Зямля пад белымі крыламі



старонка16/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   25

БЕЛАРУСКІЯ ГУМАНІСТЫ


Як вы заўважылі, паўставалі пераважна гарады. Горад, "паветра якога робіць вольным", асабліва адчуваў на сабе феадальныя ланцугі. Менавіта ў ім нараджалася беларускае Адраджэнне, гуманізм, пісьменнасць, філасофія, літаратура.

Самай выдатнай фігурай Адраджэння быў Францыск Скарына (каля 1490 - і каля 1550 гг.), сын купца з Полацка. У чатырнаццаць год ён, дабраўшыся да Кракава, паступае там ва універсітэт. У 1506 г. атрымлівае ступень бакалаўра. Пасля няўтомны беларус дабіраецца да Італіі і там, у Падуанскім універсітэце, атрымоўвае ступень "у лекарскіх навуках доктара". У 1517 годзе Скарына ў Празе. Там ён пачынае сваю друкарскую дзейнасць: за тры гады выдае 22 кнігі "Бібліі", перакладзенай ім на беларускую мову. Гэта першы пераклад гэтай кнігі на жывую мову жывога народа. Пераклад Лютара на нямецкую мову дарэмна карыстаецца славай першага. Яго "Новы завет" з'явіўся толькі ў верасні 1522 года, а ўся "Біблія" - у 1534 годзе.

З 1525 года Скарына друкуе кнігі ў Вільні, якая на працягу многіх стагоддзяў была культурнай сталіцай Беларусі і Літвы. Тут выйшлі яго "Апостал" і "Малая падарожная кніжыца".

Гэтыя кнігі былі сродкам для пашырэння пісьменнасці, асветы, культуры. Яны даводзілі, што наша родная мова не горшая за іншыя. Скарына верна і аддана служыў свайму народу, быў гуманістам, адукаванейшым чалавекам свайго часу і змагаром за родную культуру і мову, мастаком (ёсць меркаванне, што гравюры для сваіх кніг ён рабіў сам, і гэтыя гравюры паказваюць славянскія сцэны, тыпы, вопратку, архітэктуру). У прадмовах да кожнай кнігі ён не стамляўся клікаць да ведаў, казаў, што нельга выкупіць грахі, ахвяруючы царкве, што не той хрысціянін, хто так завецца, а той, хто любіць людзей. Казаў, што трэба быць памяркоўным да ўсіх народаў і вер, бо ўсе маюць права на месца пад сонцам, а таму і мова беларуская нічым не горшая за латынь. У "Бібліі" Скарына бачыў крыніцу свецкіх ведаў, а пераклад яе стаў узорам беларускай літаратурнай мовы XVI ст. Прадмовы ягоныя і зараз чытаць дужа цікава. Аб мудрасці, якая ў кнізе "як ядро ўв арэху". Аб любві да радзімы: "Паколькі ад нараджэння звяры, хадзячыя ў пустыні, знаюць ямы свая, птушкі, лятаючыя па паветры, ведаюць гнёзды свая, рыбы, плаваючыя па моры і ў рэках, чуюць віры свая, пчолы і тым падобныя бароняць вулляў сваіх, такаж і людзі, ігдзе зрадзіліся і ўскормленыя суць па бозе, - да таго месца вялікую ласку імаюць".

Скарынава "Біблія" была на ўзбраенні брацтваў на Беларусі і Украіне. Нядаўна, напрыклад, адзін экземпляр яе знайшлі ў Ужгарадзе. Ясна, што чыталі.

Паслядоўнік Скарыны, беларус Пётр Мсціславец, разам з дзякам Іванам Фёдаравым праз некалькі дзесяткаў год выдаў у Маскве "Апостал". У 1574 г. - "Апостал" выходзіць у Львове. Выдаюцца кнігі ў Заблудаве, у Вільні ў друкарні Мамонічаў.

...З'яўляюцца новыя асветнікі, перакладчыкі кніг на родную мову, пісьменнікі, філосафы.

Такія, як Сымон Будны (1530 - 1593 гг.), аўтар асветніцкага беларускага "Катэхізіса", выкрывальнік распусты паноў і духавенства. Вось урыўкі з яго другога, парадыйнага "арыянскага катэхізма".

Пытанне. Яко мае жыці чалавек?

Адказ. Жыві, яка хочаш... А калі трапіш у пекла, дык не сам адзін, а з вялікім гуфам (атрадам), і будзе табе весела.

. . . . . . . . . . . . . . .

Пытанне. Што то ест імша?

Адказ. Імша ест то амерзлы богу парадак, у каторым папы другі раз Ісуса Хрыста крыжуюць.

Пытанне. Што то ест папеж (папа рымскі)?

Адказ. Папеж ест то антыхрыст белы; чорны бо ведае пекла, а гэты на сорам наш царквою правіць.

Буднага праследавалі, катавалі, здаралася яму і адракацца, як Галілею. Але і пасля адрачэння ён выдаў шмат кніг, перакладных і ўласных, у тым ліку гнеўную кнігу-пратэст супраць Варфаламееўскай ночы ў Францыі.

Васіль Цяпінскі (1540 - 1603 гг.), які адмаўляў тройцу і лічыў Хрыста звычайным чалавекам, казаў, што смяротны не мае права на ўладу над другім смяротным. Адмаўляў дзяржаўную ўладу і ўдзел у вайне (акрамя справядлівай, абарончай).

Цяпінскі пераклаў на беларускую мову і надрукаваў "Евангелле". Уклаў усю сваю ўбогую маетнасць на ўратаванне народа ад невуцтва, забабонаў, цемры.

Пісаліся сатырычныя "прамовы", якія парадзіравалі прамовы на сеймах ("Прамова Мялешкі"), перакладныя аповесці і сказанні ("Кніга аб Таўдале-рыцары", "Аповесць аб Троі", "Александрыя", "Трышчан і Ізота", "Гісторыя спраў Атылы"), пісаліся цікавыя хронікі. Ствараліся студэнтамі драмы з камічнымі народнымі ўстаўкамі, у якіх дзейнічае селянін, яго жонка, студыёзусы, лекар-шарлатан, маскаль, лях, яўрэй, чорт. Мужык заўсёды выходзіць тут сухі з вады, нават калі звяжацца з чортам.

З'явiлася i паэзiя свецкая. Вось верш Яна Пашкевiча аб "русчiзне" - беларускай мове.

Полска квітнет лаціною,

Лiтва квiтнет русчiзною,

Без той в Полсце на пребудзеш,

Без сей в Літве блазном будзеш.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Веселі ж се ты, Русіне,

Тва слава нікгды не згіне!

22.VIII 1621 г.

І, вядома, вяршыня старабеларускай паэзіі, Сімяон Полацкі (Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітніяновіч - 1629 - 1680 гг.), паэт, публіцыст, драматург.

Вучыўся ён (з 1640 г. па 1650 г.) у Кіева-Магілянскай Акадэміі, пісаў вершы спачатку па-беларуску, "пісах вначале по языку тому, і же свойственный бе моему дому", часам по-польску і ўдзельнічаў у напісанні школьных драм у Кіеве. Пасля таго як вымушан быў пераехаць у Маскву - стаў роданачальнікам рускай паэзіі. Быў там выдатным асветнікам і педагогам. Заклаў асновы рускага вершаскладання, выпеставаў школу рускіх паэтаў (К. Істомін, П. Буслаеў, С. Мядзведзеў). Увёў у Маскве само паняцце "тэатр", пісаў п'есы. Ад іх пачынае хутка набіраць сілу руская драматургія. Спачатку, пры цары Аляксеі, пастаноўка асобных п'ес, а пры Пятру I - тэатр як такі. Гарачы паборнік свецкіх навук і збліжэння з прагрэсіўнымі сіламі Еўропы, ён падрыхтаваў глебу, на якой ужо не такімі дзіўнымі з'яўляліся спачатку думкі В. Галіцына аб тым, што нельга жыць, адгарадзіўшыся ад свету, а пасля і рэформы Пятра.

"Заходняя Русь, - як кажа вядомы вучоны І.М.Галянішчаў-Кутузаў1, - была месцам канцэнтрацыі ...перадатчыцай заходняй літаратуры (на Маскоўскую Русь. - У. К.) на працягу доўгага часу; яна была таксама лабараторыяй расійскага верша".

...Літаратура таго часу была сінкрэтычнай, непадзельнай ад грамадскай справы. І гістарычная літаратура, і допісы (г. зн. данясенні) памежных ваявод і старостаў, і летапісы, палемічная літаратура. І, ясна, што аўтары за тое, што занадта рэзка змешвалі пытанні рэлігіі, літаратуры і палітыкі, часта зазнавалі катаваннняў, а то і смерці. Напрыклад, Афанасій Філіповіч (каля 1597 - 1648 гг.), палеміст, вораг магнатаў і абаронца простага люду, быў па абвінавачанні ў "пасыланне якіхось лістоў і порах да казакаў" Хмяльніцкага расстраляны гайдукамі ваяводы Масальскага ў лесе ля вёскі Гершоны. У ноч на 5 верасня 1648 года.

Усё гэта, усе гэтыя спрэчкі і нянавісць ясна казалі аб тым, што набліжаецца выбух.

_______________

1 И.Н.Голенищев-Кутузов. Гуманизм у восточных славян. М., 1963.




Поделитесь с Вашими друзьями:
1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   25




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал