Зябко Андрэй Аляксандравіч



старонка1/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер380.47 Kb.
  1   2   3
Установа адукацыі

«Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»

УДК 94(476) “1914/1917”

Зябко

Андрэй Аляксандравіч

Антываенны рух на тэрыторыі Беларусі
(ЛІПЕНь 1914 – люты 1917 ГГ.)

Аўтарэферат

дысертацыі на саісканне вучонай ступені

кандыдата гістарычных навук

па спецыяльнасці 07.00.02 – айчынная гісторыя

Мінск, 2013

Работа выканана ва ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»

Навуковы кіраўнік – Каваленя Аляксандр Аляксандравіч, доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі

Афіцыйныя апаненты: Літвін Аляксей Міхайлавіч, доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут гісторыі НАН Беларусі»

Лапановіч Сяргей Фёдаравіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права ўстановы адукацыі «Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь»

Апаніруючая арганізацыя – установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт »

Абарона адбудзецца 25 кастрычніка 2013 г. у 14.00 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый К 02.21.03 пры ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка» па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Савецкая, д. 18, аўд. 482. Тэл.: 327-82-35. Е-mail: Sv.Tolm1@gmail.com.

З дысертацыяй можна азнаёміцца ў бібліятэцы ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка».

Аўтарэферат разасланы 20 верасня 2013 года.

Вучоны сакратар савета

па абароне дысертацый С.А. Талмачова

УВОДЗІНЫ
Першая сусветная вайна з'явілася адной з найбольш значных падзей сусветнай гісторыі ХХ стагоддзя. Яна стала лёсавызначальнай для большасці вялікіх і малых еўрапейскіх народаў, у тым ліку і для беларускага, па тэрыторыі якога праходзіла крывавая мяжа франтавога супрацьстаяння двух магутных сапернікаў. З аднаго боку, вайна выклікала велізарныя чалавечыя страты і разбурэнні на тэрыторыі Беларусі, а з другога – падштурхнула сацыяльна-палітычныя працэсы і з'явы, якія прадвызначылі далейшую гісторыю беларускага народа.

Сучасны працэс нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва незалежнай Рэспублікі Беларусь актуалізуе паглыбленую навуковую распрацоўку шэрагу праблем гісторыі беларускага народа з улікам новых метадалагічных падыходаў. У значнай меры, гэта датычыцца і складаных ваенна-палітычных і сацыяльна-эканамічных падзей Першай сусветнай вайны, ва ўмовах якіх адбывалася станаўленне беларускай дзяржаўнасці.

Менавіта ў гэтым кантэксце нам бачыцца актуальным даследаванне праблемы антываеннага руху на тэрыторыі Беларусі ў ліпені 1914 – лютым 1917 гг. Незадавальненне вайной і яе наступствамі сярод насельніцтва і вайскоўцаў прывяло да зараджэння антываеннага пратэсту, які з'явіўся адным з галоўных фактараў рэвалюцыйнага выбуху ў Расіі ў 1917 г., а таксама паўплываў на станоўчае ўспрыняцце большасцю насельніцтва ліквідацыі імператарскай улады і ўстанаўленне рэспублікі. У сваю чаргу рэвалюцыі адкрылі шлях беларускай нацыі да будаўніцтва ўласнай дзяржавы, якая ў хуткім часе з’явілася на карце Еўропы.

Разам з тым, праблема антываенных выступленняў на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны адзначаецца недастатковай вывучанасцю большасці яе аспектаў у беларускай гістарычнай навуцы. Таму дадзенае даследаванне прызвана ліквідаваць гэтыя недахопы і стварыць больш аб'ектыўную карціну антываеннага руху на тэрыторыі Беларусі ў ліпені 1914 – лютым 1917 гг. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць глыбей і паўней зразумець грамадска-палітычныя працэсы ў краі ў часы вайны і напярэдадні рэвалюцыйных пераўтварэнняў.

Усведамляючы актуальнасць праблемы, у дысертацыі намі праводзіцца ўсебаковае вывучэнне накірункаў і формаў антываенных выступленняў насельніцтва і вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны. Работа дапаўняе навуковыя ўяўленні па праблемах развіцця сацыяльных, палітычных, этнічных, культурных падзей і працэсаў, якія разгортваліся ў гады Першай сусветнай вайны і Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ
Сувязь дысертацыі з буйнымі навуковымі праграмамі (праектамі), тэмамі

Дысертацыя мае сувязь з асобнымі раздзеламі задання «Гісторыя і культура 06» «Сацыяльна-эканамічнае, навуковае і культурнае развіццё Беларусі ў трансфармацыйных працэсах ХІХ–ХХ стст.». Дзяржрэгістрацыя ад 17.11.2006 г. № 20064910 дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006–2010 гг. «Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры», якая зацверджана Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 512 ад 17 мая 2005 г.



Мэта і задачы даследавання

Мэтай даследавання з'яўляецца выяўленне прычын узнікнення, сутнасці, форм, метадаў і тэндэнцый развіцця антываеннага руху мірнага насельніцтва і вайскоўцаў расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі ў ліпені 1914 − лютым 1917 гг.

Для дасягнення пастаўленай мэты неабходна рэалізаваць наступныя задачы:



  1. Вызначыць ступень навуковай распрацаванасці ў савецкай, а таксама сучаснай расійскай і беларускай гістарыяграфіі праблемы антываеннага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны; выявіць колькасныя і якасныя характарыстыкі крынічнай базы па азначанай праблеме.

  2. Даследаваць грамадска-палітычнае жыццё на тэрыторыі Беларусі напярэдадні ліпеня 1914 г., вызначыць наяўнасць перадумоў для развіцця антываенных выступленняў.

  3. Раскрыць сутнасць выступленняў мірнага насельніцтва і чыноў запасу расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі ў перыяд ліпеньскай мабілізацыі 1914 г.

  4. Вызначыць асноўныя фактары зараджэння антываенных выступленняў мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі і формы, якія яны прымалі ў сваім развіцці.

  5. Выявіць прычыны ўзнікнення, тэндэнцыі і асноўныя кірункі разгортвання антываенных выступленняў салдат і афіцэраў расійскай арміі, якія дыслацыраваліся на беларускай тэрыторыі.

Аб'ект даследавання – грамадска-палітычныя працэсы на тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны. Прадмет даследавання – антываенны рух мірнага насельніцтва і вайскоўцаў расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі ў ліпені 1914 – лютым 1917 гг.

Храналагічныя межы даследавання – ліпень 1914 – люты 1917 гг. Такі выбар абумоўлены тым, што менавіта ў гэты перыяд на беларускай тэрыторыі адбываўся працэс зараджэння і развіцця антываенных выступленняў, якія былі накіраваны супраць удзелу Расійскай імперыі ў сусветнай вайне. Ніжняя мяжа даследавання абумоўлена ўступленнем краіны ў Першую сусветную вайну. Выбар верхняй мяжы звязаны са зменай палітычнага рэжыму ў Расіі, што было звязана з ліквідацыяй палітычных структур Расійскай імперыі і спыненнем функцыянавання яе органаў кіравання і падтрымання парадку. Пры гэтым, у першым раздзеле другой главы разглядаецца сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае становішча, якое мела месца на тэрыторыі Беларусі напярэдадні сусветнай вайны. Тэрытарыяльныя межы даследавання вызначаюцца, з аднаго боку, сучаснымі межамі Беларусі, а з другога – юрысдыкцыяй органаў улады Расійскай імперыі.



Палажэнні, якія выносяцца на абарону

  1. Напярэдадні Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі не назіралася яскрава выражаных прычын для ўзнікнення ў грамадстве антываенных настрояў. Тым не менш, меліся асобныя сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя і рэлігійна-культурныя праблемы, якія ў час вайны стваралі патэнцыяльныя перадумовы да ўзнікнення і развіцця антываенных выступленняў. Набліжэнне вайны не выклікала рэзкай палярызацыі настрояў у расійскім грамадстве, чаму ў значнай ступені садзейнічала палітыка ўладаў, а таксама дамінаванне ў грамадска-палітычным жыцці рэгіёна праўрадавых партый і арганізацыйная слабасць левых палітычных сіл. Аднак патрыятызм большасці мясцовага насельніцтва базіраваўся на веры ў Бога і Цара, а не на ўсведамленні неабходнасці адстойвання інтарэсаў сваёй краіны.

  2. Падчас мабілізацыі ў расійскую армію ў ліпені 1914 г. на тэрыторыі Беларусі не адбываліся масавыя антываенныя выступленні сярод насельніцтва і чыноў запасу імператарскай арміі. Сцвярджэнні савецкіх даследчыкаў аб наяўнасці шырокага антываеннага руху не пацвярджаюцца дакументальнымі крыніцамі. Адзінкавыя выступленні, якія тут былі, не паўплывалі на агульную атмасферу спакойных адносін мясцовых жыхароў да мабілізацыі. Бунты запасных чыноў і сялянскія выступленні ў гэты перыяд, якія савецкай гістарыяграфіяй адносіліся да антываенных, мелі эканамічны альбо сацыяльна-культурны характар. У той жа час, большасць насельніцтва, нягледзячы на арганізаваныя ўладамі патрыятычныя маніфестацыі, адносілася да распачатай вайны як да падзеі, якая разбурала традыцыйны лад жыцця, і таму ўжо ў пачатку сусветнага канфлікту чакала яго хутчэйшага завяршэння.

  3. У асяроддзі мірнага насельніцтва дамінавалі неарганізаваныя антываенныя выступленні. Яны былі абумоўлены пагаршэннем эканамічнага становішча большасці жыхароў, баявымі няўдачамі на франтах, уплывам трывожных чутак, якія распаўсюджваліся ва ўмовах недахопу інфармацыі аб вайне. У той жа час, большасць апазіцыйных расійскаму ўраду партый на тэрыторыі Беларусі заняла пазіцыю абаронніцтва і займалася галоўным чынам культурна-асветніцкай і дабрачыннай дзейнасцю. Нешматлікія палітычныя сілы левага кірунку, якія з пачатку вайны сталі на антываенныя пазіцыі, ажыццяўлялі работу праз вусную і лістовачную прапаганду сваіх праграмных установак, сярод якіх пэўнае месца займала і агітацыя супраць вайны. Аднак іх уплыў на фарміраванне антываенных настрояў насельніцтва на працягу вайны быў нязначны. У гэтых умовах разгортваўся стыхійны антываенны пратэст, які набываў формы ўхілення ад выканання воінскай павіннасці, укрывальніцтва беглых воінскіх чыноў, зневажанне асобы імператара, стыхійнай агітацыі супраць вайны некаторых мясцовых жыхароў, а таксама эмацыянальная рэакцыя антываеннага зместу падчас рэквізіцыі маёмасці і набораў на ваенныя работы. Антываенныя выступленні з'яўляліся адным з яскравых паказчыкаў нарастання напружання ў грамадстве, а таксама паглыблення ў асяроддзі насельніцтва працэсу дыскрэдытацыі кіруючай эліты і імператара, якія развязалі вайну і прывялі краіну да крызісу, што ў далейшым стала адной з прычын крушэння расійскага дзяржаўнага ладу ў 1917 г.

  4. За гады сусветнай вайны ў расійскай імператарскай арміі склаўся комплекс фактараў ваенна-тэхнічнага, бытавога, сацыяльнага, маральна-псіхалагічнага і палітычнага характару, якія сталі важнейшымі прычынамі зараджэння антываенных настрояў сярод вайскоўцаў, а ў далейшым прывялі да ўзнікнення выступленняў супраць вайны. Жорсткая ўрадавая палітыка ў адносінах да левых палітычных сіл прывяла да таго, што дзейнасць бальшавіцкіх груп у армейскім асяроддзі на тэрыторыі Беларусі не набыла сістэматычнага характару і развівалася, у асноўным, праз агітацыйную работу. Дамінуючымі сталі неарганізаваныя выступленні вайскоўцаў: дэзерцірства, добраахвотная здача ў палон да непрыяцеля, адмаўленне выходзіць на баявыя пазіцыі, самараненне і братанні. Найбольш масавы характар набыло дэзерцірства, якое мела тэндэнцыю да колькаснага павелічэння да лютага 1917 г. Добраахвотная здача ў палон дасягнула значных памераў у перыяд актыўных баявых дзеянняў. Братанні і адмаўленні ад выхаду на баявыя пазіцыі ў межах тэрыторыі Беларусі не набылі шырокіх маштабаў па прычыне адсутнасці буйных вайсковых аперацый у 1916-1917 гг. Аднак нават ва ўмовах адмоўных адносін большасці вайскоўцаў да сусветнай вайны адсутнасць арганізуючага фактара не дазволіла антываенным выступленням выйсці за межы стыхійных форм.

Асабісты ўклад саіскальніка

Праца выканана саіскальнікам самастойна на падставе выкарыстання і глыбокага аналізу навуковай літаратуры, апублікаваных дакументаў і шырокага кола архіўных крыніц, якія раней не былі ўведзены ў навуковы ўжытак.

Аўтарам упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі быў даследаваны антываенныы рух, які разгортваўся на беларускай тэрыторыі, як самастойная з’ява, вылучаны яго характэрныя рысы і накірункі развіцця, а таксама выяўлена ступень яго ўплыву на рэвалюцыйныя падзеі 1917 г. у Расіі. Акрамя таго, даследчыкам была распрацавана перыядызацыя гістарыяграфіі азначанай праблемы, зроблена канцэптуальная выснова аб неарганізаваным характары антываенных выступленняў у 1914-1917 гг., вызначаны характар пагромаў вінных лавак чынамі запасу падчас ліпеньскай мабілізацыі 1914 г.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі

Асноўныя вынікі дысертацыйнага даследавання былі прадстаўлены на пяці навуковых канферэнцыях: ІІІ і ІV навукова-практычных канферэнцыях маладых вучоных «Образование и наука в Беларуси: Актуальные проблемы и перспективы развития» (Мінск, 21 мая 2010 г., 20 мая 2011 г.), Рэспубліканскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі «Палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і этнакультурныя працэсы на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.» (Мінск, 4 сакавіка 2011 г.), ІІІ, ІV і V міжнародных навукова-тэарэтычных канферэнцыях «Европа: актуальные проблемы этнокультуры» (Мінск, 28 красавіка 2010 г., 27 чэрвеня 2011 г., 22 мая 2012 г.).



Апублікаванасць вынікаў дысертацыі

Вынікі дысертацыі апублікаваны ў 11 навуковых артыкулах: з іх 4 артыкулы (2,45 аўт. л.) ў часопісах, уключаных ВАК у Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў, 6 публікацый (1,57 аўт. л.) у зборніках матэрыялаў канферэнцый і 1 (0,25 аўт. л.) у зборніку навуковых прац. Агульны аб'ём публікацый складае 4,27 аўтарскага ліста.



Структура і аб'ём дысертацыі

Дысертацыйнае даследаванне складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі работы, чатырох глаў (васьмі раздзелаў), заключэння, бібліяграфічнага спісу і шасці дадаткаў. Логіка, згодна з якой пабудавана структура, заключаецца ў асобным вывучэнні антываенных выступленняў, з аднаго боку, вайскоўцаў, а з другога – мірных жыхароў. Агульны аб'ём дысертацыі складае 122 старонкі, з якіх асноўны тэкст займае 101 старонку. Бібліяграфічны спіс уключае 200 найменняў, 11 з якіх – аўтарскія публікацыі, і займае 15 старонак. Дадаткі займаюць 6 старонак.



АСНОЎНЫ ЗМЕСТ РАБОТЫ
Ва ўводзінах абгрунтоўваецца актуальнасць дысертацыі, паказваецца неабходнасць правядзення даследавання па дадзенай тэматыцы.

У главе 1 «Гістарыяграфія, крыніцы і метады даследавання» разглядаюцца этапы навуковага вывучэння праблемы антываенных выступленняў, праводзіцца аналіз дакументальных крыніц і агляд метадаў даследавання азначанай праблемы.

У раздзеле 1.1 «Гістарыяграфічны агляд праблемы антываеннага руху на тэрыторыі Беларусі (ліпень 1914 – люты 1917 гг.)» вылучаюцца 3 перыяды ў гістарыяграфіі азначанага пытання. Крытэрыем перыядызацыі выступае змена навуковых падыходаў да асвятлення дадзенай праблемы ў кантэксце вывучэння грамадска-палітычных падзей на тэрыторыі Беларусі.

На першым этапе (1914-1915 гг. – 60-я гады ХХ ст.) антываенныя выступленні на тэрыторыі Беларусі ў перыяд Першай сусветнай вайны разглядаліся ў кантэксце грамадска-палітычнага жыцця ў Расійскай імперыі ў 1914-1917 гг. Пачатак навуковага вывучэння праблемы быў пакладзены ўжо пасля прыходу бальшавікоў да ўлады ў Расіі. Аднак работы міжваеннага перыяду мелі агульны характар, а інфармацыя аб развіцці падзей на беларускіх землях змяшчалася ў адзіным кантэксце з расійскімі губернямі, таму насіла некалькі хаатычны характар1. Азначаныя манаграфіі асвятлялі антываенны пратэст у межах падрыхтоўкі да кастрычніцкага перавароту, а фактычны матэрыял аб развіцці падзей у беларускіх губернях прыводзіўся як прыклад для неабходнага заключэння. Такая тэндэнцыя захоўвалася і ў большасці савецкай навуковай літаратуры міжваеннага перыяду.

У межах азначанага этапу неабходна асобна вылучыць працу эмігранцкага даследчыка генерала М. Галавіна2. Нягледзячы на некаторы суб'ектывізм, яна дастаткова грунтоўна разглядае праблемы гісторыі сусветнай вайны, закранаючы і пытанне антываенных выступленняў.

Важным дасягненнем міжваеннага перыяду стала публікацыя архіўных дакументаў3, а таксама з’яўленне статыстычных зборнікаў, матэрыялы якіх маюць дачыненне да праблемы антываеннага пратэсту4.

Акрамя вышэйадзначаных прац, неабходна назваць такі комплекс дакументаў, як мемуары ўдзельнікаў і сучаснікаў вайны, якія пабачылі свет у 20-30 гг. ХХ ст5. Яны дазваляюць больш поўна зразумець, як сусветная вайна ўспрымалася асобнымі людзьмі, што дае магчымасць усвядоміць вытокі антываенных настрояў у грамадстве.

Другі этап гістарыяграфіі (60-я – 90-я гады ХХ ст.) характарызуецца тым, што тэма антываенных выступленняў распрацоўваецца ў межах грамадска-палітычных працэсаў у беларускіх губернях. Гэты перыяд звязаны са з’яўленнем спецыялізаваных прац па гісторыі рэвалюцыйных выступленняў на тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны. Да іх неабходна аднесці работы, якія былі падрыхтаваны Саладковым Ц.Я., Савіцкім Э.М., Ліпінскім Л.П., Скарабагатым В.В.6 У параўнанні з гісторыкамі папярэдняга перыяду, у даследаваннях названых аўтараў больш паглыблена і дэталёва раскрываецца барацьба насельніцтва, якая разгортвалася на тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны.

Аднак гэтыя манаграфіі маюць шэраг істотных недахопаў, выкліканых у першую чаргу ідэалагічнымі прычынамі. У значнай меры перабольшваецца роля бальшавіцкай партыі ў арганізацыі рэвалюцыйнай і антываеннай барацьбы насельніцтва, выступленні выключна эканамічнага характару трактуюцца ў шэрагу выпадкаў як антываенныя.

Рэвалюцыйнаму руху вайскоўцаў Заходняга фронту прысвечана дысертацыя В.М. Сураева7, у якой між іншым закранаюцца і выступленні салдат супраць вайны. Аднак абраная аўтарам праблематыка не дазволіла яму грунтоўным чынам даследаваць антываенныя выступленні ў армейскім асяроддзі, а толькі адзначыць некаторыя іх накірункі.

Акрамя гэтага, у межах другога этапу гістарыяграфіі пабачылі свет зборнікі дакументаў, у якіх больш шырока прадстаўлены крыніцы, якія адлюстроўваюць асобныя аспекты пратэсту супраць вайны на беларускай тэрыторыі8.

Пачатак трэцяга этапу гістарыяграфіі (90-я гады ХХ ст. – сённяшні дзень), які супадае з часам распаду СССР, звязаны са з’яўленнем навуковых прац, дзе карэнным чынам пераглядаліся метадалагічныя падыходы і ацэнкі падзей таго перыяду. Першапачаткова дадзеная тэндэнцыя праявілася ў расійскай гістарыяграфіі, дзе, разглядаючы выступленні народных мас у перыяд вайны ў агульнарасійскім маштабе, аўтары мімаходам разглядаюць і падзеі, што адбываліся ў Беларусі, аднак ужо з новых пазіцый9. Таму, нягледзячы на ўскоснае асвятленне, каштоўным у працах расійскіх гісторыкаў з'яўляецца менавіта досвед выкарыстання новых метадалагічных падыходаў даследавання для магчымасці іх асэнсавання і прымянення на беларускіх матэрыялах.

У дачыненні да сучаснай беларускай гістарыяграфіі неабходна адзначыць, што ў шэрагу айчынных даследаванняў зроблены толькі некаторыя спробы асэнсавання сацыяльных настрояў у гэты перыяд з новых пазіцый, у тым ліку і антываенных выступленняў. Аднак спецыяльных прац, дзе разглядаецца праблема антываенных выступленняў, на сённяшні час няма, хаця пэўныя крокі да даследавання гэтага пытання зроблены ў калектыўных абагульняючых работах10. Сярод манаграфічнай літаратуры неабходна вылучыць работы М. Цубы11, якія прысвечаны вывучэнню грамадска-палітычнага жыцця на Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны. Аднак у гэтых даследаваннях толькі ўскосна закранаюцца асобныя аспекты праблемы ўзнікнення і разгортвання антываенных выступленняў на тэрыторыі Беларусі ў межах разгляду асноўнай тэмы.

У канцы 2000-х гадоў у нашай краіне былі праведзены навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя падзеям Першай сусветнай вайны, па выніках якіх былі апублікаваныя зборнікі тэзісаў12. У гэтых матэрыялах прысутнічаюць асобныя факты па праблеме антываенных выступленняў, аднак у якасці аднаго з перспектыўных накірункаў вывучэння вайны 1914-1918 гг. дадзеная тэматыка не разглядаецца.

У раздзеле 1.2 «Крыніцы і метады даследавання» разглядаюцца дакументальныя крыніцы, якія сталі асновай для напісання дысертацыі. У першую чаргу сярод іх вылучаюцца фонды Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Мінску (НГАБ), якія змяшчаюць інфармацыю па антываенных выступленнях цывільнага насельніцтва. Найбольшая колькасць данных знаходзяцца ў фондах Канцылярый грамадзянскіх губернатараў (Фонды 295, 1430, 2001), губернскіх праўленняў (Фонд 1416), губернскіх жандармскіх упраўленняў (Фонды 705, 2499, 2498). Невялікі аб’ем данных па пратэсту вайскоўцаў змешчаны ў фондзе каменданцкага ўпраўлення Дзвінскай ваеннай акругай (Фонд 2533).

У сховішчах Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва ў г. Масква (РДВГА) знаходзяцца пераважна данныя, якія датычацца антываенных настрояў і выступленняў у расійскай арміі. Значная колькасць інфармацыі па беларускай тэрыторыі захоўваецца ў фондах Штаба Вярхоўнага галоўнакамандуючага (Фонд 2003), галоўнакамандуючага Заходнім фронтам і штабоў асобных армій (Фонды 2048, 2106, 2144).

Тэарэтычнай асновай дысертацыйнага даследавання з'яўляецца комплекс навуковых прынцыпаў і метадаў гістарычнага пазнання. Падчас рэалізацыі пастаўленых у дысертацыйнай працы задач аўтар кіраваўся прынцыпамі аб’ектыўнасці, гістарызму, а таксама аксіялагічным падыходам. Для падрыхтоўкі дысертацыі былі выкарыстаны агульнанавуковыя метады даследавання (аналізу і сінтэзу, індукцыі і дэдукцыі, сістэмнага, узыходжання ад канкрэтнага да абстрактнага, класіфікацыі), а таксама традыцыйныя канкрэтна-гістарычныя (гісторыка-параўнальны і гісторыка-сістэмны).

Комплексная распрацоўка архіўных і апублікаваных матэрыялаў на аснове прымянення прынцыпаў і метадаў гістарычнай навукі дазволіла сфармуляваць канцэптуальную выснову, якая заключаецца ў тым, што пратэст супраць вайны, з'яўляючыся адной з важнейшых прычын рэвалюцыйных падзей 1917 г., на беларускай тэрыторыі меў характар неарганізаваных выступленняў у асяроддзі мірнага насельніцтва і вайскоўцаў.



У главе 2 «Патэнцыяльныя перадумовы зараджэння антываенных выступленняў на тэрыторыі Беларусі напярэдадні і ў пачатку Першай сусветнай вайны» даследуецца грамадска-палітычнае становішча на тэрыторыі Беларусі да пачатку вайны праз прызму магчымасці ўзнікнення антываенных настрояў у асяроддзі мясцовых жыхароў, а таксама вызначае сутнасць выступленняў чыноў запасу падчас ліпеньскай мабілізацыі 1914 г.

У раздзеле 2.1 «Сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя перадумовы зараджэння антываенных выступленняў напярэдадні сусветнай вайны» адзначаецца, што напярэдадні Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі колькасць насельніцтва складала каля 8 млн чалавек, большасць з якіх пражывалі ў сельскай мясцовасці.

Паказваецца, што характар эканамічнага развіцця беларускай тэрыторыі абумовіў спецыфіку развіцця сацыяльных працэсаў, якія ўплывалі на магчымасць узнікнення антываенных выступленняў. Нізкая канцэнтрацыя мясцовага пралетарыяту на дробнатаварных прадпрыемствах, высокі працэнт сельскагаспадарчых і сезонных рабочых, слабая прававая абароненасць і невысокі ўзровень жыцця аказалі негатыўны ўплыў на здольнасць гэтай сацыяльнай групы ва ўмовах вайны разгарнуць антываенныя выступленні.

Разам з тым, падкрэсліваецца, што большасць гарадскога насельніцтва складалі яўрэі, адносіны якіх з урадавай адміністрацыяй былі дастаткова напружанымі. Менавіта ў іх асяроддзі існавала найбольшая верагоднасць развіцця апазіцыйных настрояў, якія ва ўмовах вайны маглі перарасці ў антываенныя выступленні.

Указваецца, што сталыпінская аграрная палітыка, якая паглыбляла расслаенне беларускага сялянства і садзейнічала нарастанню сацыяльнай напружанасці ў вёсцы, паглыбіла незадавальненне ўрадавай палітыкай з боку сялян. Аднак яно насіла пераважна эканамічны характар, а набыць антываенныя рысы магло толькі ў крытычных умовах зацягненай вайны. Гэта было цесна звязана з сялянскім менталітэтам і характарам патрыятызму, што не ў апошнюю чаргу было абумоўлена нізкім узроўнем адукацыі. Азначаныя акалічнасці прыводзілі да таго, што патрыятызм сялян існаваў на даволі прымітыўным узроўні веры ў непагрэшнасць волі Цара, які прыняў рашэнне аб удзеле народа ў вайне. Пры гэтым адсутнічала свядомае разуменне неабходнасці абароны інтарэсаў дзяржавы. У выпадку, калі асновы такой веры будуць падарванымі, масы хутка заменяць яе на новую, якая адпавядае іх патрабаванням.

Адзначаецца, што ў перадваенным грамадска-палітычным жыцці на тэрыторыі Беларусі дамінавалі партыі правага крыла, якія падтрымлівалі існы лад. Слабасць уплыву апазіцыйных ураду левых партый тлумачыцца не толькі апалітычнасцю мясцовых жыхароў, але і актыўнымі дзеяннямі паліцыі і жандармерыі, якія вялі барацьбу супраць такіх арганізацый. Вынікам гэтага стаў разгром бальшавіцкай і эсэраўскай партый, якія не маглі ажыццяўляць маштабную агітацыю сярод насельніцтва. Яўрэйскія і польскія сацыял-дэмакратычныя арганізацыі арыентаваліся на вузкія нацыянальныя групы і ставілі сабе мэты, кіруючыся іх інтарэсамі. Беларускі нацыянальны рух у перадваенных артыкулах у газеце «Наша ніва» стаяў на антываенных пазіцыях, адзначаючы, што вайна будзе не на карысць простага насельніцтва. Але гэтыя ідэі не маглі знайсці распаўсюджанне сярод мэтавай аўдыторыі, у тым ліку і па прычыне нязначнай колькасці прыхільнікаў беларускага руху ў першую чаргу сярод сялянства.

У раздзеле 2.2 «Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі ў перыяд ліпеньскай мабілізацыі 1914 г.» на аснове аналізу архіўных і апублікаваных матэрыялаў робіцца выснова аб тым, што дзве мабілізацыі ў ліпені 1914 г. прайшлі паспяхова, аб чым сведчыць лічба прыбылых на прызыўныя ўчасткі запасных і ратнікаў — 96%. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да тэрыторыі Беларусі, нягледзячы на высновы савецкіх даследчыкаў аб масавым антываенным і антыўрадавым пратэсце ў гэты перыяд. Дадзеныя сведчаць аб тым, што абсалютная большасць выступленняў на тэрыторыі Беларусі не мела антываеннай накіраванасці, а была выклікана эканамічнымі прычынамі. Пагромы вінных магазінаў, якія ўчыняліся чынамі запасу падчас мабілізацыі, былі абумоўлены ўвядзеннем «сухога закона», які парушаў традыцыю сялянскага жыцця адзначаць застоллем значныя падзеі ў жыцці.

У той жа час ліпеньскія мабілізацыі паказалі адносіны беларускага насельніцтва да вайны на стадыі яе пачатку. Нягледзячы на ініцыіраваныя мясцовай адміністрацыяй патрыятычныя маніфестацыі і прамовы, насельніцтва, асабліва сялянскае, не праявіла патрэбнага ўладам узроўню патрыятычнага ўздыму. Аб гэтым сведчаць не толькі існаванне асобных форм антываеннага пратэсту сярод яўрэйскага насельніцтва ў перыяд мабілізацыі, якое праявілася праз ухіленне ад воінскай павіннасці, але і адносіны самай шматлікай групы насельніцтва – сялян – да распачатай вайны. Для апошніх яна стала падзеяй, што пагражала разбурэннем не толькі сялянскай гаспадаркі, але і сялянскай сям'і. Да таго ж, нельга забываць пра тое, што мэты вайны былі ім незразумелымі. Сукупнасць гэтых прычын і прывяла да таго, што сярод азначанай групы насельніцтва не адзначалася значнага патрыятычнага ўсплёску, як гэта было сярод часткі гараджан. Гэта стварыла сітуацыю, калі з пачаткам вайны большасць сялянства чакала яе хутчэйшага заканчэння.

У главе 3 «Антываенны пратэст цывільнага насельніцтва ў ліпені 1914 – лютым 1917 гг.» вызначаюцца фактары зараджэння антываенных настрояў у асяроддзі мірных жыхароў, якія пражывалі на беларускай тэрыторыі, а таксама даследуюцца формы антываенных выступленняў, якія былі для іх характэрны.

У раздзеле 3.1 «Прычыны ўзнікнення і развіцця антываенных настрояў у асяроддзі мясцовых жыхароў беларускіх губерняў» паказваецца, што вынікі першых баёў расійскай арміі супраць германцаў і аўстрыйцаў развеялі патрыятычную атмасферу, якая была створана ў пачатку вайны, а адступленне 1915 г. увогуле звярнула пэўную частку грамадства, якая спадзявалася на хуткую перамогу, да скептыцызму. У гэтых умовах складваецца комплекс узаемазвязаных фактараў, якія ствараюць умовы для зараджэння і развіцця антываенных настрояў у асяроддзі цывільнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. Найбольш важныя з іх уключалі ў сябе асаблівасці эканамічнай сітуацыі, недахоп інфармацыі аб вайне, а таксама дзейнасць палітычных партый і арганізацый у антываенным накірунку.

Падкрэсліваецца, што рост дарагоўлі, спекуляцыя таварамі першай неабходнасці, недахоп рабочых рук у сельскай мясцовасці прыводзілі да пагаршэння становішча большай часткі насельніцтва і тым самым фарміравалі негатыўныя адносіны апошняга да вайны і ўлады, якая яе развязала. У той жа час, недахоп інфармацыі аб вайне, якая б задавальняла інтарэсы звычайных абывацеляў, прыводзіла да шырокага распаўсюджання чутак, якія часта мелі трывожны характар і стваралі сітуацыю няўпэўненасці ў будучыні, што ў сваю чаргу аказвала негатыўны ўплыў на адносіны простых людзей да вайны.

Адзначаецца, што большая частка рэвалюцыйна-дэмакратычных партый, занялі абарончую пазіцыю і фактычна не вялі антыўрадавую і антываенную работу, а займаліся культурна-асветніцкай дзейнасцю. Беларускі нацыянальны рух, займаючы па сутнасці антываенную пазіцыю, быў малалікім і галоўны ўціск у сваёй дзейнасці рабіў на нацыянальную ідэю. Бальшавікі і блізкія да іх сілы з самага пачатку выступілі супраць вайны і царызму, але паліцыя і жандармерыя ліквідавалі большую частку іх арганізацый і груп на тэрыторыі Беларусі. Гэта прывяло да таго, што іх дзейнасць абмяжоўвалася антываеннай агітацыяй пераважна сярод салдат. Актывізацыя рэвалюцыйнай работы стала магчымай толькі ў канцы 1916 – пачатку 1917 гг., калі ў Расіі пачаў нарастаць агульнадзяржаўны крызіс. У гэтых умовах да лютага 1917 г. у асяроддзі насельніцтва Беларусі арганізаваная антываенная работа з боку палітычных партый і арганізацый праводзілася несістэматычна.

У раздзеле 3.2 «Узнікненне і разгортванне антываенных выступленняў мірнага насельніцтва» засяроджваецца ўвага на тым, што ў грамадскім асяроддзі ў перыяд вайны дамінавалі неарганізаваныя антываенныя выступленні, якія развіваліся па некалькіх накірунках: адкрытае зневажанне словам імператара Мікалая ІІ, ухіленне ад выканання воінскага абавязку, укрывальніцтва дэзерціраў, стыхійная антываенная агітацыя з боку некаторых мясцовых жыхароў. Антываенны кампанент таксама меў пратэст яўрэйскага насельніцтва. Агульнай асаблівасцю ўсіх азначаных накірункаў з'яўляецца тое, што яны ўзнікалі стыхійна пад уздзеяннем комплексу ваенных, эканамічных, сацыяльна-бытавых прычын, або былі вызначаны эмацыянальна-псіхалагічным настроем людзей.

Падкрэсліваецца, што пасля «Вялікага адступлення» 1915 г. адбываецца нарастанне інтэнсіўнасці асобных форм антываенных выступленняў мясцовага насельніцтва. Павелічэнне маштабаў ваенных работ у 1915 г., а таксама пагаршэнне эканамічнага становішча насельніцтва значна пашырылі пратэст супраць набораў на фартыфікацыйныя работы і рэквізіцыі. Ва ўмовах няўдалых дзеянняў расійскай арміі развіваецца працэс дыскрэдытацыі імператарскай улады, які ў час вайны набыў антываенную афарбоўку. У архівах намі было выяўлена каля 60 судовых спраў, у якіх Мікалай ІІ абвінавачваецца ў няўмелым кіраўніцтве, якое прывяло да вайны, развязванні бессэнсоўнай бойні, здрадзе на карысць германцаў. У гэтых умовах адбывалася разбурэнне народнага ўспрыняцця імператара як патрыярха, «цара-бацюшкі». Ва ўмовах патрыярхальнасці сацыяльных адносін у Расіі гэта стварала пагрозу ліквідацыі самадзяржаўнай улады, якая атаясамлівалася народам з асобай імператара.

Акрамя таго, ваенныя падзеі аказвалі непасрэдны ўплыў на стан патрыятычнага настрою ваеннаабавязаных і іх жаданне служыць у арміі. Значныя страты ў расійскай арміі, мабілізацыі слаба падрыхтаваных ратнікаў апалчэння ІІ разраду выклікала рост колькасці тых, хто ўхіляўся ад выканання воінскага абавязку. Гэта пацвярджаецца, у прыватнасці, і тым фактам, што за 10 месяцаў 1916 г. у чатырох паветах Віцебскай губерні паліцыяй было затрымана больш за 400 ухіленцаў.

Адзначаецца, што абмежаваны ўплыў на мясцовае насельніцтва аказвала антываенная і антыўрадавая агітацыя, якую праводзілі некаторыя асобы левых поглядаў. Па прычыне таго, што гэта ў большасці выпадкаў былі мясцовыя жыхары, якія не мелі дастатковага вопыту рэвалюцыйнай работы і матэрыяльна-тэхнічнай базы, іх агітацыйная дзейнасць распаўсюджвалася на адносна невялікае кола людзей, што звычайна пражывалі ў адным населеным пункце з агітатарам. Арганізаваны пратэст яўрэяў быў накіраваны ў першую чаргу ў асяроддзе яўрэйскага насельніцтва, таму маштабы яго ўплыву на астатніх жыхароў былі абмежаванымі.



: nfiles
nfiles -> У дзясяты раз бацькі і педагогі сабраліся разам на традыцыйны штогадовы бацькоўскі сход, каб абмеркаваць пытанні выхавання дзяцей. Галоўнай тэмай размовы стала праблема небяспечных паводзін дзяцей і прафілактыка крызіснага стану падлеткаў
nfiles -> Магалінскі ігар Уладзіміравіч
nfiles -> Праграма свята “Ганненскі кірмаш”
nfiles -> План мерапрыемстваў, прысвечаных Году культуры
nfiles -> Дзяржаўная навуковая ўстанова «інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі»
nfiles -> Дзяржаўная навуковая ўстанова «інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі»
nfiles -> На базе сш №38 сабраліся ўсе зацікаўленыя ў пытаннях прафілактыкі спецыялісты, каб падзяліцца вопытам І праблемамі І спланаваць сваю далейшую дзейнасць
nfiles -> За здаровы лад жыцця падлеткі І дарослыя выдатная каманда
nfiles -> Гушчынскі Ігар Генадзьевіч


Поделитесь с Вашими друзьями:
  1   2   3




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал