Зямля пад белымі крыламі



старонка3/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   25

КАЛЯ ХАТЫ Ў САДОЧКУ


Паўтару яшчэ раз: многае з таго, аб чым я расказваю ў гэтай частцы кнігі (побыт, этнаграфія, звычаі), прызабыта, сёе-тое адышло, адыходзіць у нябыт, або хаця і моцна зберагаецца, дык толькі ў некаторых мясцінах. Хата, двор, абстаноўка робяцца ўсё больш аднолькавыя. Даўно ўжо сталі звычнымі халадзільнікі, пральныя машыны, матацыклы. Над хатамі - крыжы тэлевізійных антэн. Усё гэта добра і радасна, але часам не шкодзіла б зберагчы частку старой непаўторнасці, часам хочацца бачыць старыя хаты хаця б у музеі пад адкрытым небам, часам на хвіліну абуджаецца сум, і хочацца ўпрыгожыць хату непаўторным старым ручніком або даматканай посцілкай.

У вершы "Жалейка" паэтэса так перадае дыялог дзеда з унукам:


"Мяне не вучылі, я быў мужыком;

калі было з гэтага сумна,

я, ўзяўшы жалейку, выходзіў тайком

ў шырокае поле, за гумны.

І скардзіўся гоням, траве і лясам

на лёс свой, цяжкi аж да смерцi,

i толькi не граў на жалейцы панам -

чужым не кране яна сэрцаў".


Унук кажа яму:
"Я гэтых часоў не шкадую нiчуць, -

сказаў ён, - я рад, што я ў школе…

Адно толькі, дзеду… хацеў бы я чуць -

Як плача жалейка у полі".

* * *

Ну вось. Хату пакінулі. Цяпер - двор. Да самой хаты прымыкае чысты двор, абсаджаны дрэвамі. Часцей за ўсё гэта вішні, слівы, арабіна. Часам тут жа, ля плота, узвышаюцца адна-дзве бярозы ці ліпа. Сам двор парос травою, пахучымі дробнымі рамонкамі, вясною - залатымі манетамі дзьмухаўцоў. Менавіта на чыстым двары пераважна размяшчаецца "склеп", або (на поўдні) "лёх". (Другі склеп, у якім частка запасаў заўсёды пад рукой, каб не бегаць кожны раз на двор, - у самой хаце ці ў сенцах, пад падлогай). У склепе бульба, гародніна, бочкі з капустай, гуркамі, мочанымі яблыкамі, дзежачка з грыбамі і тоўчанай ягадай, а калі гаспадар рыбак, то, можа, і з салёнай рыбай.



Далей ідзе двор задні, для жывёлы. Яго абкружаюць хлявы, у якіх стаіць жывёла. Тут жа павець або дрывотня - крытае памяшканне, з трох бакоў запушчанае сценкамі. Тут складзены дровы, раней стаялі вазы, санкі, плугі, а цяпер абгоннік, каб, узяўшы ў калгасе каня, абагнаць бульбу.

Замыкаецца двор вялiкаю клуняю (свiрнам). У стараннага чалавека ёсць яшчэ капцiльня.

Раней пры кожнай хаце на задворках было гумно, а то і два з "еўняю" (сушыльняй) - земляным, гладка ўбітым токам. Адсюль вымалачаны хлеб ішоў у засекі клуні. Гумно было нібы сімвалам гадавой працы селяніна. І я ўспамінаю адзін з самых сумных і, аднак, самых аптымістычных беларускіх анекдотаў.

Згарэла гумно, поўнае снапоў. Згарэла праца за цэлы год. Гаспадар стаіць на папялішчы і бядуе: "Ой, і пагарэў ты, Яўхім! Вой, і пагарэў жа!! Ну й пагарэў!!! - і раптам. - Але ж затое і мы-шэй ляснула!!!"

Многа ляснула мышэй!.. Яшчэ адна рыса характару. Самасуцяшэнне, спалучанае з гумарам і стойкасцю. Знаходзіць выхад, хай маральны, з самага, здавалася б, безнадзейнага становішча.

Пры калектыўнай гаспадарцы патрэба ў гумнах адпала, і яны яшчэ толькі сям-там дажываюць на задворках свой век.

…Затое значна павялічылася колькасць лазняў. Іх і раней было нямала, а цяпер там, дзе няма агульнавясковай лазні, такія ёсць ледзь не ў кожным двары або, калі суседзі жывуць добра, на чатыры-пяць двароў.

Пары на каменку часта паддаюць разведзеным бярозавікам, квасам або вадою, у якой распарана мята ці іншыя пахучыя травы.

Парацца да знемажэння, а пасля бягуць акунацца ў рэчку або качаюцца ў снезе.

За дваром гарод і сад. Садоў намнога пабольшала за апошнія дзесяцігоддзі. Акрамя агульных гатункаў, ёсць і свае, мясцовыя. Па-першае, лепшая ў свеце антонаўка, вялізная, жоўта-празрыстая. Ідзеш восенню садам, убачыш забыты яблык, адкусіш ад яго, халоднага, укрытага сцюдзёнай расою, - нібы дзесяць год скінеш з плячэй. Ну і потым такія славутыя грушы, як слуцкая бэра, ур'янтоўка, сапяжанка. Або духмяная лошыцкая вішня, што выспявае ў чэрвені.

Над гародам і садам - сонца. Віецца матавы гарох, пахне кропам і каноплямі, матылямі чырванее на градах мак, гудуць, вылятаючы з вулляў, пчолы. Лапушацца вялізныя, на чырвона-зялёных ножках-сцяблінках, лісты рэвеня, "беларускага апельсіна". А ўначы, калі ляжыш на посцілцы пад дрэвам, часам чуеш, як глуха, нібы гіры, падаюць на дах антонаўкі, і бубняць, ракочуць, скочваючыся па ім.

На ўскраіне вёскі вадзяны млын. Уздыхае, ходзячы, кола, зелянеюць тванню латкі. У люстры сажалкі адбіваецца жоўтая вячэрняя зара і цені соснаў на тым беразе. Ластаўкі часам чапляюць крылом ваду, брохае рыба. Вечарамі на вадзяным млыне неяк таямніча і крыху трывожна. Нездарма млынароў некалі лічылі ведзьмакамі.

Ветракі ў нас досыць рэдкая рэч, хіба на Случчыне і пад Клецкам. Мне здаралася бачыць там стопяцідзесяцігадовыя ветракі, у механізме якіх не было ніводнай металічнай часткі. Усё дрэва. І, ясна ж, цяпер не ім належыць першае месца ў пачэснай хлебнай справе. Элеватары, паравыя млыны, млынзаводы - куды ўжо цягацца з імі?!

ЗА ВЁСКАЮ РАЗЛІВЫ КАЛАСОЎ


За вёскамі палі. Зноў жа розныя. Поўнач. Мядзельшчына з яе азёрамі і перакатамі ўзгоркаў. Гэта менавіта тут склалася загадка: "Поле ў паясках, поле ў піражках, поле ў дзірачках". Ты ломіш галаву над тым, што гэта такое, а адказ нечаканы: "поле". Паяскі - межы, піражкі - камяні, дзірачкі - дзірачкі сцяблін на іржышчы. Палі не дужа вялікія. Валуны значнага памеру сцягваюць на межы трактарамі ці спіхваюць бульдозерамі, і таму на межах цэлыя каменныя валы, крэпасці. З валуноў, расколатых берталетавай соллю, будавалі і часам будуюць і цяпер стайні, свірны, пуні.

Чаго-чаго, а каменя тут хопіць. Як сказаў паэт П.Панчанка: "Аматар трымаць чорны камень за пазухай тут мог бы набраць іх на дзесяць вякоў". Здавалася - прыбралі. Не, пасля кожнага ворыва лезуць з зямлі, кожны дождж выбівае іх наверх.

На гэтых палетках лілавее канюшына, варушыцца вусаты ячмень, цягнецца, чапляе за ногі вільготнае і сакавітае сіло гароху.

Лубіну менш, затое сінія хвалі ільноў літаральна бясконцыя.

Сярэдняя паласа. Тут разнастайнейшы рэльеф і такія ж палі. На Навагрудчыне з яе высачэзнымі ўзгоркамі - меншыя, на раўніннай багатай Случчыне - шырокія і раздольныя. Паўдзённы ўсход шмат займаецца гародніцтвам: капуста, цыбуля, радыс, морква, памідоры, гуркі, часнок, салата. Тут буйныя парнікова-цяплічныя камбінаты, якія працуюць не толькі на Беларусь.

Поўдзень. Палескае роўнае поле. То спрадвечнае, то нядаўна асушанае. На гарызонце зубчасты сілуэт лесу. На дрэвах пасярод поля па адной, па тры, па пяць пчаліных калод на кожным. Тут іх называюць "свепет". І зусім няма камення. Захацеў бы ў ворага кінуць, і то не знайшоў бы.

І ячменю мала. Яго, мужыка, нягледзячы на вусы, перамаглі грэчка і проса. І тут жа да іх у хаўрус уціснулася салодкая кампанія: кармавы лубін (паўсюль), цукровы бурак (на паўднёвым захадзе) і нязлічаныя каноплі (на паўднёвым усходзе). Ну і яшчэ тытунь. А раз так, то ясна, што ёсць цукровыя заводы і тытунёвыя фабрыкі.

Гэта мы ўсё займаліся пакуль што паважанай, але не самай важнай кампаніяй. Цяпер пра галоўнае.

Бульба. Яна паўсюль, яна - універсал. За выключэннем некаторых паўночных раёнаў, дзе яе пасевы складаюць 15,8 працэнта ад пасяўной плошчы, - паўсюль яе да 20 працэнтаў. А значыць, тут жа працуюць заводы спіртавыя і крухмальныя.

33,3 працэнта плошчы збожжавых захапiла i самаўладна размясцiлася там асноўная культура - азiмае жыта. Падцяснiла менш ураджайную ярыну, а пшанiцу, разлiвы якой так шырока расцяклiся па Сiбiры, Кубанi, Украiне, увогуле трымае ў чорным целе - усяго 17,4% , хаця сеюць пшанiцу па ўсёй рэспублiцы.

Пра ячмень я ўжо казаў раней. Яму аддадзена менш плошчы. Такі сабе падпанак. Ведае, што беларус не можа абысціся без ячнага супу з грыбамі і піва.

Нават авёс крыху больш пан, чым пшаніца, хаця пасевы яго і скараціліся за апошні час у тры разы. Ён служыць кормам для хатняй жывёлы, а ў басейне Бярэзіны - і для мядзведзяў, якія прыходзяць уначы ласавацца на аўсяныя палі. Нашморгаюць поўныя жмені, высмакчуць "малако", а жмакі раскідаюць па полі. Мясцовыя калгаснікі гэтага разбою дуж-жа не любяць.

Шмат у краіне кармавых культур, бо добра развіта мяса-малочная вытворчасць. Таму тут табе і кармавы лубін, і кукуруза на сілас, і канюшына, бручка, турнэпс, рэпа.

У рэспубліцы амаль 6 млн. буйнай рагатай жывёлы, з іх 2 млн. 592 тысячы кароў. Пераважна чорна-белыя і бурыя, латвійскія, але ёсць і швіцкая, сіментальская, яраслаўская пароды.

…Сядзіш над Дняпром. Сонца набліжаецца да гарызонту. На дрэвах, на вадзе, на гліне адхонаў аранжавы водбліск. І раптам у вадзе з'яўляюцца нейкія незразумелыя кропкі. Бліжэй-бліжэй, і вось ясна ўжо, што гэта рагатыя галовы. Плыве цераз раку вялізная чарада. Пярэднія ўжо выйшлі на бераг, чорна-бела ільсняцца на сонцы, і вада сплывае з іх, заднія яшчэ плывуць. А за імі, стоячы ў чаўне, плыве пастух. Гэта пераганяюць статак на новую пашу, на паплавы са свежай, кветкамі апырсканай травой. У аднаго майго знаёмага дядзькі было аж сем коз. "Дядзька, навошта вам іх столькі?.. Ды яшчэ чацвёра - казлы". - "Ды не купляе ніхто, а рэзаць нейк рука не падымаецца. Занадта на чорта падобныя". - Ну а свінню вы ясцё?" Адказ пасля нядоўгага роздуму: "Свінню ем. Калі б свінню не есці, яна б… увесь свет запаланіла".

Дык вось, у некаторых раёнах Беларусі трымаюць 60 - 100 свіней на адзін гектар пашы. У 1972 г. свініна складала 47,7% усяго мяса, якое атрымала Беларусь.

…Сцэнка на пашы. Два пастухі пасвяць авечкі. Адзін ля лесу, другі - наводдаль. Воўк схапіў адну. Той, што далей, крычыць:

- Што гэта? Воўк?

- А нягож, халера твайму бацьку, заяц?!

- То што ён, авечку панёс?!

- А нягож, трасца тваёй матары, табе прынёс?!

То вось і ваўкоў павыбілі і засталося іх мала, але і авечак паменела таксама. Гэтаму ёсць прычыны. Раней ледзь не адна авечка давала чалавеку вопратку: кажух, катаная світка, ваўняны бурнос, бурка, зімовыя порткі, андаракі, валёнкі. Цяпер на змену ўсяму гэтаму прыйшоў крам, ды яшчэ й сінтэтыка дапамагла. Ва ўсякім разе, на кожны раён тры-чатыры-восем гаспадарак з невялікімі авечымі фермамі, і рэдка дзе можна ўбачыць ферму болей чым на 400 галоў. Ды і ў гэтых гаспадарках авечкі не галоўнае.

Дужа распаўсюджана птушкагадоўля. На Беларусі 28 мясных птушкафабрык. Гэта буйныя прадпрыемствы. Напрыклад, птушкафабрыка імя Н.К.Крупскай атрымала на 1973 год 180 млн. яек, 2384 тоны птушынага мяса, па 274 яйкі на курыцу-нясушку.

Пры гэтай фабрыцы аж 1100 га сельгасугоддзяў. Ёсць і міжкалгасныя птушкафермы.

А ёсць і зусім новая галіна - зверагадоўля. Чорныя і серабрыстыя лісы, пясцы, норкі.

:Я ўжо казаў, наколькi пабольшала ў нас садоў. Зараз iх у калгасах i саўгасах больш чым 167 тыс. га. Славiцца садамi Случчына, Мiншчына, Мазыршчына, Бабруйшчына i асаблiва маё Прыдняпроўе. Тут не рэдкасць сады ў некалькi сот гектараў: Я ўжо не кажу, што ледзь не кожная больш-менш "пажылая" хата тоне ў садзе. Нават дзецям, для якiх набег на сад заўсёды быў нiбыта выпрабаваннем удаласцi, цяпер нецiкава гэта рабiць. У досыць далёкай ад горада вёсцы мех яблык, бывае, прадаюць лiтаральна за капейкi, з умоваю, што ты здымеш гэтыя яблыкi сам. Бо рукi не заўсёды даходзяць. I гэта кепска. Таму што, значыць, дрэнна арганiзавана скупка, мала садавiнаапрацоўчых i кансервавых заводаў, дый для тых не заўсёды хапае баначнай белай бляхi, якую ў нас вытварае ледзь не адзiн толькi Магнiтагорскi камбiнат. Якi б магутны нi быў манапалiст - задаволiць усе кансервавыя заводы ён не можа.

Цяпер сельская гаспадарка пераважна механізаваная. Ручной засталася прарыўка парасткаў цукровага бурака, збор садавіны і ўсё такое, дзеля чаго не прыдумана машын. А рэспубліка выпускае шмат відаў машын для сельскай гаспадаркі: сіласаўборачныя камбайны, ільнамялкі, бульбаўборачныя машыны, сенакасілкі, жняяркі і многае іншае. І, самае галоўнае, універсальныя калёсныя трактары "Беларусь". Кожныя шэсць хвілін - трактар з маркай "МТЗ". У нас, дый не толькі ў нас, трактары гэтыя ласкава называюць "беларус".

Калі ўлічыць, што ў 1910 годзе зямлю скраблі ў значнай ступені сахою, што, напрыклад, у Мінскай губерні было каля 60 тысяч сох і 198 тысяч драўляных барон, - каментарыяў, як кажуць, не трэба.

Ёсць у беларуска-польскага мастака Фердынанда Рушчыца геніяльная карціна "Зямля". Паўкруглы ўзгорак увесь у ільсняных глыбокіх барознах. І вось з-за гэтага бугра, падобнага на вяршыню зямнога шара, выпаўзае запрэжка валоў і магутны чалавек, схілены над сахою. Вялізнае напружанне, упартасць: усё ўбіта ў гэтую неласкавую зямлю, усё жыццё і ўсе сілы. У гэтым веліч, але ў гэтым і трагізм.

Па гэтых узгорках замест валоў ходзяць зараз машыны. А астатняе - што ж, i напружанне, i ўпартасць, i велiч працы земляроба - яны засталiся.






1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка