Зямля пад белымі крыламі



старонка23/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25

ВАЙНА І РЭВАЛЮЦЫЯ


Першая сусветная вайна кінула Беларусь на чарговыя выпрабаванні. Пякельныя пакуты людзей, спаленыя вёскі, голад, бежанства, стаптаныя нівы, пасечаныя сады, разабраныя на ўмацаванне акопаў дзівосныя палацы, стварэнні народнага генія. Дагэтуль яшчэ сляды: скруткі праіржавелага дроту на дне азёраў, развалены напалам "камень філарэтаў", сляды акопаў і бетонныя капаніры над Шчарай і Сервеччу. Нязмерныя былі людскія пакуты.

...Непадрыхтаванасць да вайны, крадзеж, неразбярыха, прамая здрада, голад у тыле, разруха, - што здзіўляцца, што спачатку прыйшоў рэвалюцыйны крызіс, затым - лютаўскі, а пасля і кастрычніцкі выбух. На Беларусі гэта адбывалася, як і паўсюль - аднаўленне бальшавіцкіх арганізацый, саветы, рабочыя дружыны, стварэнне прафсаюзаў, разгром маёнткаў і г.д. На працягу нейкіх 20 дзён улада па ўсёй усходняй Беларусі перайшла ў рукі бальшавіцкіх Саветаў. Стаўку ў Магілёве разагналі. Галоўнакамандуючы Духонін быў забіты салдатамі.

У лютай барацьбе з войскам Доўбар-Мусніцкага, з контррэвалюцыяй нараджалася новая рэспубліка. Дэкрэты аб зямлі, аб міры, закон аб рабочым кантролі - улада пераходзіла ў рукі працоўных людзей.

Але тут жа вайна грамадзянская. Напад Германіі, шалёныя рабункі, пасля белапалякі, мяцеж Стракапытава ў Гомелі. Словам, усяго хапіла. Толькі народ, які пакаштаваў волі, нялёгка загнаць у ярмо.

Вось, па-мойму, дужа цікавая быль з запісаў пісьменніка Янкі Брыля пра тое, як немцы ў 1918 г. прымушалі вёску падпісвацца, што людзі хочуць быць пад Германіяй.

" - А то гавораць: Скаціну ўсю пабяром!.." Дык Іван Рыгораў і кажа ім: "Хоць і дзяцей у нас пабярэце - і то не падпішамся".

Шырока разгарнулася партызанская і падпольная барацьба: знішчэнне мастоў, умацаванняў, вадакачак, разабраныя рэйкі. І, урэшце, пад ударамі арміі і партызан, з рэвалюцыяй у тыле, нямецкая ваенная машына пачала развальвацца. Немцы пайшлі прэч.

Пасля вызвалення, 1 студзеня 1919 года, Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Беларусі апублікаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. Рэспубліка была ўтворана. Пасля цэлых стагоддзяў Беларусь атрымала дзяржаўнасць, і прытым у якасці дзяржавы рабочых, сялян, працоўнай інтэлігенцыі.

Дужа ўсур'ёз ставіўся да стварэння рэспублікі У.І.Ленін. Работу па яе ўтварэнні на месцах вялі З.Жылуновіч (Цішка Гартны), А.Чарвякоў і іншыя. На І з'ездзе Саветаў Беларусі (2 - 3 лютага 1919 г.) выступіў Старшыня ВЦВК Я.Свярдлоў.

...І, аднак, па ўмовах Рыжскага міру 1922 г., заходняя частка Беларусі заставалася за буржуазнай Польшчай.

Савецкі ўрад адразу надзяліў зямлёю 30 тыс. беззямельных сялян, 9 тыс. парабкаў. Разбуранай, выпаленай краіне быў дадзен крэдыт у 1 млрд. рублёў. Паступова, хай з неймавернай цяжкасцю, адкрылі ў 1921 годзе чыгуналіцейны завод "Энергія" ў Мінску, 4 шклозаводы, завод запалак у Барысаве. Разгарнулася будаўніцтва школ, бібліятэк, чытальняў. У кастрычніку 1921 года быў адкрыты Беларускі універсітэт, а колькасць школ праз год дасягнула тысячы (і гэта толькі ў той яе частцы, што складала тады БССР, 6 паветаў Мінскай губерні). У 1926 годзе прамысловасць была поўнасцю адноўлена, а ў першыя ж гады сацыялістычнай індустрыялізацыі з'явіўся завод сельскагаспадарчых машын у Гомелі, заводы металаапрацоўчых станкоў, дрэваапрацоўчыя камбінаты, торфапрадпрыемства "Асінторф", і на яго базе пачалося будаўніцтва буйнейшай электрастанцыі БелДРЭС. Цяпер крыху смешныя і тагачасныя тэмпы і тое, як людзі выбягалі на вуліцу глянуць на нясцерпна брынклівы гусенічны трактар "Камунар", і электрыфікаваная карта на плошчы ў Оршы, дзе "тэрыторыя" была амаль цьмяная і толькі макет БелДРЭСа ззяў на палову гэтай плошчы. Але ўсё залежыць ад параўнання. І наша сённяшняя тэхніка здасца кранальна-смешнай недзе ў 2100 годзе. А тут... я зусім яшчэ не стары чалавек, які толькі пераступіў парог сярэдняга ўзросту, а памятаю рамізнікаў на вуліцах і тое, як уначы падковы рамізніцкіх коней выбівалі з бруку іскры.

РАЗ'ЯДНАНАЯ ЗЯМЛЯ


А заходняя частка Беларусі так і засталася спрэс вясковай, сялянскай. Драпежна рабаваўся лес, карысныя выкапні не выкарыстоўваліся. Кожны дзень, кожную гадзіну народ вымушаны быў весці барацьбу за ўласнае існаванне. Адчуваць роўнасць з братнім польскім народам, але кожны дзень чуць у школе, пазбаўленай роднай мовы, як уладары гэтага народа, нібы цвік забіваюць і таўкуць табе ў галаву:

Хто ты естэсь? Поляк малы.

Які знак твуй? Ожэл бялы.

Гдзе ты мешкаш? Мендзы свымі.

В якім краю? В польскай земі1.

Калі для малога паляка словы гэтыя мелі горды сэнс, для малога беларуса, ды яшчэ на сваёй зямлі - гэта было штодзённае прыніжэнне. Тут і брату, калі ён будзе такое талдычыць штодня - дасі па галаве.

І давалі. І партызанкай і сабатажам у панскіх маёнтках (а ім належала палова зямлі, хаця абшарнікі складалі ўсяго 0,9 % насельніцтва). Натхняла тую барацьбу КПЗБ, арганізаваная ў 1923 годзе, і створаны ў 1924 годзе камсамол Заходняй Беларусі. З 1921 па 1925 год цягнулася партызанская барацьба, палалі маёнткі, людзі нападалі на паліцэйскія пастарункі. Амаль уся краіна была аб'яўлена на ваенным становішчы. Паны ўвялі войска. КПЗБ вырашыла спыніць узброеную барацьбу, каб не было залішніх ахвяр сярод мірнага насельніцтва, каб зберагчы патрэбных людзей для іншых метадаў барацьбы. Пакуль не настане рашучы час уз'яднання з СССР.

У 1925 годзе была арганізавана Беларуская сялянска-рабочая Грамада. Гэтая масавая арганізацыя патрабавала самавызначэння, аб'яднання ўсіх беларускіх земляў у адной дзяржаве, школы на роднай мове, утварэння ўрада працоўных, перадачы зямлі сялянам без выкупу. На чале Грамады стаяў беларускі пасол у сейм, публіцыст і прамоўца, выдатны дзяржаўны дзеяч і паэт, аўтар першай навуковай беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч (1892 - 1937 гг.).

На пачатак 1927 года Беларуская Грамада налічвала больш за 100 тыс. чалавек, стала ледзь не самай уплывовай арганізацыяй сярод рамеснікаў, сялян і рабочых.

У студзені 1927 г. войска і паліцыя напалі на арганізацыі Грамады. Арыштавалі і кінулі за краты многія тысячы людзей. Учынялі пагромы клубаў і бібліятэк. Хапалі і збівалі найбольш актыўных членаў...

Людзі не хацелі больш цярпець. Ды цярпець было й немагчыма. Адбыліся дэманстрацыі пратэсту.

3 лютага 1927 г. у гарадку Косава ўлады адкрылі агонь па дэмантрацыі, якая ішла з лозунгамі: "Мовы!", "Прэч рукі ад СССР!", "Прэч урад Пілсудскага!". Забітых было 5, параненых - за 30. Пачаліся падпалы хат, напады паліцыі і войска на сёлы. Па ўсёй краіне залютаваў тэрор.

_______________

1 Хто ты такі? Малы паляк.

Які знак твой? Белы арол.

Дзе ты жывеш? Паміж сваіх.

У якім краю? У польскай зямлі
А НА ЗЕМЛЯХ ВОЛЬНАЙ БЕЛАРУСІ...

...На фоне ўсяго гэтага асабліва значныя былі поспехі культуры ў Беларускай ССР. Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) у 1928 г. быў ператвораны ў Акадэмію навук БССР, урачыстае адкрыццё якой адбылося 1 студзеня 1929 г. У 1920 годзе ў Мінску быў арганізаваны Першы Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (з 1945 г. - Беларускі дзяржаўны тэатр імя Янкі Купалы) - сапраўды першы, які меў сталае памяшканне, сталую трупу і рэжысёраў. Кіраваў тэатрам таленавіты драматург, рэжысёр і акцёр Е.Міровіч. Стрыжнем трупы былі такія акцёры, як У.Крыловіч, Б.Платонаў, Г.Глебаў. З'яўляюцца на сцэне, акрамя класічных беларускіх п'ес, новыя, такія, як "На Купалле" М.Чарота, "Каваль-ваявода", "Машэка", "Кастусь Каліноўскі" і "Кар'ера таварыша Брызгаліна" Е.Міровіча, пазней - "Бацькаўшчына" К.Чорнага, "Пагібель воўка" Э.Самуйлёнка, "Партызаны" і "Хто смяецца апошнім" К.Крапівы. Ставяцца п'есы Горкага і Кальдэрона, Мальера і Шоў. І гэта сапраўды глыбокі, бязмерна таленавіты тэатр. Часам гэта глыбокая трагедыя, часам узлёт, часам яркае відовішча. Ён і пазней быў адным з лепшых тэатраў СССР. Мне пашэнціла бачыць рэакцыю на яго пастаноўкі патрабавальнага ўкраінскага, кіеўскага гледача. Гастролі адбываліся ў жніўні 1953 г. у памяшканні тэатра імя Лесі Украінкі. Штопраўды ў нас жывыя яшчэ былі Б.Платонаў і Г.Глебаў, але ж і ў Кіеве жыў яшчэ А.Бучма, грымела слова Г.Юры, спявалі, прынамсі, у "Запарожцы..." Патаржынскі і Літвіненка-Вольгемут, слынныя былі Белавусаў і найлепшы ў свеце Федзя Пратасаў - Раманаў. Здзівіць гледача песняй, танцам, драматычнай ігрой было амаль немагчыма. І, аднак, калі апляваны, замучаны даносамі Туляга ў "Хто смяецца апошнім" (Глебаў) кажа сваё "Не верце. Нізавошта не верце" - у зале на хвіліну запаноўвала такая мёртвая цішыня, што рабілася страшна, а пасля апладысменты ледзь не ламалі столь. А калі ў "Дні цудоўных падманаў" ён, уцякаючы, забіраўся ў нішу і ўдаваў статую - зал стагнаў ад рогату і спаўзаў пад крэслы. У антрактах увесь час можна было чуць:

- Чорт ведае што яны вырабляюць. Я два разы на гэты спектакль хадзіў.

- А я тры. І яшчэ раз пайду, як білет дастану.

А што рабілася ў час гастроляў у Маскве!

...На Беларусі была багатая традыцыя вандроўных тэатраў. Спачатку, з XVII ст., гэта былі батлеечныя трупы, пасля трупы такіх энтузіястаў, як Буйніцкі. Дык вось і тут, адразу за першым, узнік перасоўны тэатр пад кіраўніцтвам У.Галубка, аўтара каля 50 п'ес. Узнік БДТ - ІІ у Віцебску (цяпер тэатр імя Я.Коласа). Тэатры і тэатры рабочай моладзі ўзніклі ва ўсіх хоць крыху буйных гарадах.

Узнікла свая кінематаграфія, у якой працавалі Ю.Тарыч і У.Гардзін.

З'яўляюцца оперы (наш тэатр оперы і балета створан у 1933 г.), сімфоніі, камерная музыка. Зачынальнікі музычнага мастацтва - М.Аладаў, М.Чуркін (опера "Вызваленная праца", сімфаньета "Беларускія малюнкі", мноства рамансаў), Я.Цікоцкі (опера "Міхась Падгорны") і іншыя. У 1932 годзе створана Беларуская кансерваторыя.

Крыху пазней напісана А.Багатыровым опера "У пушчах Палесся" пра партызан грамадзянскай вайны і балет М.Крошнера "Салавей", напісаны па славутай аповесці З.Бядулі аб паўстанні прыгонных супраць панства і аб важаку паўстання Сымоне, які валодаў усімі гукамі зямлі, умеў спяваць салаўём, выць воўкам так, што кідаліся панскія коні, словам, падрабляць галасы ўсіх людзей, птушак і жывёл зямлі.

Шмат рабілі і архітэктары.

Гарады аздабляліся новымі жылымі дамамі, грамадскімі будынкамі. Такія выдатныя помнікі, як Дом урада, Акадэмія, Тэатр оперы і балета (архітэктары І.Лангбард, А.Воінаў, У.Вараксін і іншыя), створаны менавіта ў тыя гады.

Працавалі скульптары і мастакі. Такія рэчы, як "Партрэт М. Багдановіча", "Праца", "Лірнік" А.Грубэ, пейзажы У.Дучыца і У.Кудрэвіча, партрэты М.Станюты, палотны Ю. Пэна - гэта залаты нацыянальны фонд. І, вядома, такія цудоўныя творы Міхася Філіповіча, як "На Купалле", "Дудар", "Вясковы хлопец", як афармленне ім оперы "Кветка шчасця" выдатнага кампазітара Беларусі А.Туранкова. А Я.Красоўскі? А графік А.Тычына?

Пачаўся масавы прыход людзей у літаратуру. Раней былі адзінкі, а тут толькі ў адной арганізацыі "Маладняк" было каля 500 чалавек. Не ўсе з іх засталіся ў літаратуры, сёй-той стаў проста прапагандыстам або аматарам яе, але многія з тых, што вызначаліся або вызначаюцца і зараз, пачыналі з "Маладняка". А былі ж яшчэ "Узвышша", "Полымя".

Тварылі такія паэты, як аўтар паэмы "Босыя на вогнішчы" Міхась Чарот (1896 - 1937 гг.), рамантычны паэт рэвалюцыі. Пісаў свае байкі, поўныя гумару апавяданні і п'есы Кандрат Крапіва (нар. у 1896 г.). Кнігу за кнігай выпускае непараўнальны майстар беларускай мовы, празаік-класік Кузьма Чорны (1900 - 1944 гг.) - пісьменнік і чалавек вялікай душы, кнігі якога ("Трэцяе пакаленне", "Бацькаўшчына" і інш.) яшчэ доўга-доўга будуць уплываць на перадавую беларускую прозу. І піша яшчэ М.Гарэцкі (1893 - 1939 гг.), ствараючы "Віленскіх камунараў", і аўтар "Сцежак-дарожак" М. Зарэцкі (1901 - 1937 гг.).

Дужа рана, на жаль, памірае вельмі таленавіты паэт Паўлюк Трус (1904 - 1929 гг.), пясняр краю, які павінен стаць "Краем фабрык дымных і машын", і тонкі пранікнёны лірык... У той жа час прыходзяць у паэзію складаны Ул.Дубоўка, трагічна-філасофскі Ул.Жылка, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, такі ўдумлівы, высокакультурны паэт, як М.Лужанін. Пазней з'явіліся юнацкія яшчэ, дужа смелыя вершы Пімена Панчанкі і Аркадзя Куляшова.

Твораць далей і карыфеі. Купала піша мноства вершаў і паэму "Над ракой Арэсай" (1933 г.) - аб асушэнні балот дэмабілізаванымі чырвонаармейцамі, што калісьці штурмавалі Перакоп і Чангар, а цяпер, як багі, стварылі з багны зямлю.

Якраз у гэтыя гады Якуб Колас канчае свае "Новую зямлю" і "Сымона-музыку". Піша такія празаічныя творы, як "Дрыгва", "Адшчапенец", "На прасторах жыцця".

Ну, і ўрэшце якраз у гэты час складаецца дзіцячая літаратура. Мелася яна і да рэвалюцыі, але толькі тут дзеці і падлеткі атрымалі цэлую бібліятэку. У дзіцячых часопісах "Зорка", "Беларускі піянер", "Іскры Ільіча", а пасля і асобнымі кнігамі выходзяць вершы і казкі Купалы, Коласа, Бядулі, аповесці любімага вамі Міхася Лынькова "Міколка-паравоз", "Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў" (аб незвычайных прагодах на вайне трох сяброў, мядзведзіка, сабакі і палкавога казла). І, урэшце, выключную папулярнасць набываюць прыгодніцкія творы Янкі Маўра: "Сын вады" (пра жыхароў Вогненнай зямлі), "Чалавек ідзе" (з жыцця першабытных людзей), "У краіне райскай птушкі" (прыгоды экспедыцыі шукальнікаў золата ў нетрах Новай Гвінеі), "Амок" (вялікі і дужа цікавы раман аб паўстанні яванцаў супраць галандскіх каланізатараў - аб тым, як быў захоплены параход "Саардам", аб патаемных падземных капішчах і незвычайных звярах), і ўрэшце "Палескія рабінзоны" - пра хлопцаў, якія трапілі на выспу сярод палескіх балот і жылі там некалькі месяцаў. І не прапалі, не толькі выбраліся, але й злавілі небяспечную банду. У тыя часы шматлікія банды гойсалі на Беларусі, пакуль з імі не справіліся, перабіўшы або палавіўшы.

Урэшце, Янку Маўра вы, вядома ж, чыталі. І не толькі яго, але і іншых.




1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка