Зямля пад белымі крыламі



старонка24/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25

ПА ЭТАПАХ


27 студзеня 1936 г. у зале Віленскага акруговага суда Сяргей Прытыцкі (1913 - 1971 гг.) страляў у правакатара Я.Стральчука ў час, калі той даваў паказанні супраць дзеячаў заходнебеларускага руху, камуністаў і камсамольцаў. Цяжка параніў яго, сам атрымаў некалькі раненняў, быў схоплены і асуджаны на смерць. Але паўсюль пракацілася такая хваля абурэння, што смерць замянілі пажыццёвым зняволеннем.

Заходняя Беларусь віравала. Ледзь не кожны год адбываліся розныя працэсы: "48-мі", "51-го", "75-ці". Пасля разгрому Грамады масы пайшлі ў Таварыства беларускай школы. Паўстанне многіх соцень сялян-рыбакоў з Нарачы за тое, каб ім вярнулі роднае возера, іхнюю любоў і іхні хлеб, прагрымела па ўсёй краіне.

Аб'ядналіся сілы ўсіх прыгнечаных народаў панскай Польшчы. У 1936 годзе ў Львове адбыўся Кангрэс у абарону культуры, на якім выступаў ад імя беларусаў таленавіты філосаф, публіцыст, польскі крытык у эпоху між першай і другой сусветнымі войнамі Генрых Дэмбінскі. Той, што належаў да клерыкальных колаў, быў імі накіраваны ў Італію, каб пераканаўся там у перамозе і велічы фашызму. І ён наглядзеўся, пераканаўся ў гэтай "велічы" і... вярнуўся камуністам. Той, што выдаваў левую антыфашысцкую газету "Папросту" і якога пасля расстралялі фашысты ў Ганцавічах у 1941 г.

Нягледзячы на страшны лагер Бярозу-Картузскую, на турмы ў Лукішках і Гродні (дарэчы, ва ўсіх іх паспеў пасядзець наш таленавіты празаік Піліп Пястрак) рух вызвалення шырыўся. Вільня па-ранейшаму была культурным цэнтрам беларусаў, палякаў і літоўцаў. І нічога з усім гэтым ніхто не мог зрабіць. У Брэсце падпольная друкарня ЦК КПЗБ выдавала літаратуру на пяці мовах.

Самымі значнымі паэтамі ў Заходняй Беларусі былі Валянцін Таўлай (1914 - 1947 гг.), аўтар высокай грамадзянскай лірыкі і "турэмнай" паэмы "Таварыш":

Панове, скончыў я. Чарга - за прыгаворам.

Пайду ў турму і веру - будзе год,

Калі маю прамову дагаворыць

Натхнёны барыкадны кулямёт!

...І перш за ўсё, Максім Танк (нар. у 1912 г.). Такія яго вершы, як "Песня кулікоў", "Павязлі цягнікі", "На пероне", такія паэмы, як "Нарач", "Каліноўскі", сталі народнымі. Лаканізм, паэтычнасць, непарыўная сувязь з народнай паэзіяй вызначаюць яго высокую творчасць.

Паслухайце, вясна ідзе.

Звініць ў маім акне жалеза.

З вінтоўкай стражнік ноч і дзень

Пільнуе куст пахучы бэзу.

А ён расцвіў, агнём гарыць,

Такім пахучым, мяккім, сінім;

На дрот калючы, на муры,

Як хустку, полымя ускінуў.

Я ціха разбудзіў другіх,

Ад слёз сінелі вочы бэзам,

І недзе хруснула ў худых

Руках іржавае жалеза.

Побач з паэзіяй нянавісці, Танк стварыў чысцейшай вады лірычныя дыяменты. Пра лірніка, які памёр у нетрах, пра сінякрылага матыля над жытам, пра стагі, што ржавеюць пад дажджом, і ласёў, што прыходзяць да іх у снежную сінь, скубуць сена і ўяўляюць цёплае лета і белых чаек над балотам.

Яны не чуюць завірухі,

Ціш першабытная кругом...

І выстрал, што ударыць глуха,

Ім прагучыць, як першы гром.

...Не гінула і іншае. Упарта існавалі народныя клубы з п'есамі і песнямі, народныя хоры, спевакі, кампазітары, хармайстры.

Напрыклад, дасканалы хармайстар Рыгор Шырма, шматгадовы кіраўнік беларускай харавой капэлы. Вось я ўяўляю сабе яго разумнае, добрае аблічча, сівыя валасы і бародку, чую голас з такім характэрным, пявучым акцэнтам:

- У сэнсе апрацоўкі беларускай народнай песні шмат было людзьмі зроблена. Часам шэдэўры. Як мы любілі творчасць нашага народа!

- Рыгор Раманавіч, вось вы на свае грошы надрукавалі першую кніжку Танка. 700 злотых... Гэта значыць, 350 пудоў хлеба?

- Выходзіць, так... Або... шэсць кароў.

Ну што ты з імі, з такімі, зробіш. Нават усю сістэму прыгнёту на іх наваліўшы.

...Нічога і не зрабілі. У 1939 г. Заходняя Беларусь уз'ядналася з Усходняй. І зямля стала народнай, і гаспадарку з прамысловасцю досыць хутка ўзнялі.

Толькі... мала часу было дадзена людзям на гэтую спакойную працу, на творчасць, на песню.

Дужа мала.



ЧАС ВЯЛІКАЙ БЯДЫ


22 чэрвеня 1941 г.

Я ўжо расказваў вам пра Брэст. Засталося крыху сказаць пра пагранічныя заставы. Сказаць пра іх можна двума словамі: загінулі ўсе. Ніхто не адступіў.

Ішлі баі пад Ваўкавыскам і Гродна, пад Астрашыцкім Гарадком. Але сілы былі няроўныя. Армія адступала, нягледзячы на ўвесь гераізм салдат... Некалькі год назад еду па Навагрудчыне. Вёска Плужыны непадалёк ад Свіцязі.

- Што гэта ў вас, дзядзька, на могілках ледзь не адно прозвішча?

- А так, адно. Гасціла. Шмат у нас Гасцілаў. Гэта ж і Мікола Гасціла адсюль. Гэто ўжо там недзе, у Расіі, яму ці ягонаму бацьку прозвішча на Гастэла перарабілі. Ужо не ведаю, ці пісар ваенны, ці хто.

26 чэрвеня ля Радашковіч Мікалай Гастэла кінуў свой, ахоплены агнём самалёт на калону нямецкіх танкаў і бензацыстэрнаў. Такіх людзей было нямала. І ўсё ж 28 чэрвеня быў захоплены Мінск. Да 11 ліпеня ішлі баі за Віцебск, з 1 да 26 ліпеня змагаліся абаронцы Магілёва. Да пачатку верасня 1941 года гітлераўскія захопнікі акупіравалі ўсю Беларусь.

Частка прамысловага абсталявання, маёмасці саўгасаў і калгасаў была эвакуіравана. Астатняе схавалі на месцы або знішчылі.

Прычыны нашых няўдач на пачатку вайны вядомыя ўсім. Але ўжо ў гэтых няшчасцях кавалася тое, што прывяло да ганебнага краху "тысячагадовы райх".

Хутар над Сервеччу. Побач з вадзяным млынам. Пажылы падпалкоўнік Яўген Крамко расказвае мне:

- З Гродна не паспеў пайсці. Я тады быў цывільны хлопец, у школе працаваў. Ішоў з групай такіх самых - адна вінтоўка ў нас была - дадому, пад Карэлічы. Раз банда нейкая нас абстраляла. Ну, стрэліў у адказ разы тры, змоўклі... Неба ад самалётаў было аж чорнае: гэта яны кідалі дэсант пад Мінск... За тры дні (і яшчэ дзень быў днёўкі) прайшлі каля ста пяцідзесяці кіламетраў. На вёсцы пасля суткі спаў. І тут пацягнуліся акружэнцы. Усё ім аддавалі. І вось заходзіць чалавек у форме. Убачыў часопіс "Полымя рэвалюцыі", прысвечаны Купалу. "Камсамолец?" - пытае. "Так". - "Тады збяры што-небудзь. І прыгані ніжэй вёскі чайку" (човен). Сабралі, што засталося: сала кавалак, бульбы халоднай, пяток яек. Аж там у ляску група ваенных. У аднаго аблічча значнае такое, валявое. І чатыры шпалы ў пятліцах. Камандзір палка. Перавёз я іх цераз Нёман. А на дарогах машыны грукочуць. Павёў поплавам. Адну вінтоўку падабраў, з поўнай абоймай. Той, што прыходзіў, кажа: "Кінь". Тады камандзір кажа: "Гэта ты кінь. Нясі, хлопец". Я іх прашу: "Вазьміце і мяне з сабой". Палкоўнік кажа: "Вось што, хлопец. Гледзячы па ўсім, табе і тут справы хопіць. Збірай вось так зброю і хавай. Прыдасца. А мы... невядома яшчэ ці выйдзем". Пайшоў я назад бродам. Гляджу, на дне пішучая машынка. Узяў яе і ледзь на смерць не наляцеў. Бандыт на беразе. Але ўгаварылі яго "дружкі", каб не страляў. Загадалі толькі кінуць... Ну, пасля я яе ўсё адно з дна выбраў. На ёй партызанскія загады і лістоўкі друкаваліся. Прыдаліся, вядома, і вінтоўкі.

Яўген Крамко стаў адным з першых партызан у наваколлі.

Не ўзяцца за зброю было нельга. Савецкі патрыятызм і чалавечая годнасць загадвалі ісці ў бой супраць тых, хто зацягнуў край калючым дротам. Катарга, рабунак, знішчэнне мірных людзей, турмы і канцлагеры. У лагеры Трасцянец, пад Мінскам, тры гады знішчалі па 137 чалавек у дзень. Значыць, 6 чалавек у гадзіну. Значыць, кожныя дзесяць хвілін тут навекі паміралі зямля і неба, увесь сусвет. За гады акупацыі фашысты знішчылі ў Трасцянцы 206 тысяч 500 чалавек.

У некаторых мясцінах не ступала нага немца. Не пусцілі. Там працавалі нашы ўстановы, саўгасы, ішлі заняткі ў школах. Пра ўсіх расказаць немагчыма. Вось толькі некаторыя. Канстанцін Заслонаў, які арганізаваў дыверсіі на Аршанскім вузле: выбухі цягнікоў з дапамогай вугальных мін, замарожванне вадакачак, сігналы нашым лётчыкам падчас бамбёжак. Пасля - партызанскі атрад і гераічная гібель 14 лістапада 1942 года ў баі пад Купаваццю.

А.М.Шмыроў, Ф.Паўлоўскі, стогадовы партызан дзед Талаш. А 14-гадовы Марат Казей, сувязны, разведчык, баец, што загінуў у маі 1944 г. Яму зараз стаіць у Мінску помнік. А обальскія юнакі-падпольшчыкі! Яны ўзарвалі на станцыі Обаль некалькі эшалонаў з танкамі і авіябомбамі, узарвалі льнозавод, электрастанцыю, некалькі складаў і мастоў, цагельню, тры матавозы, экскаватар, дзесяць аўтамашын з салдатамі, зрабілі дыверсію ў нямецкай афіцэрскай сталовай (загінула звыш ста чалавек). Правакатар выдаў іх, але схоплены былі не ўсе, частка пайшла ў партызаны.

...А Мінскае падполле, што няспынна вяло барацьбу, кульмінацыяй якой было забойства гаўляйтара Беларусі сатрапа Кубэ. Міна, прынесеная патрыёткамі А.Мазанік, М. Осіпавай, Н.Траян, разнесла Вільгельма Кубэ ў шматкі. Калі вы глядзелі фільм "Гадзіннік спыніўся апоўначы", вы прыблізна ведаеце, як гэта адбылося.

А ў ноч з 2 на 3 жніўня 1943 г. пачалася на Беларусі першая "рэйкавая вайна". За 12 дзён аперацыі партызаны ўзарвалі 95 тысяч рэек. Чыгункі сталі прапускаць на 40% меней ваенных грузаў. І гэта было ў час бітвы пад Курскам.

А славутая Ушацкая блакада ці спробы немцаў блакіраваць партызан у Налібоцкай пушчы? Нічога з гэтага не атрымалася. Хай цаною страт і нечуванага гераізму, але партызанскія брыгады выйшлі з кальца (а ў Налібокі фашысты кінулі дзесяткі тысяч салдат рэгулярнага войска з самалётамі, браневікамі, артылерыяй, эсэсаўскімі часцямі, аўчаркамі) і зноў пачалі наносіць удары ворагу. За іх былі беларускі народ і беларускі лес.

Я ўжо казаў вам, якія ахвяры панёс наш народ. Кожны чацвёрты загінуў. Французы шануюць памяць спаленага Арадур сюр Глана, чэхі - памяць Лідзіцэ. У нас былі тысячы Арадураў. Жмені зямлі з іх звезены ў вёску Хатынь, што так і не адрадзілася. На месцы гумна, куды загналі людзей і спалілі іх, - помнік. На месцы кожный хаты - комін са звонам. У летні дзень і ў асеннюю туманную ноч б'юць, б'юць, б'юць над Беларуссю хатынскія званы.

Помсцілі ворагу разам з усімі народамі беларусы-франтавікі. Такія, як Ф.Смалячкоў, што знішчыў 125 гітлераўцаў, такія, як генерал Л.Даватар, кіраўнік коннага рэйда па тылах фашыстаў, як лётчык А.Гаравец, які ў адным толькі баі 6 ліпеня 1943 г. збіў 9 самалётаў ворага і загінуў у гэтым баі. Пералічыць усіх зноў-такі немагчыма.

Здавалася б, у такія страшныя часы не да літаратуры, не да паэзіі. І, аднак, літаратура, наадварот, узнялася да незвычайных вышынь. Нават хадзіла ў лістоўках, як верш Купалы "Беларускім партызанам". У партызанскай друкарні выйшаў зборнік паэта-партызана А.Астрэйкі "Слуцкі пояс". Будучы адначасова разведчыкам, рэдагаваў партызанскую газету беларускі пісьменнік Янка Брыль. Створана была А.Куляшовым таленавітая паэма "Сцяг брыгады". Нельга без хвалявання чытаць ваенныя вершы П. Броўкі. Новымі гранямі творчасці бліснуў Максім Танк. Асабліва разгарнуўся адменны, дужа самабытны і высокі талент Пімена Панчанкі. Тужачы па роднай зямлі, успамінаючы бор з залатымі суніцамі, сінія касачы ля хаты маці, бачачы гераізм салдат, якія кладуцца на калючы дрот, каб сотні салдацкіх ботаў прайшлі па іх спіне, і журбу пакінутых хат, што закрылі драўлянымі пальцамі вочы, каб не бачыць гора гаспадароў, паэт знаходзіць радкі нясцерпнай пакуты...

Краіна мая! Радасць мая!

Песня мая маладая!

Па нівах тваіх, па тваіх гаях

Сынава сэрца рыдае.

...але і радкі высокай веры:

Веру цвёрда: сканае бязлітасны вораг

і штандар перамогі

над краем запаліць зару.

Пакуль сонца не згасне,

пакуль свецяцца зоры,

Беларусь не загіне! Будзе жыць Беларусь!

Нават смех беларускі тады не загінуў. Гаворыш са старымі партызанамі, і яны чамусці ахвотней за ўсё ўспамінаюць смешныя выпадкі тых часоў. Як млынар, аддаўшы партызанам муку, просіць, каб яго набілі і звязалі. Як падпольшчык, увесь абкручаны бікфордавым шнурам (нясе яго ў лес), вымушаны па загаду немцаў пераносіць цераз рэчку па сплаўных бярвеннях нямецкіх паненак, і тыя вішчаць і хапаюцца за яго, а немец пасля дае гэтаму падпольшчыку тры маркі, і той, успацелы ад работы і хвалявання, думае: "Пачакайце, залью я вам яшчэ сала за шкуру". Ясна, ад такога смеху мароз па скуры, гэта смех пад шыбеніцай, але, з другога боку, каб не гумар - чалавеку трэба было б самому павесіцца ад пакут і гора, не чакаючы, пакуль гэта зробяць эсэсаўцы.

Вось яшчэ некалькі слоў пра чалавека, з якім быў я асабіста знаёмы. Вясною 1971 года мы спецыяльна прыехалі ў Карэлічы, каб пагаварыць з былым сакратаром Карэліцкага райкома партыі Паўлам Арсеньевічам Жалезняковічам.

Сядзім у цяністым садку. Спеюць парэчкі, адцвітаюць белыя півоні. Кошка гуляе ў траве з двума кацянятамі. Гаспадар мажны, сівы і бледны. Мыліцы, якімі ён цяпер карыстаецца, адстаўлены да сценкі доміка. Вакол мірны спакой, і гаспадар гаворыць спакойна. А між тым гэта адзін з самых неспакойных і цікавых людзей у рэспубліцы.

Сорак з лішнім год назад быў ён тут, у Заходняй Беларусі, падручным у печніка, будаваў панскі млын, працаваў на пільні. Але і чытаў, і ўдзельнічаў у вясковай самадзейнасці, і працаваў у падполлі, распаўсюджваў камуністычную літаратуру. Арыштоўваўся дэфензівай, а ў 1926 годзе быў узяты па справе забойства правакатара. Пайшлі катаванні, пасля турма ў Наваградку. Праз год адбыўся суд. Жалезняковіча і яго сяброў, Валодзю і Міколу Царукоў, Сеню Носа прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Пасля Наваградка была гродзенская турма, турма ў Плоцку, вязніца ў Равічы, карцэры, голад, адзіночкі, галадоўкі. Ногі і рукі ад раматусу адмаўляюцца служыць, але чалавек і сябры яго не здаюцца. Настаў 1939 год - і вязні выйшлі на волю. Добраахвотны ўдзел былых вязняў у абароне Варшавы, адступленне на ўсход. Праца, спачатку ў мястэчку Турэц, пасля - сакратаром райвыканкома ў Міры. 1941 г. Фронт. Па загаду ЦК КПБ Жалезняковіч праходзіць "Віцебскім калідорам" у тыл ворага, у Налібоцкую пушчу. Атрад "Камсамольскі". Працуе падрыўніком, а пасля (халодная зіма, сырасць, снег зноў абвастрылі турэмны раматус) - інструктарам падрыўной справы.

Налібоцкая блакада, з якой партызаны ўсё ж прабіліся. Цяжкае аднаўленне знішчанай гаспадаркі, калектывізацыя, будаўніцтва. Сакратар Любчанскага райкома. Пасля - першы сакратар Карэліцкага райкома партыі. І вось - персанальны пенсіянер. Крыху раней чым трэба, па прычыне здароўя, падарванага турмамі, ваеннымі выпрабаваннямі і тым, што гэты чалавек ніколі не шкадаваў сябе.

Гаспадар ажывіўся. Мы відавочна ўзрадавалі яго сваім прыходам. Жартуем, смяёмся, і так непрыкметна праходзіць дзве гадзіны. А пасля адыходзім, бачым купы яблынь, снежныя шары апошніх півоняў і гаспадара, што махае нам рукой. Трывалага чалавека. Проста добрага і сардэчнага чалавека.

Нядаўна ён памёр. І мне шкада, што ён не пачуе гэтых слоў павагі яшчэ аднаго чалавека да яго.



VI. Будоўлі, будоўлі, будоўлі




1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка