіцца водная працэдура.

У летні час ранішняя прагулка завяршаецца ўмываннем з абціраннем, абліваннем, душам ці купаннем.

Паніжаць тэмпературу вады трэба паступова - з улікам узросту дзіцяці, стану яго здароўя, складу працэдуры. Ладзіць працэдуры трэба сістэматычна, прыкладна ў той самы час, папярэдне варта стварыць дзіцяці належны настрой.

У якасці мясцовых загартоўных працэдур ладзяцца: умыванне, абціранне да пояса, мыццё рук і абліванне, гульні з вадой, тупанне ў тазе.

Умыванне

Дзіця павінна ўмывацца наступным чынам: рукі, твар і шыю мыць вадой пакаёвай тэмпературы. Верхнюю частку грудзей мыць без мыла, але пасля расцерці яе рушніком да лёгкага пачырванення скуры. Калі дома ёсць душ, лепш прыняць яго. Тэмпература вады +34 - 33 градусы даводзіцца на працягу 10 - 15 дзён да +27 градусаў.

Для ўмывання лепш карыстацца "Дзіцячым" мылам, куды ўваходзяць такія карысныя складнікі, як жывёльны харчовы тлушч, саламас (гідраваны алей), какосавы алей. У якасці дадаткаў у гэтым мыле ўжываецца ланалін для памягчэння скуры і борная кіслыня для надання антысептычных вартасцяў. Сачыце, каб дзіця вучылася слушна даглядаць зубы: верхнія зубы трэба чысціць зверху ўніз, ніжнія знізу ўверх. Таксама - злева направа, справа налева і знутры, найбольш ахайна паміж зубамі.

Памятайце, што не радзей чым 2 разы на год варта паказаць дзіця стаматолагу.



Сонечныя ванны

Пад уздзеяннем ультрафіялетавых прамянёў у скуры ствараецца вітамін D, якія мае вялізнае значэнне для нармальнага росту і развіцця дзіцяці. Аднак сонечныя прамяні вызначаюцца вельмі моцным фізіялагічным уздзеяннем на арганізм, асабліва дзіцячы, - таму прымаць іх трэба надзвычай асцярожна. Сонечныя ванны, як і паветраныя, сумяшчаюцца па часе з прагулкамі, гульнямі, спартыўнымі забавамі. Прывучайце дзіця да сонечных ваннаў паступова і з вялікай асцярожнасцю. Спачатку дзіця, выходзячы на сонца, апранае кашулю з кароткімі рукавамі і шорты - загараюць рукі і ногі; праз 2 - 3 дні яно застаецца пад сонцам у майцы і трусах. І толькі яшчэ праз 2 -3 дні выходзіць на сонца ў адных трусіках. Галава заўсёды абаронена ад сонца панамай, ці шапачкай з казырком, ці светлай хусткай. У гарачы поўдзень, калі сонца ў зеніце, сонечныя ванны цалкам адмяняюцца.

Найбольш прыдатны час для прымання сонечных ваннаў: у сярэдняй паласе - з 10 па 12 гадзін, на поўдні - з 8 - 9 па 11 гадзін раніцы. Пры гэтым тэмпература ў цяні мусіць быць не ніжэй за +20 і не вышэй за +30 градусаў.

Дзіця не павінна ляжаць пад сонцам нерухома. Лепш за ўсё - спакойная гульня. Пачынаць неабходна з 3 - 5 хвілін, паступова павялічваючы працягласць сонечных ваннаў.

Пасля такой ванны дзіцяці варта прыняць душ ці выкупацца - калі тэмпература паветра не ніжэй, чым 24 - 25 градусаў, а вады - 20 - 22. Пасля насуха выцерціся і прыкладна паўгадзіны адпачыць ці пагуляць ў цяні.



Прыказкі і прымаўкі пра здароўе

Вядома: каму свярбіць, той драпае.

Кашаль – хвароба не ліхая, але хата не ўціхае.

Каб не кашаль і не ўдуха, была б хата глуха.

Пярхота ды чыхота – не свая ахвота.

Адно гарачка, другое балячка.

Скулка не мулка; каму сядзець – таму не завáдзіць.

Скула, што пан – не зачапі.

Скулачка садзіцца – цельца маладзіцца.

Нуда хужы хваробы.

Як на душы, так і на целе.

Не кажан хворы, хто стогне.

Што зашкодзіла, тым і лячыся.

Усякаму свая рана баліць.

Чужая болька людзям смех.

Каму акалець, той і ў Пятроўку змерзне.

Каб тыя лекі згінулі навекі.

Практыкаванні для прафілактыкі плоскаступнёвасці
КОМПЛЕКС ПРАКТЫКАВАННЯЎ З КАШТАНАМІ
1. «Выкінь за абруч».

Седзячы на крэсельцах каля абруча з каштанамі, пальцамі ног выкінуць каштаны за абруч.


2. «Пабудуй дарожку».

Сабраць каштаны пальцамі ног, рухаючыся на пятках, пабудаваць з каштанаў дарожку.


3. «Паходзім па дарожцы».

Хаджэнне па дарожцы з каштанаў бакавым прыстаўным крокам.


4. «Качалкі».

Седзячы на крэсельцы, качаць каштаны ступнямі ног.


КОМПЛЕКС ПРАКТЫКАВАННЯЎ З ГАЗЕТАМІ
1. Хаджэнне па дарожцы з газет:

«птушачкі» (на дыбачках);

«робаты» (на пятках);

«мядзведзі» (на вонкавым баку ступні).


2. «Збяры газету».

Стаць на газету, сабраць яе пад ступню пальцамі ног.


3. «Парві газету».

Пераступаючы з нагі на нагу, парваць газету пальцамі ног.


4. «Навядзём парадак».

Сабраць газеты пальцамі ног і, рухаючыся на пятках, аднесці іх у кош.


Практыкаванні для вачэй

з выкарыстаннем вобразных выяваў
1. «Арэлі» або «Мячык».

Глядзець па чарзе ўгару і ўдол.


2. «Пакацігарошак».

Выконваць адвольныя колавыя рухі па 10 разоў па гадзіннікавай і супраць гадзіннікавай стрэлкі.


3. «Спалохаліся мядзведзя».

Хутка міргаць 1—2 хвіліны.


4. «Конік».

Уважліва глядзець на палец на адлегласці 30 см ад вачэй, перавесці погляд на далёкі прадмет (адпачынак 10—15 сек).


5. «Сонца свеціць».

Шчыльна заплюшчыць вочы на 3—5 сек, затым расплюшчыць на той жа час (6—8 разоў).





Практыкаванні для фарміравання правільнай паставы з зыходных становішчаў седзячы

і лежачы на падлозе
1. «Дастань да насочка».

Зыходнае становішча — седзячы на падлозе, рукі на каленах, ногі расстаўленыя ў бакі.

1 — нахіліцца да левай нагі, дастаць да наска,

2 — зых. стан.,

3 — тое ж да правай нагі,

4 — зых. стан.


2. «Котачка».

Зых. стан. — стоячы на карачках, глядзець уніз.

Выгнуць спіну ўгару, галаву апусціць, прагнуць спіну, галава прыўзнятая, глядзець уперад.
3. «Дакраніся да каленаў».

Зых. стан. — лежачы на падлозе, калены сагнутыя пад вуглом 45°, рукі ўздоўж тулава.

1 — удыхнуць і крыху прыўзняць шыю і верхнюю частку спіны, але не больш як на 45°, паспрабаваць дакрануцца пальцамі каленяў і прасунуць рукі да каленяў.

2 — паволі вярнуцца ў зых. стан.


4. «Веласіпед».

Зых. стан. — лежачы на спіне, рукі ўздоўж тулава.

Выконваць адвольныя колавыя рухі нагамі ўперад-назад.
5. «Павярні калены».

Зых. стан. — лежачы на спіне, ногі сагнутыя ў каленах, рукі ўздоўж тулава.

1 — павярнуць калены ўправа, галаву — улева,

2 — зых. стан.,

3 — наадварот,

4 — зых. стан.


6. «Пакацігарошкі».

Зых. стан. — згрупавацца, лежачы на падлозе.

Выконваць перакаты на спіне.

7. «Змяя».

Зых. стан. — лежачы на жываце, рукі сагнутыя, далоні на падлозе на ўзроўні грудзей.

Выпрастаць рукі, прагнуць спіну, шыпець: «ш-ш-ш!».


8. «Плаванне».

Зых. стан. — лежачы на жываце, рукі ў бакі.

Прыўзняць верхнюю частку тулава, выконваць імітацыйныя рухі «плавання»



Комплекс практыкаванняў гульнёвага характару
КОМПЛЕКС 1
1. Гульня «Хамячкі».

Дзеці моцна надзімаюць шчокі, «як у хамякоў» (дыхаюць праз нос) і ідуць 10 крокаў. Потым па сігнале яны б’юць сябе кулачкамі па шчоках — выпускаюць паветра з рота. Пасля выконваюць 10 крокаў і зноў становяцца «хамячкамі» — надзімаюць шчокі.


2. «У птушкі вялікія крылы».

Зых. стан. — выпрастаныя рукі ўзняць праз бакі ўгару (удых праз нос), вярнуцца ў зых. стан. (выдых праз нос). Выконваць павольна, не затрымліваць дыхання (6 разоў).


3. «Птушка дзяўбе зерне».

Зых. стан. — галаву нахіліць уперад (выдых праз нос), вярнуцца ў зых. стан. (удых праз нос). Практыкаванне выконваць павольна (6 разоў).


4. «Птушка прыслухоўваецца».

Зых. стан. — галаву нахіліць у правы бок (выдых праз нос), вярнуцца ў зых. стан. (удых праз нос). Тое ж у левы бок (па 3 разы ў кожны бок).


КОМПЛЕКС 2
1. «У каровы вялікія рогі».

Зых. стан. — а. с. Выпрастаныя рукі ўзняць праз бакі ўгару (удых праз нос), вярнуцца ў зых. стан. (выдых праз нос). (Выконваць 7 разоў.)


2. «Кароўка скубе траву».

Зых. стан. — а. с. Стаць на карачкі, галаву прыўзняць. На ўдыху надзьмуць жывот, на выдыху падцягнуць яго. Дыхаць праз нос. (Паўтарыць 6 разоў.)


3. «Кароўка мычыць».

Зых. стан. — а. с. Заціснуць нос пальцамі, гучна і павольна «мыкнуць» да 5, потым зрабіць глыбокі ўдых і глыбокі выдых праз нос. (Паўтарыць 5 разоў.)


4. «Кароўка махае хвастом».

Зых. стан. — а. с. Выпрастаныя рукі ўзняць павольна ўгару (удых праз нос), апусціць іх уніз (выдых праз нос).


5. Гульня «Кароўка на пашы».

Па пакоі расстаўлены прадметы вышынёй 12 см на адлегласці кроку адзін ад аднаго. Высока ўзнімаючы калены, дзеці пераступаюць праз прадметы, вымаўляючы «му-му-му» (карова ідзе па высокай траве) (2—3 хвіліны).


КОМПЛЕКС 3
1. Гульня «Схаваліся».

Дзеці сядзяць на крэсельцах. Выхавальнік гаворыць словы, пад якія яны выконваюць рухі.

Пальчык аб пальчык — тук-тук-тук,

Ножкамі хуценька — туп-туп-туп,

Тварык схавалі — ух!

Пры паўторы дзеці разам з выхавальнікам прамаўляюць словы.


2. Гульня «Цягнікі з кавунамі».

Дзеці сядзяць на падлозе па крузе. Па сігнале выхавальніка яны перакідваюць адзін аднаму вялікі мяч — «грузяць на цягнік кавуны». Калі мяч «пройдзе» адзін круг — «пагрузка скончана», дзеці робяць колавыя рухі рукамі і кажуць «чух-чух-чух» (1 хв.), потым цягнік спыняецца, дзеці кажуць «ш-ш-ш». Пасля гэтага пачынаецца выгрузка кавуноў — перадача мяча па крузе. (Працягваецца гульня 3—4 хвіліны.)


КОМПЛЕКС 4
1. Гульня «Жукі».

Дзеці сядзяць на крэсельцах. Выхавальнік гаворыць словы, пад якія яны выконваюць рухі.

Ж-жууу, — сказаў крылаты жук, —

Пасяджу і пагляджу.

Дзеці дзвюма рукамі абдымаюць сябе за плечы.

Уздымуся, палячу.

Гучна-гучна загуду — жу-у-у!

Дзеці разводзяць рукі ў бакі і са словам «жу-у-у» рухаюцца па пакоі (2—3 хвіліны.).

1. «Раскрыем парасон».

Зых. стан. — ногі на шырыні ступняў, рукі ўнізе. Узняць выпрастаныя рукі праз бакі ўгару, злучыць іх над галавою — «раскрыць парасон» (удых праз нос), апусціць рукі праз бакі ўніз — «закрыць парасон» (выдых праз нос, 6 разоў).


2. «Дожджык капае».

Зых. стан. — тое ж. Прысесці са словамі «кап-кап-кап», пастукаць пальчыкамі па каленах, вярнуцца ў зых. стан. (Выканаць 7 разоў.)


3. «Схаваемся ад дожджыку».

Рукі пакласці на галаву, локці развесці ў бакі (удых праз нос), рукі апусціць уніз (выдых праз нос, 8 разоў).


4. «Страсем кроплі».

Пачарговае патрэсванне пясцяў рук і ступняў ног. Дыханне павольнае.


5. «Вялікія лужыны».

Хаджэнне па пакоі шырокімі крокамі. Дыханне адвольнае.


6. Гульня «Сонейка і дожджык».

Выхавальнік гаворыць: «Сонейка, можна ісці гуляць». Дзеці гуляюць па пакоі: «збіраюць кветкі», узнімаюць угару твар і г.д. На словы «дожджык пайшоў» яны становяцца парамі, пляскаюць адно аднаму ў далоні і вымаўляюць «кап-кап-кап». (Гульня працягваецца 5 хвілін.)


КОМПЛЕКС 5
1. «Пеўнік махае крыламі».

Зых. стан. — а. с. Узняць рукі ў бакі на ўзроўні плячэй. Са словамі «ку-ка-рэ-ку!» памахаць імі, апусціць уніз (7 разоў).


2. «Пеўнік п’е вадзічку».

Зых. стан. — ногі на шырыні плячэй, рукі ўнізе. Нахіліцца ўперад, ногі выпрастаныя, рукі адвесці назад (выдых праз нос), вярнуцца ў зых. стан. (удых, 8 разоў).


3. «Пеўнік дзяўбе зярняткі».

Зых. стан. — тое ж. Прысесці, са словамі «клю-клю» пастукаць пальчыкамі па каленях, вярнуцца ў Зых. стан. (удых праз нос, 8 разоў).


4. «Пеўнік чысціць лапкі».

Зых. стан. — сесці на падлогу, выпрастаныя ногі — разам, рукі ва ўпоры ззаду. Згінаючы правую нагу, правесці ёю па левай ад калена да наска. Зрабіць тое ж левай нагой. Дыханне адвольнае. (5 разоў кожнай нагой.)


5. «Вялікія і малыя пеўнікі».

Зых. стан. — ногі на шырыні плячэй, рукі ўнізе. Праз бакі ўзняць выпрастаныя рукі ўгару, стаць на дыбачкі (удых праз нос), прысесці, абняць рукамі калены (выдых праз нос). (7 разоў.)


6. Гульня «Ку-ка-рэ-ку».

Дзеці становяцца або сядзяць у крузе і перадаюць два мячы адзін насустрач другому. Калі мячы сустракаюцца, дзеці гавораць: «Сустрэліся!». Тыя, у каго аказаліся мячы, стукаюць імі адзін аб адзін і кажуць: «Ку-ка-рэ-ку!». Потым яны ідуць з мячом па крузе ў процілеглыя бакі, а калі сустракаюцца, зноў стукаюць мячамі адзін аб адзін і кажуць «Ку-ка-рэ-ку!». (Гуляюць 5 хвілін.)




Гульні першакласнікаў на перапынках
Вучонымі даказана, што 10-хвілінныя заняткі фізічнымі практыкаваннямі і гульнямі пры правільнай іх пабудове павышаюць працаздольнасць дзіцяці на 15 — 20 %. Найбольшы аздараўленчы эфект маюць перапынкі, у час якіх вучні знаходзяцца на свежым паветры. Нават 10 хвілін рухальнай актыўнасці ў такіх умовах добра ўзнаўляюць сілы дзяцей, прыбаўляюць ім бадзёрасці.

Увазе чытачоў прапануюцца гульні, якія можна праводзіць на рухавых перапынках з вучнямі першых класаў.


Хто падыходзіў”

Падрыхтоўка. Дзеці ўтвараюць круг. Водзячы становіцца ў яго цэнтр і далонямі закрывае вочы.

Змест гульні. Настаўнік указвае на каго-небудзь з вучняў. Той падыходзіць да водзячага, дакранаецца да яго пляча і называе яго па імені, змяняючы голас або імітуючы голас якой-небудзь жывёлы, пасля чаго займае сваё месца. Па камандзе настаўніка водзячы аднімае рукі ад вачэй і адгадвае, хто да яго падыходзіў. Калі адгадаў, ігракі мяняюцца месцамі.

Перамагае той, хто ніводнага разу не быў водзячым.

Заўвага. Водзячы не павінен аднімаць рукі ад вачэй, пакуль не атрымаў дазволу. Голас падае толькі той вучань, на якога ўкажа настаўнік. Першы водзячы не лічыцца прайграўшым.
Совачка”

Падрыхтоўка. Выбіраецца “совачка”. Круг, абведзены крэйдай на падлозе або палачкай на зямлі (побач з пляцоўкай), — яе гняздо. “Совачка” знаходзіцца ў гняздзе. Дзеці адвольна размяшчаюцца на пляцоўцы.

Змест гульні. Па камандзе настаўніка “Дзень наступае, усё ажывае!” дзеці пачынаюць бегаць і скакаць, імітуючы рухі матылькоў, жукоў, птушак, жабак, мышак. Па камандзе “Ноч наступае, усё замірае — сава вылятае!” удзельнікі спыняюцца, заміраюць у той позе, у якой іх застала каманда. “Совачка” выходзіць на паляванне. Заўважыўшы, што нехта з вучняў заварушыўся, бярэ яго за руку і вядзе ў сваё гняздо. За адзін раз “совачка” можа прывесці ў гняздо 2 — 3 удзельнікаў. Пасля 2 — 3 выхадаў “совачкай” становіцца іншы ігрок з ліку тых, хто не трапіў у гняздо.

Пераможцамі лічацца ўдзельнікі, якіх не ўдалося злавіць. Адзначаецца лепшая “совачка”.

Заўвага. “Совачцы” нельга доўга паляваць на аднаго іграка. Той, каго злавілі, не павінен вырывацца.
Кветкі”

Падрыхтоўка. Дзеці размяшчаюцца па кругу тварам да яго цэнтра. Кожны ўдзельнік выбірае сабе назву якой-небудзь кветкі (рамонак, гваздзік, ружа, лілея, півоня, цюльпан і інш.).

Змест гульні. Па лічылцы або ўказанню настаўніка адна з кветак, напрыклад рамонак, пачынае гульню. Гучна назваўшы іншую кветку, напрыклад ружу, рамонак пачынае яе даганяць (бяжыць за спінамі ігракоў). Калі той, хто ўцякае, адчувае, што яго могуць дагнаць, ён гучна называе іншую кветку, напрыклад цюльпан, і становіцца на месца вучня, які выбраў гэту назву. Цяпер ад рамонка ўцякае цюльпан. У выпадку, калі рамонак яго дагоніць, цюльпан называе іншую кветку, напрыклад півоню, і г. д.

Заўвага. Замест назваў кветак можна выкарыстаць назвы жывёл, рыб і інш.

Пустое месца”

Падрыхтоўка. Удзельнікі становяцца ў круг тварам да цэнтра, рукі за спінамі. Водзячы размяшчаецца па-за кругам.

Змест гульні. Водзячы абыходзіць круг, дакранаецца да каго-небудзь і бяжыць вакол круга (у любы бок). Выкліканы ўдзельнік паварочваецца і таксама бяжыць вакол круга, але ў процілеглы бок. Кожны з іх імкнецца першым заняць пустое месца. Той, хто застаўся без месца, становіцца водзячым.

Заўвага. Нельга два разы запар выклікаць аднаго і таго ж вучня.


Хто хутчэй”

Падрыхтоўка. Утвараюцца дзве каманды. Іх члены разлічваюцца па нумарах. Такім чынам, у кожнай камандзе ёсць аднолькавыя нумары. Затым утвараецца агульны круг, у цэнтр якога кладзецца мяч (флажок).

Змест гульні. Настаўнік называе любы нумар. Два ўдзельнікі пад гэтымі нумарамі абягаюць круг звонку і, апынуўшыся на месцы, дзе стаялі раней, бягуць да цэнтра круга, каб узяць у рукі мяч. Той, хто першым узяў мяч, прыносіць сваёй камандзе ачко.

Перамагае каманда, якая набрала больш ачкоў.

Заўвага. Пажадана, каб дзеці беглі ў адным накірунку.
Запомні свой колер”

Падрыхтоўка. Утвараюцца тры групы, якія адвольна размяшчаюцца на пляцоўцы. Кожны ўдзельнік атрымлівае картку, на якой намалявана фігура пэўнага колеру — сіні квадрат, жоўты трохвугольнік, чырвоны круг.

На пляцоўцы ў розных месцах ставяцца флажкі сіняга, жоўтага і чырвонага колеру.

Змест гульні. Настаўнік называе адзін з колераў, напрыклад чырвоны. Усе дзеці, якія атрымалі карткі з чырвоным кругам, бягуць да чырвонага флажка і строяцца — утвараюць фігуру, адлюстраваную на картцы. У дадзеным выпадку гэта круг. Як толькі называецца іншы колер, ігракі адбягаюць ад чырвонага флажка і назіраюць за дзеяннямі таварышаў.

Заўвага. Пасля таго як усе каманды выканаюць заданні, карткі збіраюцца, перамешваюцца і зноў раздаюцца дзецям. Гульня паўтараецца.
Забаронены лік”

Падрыхтоўка. Вучні становяцца ў круг. Водзячы ў сярэдзіне круга.

Змест гульні. Называецца забаронены лік, напрыклад 5. Па камандзе настаўніка водзячы падыходзіць да любога іграка і, дакрануўшыся да яго, гаворыць: адзін. Той, хто стаіць справа, працягвае: два. І г. д. Удзельнік, якому выпадае лік 5 (15, 25), павінен сказаць “не”, і лічэнне працягваецца. Ігрок, які назваў забаронены лік або памыліўся пры лічэнні, становіцца водзячым.

Заўвага. Забаронены лік можна мяняць пры кожнай змене водзячага.


Слухай сігнал”

Падрыхтоўка. Для гульні патрэбны свісток. Вучні строяцца ў калону па адным. Настаўнік дае тлумачэнні: адзін свісток абазначае хадзьбу, два — бег, тры — прыпынак.

Змест гульні. Дзеці ідуць па кругу або па перыметру пляцоўкі. Настаўнік у рознай паслядоўнасці падае сігналы, а вучні павінны іх дакладна выконваць. Той, хто дапусціў памылку, пераходзіць у канец калоны, і гульня працягваецца.

Пераможцамі лічацца ігракі, якія не зрабілі ніводнай памылкі.

Заўвага. Трэба час ад часу змяняць накірунак руху. Не варта часта падаваць сігналы.

Мяч па кругу”

Падрыхтоўка. Дзеці становяцца ў круг і разлічваюцца на першы-другі. Першыя нумары — адна каманда, другія нумары — другая. Аднаму з ігракоў першай каманды настаўнік дае белы мяч, іграку другой каманды, які стаіць насупраць, — сіні мяч.

Змест гульні. Па сігналу настаўніка дзеці па кругу перадаюць мяч з рук у рукі толькі членам сваёй каманды — першыя нумары першым, другія другім. Як толькі мяч вяртаецца да іграка, які распачаў перадачу, ён паднімае яго над галавой — гульня закончана. Перамагае каманда, удзельнік якой першым падняў мяч уверх.



Заўвага. Аб накірунку перадач мяча трэба дамовіцца перад пачаткам гульні. Можна павялічыць колькасць кругоў пры перадачы мяча, павярнуць вучняў спінай да цэнтра круга.


Дадатак 1

Наглядны матэрыял

















Каталог: golynka -> library
library -> План работы Галынкаўскай сш
library -> План правядзення мерапрыемстваў у рамках Месячніка прафілактыкі суіцыдальных паводзін 10. 09. 2014 – 10. 10. 2014
library -> План выхаваўчай работы на 2 чвэрць 2014/2015 нав г
library -> 4. Ідэалагічная і выхаваўчая работа Прафарыентацыйная работа
library -> Конкурс малюнкаў, паштовак, лістовак "Мы супраць вайны!" На працягу дэкады Кл кіраўнікі 1-4 класаў
library -> Шакаладных цукерак. Фабрыка «Камунарка» працуе и прыносіць
library -> Дзень дублёра


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал