Зямля пад белымі крыламі



старонка22/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25

НОВЫЯ ПЕСНІ НОВАГА ДНЯ


На хвалі рэвалюцыі ўзнялася нацыянальная беларуская культура. І хаця клубы, чытальні, гурткі, што паўсюдна ўзнікалі тады, былі забаронены ў 1907 годзе, - спыніць ужо нічога нельга было. Нават у гады адступлення і рэакцыі.

Сярод паэтаў, што з'явіліся тады, пачэснае месца належыць Цётцы - Алаізе Пашкевіч-Кейрыс (1876 - 1916 гг.). Педагог, сацыялістка, аўтар палкіх вершаў у абарону простага народа, можа, яшчэ часам занадта дэкларатыўных, але шчырых, баявых, сумленных. Усё жыццё яе аддадзена барацьбе з вялікай несправядлівасцю. І песняй, і прапагандай:

Ах, браце родны, нясуцца весці,

Ўжо граюць маршы там на ўсходзе;

Над кожнай хатай, у кожным месцы

Шчабечуць птушкі нам аб свабодзе.

Усіх злучыла чароўна слова;

Жалезны вобруч скуў нам далонь,

І матка сына даць нам гатова,

І жонка мужа вышле ў агонь.

Хаваючыся ад жандараў, яна выязджае ў Львоў (тады Аўстра-Венгрыя) і там, у Жоўкве, выдае два зборнікі вершаў - "Хрэст на свабоду" і "Скрыпка беларуская", а затым "Першае чытанне для дзетак беларусаў", першую беларускую хрэстаматыю на народнай мове. Памерла паэтэса, нечакана захварэўшы, у росквіце сіл.

1905 год даў паэтам магчымасць друкавацца. З'явiлiся газеты "Наша доля", "Наша нiва", пачалi выдавацца кнiжкi, альманахi i календары.

Узмужненне літаратуры, выхад яе карабля ў шырокае мора звязаны, перш за ўсё, з імёнамі Янкі Купалы (1882 - 1942 гг.) і Якуба Коласа (1882 - 1956 гг.). І хаця вы з самых першых год у школе цудоўна ведаеце іх творчасць - не сказаць пра іх, хаця б некалькі слоў, немагчыма.

Купала - адна з вяршынь беларускай паэзіі. Не толькі дзякуючы яго генію, а і таму, што, як і Багушэвіч, заўсёды быў з народам, найбольш поўна выказаў дух, характар, спадзяванні гэтага народа, сам быў з народа і ўсёй творчасцю пайшоў у народ.

Галоўнае, што ўплывала на творчасць Купалы, - гэта была песня беларуская, легенда беларуская, жывое жыццё беларускае. Бацька - бедны шляхціц-арандатар, хата непадалёку ад Мінска, звычайная хата з посцілкамі, ручнікамі, тая, што рэканструявана ў Вязынцы, кніга, бо быў амаль самавук. І першы верш "Мужык" - праграма на ўсё жыццё. І першы зборнік "Жалейка", праўдзівы і трагічны, за што і канфіскаваны ўладамі.

Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,

Ці запеў салавей, ці загагала гусь, -

Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,

Сваю матку-зямлю - Беларусь.

Тую зямлю, па якой ідуць людзі, несучы на свет белы сваю крыўду, бо ім захацелася "людзьмі звацца". Для гэтых людзей і складае сваю песню паэт:

Песня мая не ўзышла сярод кветак,

Кветак цвітучага вечна паўдня...

Поўначы сумнай забыты палетак

Даў ёй жыццё пасярод палыння.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Песня мая не шукае чырвонцаў, -

Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям, -

Жыць толькі хоча ў радзімай старонцы,

Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.

Пеці, і з часам, у добрую пору,

Выклікаць водклік у сонным сяле...

Ўсю Беларусь - неаб'ятну, як мора,

Убачыць у ясным, як сонца, святле.

Нянавісць да прыгнятальнікаў народа, ад апошняга стражніка да цара...

Паўстаньце, покуль цар звыродны

Крыві усёй не выссаў з вас!

Паўстаньце! Край ваш стогне родны,

Заве збаўляць, як зваў не раз.

...Глыбокае і непадробленае народалюбства былі ўласцівыя паэту. Выключнае і ў майстэрстве такой паэмы, як "Курган", у якой гусляр спявае вылюдку-князю жорсткую праўду аб ім, і за гэта жыўцом кладзецца ў зямлю. І ў адной з самых славянскіх рэчаў на свеце, па-язычаску дзёрзкай і радаснай паэме "Яна і я"... І здзеклівая, дасціпная, дужа смешная камедыя "Паўлінка" або мудрая, складаная драма аб сялянах, якіх сагналі з зямлі, - "Раскіданае гняздо".

Купала, услед за Багушэвічам, зрабіў самую важную справу: уліў у жылы народнай паэзіі свежую кроў. Сваю.

Мне асабіста давялося бачыць яго толькі раз, дзіцем, але ўсё сваё жыццё бачу я людзей, якія яго блізка ведалі, якіх ён літаральна стварыў сваёй паэзіяй. Сваім асабістым прыкладам ён нібы прыбавіў высакароднасці свайму часу. Гаворыш з настаўнікам, які яго ведаў, з селянінам, якому ён дапамог, і не можаш не думаць, якія гэта чыстыя і высокія людзі.

Дзе п'есы, там і тэатр. У гэтыя часы з'яўляюцца вандроўныя і аседлыя, аматарскія па складзе, але прафесійныя па мастацтву трупы. Заснавальнікам найлепшай з іх быў Ігнат Буйніцкі, што аб'ездзіў з невялікім сваім тэатрам усю Беларусь, яе гарады, мястэчкі і вёскі. Далейшае развіццё атрымліваюць жывапіс і музыка.

Сябрам, паплечнікам Купалы быў і другі паэт-барацьбіт, Якуб Колас. Сын палясоўшчыка, ён адолеў вышыні асветы, бо ў той сялянскай сям'і кнігу, песню і паданне народнае любілі болей, чым дзе. Паэт стварыў мноства цудоўных вершаў аб лёсе беларуса, а пазней дзве эпічныя паэмы - "Новую зямлю", дзе побыт селяніна, яго імкненне да зямлі, гадавы кругазварот працы, беларуская прырода, людзі, свабодалюбства мужыка пададзены з незвычайнай глыбінёй, і вельмі складаную, тонкую і паэтычную паэму "Сымон-музыка", пра лёс талентаў з народа ў краіне, дзе бедныя хаты і дымныя корчмы, крыжы на ростанях і курганы суседзяць са змрочнымі старадаўнімі замкамі, у якіх, што вампіры, сядзяць у раскошы лютыя паны. Калі "Новая зямля" - чыстая, нічым не прыкрытая праўда, то "Сымон-музыка" - праўда, пададзеная праз змрочную, велічную і прыўкрасную легенду.

Паэт быў барацьбітам не толькі ў паэзіі. Будучы настаўнікам, ён удзельнічаў у сялянскіх хваляваннях супраць памешчыка Скірмунта, арганізоўваў нелегальны настаўніцкі з'езд, напісаў падручнік на роднай мове "Другое чытанне для дзяцей-беларусаў", сядзеў за ўсё гэта ў мінскім турэмным замку. Але і за кратамі з'яўляліся вось такія вершы:

Я - мужык, а гонар маю,

Гнуся, але да пары.

Я маўчу, маўчу, трываю,

Але скора загукаю:

"Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!"

Усё гэта, і хваляванні, і жыццё беларускай правінцыі, і турму, і нараджэнне інтэлігенцыі, пісьменнік пазней апісаў у выдатнай сваёй трылогіі "На ростанях".

Паэты былі патрэбны - і паэты з'явіліся.

Адзін з пачынальнікаў прозы, аўтар цудоўных алегорый і мудры сатырык-гуманіст Ядвігін Ш. (1868 - 1924 гг.), некаторыя апавяданні якога і дагэтуль - вяршыня беларускага гумару. Выдатны лірык і аўтар апавяданняў з народнага быту Змірок Бядуля (1886 - 1941 гг.); пісьменнік і грамадскі дзеяч (быў першым Старшынёй Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі), заснавальнік рабочай паэзіі Цішка Гартны (1887 - 1937 гг.); Максім Гарэцкі (1893 - 1939 гг.), дужа самабытны празаік-філосаф, - дый ці мала яшчэ хто?!

І, урэшце, паэт выключны па разнастайнасці вершаў, па форме іх, па адметнасці генія, - не пабаімся сказаць гэта, - Максім Багдановіч (1891 - 1917 гг.).

Багдановіч памёр у 25 год ад сухотаў у Ялце і пахаваны там, але тым не менш паспеў даць узор самай мужнай і высокай паэзіі ў нашай літаратуры. Мала таго, узняў нашу літаратуру да сусветнага ўзроўню. Вершы ягоныя, пры ўсёй нацыянальнай стыхіі, цікавыя для ўсіх людзей Зямлі.

Арыгінальная яго паэзія - з'ява выключная. Гэта і свет казкі з Лесунамі, Падвеямі і Вадзянікамі, і рэальны боль за народ, і песня народная, і складаныя класічныя формы, і вершы аб старажытнасці.

Але што там казаць? Вазьміце томік яго лірыкі і паспрабуйце прачытаць некалькі вершаў, хай сабе спачатку і самых простых. Бо лепей за генія ўсё роўна не скажаш.

І вы палюбіце яго самай моцнай любоўю.

Колькі яшчэ наперадзе на вашым шляху радасці! Усё вас яшчэ чакае!


V. "Беларусь на куце ў хаце сваёй села..."




1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка