Зямля пад белымі крыламі


ГРОДНА - МЕЧ, І ВОЛЯ, І СЛАВА



старонка11/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   25

ГРОДНА - МЕЧ, І ВОЛЯ, І СЛАВА


І ўрэшце яшчэ адзін, апошні ў нашым спісе абласных гарадоў, Гродна. Далёка не апошні па старажытнасці, па прыгажосці, па тым, што ён з тых гарадоў, якія маюць сваё, адметнае аблічча, якое не зблытаеш ні з якім другім.

Высокі бераг Нёмана. Пры ўпадзенні ў яго Гараднічанкі, на мысе і ўзнік "Гарадзень", або "Гародня". Упершыню яго ўпамінаюць у 1128 годзе, але гэта ўжо быў вялікі горад, што склаўся куды раней, таму што быў сталіцай удзельнага княства Гародзенскага. Проста дзіўная манера ў нашых летапісцаў і нашых гісторыкаў. Першае ўпамінанне аб горадзе - гэта абавязкова тое, што яго нехта ўпершыню спаліў, аб царкве - што "згарэла ад шыбення перуну". Словам, "вясёлыя" былі тады часы...

Узнiк замак, бо горад быў фарпостам, узнiк пасад, пасялiлiся, як кажуць раскопкi, умелыя лiцейшчыкi, ганчары, кавалi, рымары, чабатары, цеслi, збраяры, ювелiры, нават майстры дзiцячых цацак. Горад гандляваў з землямi суседнiх княстваў, з Кiевам, Прыбалтыкай i захадам. I тут грымнула вялiкая, усеславянская бяда. У зарыве закалыхалiся на белакаменных, чырвоных ад агню i крывi, мурах сабораў ценi татара-мангольскiх коннiкаў. Паў Уладзiмiр, пала Разань, Кiеў. Орды дакацiлiся да Адрыятыкi, да "апошняга мора". Вольным, хаця i абкладзеным данню, бо еў хлеб захопленых княстваў, застаўся Ноўгарад. Апошнiм напружаннем сiл адбiлiся Полацкая i Турава-Пiнская зямля з дробнымi ўдзельнымi княствамi, што ўваходзiлi ў iх. Цаною непамерных ахвяр i крывi. Ёсць паданне, што татары закiдалi ў Тураве Тур-калодзеж, старую святыню, груднымi дзецьмi, пасля чаго са студнi сем год замест вады бiла жаночае малако. Батый не чакаў такога супрацiўлення i, акрамя таго, баяўся аб'яднання Венгрыi i таму рынуўся туды. Землi на поўнач ад Прыпяцi былi ўратаваныя. Татары i пазней спрабавалi нападаць, але кожны раз бывалi разбiтыя. У прыватнасцi ў 1241 годзе i ў 1249 годзе пад мястэчкам Крутагор'е. У апошняй сечы iмi камандаваў хан Койдан. Крутагор'е з таго часу называлася Койданавым (цяпер Дзяржынск).

І, ледзь адбіліся, звалілася новая вялікая бяда. У 1230 годзе Конрад Мазавецкі запрасіў на межы сваіх зямель з прусамі Тэўтонскі ордэн. Меч пагражаў цяпер з другога боку. Яшчэ больш жудасны, без літасці і сумлення. У гродзенскім музеі захоўваецца двухручны меч з надпісам па-старанямецку "Drink blut" - "Пі кроў". Прусы паступова гінулі пад ударамі ордэнцаў. Праз некаторы час, калі апошні прускі спявак спяваў перад натоўпам песні на роднай мове, - яго ўжо ніхто не разумеў. Рыцары, рагочучы, далі яму ўзнагароду: некалькі дзесяткаў арэхаў-свістуноў (з дзіркай, пустых). Такі самы лёс пагражаў і нам - беларусам.

Гародня стаяла "на юру". На яе першую падалі ўдары. У 1284 годзе яна была нават спустошана. Але паходы ордэна ў 1296, 1306 і 1311 былі адбіты, а калі на чале войска стаў ваявода Давід Гродзенскі, сын Даўмонта, ён спярша, у 1314 годзе, разграміў войскі ордэна, а пасля сам перайшоў у наступленне, спустошыўшы тры разы (1318, 1319, 1323 гг.) землі крыжакаў аж да Мальбарга. Урэшце настала расплата, пасля якой ордэн не здолеў ачуняць. Грунвальд. 1410. Удзельнічалі польскія палкі, літоўскія (гэта значыць палкі княства, а сярод іх палкі Берасцейскі, Валкавыскі, Лідскі, Наваградскі, Слонімскі, Гародзенскі і шмат іншых), чэшскія часці і палкі, што ўваходзілі ў сферу Смаленшчыны. Захад яе і ўсходнія беларускія землі: Полацк, Віцебск, Крычаў, Мсціслаў, Магілёў і г.д. Камандаваў імі мсціслаўскі князь Юры. Гэта была бітва неймаверная па колькасці войска. Ордэн меў 83 000 воінаў, славяне з літоўцамі 163 000. Калі мы ўлічым тагачасную маланаселенасць зямлі, калі даведаемся, што ў "лядовым пабоішчы" рыцараў было забіта 500, а ў палон узята 50 чалавек і, значыць, іх аніяк не магло быць больш як тысяча - паўтары ды пару тысяч кнехтаў - "чудзі". Калі ўлічыць, што ноўгарадцы выставілі супраць Васіля Цёмнага 5000 чалавек ("раць веліка вельмі" - сказаў летапісец). Калі ведаць, што ў Суздальскім баі з Васілём Цёмным было толькі паўтары тысячы войск, хаця з ім былі князі Мажайскі, Вярэйскі і Серпухаўскі, практычна ўсе сілы Маскоўскага княства, без Шамякі, -тады Грунвальд не можа не здзіўляць. Перавага нямецкіх сіл, - так, первага, не здзіўляйцеся, бо рыцар у сваіх міланскіх ці нюрнбергскіх даспехах быў практычна недасяжны1 і каштаваў трох воінаў, а многія з нашага боку былі ў скураных панцырах, узброеныя дзідамі, доўбнямі, цапамі і рагацінамі, нават у вяровачных шлемах, якія баранілі ад мяча, а не ад стралы і пікі - не памагла ім. 15 000 узялі ў палон, больш 40 000 разам з вялікім магістрам Юнгінгенам забілі.

У сечы гэтай гродзенскі полк быў большы за ўсе беларускія палкі.

...Кароль Стэфан Баторый пабудаваў тут новы замак, які, перабудаваны, збярогся і сёння. У ім выключны па багацці і пазнавальнасці, вельмі ўмела пабудаваны музей. Будавалі замак мясцовыя майстры. Гродзенскія будаўнікі цаніліся высока. Яны працавалі нават у Вільні, Варшаве, Маскве. Існавалі багатыя цэхі збраяроў, кавалёў, разьбяроў, мечнікаў і інш.

Гады рэлігійнай барацьбы (я яшчэ раскажу пра гэта) шмат пашкодзілі гораду. Магнаты і духавенства захаплялі землі, капілі майно, узводзілі царкоўныя будынкі (шмат іх засталося і цяпер), выцяснялі рамеснікаў і гандляроў. Народ глуха бурліў. Гродня была цэнтрам вальнадумства і гуманізму. Выдаваліся (1567 г.) брашуры, у якіх адмаўлялася ўлада, усхвалялася свабода веры, агульнасць маёмасці, прапаведавалася аддзяленне касцёла ад дзяржавы, гаварылася, што розніцы не павінна быць між каралём і народам, шляхтай і плебеямі... У Гродні жыў беларускі філосаф атэіст Кашпар Бекеш. Царкоўнікі адмовіліся яго хаваць (памёр у 1530 г.), і сябры яго пахавалі ў Вільні і напісалі на камені яго ж словы: "Не хачу прызнаваць бога, пекла не баюся... не непакоюся аб целе і не болей аб душы, яна разам са мною памерла".

Народ адкрыта бунтаваў, аж да вольных узброеных атрадаў... А потым, як паўсюль: упадак феадалізму, капітал, паўстанне 1863 года, якое грымела на Гродзеншчыне асабліва моцна, рэвалюцыя і акупацыйны рэжым, зноў барацьба, зноў рабунак з боку паноў, беспрацоўе і адмаўленне нават у праве на мову. Забастоўкі ўспыхвалі і ў Гродні. У 1936 г. - на ўсіх прадпрыемствах.

І 1939 год... А пасля зноў вайна, партызаншчына, падполле. Звычайная гісторыя незвычайнага беларускага горада, па вуліцах якога мы зараз і пойдзем.

Давайце на гэты раз пачнём ад сучаснай прамысловасці. На правым беразе Нёмана, блізка да цэнтра горада, высяцца карпусы тонкасуконнага камбіната. У іншыя рэспублікі адсюль адпраўляюць амаль дваццаць відаў ваўняных тканін.

Гродзенская бавоўнапрадзільная фабрыка - гэта баваўняная пража для трыкатажных і ткацкіх фабрык (у 1969 г. дасягнула праектнай магутнасці - 11 250 т). Ёсць у Гродні два скураныя заводы і абутковая фабрыка. Шмат харчовых прадпрыемстваў. Цыгарэты і папяросы адпраўляюць адсюль амаль у сто сорак гарадоў СССР. Робяць тут добрую мэблю, шкло і іншыя тавары.

Нітка Дашаўскага газаправода прыводзіць урэшце да самага галоўнага гродзенскага прадпрыемства, Гродзенскага хімічнага камбіната, створанага ў 1970 г. на базе азотнатукавага і капралактамавага заводаў. Калі вы ўгнойваеце аміячнай салетрай калгасны лён, кветнік пад сваімі вокнамі - магчыма, што яна гродзенская. Калі бацькі вашы на ферме падгадоўваюць худобу карбамідамі (мачавінай), сінтэтычным рэчывам, што змяшчае азот, - карбамід можа быць гродзенскай вытворчасці. Ну, і яшчэ аміячная вада, таксама ўгнаенне, толькі вадкае, і серная кіслата, і азотная кіслата, і капралактам, з якога робяць капронавае валакно.

Існуе тут завод карданных валаў. Калі ёсць у вас знаёмы шафёр вялікагрузнай машыны тыпу МАЗ, КрАЗ, ЗІЛ і ў яго здарылася няшчасце - "паляцеў" карданны вал - можаце быць амаль упэўнены, што ваш вадзіцель заменіць яго валам з горада на Нёмане.

Што яшчэ? Ну, скажам, заводы аўтамабільных агрэгатаў, гандлёвага машынабудавання.

Горад бурна расце. А значыць, яму неабходна вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Таму ўзнікаюць заводы зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, буйны домабудаўнічы камбінат.

Або давайце прагледзім шлях ствала дрэва. Вось яго прывезлі на Гродзенскі дрэваапрацоўчы камбінат, пасля прадукцыю камбіната - на мэблевую фабрыку. І ў новым доме з'яўляецца гродзенская мэбля, а ў дзіцячым кутку - цацкі з гродзенскай фабрыкі.

Як бачыце, амаль усё сваё.

У горадзе добра збераглася старая частка з вузкімі вуліцамі і сівымі мурамі.

Горад зялёны. Тут больш чым ва ўсіх беларускіх гарадах плюшчу і вінаграду на сценах. Вуліцы старога горада разбягаюцца радыусамі, з-за муроў глядзяць купы дрэў, і ў іхняй зелені вельмі прыгожа выглядае чырвоная чарапіца, абмытая дажджом.

Тут ёсць што паглядзець. Ад доміка, дзе жыла славутая польская пісьменніца Эліза Ажэшка, і да старажытных будынін.

У горадзе адзіны ў рэспубліцы заапарк (пабудову вялізнага сучаснага парку ў Мінску яшчэ толькі праектуюць). Заснаваў яго фактычна гродзенскі аматар прыроды Каханоўскі. Зараз у ім каля ста пяцідзесяці відаў жывёл.

Ну і давайце паблукаем па старым горадзе, бо тут, як нідзе, збеглася гэтая самая старажытнасць, геній нашых продкаў. У цэнтры горада, як я казаў, будынак не самы стары. Гэта замак Баторыя, у якім зараз музей. Больш як 100 тыс. экспанатаў. У бібліятэцы - больш за 25 тыс.кніг. У экспазіцыі - працы даўніх майстроў, побыт нашых продкаў, старыя кнігі, манеты XVI - XVII стст., граматы XVI - XVIII стст., зброя XIV - XIXстст., унікальная мэбля, партрэты, этнаграфія, археалагічныя экспанаты. Тут можна хадзіць гадзінамі і глядзець то на трохсотгадовае крэсла з рэльефам - крыху карыкатурным - панскай п'янкі, выразанай на спінцы; то на прадметы побыту першанасельнікаў, то нават на кубак М.Агінскага, дзядзькі славутага аўтара "Паланезу", які таксама быў кампазітарам і, у дадатак да таго - вялікім літоўскім гетманам.

На ганку музея - гарматы, у свой час патопленыя Пятром І, калі ён вымушан быў адступаць ад Гродна. Іх паднялі з дна Нёмана. Але цікавей за ўсё сам двор. Яго і замак абкружае яр, зарослы волатамі-дрэвамі. Праз яр у браму вядзе скляпеністы мост. Па краі стромы, што аддзяляе двор ад Нёмана, - рэшткі муроў старога, яшчэ Вітаўтавага замка. Цяжкія брылы нічым не ўпрыгожанага камення. І тут жа, пад каўпакамі, два збудаванні, якія наводзяць на роздум. Рэшткі Прыдворнай, Ніжняй царквы, першай каменнай пабудовы Гародні, цёмныя, глыбока пагружаныя ў зямлю. І... курная хата, якую руплівым працаўнікам музея ўдалося недзе адшукаць і перавезці сюды. Закуранае чорнае бярвенне, малыя вокны. Бярлог, а не хата.

Дзівіцца тут, урэшце, няма чаго. Бываюць сем'і, у якіх нібы адвеку закладзена кансерватыўнасць. Дырэктар саўгаса "Мала-Мажэйкава" калісьці расказваў мне, што ў іх сяле была такая хата і ў ёй... жыў чалавек. Саўгас вельмі багаты, з развітой эканомікай. Усе хаты, як званы, набудавана шмат новых цагляных дамоў, і адна- і двухпавярховых. А тут жыве стары дзед у ледзь не двухсотгадовай хаце, прычым курнай, і не хоча нікуды ісці. Хата новая яму пабудавана - ну, псуе ж твар вёскі тая халупа, хай сабе і з моцнага калісь дрэва! - амаль кожны дзень яго ледзь не на каленях моляць, сын, палкоўнік, і лісты пісаў, і прыязджаў.

Але - адзін адказ: "Тут здаравей, прывык за свой век, а як толькі заходжу ў новую, у мяне адразу галава пачынае балець".

Тады дырэктар у глыбокай тайне дамовіўся з трактарыстам каб той, у час, калі дзеда не будзе ў хаце, "незнарок" зачапіў трактарам рог. Той і зачапіў: "Ненаўмысна, дзед, дальбог, выпадкова, каб мне вочы вылезлі, незнарок - ну вось грошы на!" (Грошы, ясна, былі дырэктаравы.)

Дзед кляў так, што палова вёскі сабралася: "Зачапіў, каб цябе так за рэбры чаплялі; знёс, каб цябе так з машынай тваёй з моста знесла; села хата на кут, каб цябе так на покуць ніколі не садзілі і толькі раз галавою паклалі"2 - ну і г.д. Таямніцу яму адкрылі толькі тады, калі ён не толькі прывык да новай хаты, але і нахваліцца ёю не мог. Тут трэба, дарэчы, заўважыць, што яшчэ да параўнальна нядаўняга часу на Беларусі лаянкі амаль не ведалі, а замест яе існавалі вось такія "кленічы". Бывалі такія майстры-імправізатары, што і не хацеў бы, а спынішся паслухаць сварку. Вынаходлівасць у параўнаннях - незвычайная.

...Калі глянуць з замчышча ўніз па плыні Нёмана - убачыш за Гараднічанкай, над стромай, маленькую цэркаўку ў шатах векавых дрэў. Тры сценкі яе каменныя, а тая, што над Нёманам, - драўляная. Чацвёртая сцяна была пашкоджана ў войнах сярэдневякоўя, пасля - у Шведскую вайну, а пасля, у час небывала высокай паводкі, упала з падмытым берагам у раку. Бераг умацавалі, а сцяну зрабілі драўляную.

Гэты будынак - адзін з найвялікшых шэдэўраў дойлідства старажытных славян. Каложская царква (ХІІ ст.).

Мы здымалі фільм. Увайшлі ўнутр. Нічога. Цесны ход на неіснуючыя хоры. Белыя муры і ў іх плямы галаснікоў-збаноў, умураваных у кладку. Для рэзанансу. Я ўспомніў летапісны факт, што, калі царкву пабудавалі, гародзенцы папрасілі дазволу "пагукаць і пасвістаць" у ёй, "ці галаснa?". Свістаць я не стаў, бо свістаць у васьмісотгадовых будынках - гэта забыцца на сумленне. Вырашыў праспяваць нешта старое. І заспяваў "На цвярдыню тваю мы ўпаваем". У мяне звычайны голас, як кажуць - "някепскі для сярэдняга". Больш-менш верны хіба што. Але тут ён гучаў так, што ва ўсіх аж мурашкі па спіне пабеглі. Нібы той Шаляпін! А што было б, каб тут заспяваў ён?

"Галаснa", ой, "галаснa"!

Здымаць было цяжка. Бо з дрэва якраз "сонечны" бок будынка, а на каменныя бакі сонца падае толькі ў доўгія дні, на захадзе. Кладка муроў тут незвычайна раскошная. У іх устаўлены плоскай формы рознакаляровыя валуны, зялёныя, чырвоныя з палосамі, густа карычневыя, сінія, усякія. І яшчэ ромбы, квадраты, крыжы з маёлікі. Каб змыць пыл і зрабіць больш бліскучай паверхню, мы аблілі муры вадой. І тут на іх упала сонца! Што тут было! На маёліцы і валунах успыхнулі аранжавыя, ружовыя, чырвоныя, зеленавата-сінія туманныя вясёлкі. Перад намі стаяла нешта, што было стократ яскравей паўліна. Каменная райская птушка! І ўся яна нібы зыбілася, зіхацела, плыла ў паветры, выцягвалася ў неба.

У ХVІІ - ХVІІІ стст. магутна ўскінула каменныя хвалі франтонаў і мачты сваіх званіц барока. Той, хто не бачыў Гродзенскага фарнага, комплекса манастыра Брыгітак або францысканскага касцёла за Нёманам - уяўленне таго ад нашага захаду заўсёды будзе няпоўнае. А "лямус" - драўляны будынак з ХVІІ ст. у двары Брыгітак. Першы паверх для маёмасці, другі - інтэрнат. І вакол арачныя галерэі. І паўсюль - ніводнага цвіка, толькі ўсечкі і драўляныя кліны. Той, хто прыедзе сюды, - не пашкадуе.

_______________

1 Пад час адной бітвы ў Ламбардыі дзве арміі рыцараў, чалавек па 300 кожная, ад усходу да захаду секліся мячамі. Загінуў адзін. Упаў з каня, і яго затапталі. Порах пасля, вядома, змяніў справу.

2 Г.зн., каб ніколі не садзілі, як ганаровага госця, а толькі раз паклалі ў кут галавою, як памрэ.




1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка