Зямля пад белымі крыламі



старонка13/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   25

НАЗАД ДА КІЕЎСКАЙ РУСІ


Старажытныя грэкі лічылі, што спачатку быў залаты век - і ўсё было добра, нават бяссмерце існавала, пасля наступіў срэбны - трохі горшы, пасля медны - яшчэ горай, а пасля надыдзе жалезны - і вось ужо тады зусім дрэнь справа.

На Беларусі чамусьці было не так: палеаліт (старажытнакаменны век), неаліт (новы каменны), бронзавы век і ўрэшце век жалезны. Ды, здаецца, так яно было і на ўсім свеце, калі не верыць, вядома, у Атлантыду.

І самы горшы з іх быў самы першы.

На Беларусі паўсюль - сляды гэтых вякоў.

Калісьці ў дзяцінстве я зрабіў злачын - вінаваты, але, па маладосці, заслугоўваю спагады - з такімі ж шыбайгаловамі раскапаў па Дняпры курган. Шкілет быў чырвонага колеру, ляжаў скурчаны на баку. Пры каленях стаяў гаршчок і ляжаў пярсцёнак з нейкіх металічных зёрнаў. Чэрап быў на чатыры маіх галавы, а сківіца налазіла далёка на вушы. Пасля, каму я ні расказваў, усе казалі, што гэта археалагічнае адкрыццё. Пахавальнае месца кагосьці, хто раней на тэрыторыі тутэйшай заўважаны не быў. Адкрыццё тое загінула з-за мяне, дурня. Менавіта таму і не трэба нікому, акрамя вучоных, капаць курганы. Я дагэтуль невук у археалогіі і таму раскажу пра археалогію толькі ў самых агульных рысах, ды раскажу сёе-тое, што мне ўдалося бачыць на ўласныя вочы. А гэта нямала. Бо куды б тут ні пайшоў - паўсюль сляды. Курганы над Дняпром і Свіцяззю, дробны россып чарапкоў выступае пасля дажджу на паверхні гарадзішчаў. Едзеш на Ушачы, сядае сонца, і раптам заўважаеш тысячы паўкруглых ценяў. Іх кідаюць напаўсцёртыя курганы, парослыя мачтавымі соснамі. І цягнуцца гэтыя могілкі на кіламетры. І нават на цяністых ушацкіх могілках свежыя магілы часам выкапаны на верхавінах вялізных былых курганоў. Іх называюць капцамі, часам валатоўкамі, бо паўсюль у нас існавала паданне аб волатах, якія загінулі, баронячы гэтую зямлю. А некаторыя проста спяць пад гэтымі валатоўкамі, пакуль не прыйдзе час вялікай бяды і іх не паклічуць.

Мяркуюць, з вялікай доляй пэўнасці, што чалавек жыў у нас ужо ў сярэдні палеаліт, у эпоху мусцье. У той час ледавік праходзіў па вярхоўях Дняпра, а Беларусь была суцэльнай тундрай, па якой блукалі зарослыя поўсцю насарогі, крочылі маманты, і пячорныя леў і мядзведзь палявалі за дзікімі коньмі. У чалавека (неандэртальца) быў супраць іх востраканечнік з крэменя і агонь, дар лёсу, бо жытла, якое ратуе ад холаду, тады яшчэ будаваць не ўмелі, а прыдатных натуральных пячор у нас на Беларусі няма.

Верхні палеаліт (40 тыс. г. - 10 тыс. г. да н.э.) прынёс аседласць, штучныя жыллёвыя пабудовы і аб'яднанне людзей у вялікія орды. Іначай нельга было, скажам, загнаць маманта ў яр. Поўнасцю вывучаны дзве стаянкі гэтых людзей, абедзве на Гомельшчыне. Знайшлі вуголле, расшчэпленыя крамяні, косці маманта (тут іх забілі 40 - 45 галоў), а таксама дзікага каня, быка, насарога, мядзведзя, ваўка, вадзянога пацука, сусліка, пугача. Елі тады ўсё. Знайшлі унікальнае жыллё, збудаванае з чарапоў, костак і біўняў маманта. Унутры быў ачаг і нават ямы-сховішчы.

Сярэдні каменны век, мезаліт, гэта перш за ўсё лук і стрэлы. Ранейшыя жывёлы ці вымерлі, ці былі выбіты, ці адступілі за ледавіком. З'явіліся сучасныя: зубр, алень, лось, дзік, буры мядзведзь, бабёр. Каб паляваць на іх, не патрэбна была арда, і яна распалася на дробныя групы, а то і на сем'і. Хто пайшоў за мамантам, які адступаў за тундраю на поўнач, хто застаўся. Менавіта ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была спрэс заселеная. Стаянак таго часу дужа многа.

А пасля быў неаліт. Гэта значыць, жывёлагадоўля і земляробства. І пачынаюць ужо шліфаваць краі сякер, і ўжо на драўляны човен, выдлубаны з бервяна, трэба толькі 10 - 12 дзён. Расцём, чалавецтва! І замест прымітыўнага абгарэлага "шашлыка" - "суп" у гліняным посудзе. І жывём не як-небудзь, а ва ўтульнай зямлянцы ці нават у надземным жытле.

Але праслаўляць за гэткі прагрэс чалавека, біць у яго гонар у барабаны лёгка на паперы. Увесь гэты шлях мы апісалі на адной старонцы. Продку нашаму на гэты шлях спатрэбілася 25 тысяч год.

Калі весці размову аб прамысловасці, то яна таксама нарадзілася ў той час. І гэта не перабольшанне. Ля Ваўкавыска, пад мястэчкам Рось, ёсць пасёлак Краснасельскі. Год пяцьдзесят назад у мясцовых крэйдавых горах архітэктар і археолаг З.Шміт выявіў і налічыў каля тысячы шахт. Канец неаліта. Значыць, шахтам па здабычы крэменю пяць тысяч год! Касцянымі матыкамі, рагавымі капалкамі капалі ствалы шахт. Знаходзілі жылу - пачыналі дзяўбці штрэк. Вузкі - 0,5 - 1 м. І паўзлі, працуючы. Часам на 20 м у даўжыню. Задыхаючыся ад дыму, бо святло было ад вогнішчаў. З дня ў дзень, бо гэта быў іх хлеб і той хлеб, які ўсё Панямонне здабывала прыладамі, зробленымі з Краснасельскага крэменю.

Прыйшла бронза, але крэменю не выціснула з ужытку і яна. Ён быў заўжды пад нагамі, а волава і медзі на Беларусі няма. Каменная сякера ў гэты час робіцца больш дасканалая, паліраваная. Вось такая, як зараз перада мной - шэра-белая, гладкая, насаджаная на, вядома, сучасную рукаяць. Як цацка.

Не буду чытаць вам лекцый аб сярэднедняпроўскай, сасніцкай, тшынецкай палескай культуры, культуры шнуравой керамікі. Як і аб культуры наступнага, жалезнага веку, які паставіў плямёны беларускай тэрыторыі ў роўныя правы з іншымі, бо ўжо чаго-чаго, а балотнай руды тут хапала. Значную частку ядраў для Крымскай кампаніі нават у сярэдзіне ХІХ ст. паставіў завод Храптовіча ў Вішневе.

Жалезны век - гэта рала, запрэжаная двума быкамі саха, серп, сякера, а значыць, і лясное, падсечнае земляробства. Гэта жыта, проса, пшаніца, гарох, авёс, віка, а калі так, то і развіццё жывёлагадоўлі.

І, адначасова, гэта накапленне багацця, гэта сутычкі між групамі, радамі, плямёнамі. Бедная роўнасць памірала. Нараджалася царства несправядлівасці. На тысячы і тысячы год. Гэтая чума ўкрыла зямлю восыпкай гарадзішч. Набегі, пажары, войны, свары з-за пашаў.

І потым брат на брата, сват на свата, сын на бацьку... "І род на род і племя паўста". Жалеза перш за ўсё ўжылі як меч, а не як серп. Што ж дзіўнага? Хірасіма таксама была раней за першую атамную электрастанцыю.

Плямёны, культуры, роды зноў аб'ядноўваліся, асімілявалі суседнія, узбуйняліся. Яны цяснілі, змянялі адны адных на будучай беларускай зямлі. Культуры: лужыцкая, паморская, мілаградская. Штрыхаванай керамікі, зарубінецкая, днепрадзвінская. Хто яны былі, гэтыя людзі, - цяжка сказаць. Тут прыходіць на дапамогу такі аддзел навукі аб мове, як гідраніміка, навука аб назвах рэк і азёр. Ясна, што прышэльцы не будуць прыдумваць для ракі сваёй назвы (часцей за ўсё). Яны спытаюць аб ёй у мясцовых плямён і пакінуць іхнюю назву, нават калі яна незразумелая. Таму мы часта і не можам растлумачыць назвы нашых рэк. Што такое, сапраўды, "Волга", "Дняпро", "Нёман"? Толькі ў сярэдзіне 1 тыс. н.э. пачынаюць з'яўляцца гідранімы славянскія. Значыць, славяне прыйшлі. А хто быў да іх? Аналіз назваў і археалогія паказалі, напрыклад, што на значнай частцы тых земляў, дзе пасля стварылася руская галіна славян, сядзелі, асіміляваныя славянамі, угра-фіны. Астраўкі іх засталіся і зараз сярод рускага насельніцтва. На самай справе, нават рака Масква, на якой узнік вялікі горад, па адным з тлумачэнняў азначае "цёмная вада" (ад ляснога ценю і ад таго, што цячэ з лясных азёр і балот). Адзін комі, дачуўшыся пра гэту тэорыю, прывёў мне і свой прыклад - пельмені. І праўда, улюбёнае блюда рускіх людзей перакладаецца з пярмяцкага: пель - вуха і нянь - хлеб, "вушны хлеб". Толькі прыклад быў няўдалы. У часы прыходу славян аб пельменях, мабыць, і чуткі не было. Гэта куды больш позняе запазычанне, хаця таксама з угра-фінскай мовы.

А тэрыторыя Беларусі да сярэдзіны 1 тыс. н.э. была этнічна дужа аднародная. Тут сядзелі балты, плямёны, блізкія сучасным літоўцам. Яны і пакінулі ў спадчыну нам свае гідранімы, а самі не пайшлі і не былі выбіты, а проста змяшаліся з прышэльцамі. І формы чарапоў ужо ў курганах ХІ - ХІІІ стст. - славянскіх, даўніх - пацвердзілі гэта.

"Не ідзі да паноў на гулянку - косткамі закідаюць". Таму я і не стану гаварыць пра ўсе культуры, што мяняліся тут, пра іхнюю кераміку (хаця, на мой погляд, самая прыгожая - чорная, нібы закураная і адлакіраваная, - кераміка паморская), пра тое, ці продкі славян людзі зарубінецкай культуры і, адсюль, ці не з'яўляецца прарадзімай славян мясцовасці па Верхняму і Сярэдняму Прыдняпроўю (дзе зараз поўдень Віцебскай, Магілёўская, Гомельская і Кіеўская вобласці, Парэчча Прыпяці з яе прытокамі і мясцовасці па Дзясне). "Паны" - археолагі і самі спрачаюцца аж да чубоў, а ўжо чужога закідаюць косткамі, хай сабе і курганнымі. Ад іх таксама баліць.

Ва ўсякім разе, пятнаццаць стагоддзяў назад тут, на нашай зямлі, ужо сядзелі славяне.

Самым раннім славянскім гарадзішчам на тэрыторыі Беларусі лічыцца Хатомель, што пад Столінам (VІ - ХІІ стст.). На Украіне ёсць таксама тагачасныя славянскія пасяленні (на цяперашнюю тэрыторыю РСФСР славяне прыйшлі і аселі на ёй значна пазней). Мне пашчасціла пабываць на Хатомельскім гарадзішчы.

Рэдкія там вёскі, але, як кажуць, меткія. У вёсцы Рубель 1800 двароў - "Гэто ж наш Кітай" (мясцовы жарт). Ад гэтай вёскі я спачатку ехаў машынай, пасля ішоў пешшу праз мокры луг і балота. Летнія аблокі, гарачыня, грузнуць ногі - ясна, што ў часы першых славян тут была непраходная дрыгва. Падплысці можна было толькі Гарынню, а цяпер і яна пайшла адсюль, пакінуўшы ля ўзвышша старыцу. Там, дзе балота і ракі няма, - падвойныя валы і рвы. Тады на валах былі драўляныя клеці, засыпаныя пяском. Цяпер - нічога. Валы параслі хмызамі, на месцы селішча - жыта. Сіне-зялёны лес на гарызонце, ды ямы на месцы раскопаў. Бязлюддзе. Усё аплыло. А якое вірлівае, буянае жыццё кіпела тут калісь...

Ішоў адтуль па кладках і праваліўся. Праз пару кіламетраў мужыкі перасцілаюць мост. Адзін:

- О, цяпер саўсем як нашы людэ па нагах.

- І нашае гразі з сабой крыху ўвязэце, - смяецца баба.

І я смяюся ў адказ. Спрадвечныя тутэйшыя людзі. Нашчадкі тых... І значыць, нішто марна не прапала на зямлі.

І ненавідзелі яны, як мы, і кахалі, і ставілі добрым бацькам каменныя надмагільныя піраміды на берагах возера Бяздоннага. І нам пакінулі сваю справу.

Плямёны тыя пад уплывам старонняй небяспекі ператвараюцца ў той даўні час у племянныя саюзы. Некалькі такіх саюзаў склаліся на тэрыторыі Беларусі: крывічы, дрыгавічы, радзімічы і драўляне (паўночная галіна гэтага племя). Плямёны і сапраўды былі дужа адасобленыя. Палянін лічыў, што драўляне "жывуць, як дзікія звяры", і наадварот. Трэба думаць, што аб'ядноўвала іх агльнасць мовы (з нязначнымі дыялектнымі адхіленнямі, скажам, як цяпер у жыхара Піншчыны і жыхара Полаччыны), агульнасць гандлёвых мясцін і агульнасць асноўных багоў, а напэўна, і агульнасць свяцілішчаў. Ідалаў знаходзяць досыць рэдка. Каменных. А яны пераважна былі драўляныя. Дый знішчылі іх многа. Самы славуты, з-пад Супрасля, быў вывезены. Але і зараз у многіх музеях глядзяць на нас іх каменныя вочы.






1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка