Зямля пад белымі крыламі



старонка14/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   25

ПРАДЗЯРЖАВА І ЯЕ ЛЮД


Усё цягнула плямёны да яднання. І ворагі, і мова, і нават галоўная гандлёвая артэрыя - шлях "з варагаў у грэкі". Таму пачатак свядомай гісторыі будучых украінцаў, рускіх, беларусаў - адзіная дзяржава, Кіеўская Русь. Таму не буду я асабліва гаварыць пра гэты перыяд. Вучылі ж вы гісторыю СССР. Ведаеце, што тры Сафіі, тры сястры стаялі ў зямлі палян (Кіеў), зямлі крывічоў (Полацк) і зямлі славенаў (Ноўгарад), ведаеце, якія былі князі, як і з кім ваявалі. Ведаеце нават, што ў нас агульныя помнікі літаратуры, напрыклад, "Слова аб палку Ігаравым", і хто скажа, дзе нарадзіўся ягоны аўтар? У Ноўгарадзе? Але яшчэ А.Кіркор і У.Сыракомля ў мінулым стагоддзі спрачаліся наконт крывіцкіх і дрыгавічанскіх элементаў у "Слове". Ясна адно, што аўтар "Слова" быў чалавек дужа бывалы. Да дробязяў ведаў тапаграфію ўсёй Кіеўскай Русі, аж да таго, што маці Божая Пірагошчая ў Кіеве стаіць над Борычавым узвозам і што ў Мінску цячэ невялічкая рэчка Няміга.

Для абароны ад сквапнага чужынца складалася гэтая агульная наша прадзяржава. І яшчэ больш умацавала яе прыняцце хрысціянства, а з ім і пашырэнне пісьменнасці, прычым не толькі сярод знаці, а і сярод народа. Калі раскопвалі Бярэсце (я ўжо казаў аб гэтым), знайшлі не толькі зрубы, маставыя з бярвення і іншае - прычым зберагліся яны куды лепей, нават чым у Ноўгарадзе, - а і такую, напрыклад, рэч, як грабеньчык, на якім былі выразаны літары кірылаўскай азбукі. Або ўспомнім берасцяную віцебскую грамату.

І, аднак, хрысціянства на тэрыторыі Беларусі доўга і ўпарта не прымалі. Магчыма, ненавідзячы асабіста князя Уладзіміра, што спаліў Полацк, забіў князя Рагвалода з сям'ёю, дачку ягоную ўзяў за сябе, а пасля, калі прывёз нявесту з Візантыі (з высокіх дзяржаўных меркаванняў), выселіў Рагнеду ў Ізяслаўль ("вал Рагнеды", або "Гарыславы" паказваюць у Заслаўі і сёння). А можа, змагаліся за незалежнасць хатніх ачагоў, памяталі, што ваявода Воўчы Хвост учыніў разню ў зямлі радзімічаў; след гэтай разні збярогся ў бессэнсоўнай, на першы погляд, дражнілцы: "мсціслаўцы-недасекі (нашчадкі тых, каго не забілі) ваўчынага хваста баяцца". А можа, праяўляўся і кансерватызм. Рэшткі язычаскіх вераванняў былі на Беларусі жывучыя, як нідзе. Нават у канцы ХVІІІ ст. адзін свяшчэннік даносіў у кансісторыю, што сяляне адной вёскі таемна трымаюць нейкага ідала.

І ўсё ж паўсюль пачалі трапляцца карчагі з надпісамі на баках, вераценныя прасліцы, - надпісы тут часам не дужа пісьменныя, напрыклад: "бабино прясльнец" замест "прясльице", - каменныя надпісныя крыжы і іконы, а то і камяні - помнікі эпіграфікі. Проста ў вадзе Дзвіны ля Полацка ляжыць камень з надпісам: "Господі помозі рабу своему Борісу". Або на камені, што ляжыць на полі ля Коханава: "В лето 6679 (1171 г.) месяца мая в 7 день доспен (высечаны) крест сий; господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду, сыну Борису". Бачыў я такія камяні. Дзіўны настрой ахоплівае ля іх чалавека, пачуццё прыналежнасці да гісторыі.

І ўсё ж дарэмна некаторыя лічаць, што пісьменнасць распаўсюджана была шырока. Спасылаюцца на бяросту "От Степана къ Нежилови. Оже еси продал порты (адзенне), а купи ми жита за 6 гривенъ. А ли цего еси не продалъ, а посли мне лицемъ (гатоўкаю). А ли еси продалъ, а добро сътворя у купи ми жита". Кажуць, вось мужык, вось недарод, бедны, а пісьменны. Нішто сабе бедны, калі мае адзення на продаж больш як на 6 грыўняў. На 6 грыўняў тады можна было наняць чатырох наймічак тэрмінам на 6 год. Усё ж, мабыць, пісьменныя былі найбольш людзі грашавітыя.

Бяднейшыя жылі ў маладых яшчэ гарадах ці па вёсках, займаліся рамяством або аралі зямлю. Сеялі жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку (глупства гэта, што завезлі яе ў Еўропу арабы ў XV ст.; знаходзяць на Беларусі, скажам, у Гродні, зерні грэчкі значна ранейшага часу, дый сама назва звязана з "грэцкім жытам", з Візантыяй), боб, лён, гарох, каноплі. Палявалі, лавілі рыбу, выдзіралі пчаліныя борці. А вярхушка, вядома, ваявала, правіла, чыніла суд, жыла на дзядзінцы ў дамах, дзе муры распісаны былі шматкаляровым і фрэскамі, піла з прывазнога іранскага фаянсавага посуду ці са свайго, шклянога, гуляла ў шахматы (знойдзены фігуры), мела нават забаўкі, якія проста прыкрашалі дом.

У гэты час з'явіліся першыя пісьменнікі. Літаратура, створаная імі, гэта яшчэ рэлігійная, царкоўная літаратура: жыція святых, паломніцкія падарожжы, царкоўныя казані. Але паглядзіце, як жыва гучыць, напрыклад, апісанне вясны ў Кірылы Тураўскага (ХІІ ст.): "Сёння сонца красуяся да вышыні ўсходзіць і красуяся зямлю агравае... Сёння... скончылася зіма і лёд... растаяў... Цяпер вясна красуецца, ажыўляючы прыроду зямную; бурныя ветры, ціха павяваючы, плады цалуюць, і зямля, гадуючы насенне, нараджае зялёную траву... Сёння навароджаныя ягняты... скачуць і, хутка да матак сваіх вяртаючыся, весяляцца. Сёння дрэвы парасткі выпускаюць і кветкі водарныя працвітаюць, і вось ужо сады струменяць салодкі пах... Сёння ўсе добрагалосныя птушкі... весяляцца... і, сваю кожная спяваючы песню, славяць бога нямоўчнымі галасамі". Праўда, зусім як майскі вечар, калі адпачываюць людзі на прызбе ля хаты. Сады цвітуць. Дзеці бегаюць і кідаюць шапкамі ў хрушчоў або калоцяць іх з дрэў. Гэта і тады было так.
І ПАЎСТАЎ РОД НА РОД

І ПЛЕМЯ НА ПЛЕМЯ

Жукі і кветкі і дзеці былі такія самыя. Не такі быў толькі час. Час, калі дзяліліся людзі на смердаў і лепшых людзей, калі асветніца і, магчыма, самая разумная жанчына эпохі, Ефрасіння Полацкая, радасна, не бачачы ў гэтым ахвяры, ішла ў манастыр, калі, урэшце, пачаўся феадальны разброд, войны, у якіх адзін славянін павінен быў забіваць другога славяніна...

Страшна чытаць тагачасныя летапісы. Няма сваяка, бацькі, друга, брата - ёсць прэтэндэнты на ўладу. Князі грызуцца, як псы. Гэтым карыстаюцца ворагі. Міцкевіч піша пра гэты час:

Тым часам Мешка ў княскім замку седзеў:

Рвуць край правадыры,

а з-за мяжы - суседзі.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

I адбiваўся стогн, што енчыў люд падданы,

Ад гарадскіх муроў, ад вежаў, ад паркана,

Калі ж і далятаў да княжаскага вуха,

То князь ім пагарджаў ці краем вуха слухаў.

("Мешка, князь Наваградскi". -

пераклад мой. - Ул.К.)

Былі ў гэтай барацьбе, што праўда, і свае героі, свае рыцары. Пра двух, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, гаворыць аўтар "Слова". Адзін - Ізяслаў сын Васількоў, які, пазваніўшы мячамі аб літоўскія шаломы, нерухома ўлёгся на крывавай траве, і па якім так сумна плакалі гародзенскія трубы.

Другі і ўвогуле асоба фантастычная, асоба-міф. Па дзёрзкасці, па здатнасці ўладна ўзяць рукамі ўдачу і не адпускаць яе. І вось што дзіўна. Усяслаў Полацкі шмат разоў ваяваў і з Ноўгарадам і з Кіевам, а аўтар "Слова" чамусьці не асуджае яго і толькі моліць яго нашчадкаў кінуць сваркі і ўсобіцы, каб вярнулася магутная слава Усяслава. Чаму? Можа, таму, што людзям заўсёды быў па сэрцы смелы, удатны, вясёлы, сказаў бы я, авантурызм добрага толку. Той, калі ў прыгодах не шукаюць для сябе асабістай выгады, калі чалавек таленавіты нават у недахопах. Па-здрадніцку ўзялі ў палон, кінулі ў цямніцу, а кіяўляне падчас паўстання вызвалілі яго, пасадзілі на "стол". Здавалася б, веліч, слава, сіла, ды яшчэ ў спалучэнні з мужнасцю, з талентам не абы-якога дзяржаўнага дзеяча. А ён у гэтай славе, у бязмерна багатым Кіеве... чуе, як ударылі званы Сафіі Полацкай. Мабыць, бачыць лясы, занесены снегам пасад, чуе ваўчынае выццё за весніцамі вёсак, лёд у вёдрах і калматы цень, што калыхаецца на сцяне.

І нічога ўжо яму не трэба. І ён скача лютым зверам "В плъночи из Белаграда… отвори врата Новуграду, разшибе славу Ярославу, скочи влъком до Немиги…"

Чарадзей. У ваўка можа ператварацца. З яго, мабыць, і пайшла цалкам даставерная ("усё праўда") здольнасць найбольш спрытных і здольных беларусаў нібыта перакідацца ў ваўкалакаў, па сваёй ахвоце ператварацца з чалавека ў ваўка і наадварот.
ЛІТВА.

БЕЛАЯ РУСЬ

Насоўвалася бяда. З аднаго боку крыжакі, з другога - татара-мангольская навала.

І што з таго, што ад татар паўночна-заходнім, беларускім княствам удалося адбіцца, што ў першай бітве пад Крутагор'ем татарская цьма пабегла ад мячоў войска, якім кіравалі Скірмунт і Ракутовіч, што ад Слуцка іх адбіў Слуцкі князь, ад Крычава бязведамны Іванка, хутчэй за ўсё нават просталюдзін. Краіна знемагла. Вядома, на баку літоўцаў, па гэтай прычыне, была ваенная сіла, але затое яны і княствы беларускай тэрыторыі былі добра азнаёмлены адзін з адным.

Яднанне ўласна літоўскіх земляў (Жэмайціі і Аўкштайціі) з землямі беларускімі стала гістарычнай неабходнасцю. Рускія княствы былі захоплены татарамі, якія былі страшнай пагрозай для княстваў паўночна-заходняй Русі. З поўначы і Беларусі і Літве пагражаў Лівонскі ордэн, з захаду пагражаў тэўтонскі - страшная пагроза самаму існаванню як літоўцаў, так і славян.

Без яднання было не жыць. Без яднання заставалася толькі адно: знікнуць, згінуць, не пакінуўшы нават імя на твары зямным.

Дальнабачлівыя людзі з Беларусі, якія прагнулі спакою і парадку для пашматаванай, абяскроўленай роднай зямлі, не памыліліся. Нічога новага літоўцы не ўнеслі, акрамя жыццёва патрэбнай моцнай вярхоўнай улады, нічога не змянілі. Наадварот, праводзілі палітыку цярпімасці, асядалі на новай зямлі, жаніліся на славянках, прымалі хрысціянства. Ужо ў другім-трэцім пакаленні старабеларуская мова стала іхняй мовай, мовай суда, мовай дзяржаўных актаў. Як пазней мова стараўкраінская стала на поўную моц гучаць у актах, складзеных дзе-небудзь пад Кіевам. Урэшце, дзяліць адну ад другой у той час яшчэ цяжкавата. Была, праўда, розніца ў гаворках, але, мабыць, і не болей.

Яны, нешматлікія, растварыліся ў славянскім моры ва ўсіх мясцінах, куды прыйшлі. І толькі на землях, адкуль яны былі родам (у Жэмайціі і Аўкштайціі) засталася (і то пераважна сярод сялян, мяшчан і часткі дробнай шляхты) жывая літоўская мова. Як балгары прынеслі склавінам і антам толькі назву будучай дзяржавы, так і літоўцы: "Літва", "Вялікае княства Літоўскае".

На стварэнні Вялікага княства Літоўскага беларусы нічога не страцілі, хутчэй прыдбалі. Прынамсі, на першы час, да уніі. Пазбавіліся жудаснага татарскага і крыжацкага рабства, якое сушыла самы дух, збераглі кнігу, навуку, родную мову ў судзе і дзяржаўных установах, законы на роднай мове і, прытым, больш дасканалыя, чым у многіх суседзяў.

Стварыўся баявы саюз, федэрацыя розных народаў.

У гэтай федэрацыі пачала складвацца ў ХІІІ ст. асобная беларуская мова і сам беларускі народ.

Па тагачасных кнігах пра гэта не заўсёды скажаш. Чаму? Бо людзі тады пісалі па традыцыі, і таму на пісьме гэтыя новыя асаблівасці нашай мовы амаль не праяўляліся. Кніга не адлюстроўвала праўдзівага стану мовы. Мы ведаем, што людзі ўжо так гаварылі - толькі па іх досыць частых апісках ды па свяшчэнных кнігах беларускіх татар "Аль-Кітабах", якія пісаліся па-старабеларуску, але арабскім шрыфтам. А арабскі шрыфт мае літары дз і мяккае ц і іншае, і таму дае магчымасць аднавіць фанетыку беларускай мовы ў тыя часы, дае ключ да чытання кніг і рукапісаў, пісаных кірыліцай.

Увогуле ж усходнеславянскія народы пісалі тады амаль аднолькава, хаця гаварылі па-рознаму. Таму аддзяліць нашы тагачасныя літаратуры вельмі цяжка. Хто такія былі славутыя друкары браты Мамонічы, што выдалі ў ХVI ст. столькі кніг і для Беларусі і для Украіны? Хто быў Мялеці Сматрыцкі, пісьменнік і грамадскі дзеяч (1572 -1630 гг.), што нарадзіўся на Падоллі, а вучыўся і працаваў у Вільні? Гэтага амаль немагчыма вызначыць. Гэта толькі зрэдку ў тыя гады і нават часам пазней можна было вызначыць, што вось друкар-асветнік Францішак Скарына і паэт Сімяон Полацкі - беларусы, а, скажам, Іван Вішанскі - украінец, Пятро Мсціславец - беларус, і, хутчэй за ўсё, або вучань, або вучань вучня Скарыны, а Іван Фёдараў - рускі. Хіба друк з Беларусі не перакінуўся ў дзяржаву Маскоўскую, а адтуль - калі фанатыкі спалілі друкарню Фёдарава і Мсціслаўца - назад, на Беларусь, разам з уцекачамі, а пасля - на Украіну. Хіба палымяная публіцыстыка Вішанскага, яго пякучы сарказм не далятаў на Беларусь, хіба яго тут прагна не чыталі? А хіба Сімяон Полацкі не вучыўся ў Кіева-Магілянскай Акадэміі? Хіба кнігі Скарыны не ведалі на Украіне і ў Расіі?






Поделитесь с Вашими друзьями:
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   25




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал