Зямля пад белымі крыламі


НАВАЛА. АБНАЎЛЕННЕ. ПАЎСТАННІ



старонка18/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   ...   14   15   16   17   18   19   20   21   ...   25

НАВАЛА. АБНАЎЛЕННЕ. ПАЎСТАННІ


Сувязі народаў не губляліся і праз мяжу, што падзяліла іх пасля Пераяслаўскай рады. Беларусь была прыдушана, але па-ранейшаму яе майстры высока цаніліся на будоўлях Масквы і Варшавы.

Па-ранейшаму здабывалі ў Кіеве асвету беларускія хлопцы, а напрыклад, такі з іх, як Тарасевіч, чалавек родам з-пад Глуска, пастрыгшыся на Украіне ў манахі, стаў у XVII ст. заснавальнікам украінскай графікі.

А Шведская вайна! Бітву пад Лясной, на Магілёўшчыне, дзе разбілі корпус Левенгаўпта, Пётр назваў "маці Палтаўскай перамогі". Мне давялося адным летам пабываць і там і там. І хаця зусім непадобныя былі маленькая лясная вёска і Палтава з велічнымі яе дамамі, зялёнымі вуліцамі і лілова-чорнымі ад раздушанай шаўковіцы тратуарамі. І хаця сціплае поле пад Лясной з невялікай капліцай і каменем на брацкіх могілках нічым не падобна да Палтаўскага поля з безліччу яго помнікаў - было тут і агульнае: успамін аб вялікай бядзе, кроў самаахвярнасці, уздых палёгкі, што бяду гэтую ўсё ж звалілі. Ідзеш па нашых землях, і вось паўсюль "шведскія камяні", "шведскія сосны" пад Любчай, сапраўдныя сведкі колішняй бітвы. І там жа ўрочышча "Калюгі" (калоліся штыкамі) і "Пярэстань" (бо зрабілі перамір'е).

...Спустошаная зямля паступова ажывала працаю простых людзей. Хаты, вядома, не прыкрашаліся, прыкрашаліся маёнткі. Узнікалі выключныя па прыгажосці палацавыя комплексы. Але ўжо і каля іх з'яўляліся мануфактуры і заводы, пакуль што яшчэ панскія, на прыгоннай працы. Мануфактуры Тызенгаўза ў Гродні, ліцейны завод Храптовіча ў Вішневе, суконныя і шкляныя фабрыкі, выганка дзёгцю, смалы, шкіпінару, выдатнае Урэцкае і Налібоцкае шкло, посуд з якога зараз цэніцца ледзь не на вагу золата. Мастацкае ткацтва, выраб дываноў, кераміка, мастацкія кафлі, неацэнны Целяханскі фаянс. І, вядома, вяршыня ўсяго: слуцкія тканыя паясы, шырокія, "літыя", з залатых, срэбных і шаўкавых ніцяў. Затканыя ўзорам "пад персідскі", але ва ўзор гэты ўплятаюцца звычайныя нашы лісты і кветкі: валошкі, рамонкі, званочкі. Зараз такіх паясоў, зробленых у Слуцку, мала. Яны цэняцца на сантыметры. Кожны сантыметр каштуе шмат рублёў. Але справа не ў рублях. Золата гэтых паясоў - гэта золата рук сялянскіх ткачоў і ткачых. Паэт Багдановіч напісаў верш пра слуцкіх прыгонных ткачых.

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна, -

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна;

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі;

Цямнее край зубчаты бора...

І тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага узора,

Цвяток радзімы васілька.

Цягнуцца да неба гарадскія ратушы, бо нараджаецца новая сіла. Узнікаюць палацы, такія комплексы, як палац у Ружанах, будынак, лепшы за які цяжка сабе ўявіць, калі глядзіш на яго, бо аб астатніх у гэты момант забываеш. З'яўляецца свецкі жывапіс, высокага майстэрства гравюры. Некалькі жывапісных школ (самая славутая - магілёўская). Агінскі канал злучае Чорнае мора з Балтыкай.

І, аднак, усё гэта на знемагаючых спінах народа. Пачашчаюцца зноў паўстанні. Самае вялікае - у Крычаўскім старостве. 1740 - 1744 гг. Так, чатыры гады цягнулася яно. На чале - гандляр воскам Васіль Вашчыла, брат яго, гараджане Карпач і Вецер, бацька Карпача, былы бурмістр Крычава.

Еранім Радзівіл аддаў староства ў арэнду: "Ты мне адразу давай грошы, а падатак пасля выбірай сам. Колькі выб'еш, мяне не датычыцца". Адкупшчыкі, браты Іцковічы, разарылі наваколле горш за арду. Убачыўшы, што ідзе галодная смерць, рамеснікі і сяляне паўсталі. Пабілі арандатараў, спалілі кабальныя паперы, пусцілі "чырвонага пеўня" ў фальваркі. Некалькі разоў білі войска, раскалашмацілі полк нямецкіх наймітаў. Войска палкоўніка Пястрыцкага (пры ім быў сам Радзівіл) прыйшло з гарматамі. У дзвюх лютых бітвах, пад Крычавам і пад вёскай Царковішчы, мужыцкае войска было разбіта. Васілю Вашчыле ўдалося ўцячы на Украіну. Карпач, Вецер, Мікіта з Бараўкоў, Стэсь Бачко і сын яго, пісар паўстання, Іван Трус, Навум Буян і многія іншыя трапілі ў палон, многія загінулі. Садзілі на калы і ў пячныя коміны, вешалі, некаторых зашылі ў мядзведжыя шкуры і кінулі абвучаным сабакам-"мядзведнікам", гэта значыць прывучаным браць мядзведзя.

У НОВЫМ РЭЧЫШЧЫ


Глыбока няправільны погляд некаторых вучоных, што Польшча перад падзелам знаходзілася ў стане смяротна хворай краіны. Наадварот, у другой палове XVIII ст. яна пачынала выбірацца з таго палітычнага, эканамічнага і духоўнага крызісу, які страшным цяжарам ляжаў на ёй у першую палову стагоддзя.

Як сказана, будаваліся мануфактуры і заводы. На тэрыторыі Беларусі з'яўляецца мноства школ. Скажам, у адной толькі Гродні ўзнікла медыцынская школа з аддзяленнямі гарадскіх і вясковых лекараў і хірургаў, школа землямераў, школа бухгалтэрыі і рахункаводства, будаўнічая школа, корпус кадэтаў. Існаваў батанічны сад з дзвюма тысячамі відаў раслін (1500 - экзатычных). Тут жылі матэматыкі і астраномы, выдавалася газета і календары. Быў тэатр з операй, балетам.

У 1773 г. быў знішчаны ордэн езуітаў і адукацыя аддадзена ў рукі вучоных. Былі рэарганізаваны акадэміі, узмацнілі выкладанне фізікі і прыродазнаўчых навук. Усё больш галасоў уздымаецца на абарону роўнасці, адмены прыгону, знішчэння саслоўяў, удзелу сялян і мяшчан у сеймах. 3 мая 1791 г. была ўведзена хаця і палавінчатая, але канстытуцыя. Рэч Паспалітая пакрысе выбіралася з крызісу. Але не паспела. Прыгнёт мінулых стагоддзяў быў занадта цяжкі, каб украінец і беларус, нават атрымаўшы некаторую палёгку, маглі бачыць у гэтай дзяржаве сваю радзіму. Патаптаны былі мова, вера, годнасць. А побач усё ўзмацняўся і без таго моцны сусед. Першы падзел Польшчы (1772 г.) між Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй уключыў у склад апошняй усходнебеларускія землі. Другі (1783 г.) - цэнтр Беларусі. Трэці (1795 г.) - захад яе. Спроба Касцюшкі паўстаннем вярнуць незалежнасць Рэчы Паспалітай (1794 г.) скончылася, пасля некалькіх перамог, разгромам, бо шляхта была глыбока расчаравана яго дэмакратызмам, а асабліва "Універсалам", у якім гэты вялікі чалавек абяцаў сялянам асабістую свабоду, максімальнае змяншэнне рабочых дзён і суд над тымі, хто прыгнятае сялян, бо такія прыгнятальнікі - ворагі радзімы і паўстання. Шляхце даражэй была ўласная кішэнь. Паўмёртвы ад ран, атрыманых у бітве пад Мацеявіцамі, Касцюшка быў пасаджаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць, адкуль яго вызваліў толькі Павел I. Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся пад Косавым, непадалёку ад Слоніма. Дома ягонага зараз няма, але й дагэтуль высіцца над узгоркавымі палеткамі Марачоўшчыны старадаўняя таполя, якая памятае яго. А сям-там можна сустрэць і іншых сведкаў памяці народнай. Скажам, камень у Залессі, на якім кампазітарам М.К.Агінскім выбіты словы "Ценям Касцюшкі".

Што даў падзел беларускаму народу? Трэба сказаць, што простаму селяніну ён даў няшмат. У Расіі ў той час яшчэ ўзмацнялася прыгоннае права, эканамічны стан быў нездавальняючы, формы грамадскага жыцця былі таксама несправядлівыя (абсалютная манархія). Вядома, стала лягчэй праваслаўным, таму што праваслаўе было афіцыйнай рэлігіяй Расійскай імперыі. Затое пачалі ціснуць уніятаў. Прымяняліся тыя ж метады, якімі нядаўна уніяты заганялі ў унію праваслаўных.

А два наступныя пасля Кацярыны цары і ўвогуле лічылі, што Беларусь - край польскі, рабілі ўступкі каталіцызму, кепска ведалі Беларусь. І не толькі яны, але й вучоныя. Акадэмік Севяргін лічыў праваслаўных беларусаў "схізматамі" і, прысутнічаючы на малебнах, здзіўляўся, што і абрады і адзенне папоў "дужа падобныя" на пецярбургскія ці ўладзімірскія. Зноў быў дазволены (да 1820 г.) ордэн езуітаў.

Па-ранейшаму паншчына, грашовы чынш, згоны і падушная дзяржаўная подаць. І яшчэ рэкрутчына, 25 год у салдатах (да раздзелу Рэчы Паспалітай селянін у войску не служыў, а калі ішоў на вайну сваёй ахвотай - аўтаматычна, пасля зацвярджэння на сейме, пераводзіўся ў вольныя, у "лапцявую шляхту").

Праўда, беларус аб'яднаўся з братнім рускім народам, разам з якім яму цяпер належала жыць і змагацца, але абодвум братам было нясцерпна жыць, адному ў сваёй старой, а другому ў сваёй новай турме. Дзесяць тысяч беларускіх сялян былі раздадзены фаварытам царыцы (Румянцаву, напрыклад, Кацярына падарыла больш за 11 000 сялян. Пацёмкін атрымаў землі з 14 274 прыгоннымі). Заступнікі за гэты прыгонны, прыгнечаны народ канчалі кепска. Калі раней славутыя С.Сташыц і Г.Калантай лямантавалі супраць прыгону, выкрывалі памешчыкаў і нічога ім за гэта не было, то вялікі Радзішчаў паплаціўся за сваю кнігу Ілімскім астрогам.

Назіралася, праўда, эканамічнае ажыўленне. Павялічылася плошча збожжавых, узнікла шмат новых заводаў, на якіх была і вольнанаёмная праца. Узрос гандаль з Прыбалтыкай, а праз яе і з Заходняй Еўропай (цяпер многія рускія і ўкраінскія купцы везлі туды свае тавары па Беларускай зямлі), з Расіяй і Украінай. Пракладаліся дарогі, па-новаму планіраваліся гарады. Да 1863 г. насельніцтва іх узрасло амаль у тры разы. Тавараабарот, скажам, кірмашу ў мястэчку Зэльва даходзіў да 2 млн. рублёў, і сюды прыязджалі гандляры нават з Германіі. Але гэты гандлёвы пад'ём узбагачаў пана, які павялічваў засевак, заводчыка і купца. Вось што пісаў у 1885 г. адзін царскі саноўнік: "Нищета страшная, а рядом роскошь помещиков; жизненные силы края совершенно истощились в нравственном и физическом отношении; расслабление достигло крайних пределов".






1   ...   14   15   16   17   18   19   20   21   ...   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка