Зямля пад белымі крыламі



старонка25/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25

З ПАПЯЛІШЧАЎ, ЯК ФЕНІКС


Улетку 1944 г. пачалася аперацыя "Баграціён", бітва за Беларусь (хаця яшчэ ў 43-м г. быў вызвалены Гомель, а ў студзені 44-га г. - Мазыр і некаторыя раёны Магілёўскай і Віцебскай вобласцей). 23 чэрвеня перайшлі ў наступленне войскі 1-га Прыбалтыйскага, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў. На другі дзень уступіў у бой 1-шы Беларускі фронт. Нямецкая абарона была прарвана. 26 чэрвеня вызвалілі Оршу, 28-га - Магілёў, Шклоў і Быхаў. 3 ліпеня - Мінск, шматпакутную сталіцу нашу. Немцы траплялі ды траплялі ў "катлы". Мужнасць салдат і партызан была невераемная. Падчас баёў у Беларусі фашысты страцілі жывой сілы ў паўтара раза больш, чым пад Сталінградам. Партызаны захоплівалі гарады, масты, пераправы, чыгункі. У канцы ліпеня тэрыторыя Беларусі была поўнасцю ачышчана ад акупантаў.

Пасля быў Берлін і перамога над Японіяй.

А потым, калі прыйшоў мір, - засталася зямля, якую немцы зрабілі зонай пустыні. Цяжка ў некалькіх словах расказаць, як вялося яе адраджэнне, ператварэнне ў тую сонечную і зялёную зямлю, якую мы ведаем. Скажу толькі, што цяжкасці былі дужа вялікія, што нястомнай працай людзей рэспублікі былі пабудаваны новыя гарады, такія, як Наваполацк і Салігорск, Светлагорск і Белаазёрск, Новалукомль і Жодзіна, пастаўлены Бярозаўская ДРЭС і Лукомльская ДРЭС, самая буйная ў еўрапейскай частцы Саюза (працуе і на братнія рэспублікі), пабудаваны Гродзенскі азотнатукавы, Магілёўскі лаўсанавы, Пінскі трыкатажны, Баранавіцкі баваўняны, самы буйны ў СССР, і іншыя заводы.

Знойдзена нафта - на паўднёвым усходзе, ля вёскі Гарывада, дзе даўно заўважаны былі прыкметы "зямнога тлушчу". Знойдзены за апошні час прамысловыя запасы жалезнай руды. Ну і, ясна, Салігорск, магутныя камбінаты па здабычы калійнай солі.

Я памятаю яшчэ малады, слаба забрукаваны горад, а пад ім - палацы! - іначай не скажаш. Гладкія тунелі - чырвоныя, сіняватыя, з пражылкамі, бліскучымі плямамі і разводамі. Гэта было цікавей і жывапісней, чым у Маскоўскім і Кіеўскім метро. І ў перапынак чалавек - ёсць такі верш у паэта Міколы Аўрамчыка - бярэ проста са столі соль і падсольвае ёй памідор. Назнарок не прыдумаеш! Асабліва калі ўлічыць, як цяжка было ў вайну беларускаму партызану і проста селяніну без солі. Людзі хварэлі, нават часова слепнулі.
...Ну а цяпер успомніце, што немцы разбурылі больш як 200 гарадоў і 1200 сёлаў, і вам стане лёгка ўявіць, што гэта было - праца па аднаўленні. Бывала, што падчас працы на полі ці па разборцы руін так намерзнешся, што здаецца, памёр бы, абы толькі пахавалі ў печцы.

І вось што ўдалося пабудаваць на месцы попелу і руін.

Новая беларуская вёска?

Возьмем хаця б Верцялішкі ў Гродзенскай вобласці (калгас "Прагрэс"). Гэта эксперыментальны пасёлак. Будаўніцтва такіх паселішчаў пачалося з 1967 г. На іх правяраюцца прагрэсіўныя прыёмы планіроўкі і забудовы калгасаў і саўгасаў, правяраюцца тыпавыя праекты жылых і грамадскіх будынкаў (ці зручна жыць і працаваць). Пасля праверкі ўсё ўдалае бяруць ад іх іншыя пасёлкі, што будуюцца па Беларусі і за яе межамі.

Верцялішкі (гэты пасёлак і пасёлак саўгаса "Леніна" на Магілёўшчыне адзначаны залатымі медалямі ВДНХ) здзіўляюць. Усё ўлічана пры праектаванні: рэльеф, вадаёмы, зялёныя масівы. Высокая якасць праектаў і выдатная якасць будаўнічых работ і добраўпарадкавання. Тэрыторыя дзеліцца на жылую, грамадскую і вытворчую зоны. Цэнтр - грамадская плошча, а на ёй клуб з залай на 360 месцаў і спартыўнай залай. Тут жа праўленне калгаса, сельсавет, гандлёвы цэнтр, пры якім гасцініца і камбінат бытавога абслугоўвання.

Колькасць паверхаў у дамах розная, і ў кожнага будынка свой цікавы архітэктурны воблік. Усё гэта арыгінальна і прыгожа.

За клубам парк з танцпляцоўкай і спортпляцоўкай (стадыён крыху наводдаль). Ля парку дзіцячы сад-яслі. Ёсць дамы для маласямейных і адна-, двухкватэрныя дамы з балконамі і лоджыямі. Перад адміністрацыйным будынкам - вадаём з фантанамі.

Прыемна і прыгожа жыць у такім пасёлку. Нездарма тым, хто яго праектаваў, архітэктарам В.Емяльянаву і Г.Заборскаму і старшыні калгаса Ф.Сянько ў 1971 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

Такіх эксперыментальных пасёлкаў пакуль што не вельмі многа. Справа ж толькі нядаўна пачалася. Нічога, з часам так будуць жыць усе на вёсцы.

Але і "неэксперыментальную" вёску сёння не пазнаць.

Возьмем хаця б адзін досыць тыповы калгас. "Зара" Карэліцкага раёна. Бяру яго не таму, што ён адзін такі. У тым жа наваколлі і калгас імя Шчорса і "Рассвет", у іх гаспарка і клубы і ўсё іншае няшмат адрозніваецца. Ёсць у нас і лепшыя і горшыя. Проста з былым старшынёй гэтага калгаса, а цяпер старшынёй сельсавета Пятром Майсеевічам Шчарбаковым я асабіста знаёмы, хаця ў першы раз пішу аб ім.

Ёсць, першы пакуль, маршрут, які злучае Мінск непасрэдна з вёскай. Гэта аўтобус "Мінск - Кайшоўка". Шчарбакоў дабіўся гэтага, абабіўшы парогі невядома колькіх кабінетаў. У калгасе свае дарогі, добры выхад на шашу, спрэс асфальтаваныя вуліцы. Яна своеасабліва прыгожая, Кайшоўка, са сваёй зелянінай, з палямі белай і чырвонай канюшыны. У вайну яна, праўда, не была разбурана - бамбілі толькі - бо тут былі партызаны, але ўсё адно: колькі ж у гэтай вёсцы было мёртвых! У памяць іх устаноўлена ў скверы ля праўлення гранітная стэла. Яна ўся спісана зверху данізу.

Мала людзей, здавалася, не ўзняць нічога, не справіцца, захірэе Кайшоўка. А зараз тут клуб, якому стаяць бы ў горадзе, з дужа багатай і па колькасці і па густу бібліятэкай (старшыня раней быў настаўнікам, а пасля дырэктарам школы), з пакоямі гурткоў, з глядзельнай залай, якой бы й тэатр пазайздросціў. У размове са мной П.М.Шчарбакоў скардзіўся толькі на тое, што ніяк не можа выцягнуць з горада - нават за харошую зарплату - добрага кіраўніка аркестра і драматычнага калектыву.

У кайшоўцаў наладжаны таксама побыт: лазня, газавыя пліты, тэлевізары, пральныя машыны.

Людзі тут дзівосныя. Гэта галоўнае.

Перспектывы, якія стаяць перад рэспублікай, вельмі шырокія. Будуць развівацца малыя гарады, будзе 36 тыс. грузавых аўтамабіляў у год, будуць мільёны тон нафты, будзе 143 тыс. тон ільновалакна. Будуць прыбраны камяні з палёў, і з часам зямля наша стане зямлёй, дзе паўсюль можна прайсці босым, не параніўшы ног. Да гэтага ідзе.



СЁННЯШНІ ДЗЕНЬ


За апошнія гады Беларусь па колькасці навучэнцаў на 10 тыс. насельніцтва апярэдзіла Англію, Францыю, Японію, Італію і ФРГ. Тут у 1975 годзе працавала 9442 агульнаадукацыйныя школы, 131 сярэдняя навучальная ўстанова, 31 вышэйшая навучальная ўстанова.

Магчыма, нехта з вас, скончыўшы школу, паступіць ва універсітэт ці ў політэхнічны інстытут, такі вялікі, што ўсе карпусы і лабараторыі яго не абыдзеш і за тыдзень, або ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію з яе надзіва дагледжанымі палямі, старажытным паркам, батанічным садам і аранжарэямі, у якіх вечныя тропікі.

На Беларусі зараз працуе больш за 490 тысяч спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй.

А ўвогуле ва ўсім СССР працуе 16 358 вучоных беларускай нацыянальнасці.

У нас цяпер два універсітэты. Другі - у Гомелі. Там зараз будуюць для яго новы комплекс, дзе чаго толькі не будзе, аж да палаца спорту і вялізных будынкаў, якія некалькімі паверхамі ўходзяць пад зямлю. А ўвогуле ў рэспубліцы шмат навукова-даследчых устаноў.

Ёсць даследчыя інстытуты ў тых мясцінах, дзе раней іх не было. Беларусія атамшчыкі, кібернетыкі, працаўнікі вылічальнага цэнтра высока цэняцца людзьмі навукі ўсяго СССР.

Акадэмія навук аб'ядноўвае звыш трыццаці навукова-даследчых інстытутаў. Упершыню выдадзена "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя". Кіраваў гэтым выданнем лаўрэат Ленінскай прэміі, народны паэт БССР Пятрусь Броўка. Рыхтуецца да выхаду сямітомная праца "Помнікі Савецкай Беларусі", у якой будуць апісаны і пададзены ў фатаграфіях і планах усе каштоўныя помнікі: ад старых курганаў і гарадзішч, ад самых даўніх вежаў да новых гмахаў са шкла і бетону, да помнікаў на магілах салдат і знішчаных фашыстамі людзей. Бо народ павінен помніць усё ў сваёй гісторыі, а хто згубіў памяць - згубіў усё. І ўсе тыя помнікі, што ўвойдуць у "Помнікі", будуць аўтаматычна знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Мне пашчасціла ездзіць не з адной экспедыцыяй "Помнікаў", удзельнічаць у абмерах і фатаграфаванні старых палацаў, веж і званіц, і гэта было так цікава, што я, пэўна, яшчэ не раз паеду з гэтымі людзьмі.

За апошнія гады вялікі рывок наперад зрабіла наша літаратура, многа па-ранейшаму твораць Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка.

Многія з вас чыталі раманы Івана Мележа. "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы". Глыбокая хроніка народнага жыцця, дзе не ведаеш, чаму болей здзіўляцца: высокаму майстэрству аўтара, глыбіні яго думкі ці цудоўнай народнай мове.

Або цудоўныя апавяданні выдатнага майстра Янкі Брыля ці яго раман "Птушкі і гнёзды". Пра цяжкі лёс заходнебеларускага хлопца, якога ўзялі ў польскую армію, а потым у бітве з немцамі пры абароне ўзбярэжжа ён трапіў у палон. А пасля ўцякаў з палону: адзін раз няўдала (быў выдадзены жандарам і трапіў у турэмную камеру), а пасля ўдала. І прыйшоў на радзіму, таксама ўжо захопленую ворагам, каб узяць зброю ў рукі.

Ці аповесці і раманы Івана Шамякіна, пісьменніка, які жыве з народам, аддаючы яму ўсе свае здольнасці, аўтара "Крыніц", "Трывожнага шчасця", "Сэрца на далоні" і іншых вядомых твораў.

Ну і Васіль Быкаў, творы якога перакладзены на многія мовы свету, пісьменнік суровы і бязмежна праўдзівы, які піша пераважна пра вайну і сам прайшоў усю вайну артылерыстам. Вы, мабыць, чыталі такія яго кнігі, як "Жураўліны крык", "Абеліск", "Сотнікаў", "Воўчая зграя" і многія іншыя. А можа, бачылі фільмы, знятыя па яго аповесцях, - "Трэцяя ракета" або "Альпійская балада". І вам, натуральна ж, спадабаліся поўныя трывог і, урэшце, шчасця, уцёкі з лагера ваеннапалонных беларускага хлопца Івана і італьянкі Джуліі. І тое, як, урэшце, яны пакахалі адно аднаго. А потым быў подзвіг і смерць Івана, які, ратуючы дзяўчыну, загінуў сам. І прыйшла вечная памяць аб ім.

Або такія раманы, як "Векапомныя дні" Лынькова, вялікая эпапея партызанскай барацьбы.

Ці камедыі і трагікамедыі А.Макаёнка "Выбачайце, калі ласка", "Трыбунал", "Зацюканы апостал", "Таблетка пад язык", "Святая прастата". Гэта вельмі цікавы майстар са сваім камедыйным почыркам.

А за імі ішлі ўсё новыя і новыя прылівы ў літаратуру вельмі таленавітых паэтаў і празаікаў. Хваля за хваляй, няспынна, яны рабілі нашу літаратуру больш багатай, яскравай, шматграннай. Як назваць іх усіх? Гэта вытанчаны майстра верша Р.Барадулін, глыбінны знаўца чалавечай псіхалогіі В.Адамчык, Я.Сіпакоў з яго гістарычным мысленнем, мініяцюрыст нават у аповесцях Б.Сачанка, М.Стральцоў з яго ўвагай да дэталі, суровы і пяшчотны А.Пысін, жарсткавата-гуманны І.Чыгрынаў, назіральнік душы чалавека І. Пташнікаў, Г.Бураўкін з яго грамадзянскасцю, просты і шчыры ў кожным слове У.Дамашэвіч, тонкі лірык В.Зуёнак.

Усіх не пералічыш, на жаль, хоць кожны варты ўпамінання. Бо пісьменнікаў у нас больш як 300. Акрамя таго, баюся даць волю сваім сімпатыям ды каго-небудзь з гэтых людзей пакрыўдзіць. А вы вось дастаньце ды чытайце. Вершамі, апавяданнямі, раманамі многіх і многіх будзеце задаволены.

Людзі, што прыязджаюць да нас, часта могуць трапіць на мастацкія выстаўкі. Цяпер пабудаваны Палац мастацтваў, і выстаўкі тыя будуць пастаянныя. У нас шмат мастакоў, якія адлюстроўваюць чароўную прыроду Беларусі, гераічнае яе мінулае і не менш гераічнае сучаснае. Імёны Я.Зайцава, В.Цвіркі, В.Волкава, К.Красоўскага, А.Кішчанкі, М. Савіцкага, М.Данцыга, Г.Вашчанкі і многіх-многіх іншых вядомы далёка за межамі рэспублікі. У нас цудоўныя афарміцелі кніг, яны ж і першакласныя графікі. Назаву толькі А.Кашкурэвіча, В.Шаранговіча, Н.Паплаўскую, А.Паслядовіч, А.Лось, Э.Агуновіча, Б. Заборава, У. і М.Басалыгаў, І.Капеляна.

Імя ім - легіён. Як і архітэктарам, музыкантам, паэтам, мастакам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такая ўжо наша зямля. Шмат беларускіх кніг, што выдадзены цяпер, можна лічыць творамі мастацтва. Іх хочацца не толькі чытаць, але і глядзець.

Поспехі скульптуры таксама значныя. Не кажучы пра старэйшых - А.Бембеля (аднаго з аўтараў Брэсцкага мемарыяла), З.Азгура (помнік Я.Коласу яго работы пастаўлены ў Мінску), працуюць маладзейшыя, такія, як І. Міско (помнік І.Буйніцкаму ў Празароках) і С.Вакар. Хутка перад тэатрам оперы і балета стане яго выразны, дужа паэтычны помнік Максіму Багдановічу.

А глыбока рамантычны помнік Янку Купалу А.Анікейчыка?

Пра Купалаўскі тэатр я вам ужо расказваў. Яму нядаўна споўнілася 50 год. Таленавіты калектыў працуе і ў Віцебску ў тэатры Якуба Коласа. Калі першыя пачастуюць агнявой і вясёлай "Паўлінкай", то другія хітраватым і гарэзлівым "Несцеркам". Ёсць у нас тэатр юнага гледача і свой, беларускі цырк. Узнікаюць новыя тэатры - і прафесійныя і народныя.

Што ўласціва нашаму тэатру апошніх год? Чым ён адметны?

Вось чым. З 60-х гадоў на нашай сцэне нібы нейкім жывушчым ветрам павеяла. Вялізная ўвага да глыбінь чалавечай душы, вострыя сацыяльныя праблемы, бязлітасная праўдзівасць у лепшых спектаклях, развіццё лепшых нацыянальных традыцый.

І пры гэтым адмаўленне ад штампаў, пошукі рэжысёраў і акцёраў. І, што, можа, самае галоўнае, зусім іншая па якасці, існа нацыянальная, беларуская драматургія.

Гэта творы К.Крапівы ("Брама неўміручасці"), А.Макаёнка, А.Дзялендзіка, М. Матукоўскага, А.Петрашкевіча.

А колькі выключных па сіле таленту і шчырасці акцёраў прыйшло за апошнія гады ў нашы тэатры!

Кіно... У нас вялікая новая студыя, якая можа выпускаць шмат фільмаў у год. Вы бачылі "Чырвонае лісце", прысвечанае замаху С.Прытыцкага на правакатара. "Альпійскую баладу" і глыбока трагічны фільм "Праз могілкі" пра першыя гады акупацыі, пра гераізм і боль беларускі. Бачылі, мабыць, двухсерыйны фільм па раману А.Адамовіча "Партызаны". Або больш новыя: "Полымя", "Руіны страляюць ва ўпор". Працуе ў нас група таленавітых сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў і акцёраў, у тым ліку дзяцей (бачылі, пэўна, фільмы: "Дзяўчынка шукае бацьку" і "Пушчык едзе ў Прагу". У апошнім удзельнічалі і мядзведзі).

Некалькі год назад даганяем мы гэтую кінаэкспедыцыю пад Мазыром, бачу - Пушчык залез у рэфрыжэратар і там лёдам храбошча, ды з такім апетытам: гэта для яго ў спёку, як марожанае для нас. А вечарам, пасля работы, ён атрымоўваў і "прэміяльныя" - мёд.

Развіваецца і музыка беларуская. Шмат створана папулярных песень, опер, сімфоній, камернай музыкі. Твораць вядомыя старэйшыя кампазітары: А.Багатыроў, аўтар "У пушчах Палесся", Ул.Алоўнікаў, першыя такты песні якога "Радзіма мая дарагая" сталі пазыўнымі беларускага радыё, гучаць надзіва меладычныя рамансы і песні А.Туранкова, оперы Ю.Семянякі, балеты Г.Вагнера. А больш маладое пакаленне - Д.Смольскі, С.Картэс і вельмі таленавіты аўтар опернай і балетнай музыкі Я.Глебаў. Або І.Лучанок, песні якога ўсе вы ведаеце, ці адзін з лепшых арганістаў Саюза, кампазітар, музыка якога дзейнічае на слухача вельмі моцна, А.Янчанка.

А хто не ведае ансамбль "Песняры"?

І пошукі ўсіх творцаў нашай музыкі вельмі-вельмі плённыя.

Пра архітэктуру не кажу. Проста, калі вы не мінчане, прыязджайце і пройдзем Ленінскім праспектам, галоўнай вуліцы Мінска, праспектам, праект якога ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Не ўсё, вядома, і тут добра. Але ўсё ж, у асноўным, велічныя новыя гмахі, купалы, шпілі, забраная ў граніт стужка Свіслачы, магутная дуга акадэміі, а на іншых вуліцах і праспектах суцэльныя вертыкалі бетону і шкла.

На жаль, у сталіцы і іншых гарадах Беларусі мала засталося будынкаў 20 - 30-х гадоў. У Мінску гэта Дом урада, манументальны і, адначасова, скульптурны, лаканічны будынак ЦК КПБ, оперны тэатр, які надае цэнтральнай частцы горада такую адметнасць і г. д.

Пасля вайны на месцы амаль знішчанага горада ўзнік новы з яго цікавымі ансамблямі, з сістэмай паркаў у пойме Свіслачы, сістэмай, што так удала пераходзіць у масіў лясоў вакол Заслаўскага вадасховішча.

Не, гэта сапраўды прыгожа! І мастацкі музей, і політэхнічны інстытут у Мінску, і ансамблі Віцебска. А сучаснае будаўніцтва. Жылыя дамы па бульвару Талбухіна ў Мінску і праект забудовы Волатава ў Гомелі, будоўлі на беразе Мухаўца ў Брэсце і жылыя дамы крывалінейнай канфігурацыі ў мікрараёне "Усход-1", Палац спорту ў Мінску і пансіянат (а таксама і гасцініца "Юнацтва") на беразе Мінскага мора. А паглядзіце, як зручна дзецям у дзіцячым садзе па Слясарнай вуліцы (Мінск). Тут табе і светлыя пакоі, і веранды, і нешта накшталт старадаўняй крэпасці для гульняў. А кінатэатры ("Кастрычнік", "Партызан" і "Піянер" у Мінску, "Кастрычнік" у Магілёве-2, "Імя Калініна" у Гомелі)! А смелы будынак гомельскага цырка!

Калі вы станеце дарослыя - яны будуць яшчэ прыгажэйшыя, нашы вёскі і гарады. Вы пройдзеце па іх вуліцах, і вам самім захочацца прыкласці свае рукі, веды і ўмельства да таго, каб зрабіць іх дзівам дасканаласці, а зямлю нашу - найлепшай у свеце зямлёй.

І трэба многа, вельмі многа ездзіць, сябры. Вы маладыя, і калі будзеце часта жыць "на колах", шмат хадзіць і падарожнічаць, вы паглядзіце многае ў свеце. Але перш за ўсё вам трэба ведаць свой, самы для нас прыгожы край. Ездзіце. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне, роўных якім па прыгажосці мала знойдзецца мясцін на зямлі. Убачыце далёкія агні новабудоўляў і цёмныя волаты замкаў, партызанскія зямлянкі і вясёлку Каложы. І азёры з белымі грабянцамі на сіняй вадзе, і старыя каменныя млыны над рэчкамі, што зараслі белай лілеяй, поўню ў азёрнай вадзе і водсвет яе на мокрых тратуарах гарадкоў. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. І ўбачыце зуброў і аленяў. Пройдзеце па зажураных пушчах Палесся. І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.

Я не мог напісаць аб усім і ўсіх, і хай яны мне прабачаць.

І вы прабачце мне за доўгую размову. Калі пачнеш прызнавацца ў любові да самага дарагога - скончыць тое прызнанне амаль немагчыма.

Вы самі ўсё зведаеце, самі перамераеце яе дарогі і сцежкі. Зведаеце больш за мяне, перад вамі куды больш доўгая дарога.

Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна.

Але калі вам, дарагія мае дзяўчаты і хлопцы, захацелася пасля прачытанай кнігі прайсці па шляхах нашай Беларусі, нашай зямлі пад белымі буслінымі крыламі, пахадзіць гэтымі дрымучымі дубровамі, праплысці гэтымі поўнымі рэкамі, - буду лічыць, што работа мая зроблена. Буду шчаслівы.



Бывайце ж шчаслівыя і вы.

1971 г.


1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка