Зямля пад белымі крыламі



старонка5/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   25

ЗЯЛЁНЫ ШУМ


…Там, дзе няма ніў, - суцэльная краіна паплавоў і балот. Дзе няма іх - царства лясоў. І маладых і старых, нечапаных, так званых пушчаў. Бярэзінская пушча, Лепячанская, Гродзенская, Налібоцкая на поўнач ад Наваградка, палескія пушчы, Белавежская, якая найбольш уражае чалавека, і многія іншыя. Трэць тэрыторыі Беларусі - лясы. 32 працэнты. На жаль, іх высякаюць больш нормы. Не толькі пасля вайны, калі трэба было аднаўляць вeскі і гарады, але і зараз. Нягледзячы на ўсе старанні, не адноўлена, напрыклад, лясістасць на Міншчыне (35 працэнтаў) і Гомельшчыне (38 працэнтаў). Даставалася гэтым лясам. Іх секлі падчас паўстання 1863 - 1864 гг., каб паўстанцам не было дзе грамадзіць свае сілы. Іх валілі і сплаўлялі ў Рыгу, а адтуль за мяжу купцы і дваране, якія праматаліся (гэтыя - на караню, бо лес заўсeды адказваў за дзіравую кішэнь уладароў або дзяржавы). Нездарма Адам Міцкевіч пісаў:

Джэва, помнікі нашэ, іле ж цо рок вас пожэра

Купецка люб жондова, москевска секера?1

Мікалай І і Аляксандр ІІ так проста і загадвалі валіць лес, хаця не ведалі беларускага падання аб тым, што душа зямлі ходзіць лесам і кажа: "Сячыце, сячыце! Не будзе дрэваў - і мяне не будзе".

…Секлі гандляры, секлі акупанты ў вайну грамадзянскую. Пасля ў Заходняй Беларусі ішло арганізаванае знішчэнне лясоў не толькі новымі "гаспадарамі", але таксама іншаземнымі фірмамі, якім гэтыя лясы аддаваліся наводкуп. Белавежу і дагэтуль праразаюць затравелыя насыпы былых вузкакалеек, пабудаваных "культурным замежным капіталам", каб вывозіць лес.

Паэт Максім Танк так пісаў пра гэта ў адным з найлепшых сваіх вершаў:

На захад ідуць цягнікі,

Лён, жыта, сасна і бяроза.

Гляджу і гляджу з-пад рукі,

Як моладасць нашу вывозяць.

Iшоў дзiкi рабунак. Знiшчана i вывезена была амаль палова беларускiх лясоў.

Усяго знішчыць, аднак, не ўдалося нават шматлікім часовым гаспадарам, хаця кожны з іх і намерваўся асесці тут "навечна", цягнуць драўніну, шкіпінар, каніфолю, дзёгаць, смалу, сажу для хімічнай прамысловасці. І вось стаялі сосны, пасечаныя шнарамі, сплываючы смалістай сваёй крывёй. Як трапна сказаў паэт Васіль Зуёнак:

Рабрыстыя - ў падсочках, нiбы зданi, -

О сосны, хто прыдумаў вам Майданак?!

Так, Майданак быў не толькі ў людзей. І з хат знікаў смольны дух, і глуха пелі цымбалы з абяскроўленага дрэва.

…Досыць. Пойдзем у лес. Вось толькі была задушлівая спёка, і раптам павеяла жывушчым халадком, затрапяталі сонечныя зайчыкі, разліўся птушыны хор. Поўнач. Хваёвыя лясы. Пераважна сасна і яліна.

Мабыць, галоўныя адрозненні ў псіхіцы беларуса і жыхароў мясцін, дзе мала лясоў, склаліся пад уплывам навакольнага пейзажу.

Лес выхаваў характар беларуса, наш чалавек і лес - родныя, і таму беларус любіць яго. Любіць паўночныя саснякі з імхом, што расшыты каралямі брусніц і чарніц, што лілавеюць верасам, у якім сядзяць сімпатычныя таўстуны - карычнева-чырвоныя і карычнева-чорныя баравікі. Любіць змрочныя яловыя лясы з цэлымі бародамі сівога імху на ствалах і з катлавінкамі, напоўненымі празрыстай, але на выгляд чорнай і бліскучай, як лак, вадою. Любіць сонечны россып папараці і зарасці ляшчыны, і больш паўдзённыя лясы, дзе трапляюцца ўжо дубы, грабы, ліпы. І, вядома ж, шырокалістоўныя лясы поўдня з брызглінай, бружмелем, грабам, цісам, рабінай, калінай і магутным разнатраўем ля ступ лясных волатаў.

Нават драбналессе з бялюткімі бярозамі і асінкамі, нават змрочныя і балотныя чорнаальховыя лясы дарагія яму. Лес корміць, лес грэе і дровамі, і сценамі хат, і проста так ("уехаў у лес, бы ў кажух улез"), лес бароніць у выпадку небяспекі, нашэсця, вайны.

Менавіта таму пасля рэвалюцыі столькі ўвагі аддаецца захаванню, абароне, развядзенню лясоў. Недахопаў у гэтым сэнсе яшчэ шмат. Многія лесанарыхтоўшчыкі "гоняць план" і нават дабіліся было высечак лесу на Бярэзіне (лес той згніў, бо дажджы не дазволілі яго вывезці, і тады, каму трэба, добра папала, а запаведнік быў адноўлены), ёсць яшчэ браканьеры і людзі, якія жывуць па прынцыпе "хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар". Аднак праца ляснічых і палясоўшчыкаў, азеляняльнікаў, вучоных батанікаў, заолагаў, паляўніцтвазнаўцаў паступова прыносіць свой плeн.

Пад ахову падпалі многія жывeлы, рэліктавыя і іншыя расліны, рыбы, птушкі і звяры, некаторыя геалагічныя абнажэнні, асобныя дрэвы, слаўныя ўзростам, рэдкасцю, выглядам сваім, і цэлыя лясныя масівы. На Беларусі шмат заказнікаў і запаведных зон (як вакол возера Свіцязь). Да нядаўняга часу было два запаведнікі. Бярэзінскі (абараняў увесь жывёльны свет, але асабліва мядзведзя і бабра) і Белавежскі (галоўныя паны тут высакародны алень, бобр, лось і, перш за ўсе, кароль-зубр). Нядаўна быў арганізаваны трэці, Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік. Для аховы Палесся, яго раслін, звяроў, птушак, ягоных балот, ягоных вод.

Пра ўсе запаведнікі тут расказаць немагчыма, і таму я спынюся толькі на самым вядомым з іх, на Белавежскай пушчы.

* * *

Тысячу год назад большую частку цэнтральнай i ўсходняй Еўропы пакрываў дзiкi i цёмны першабытны лес. На многiя i многiя сотнi кiламетраў шумелi лясныя волаты, з цяжкасцю пракладалi свой шлях праз завалы карычнева-празрыстыя глухiя рэкi, звiнела камар'ё, паўсюль, як кавалкi мяса, чырванелi мухаморы i бранзавелi "слязнiцы", - вялiзныя, вышэй калена, баравiкi (на Беларусi iх называюць так таму, што на iх ад старасцi выступае сляза i капае на зямлю, яны "плачуць"). Цяпер такiя грыбы можна знайсцi толькi ў дужа глухiх мясцiнах, куды амаль не ходзяць людзi.



:Тысячу год мерна гучала сякера, вёскi ўгрызалiся ў лес, палi наступалi на пушчы, i на трупах павержаных i спаленых волатаў (такое поле называлася "лядо" або "ляда") хваляваўся ячмень.

Беларусь паступова бяднела звярамі. Зубр, які сустракаўся ў Палессі і на поўдні Прыдняпроўя яшчэ ў XVIII ст., быў выбіты і збярогся толькі ў Белавежы, быў знішчаны собаль, балотная рысь, або "лемпарт", чорны заяц, што сустракаўся ля Копыся яшчэ на пачатку ХХ ст., высакародны алень і многія іншыя. Знік у XVIII стагоддзі дзікі бык-тур (некаторыя вучоныя мяркуюць, што гэта ад яго пайшла парода ўкраінскай і палескай шэрай рабочай худобы).

Законы князёў, а пасля каралёў былі жорсткія. Нягледзячы на тое, што падарожнік барон Меерберг, які наведаў Беларусь у XVII ст., казаў, быццам мясцовыя лясы нават багацейшыя на звяроў, чым лясы поўначы і ўсходу Расіі, - дзічы, мабыць, паменшала. "Устава на валокі", прынятая 1657 годзе, казала, між іншым: "А ва ўсіх пушчах нашых і агульных, дзе раней сяляне нашы для нас баброў лавілі, там і цяпер … лавіць павінны. А калі б недзе, на рэках і азёрах нашых, бабры з'явіліся зноў, дык і там сяляне лавіць павінны; а за работу браць ім кожнага пятага бабра або падбрушша ад кожнага". Людзям забаранялася трымаць пры лясных лазнях жывёлу, зброю, сабак, сячы лес у тых мясцовасцях, дзе рабіліся аблавы, пад страхам пакарання смерцю не дазвалялася страляць аленяў і зуброў нават на ўласнай зямлі. Забаранялася касіць сена на месцах аблаў, а там, дзе дазвалялася, - забаранялася браць з сабою стрэльбы, сабак і рацішчы (рагаціны). Можна было біць драпежнікаў, а таксама птушак толькі на сваіх "валоках"… Але ў ХVІІІ ст. усё пайшло дагары нагамі. Дзяржава, Рэч Паспалітая, саслабела, кароль не азначаў нічога, магнаты і шляхта грызліся. Дзе ўжо тут было сачыць за лесам, за правільным промыслам і падтрымкай звяроў.

…Так і здарылася, што ад першабытных лясоў, асабліва шырокалістоўных, ад старажытных зубрыных дуброў, ад мядзведжых пушчаў над махавамі балотамі і ціхімі бабровымі рэкамі засталіся тры-чатыры бастыёны.

Адзін з іх на поўначы Украіны і поўдні Беларусі. Палессе. Астатнія - на Беларусі. Лясы ў вярхоўях Бярозы-ракі. Налібокі. І самы стары і цікавы бастыён - Белавежа.

Цяпер той, хто хоча на свае вочы бачыць, які быў Шэрвудскі лес у часы Робін Гуда, Ардэнскі лес у часы рыцараў Круглага Стала і казачых волатаў, Тэўтабургскі лес у часы Армінія, не павінен шукаць такога ў сябе, у Англіі, Францыі, Германіі, а павінен ехаць сюды, у спрадвечны лясны аплот.

Некалькі стагоддзяў назад пушча цягнулася з захаду на ўсход на сто з лішнім кіламетраў, аж да самага Кобрына, а з поўначы на поўдзень - кіламетраў на сто трыццаць - сто пяцьдзесят. Цяпер адлегласць між паўдзённай і паўночнай межамі - 65 км, між заходняй і ўсходняй - да трыццаці. Даўжыня межаў 500 км, плошча - 79 171 га.

Здаўна ў веснюю повень, калi Брэсцкае i Прыпяцкае Палессе, старадаўняе "мора Герадота", ператваралася ў сапраўднае мора, у якiм па шыю стаялi лясы, - усё звяр'ё ратавалася на Мазырскай градзе i на Загароддзi, але пераважна на больш узвышанай, Прыбугскай раўнiне, на якой ляжала пушча. У сонечных грабавых i бярозавых лясах звiнелi птушкi , над рэкамi было аж цёмна ад качыных чарод, у змрочных ельнiках блукалi мядзведзi, у спрадвечных дубровах пасвiлiся сотнi тысяч дзiкоў, аленяў, коз i зуброў. Тады пушчу насяляла дзiкае i ваяўнiчае балтскае племя ятвягаў. Першая вартавая вежа, узведзеная славянамi ў абарону ад iх, нязвыкла бялела ў нечапаным лесе ашкуранымi, свежаабчасанымi бярвеннямi. Ад гэтай белай вежы, мабыць, пушча i атрымала назву Белавежскай.

Пазней, у ХIII ст., князь Уладзiмiр загадаў вопытнаму мужу, дойлiду Алексе, замкнуць ятвягам выхад з пушчы, пабудаваўшы на ўзгорках ля ракi Лясная "стоўп каменны", вежу ў трыццаць метраў вышынi. Колеру тэракоты, са слядамi позняй пабелкi (нейкi невук пастараўся), яна i дагэтуль ганарлiва высiцца над маленькiм мястэчкам Камянец. Некаторыя няправiльна гавораць, што яна i ёсць Белая Вежа, хаця нiхто яе даўней так не называў, дый колер яе зусiм iншы.

Беларусы даўно асiмiлявалi ятвягаў, а Пушча ўсe была месцам паляўнiчай забавы, спачатку для мясцовых князёў, а пасля для польскіх каралёў. Але не толькі для гэтага. Кожнай вайне яна плаціла даніну, кормячы беларуска-літоўскае войска. Князь Вітаўт, ідучы пад Грунвальд, учыніў тут вялiзнае паляванне. Былі забіты тысячы дзікоў, зуброў i аленяў, каб забяспечыць войска мясам на ўвесь час вайны.

Калі гэта было збольшага патрэбнай мерай, то каралеўскiя i царскiя паляваннi ў пушчы былi вандалiзмам. Паляванне Аўгуста ІІІ у 1752 годзе, калi звяроў выганялi праз калiдор з жэрдак на вытанчанага забойцу i ягоную свiту, перапалавiнiла звярынае насельнiцтва Пушчы. На схіле ХІХ ст. рускі цар Аляксандр (таксама трэці), кат свайго і іншых народаў, арганізаваў тут такую ж самую планамерную і абыякавую бойню. Сотні аленяў, ласёў, дзікоў. Дзясяткі фатаграфій ганарлівых поз сярод трупаў, і за чаркай "паляўнічай гарэлкі", і на ўрачыстым банкеце, і сярод "удзячных" сялян. Раскошна выдадзеная ў памяць аб гэтым подзвігу кніга з малюнкамі лепшых расійскіх ілюстратараў таго часу - шэдэўр паліграфічнага майстэрства.

Пушча аглухла ад стрэлаў. Хрыпелi праз кроў дзiкi, бiлiся ў сутаргах аленi i рахманыя данiэлi, цяжка валiлiся на зямлю i моўчкi памiралi зубры (зубр заўсёды памiрае моўчкi, не прынiжае сябе нават у смяротны час, трымаецца гонару). I так вось Пушча змоўкла i сцiшылася перад тым, як зрабiцца нямой Пушчай.

Дапамагалі не толькі "ўладары народаў", але і купцы, якія дзе яўна, а дзе і таемна скуплялі шкуры. Собаля (праўда, гэта было раней, у XVI - XVII стагоддзях) прадавалі ў Мінску і Навагрудку звязкамі па 40 штук, а гарнастая - звязкамі па 100 - 250 штук. Тысячы такіх звязак ішлі ў глыб краіны і за мяжу. Напрыклад, у мінулым стагоддзі на Беларусі за адну аблаву нярэдка забівалі да 4 мядзведзяў. Ужо ў ХХ ст. бабровыя калоніі можна было лёгка пералічыць і ўсё ж іх бязлітасна знішчалі.

Немцы ў першую акупацыю знішчылі чвэрць апошняга "Uhrwald'y" ў Еўропе.

За польскім часам англійская фірма (тая, ад якой засталіся насыпы вузкакалеек) ледзь не даканала астатняе. Бедны лес!

Усe гэта свінства, увесь гэты беспардонны разбой бачыла Камянецкая вежа. З яе адбіваліся атакі ятвягаў і крыжаносцаў, на ёй былі царскія ўрадавыя пасты ў часе паўстання Касцюшкі і Каліноўскага. Пушча заўсёды хавала сваіх сыноў (між іншым, і партызан у Айчынную вайну), сыноў свабоды. І вось вежа глядзела, як гэты аплот свабоды высякаюць.

У 1921 годзе нехта Барталамей Жпакоўскі забіў апошняга зубра, у 1923 г. на Парыжскім міжнародным кангрэсе аховы прыроды выявілі, што на зямлі засталося 52 зубры, прададзеныя ў свой час з Белавежы ў заапаркі і паркі заходніх арыстакратаў і магнатаў прамысловасці. Некаторых з іх купілі і ў 1929 г. зноў завезлі на радзіму, адкуль калісьці прадалі, у Пушчу.

Зараз на беларускай палове запаведніка (частка Пушчы ляжыць на тэрыторыі ПНР) налічваецца семдзесят (па звестках 1970 г.) зуброў, ды шмат яшчэ перавезлі ў некаторыя другія запаведнікі краіны і за мяжу. Каб разводзіліся. Каб не рызыкаваць "адзіным месцам абітання" каштоўнай жывёлы.

Белавежскія зубры, якія нарадзіліся ў Польшчы, носяць імёны, якія пачынаюцца на літару "п". Тыя, што нарадзіліся на Беларусі, маюць імёны, першая літара якіх - "б" (напрыклад, Борус).

…Зубр дужа цікавы звер. Засведчаны, напрыклад, такі факт з пачатку ХІХ ст. Нейкі шляхціц вяртаўся дужа п'яны з гулянкі пушчанскай дарогай і, вядома, заснуў у санках, зашыўшыся ў сена. Зубр падышоў, асцярожна паддзеў чалавека рагамі і выкаціў у снег. У таго адразу ж і хмель прапаў. Коні не збаяліся зубра. Як ступалі дагэтуль, так ступалі і далей. Зубр ішоў за санкамі і еў сена. А шляхціц валокся за ім па снезе і гарлаў:

- Жываціна ты подлая! Карова ты халерная! Аддай, кажу! Апсік (як на ката)! Каб цябе самога так выкаціла, як ты мяне выкаціў…

Зубр, не звяртаючы ўвагі, "уклаў" (з'еў) усё сена і пайшоў у лес.

Раскажу яшчэ некалікі выпадкаў, сведкам якіх быў я сам.

У пушчы зуброў трымаюць па-рознаму. Ля галоўнага будынка (там гасцініца, рэстаран, музей) ёсць нешта накшталт заапарка: вялікія вальеры, у якіх звяры жывуць у максімальна прыбліжаных да натуральнага свайго жыцця ўмовах (калі яны вытапчуць траву, агароджа пераносіцца на новае месца, пакуль старое не зарасце). Тут некалькі зуброў , дзікі, алені, лані і іншыя жывёлы пушчы. Гэта каб людзі маглі паглядзець жывёл, не ад'язджаючы далёка, не забіраючыся ў глыб пушчы. Каб не калясілі, не палохалі звяроў, каб сэрца пушчы засталося нечапаным.

Другі спосаб утрымання зуброў - на вялізных агароджаных участках лесу. Так, у прыватнасці, трымаюць матак з маленькімі лабастымі цяляткамі, якія так непаразумела глядзяць на цябе, калі ты падыходзіш.

І, урэшце, значная частка зуброў жыве проста на волі. Едзеш і раптам бачыш сярод зялёнай-зялёнай паляны бурую вялізную тушу. Метры тры даўжынёю, высачэнную, вагою да тоны. Магутны, цяжкі, як гара, горб. Рагастая, лабастая і барадатая галава апушчана.

…У адзін з першых прыездаў у Пушчу я і мае сябры - мясцовы настаўнік і пісьменнік з Брэста - дужа хацелі ўбачыць зубра на волі. "Дзе мы яго знойдзем? Ходзіць недзе, - сказалі нам. - Куды захацеў - туды і пайшоў. Шукайце. Пашанцуе, то ўбачыце. А лепей ідзіце туды. Там тарпаны!"

Рабіць няма чаго, пайшлі ў нетры глядзець тарпанаў. Маленькія мышастыя конікі з раменьчыкам на хрыбціне. Ідзём уздоўж агароджы вялізнага загона. На дарозе - елка-выварацень. Агромністая. Карані з зямлёю стаяць блінам вышынёю паверхі на два. Падыходзяць тарпаны. Нас дзеліць вузкая агароджа. Ідзём да іх, мінаем елку, галосна клічам, смяёмся. І тут я, азірнуўшыся, аж пахаладзеў. За спіною (з-за елкі не бачылі), метрах у чатырох, мілая сямейка: баця, здаравенны, мама, крыху меншая, і цялятка. Што рабіць? Каб адзін зубр, то хаця вакол дрэва можна было бегаць. А так двох, з двух бакоў дастануць. Скакаць да тарпанаў? Невядома, як яны да гэтага паставяцца. Дый што зубру такая лядаштая загародка?.. На шчасце, звяры не звярнулі на нас увагі. Тады я асмялеў, выйшаў з-за елкі, і сябар сфатаграфаваў мяне і іх. Тыя толькі пакасіліся, аддаляючыся ў гушчу.

Пазней, калі мне давялося памногу бываць там, я заўсёды браў з сабою некалькі газет. Ідзеш, а ён стаіць на паляне, на самой дарозе, і ў вус не дзьме. Адчувае сябе гаспадаром. Адчувае, што галоўны тут ён, а не ты. Запаліш газету і ідзеш, махаеш. Тады ен неахвотна - "ат, не варта звязвацца з рознаю дробяззю" - адыходзіць, дае дарогу…

Да аўтамашыны зубр ставіцца памяркоўна, але матацыклаў цярпець не можа, яны яго нервуюць. Некалькі разоў зубр так гнаўся за матацыклістамі, што няшчасным ледзь удавалася ўцячы.

Вельмі любіць чыстую ваду. Аднойчы студэнтка-практыкантка ўмывалася ля студні, з якой пояць зуброў (каб не хадзілі далёка на вадапой), паклала на зруб мыла, а яно ўзяло ды і ўпала ўніз. Ужо і мыла клятае дасталі, і ваду некалькі разоў да дна вычарпалі, а зубры ўсё адно некалькі тыдняў не пілі з гэтай студні.

Значэнне загарадак вакол вялікіх загонаў, дзе ходзіць частка зуброў, чыста сімвалічнае. Зубр лёгка разбівае лобам іхнія бярвенні дыяметрам у 15 - 20 см. Егер казаў мне: "Як кінецца на агароджу - не ўцякайце далей. Усё адно не ўцячэце".

І вось які выпадак здарыўся з намі, калі мы здымалі там фільм аб пушчы. Ці то зубра раз'ятрыў строкат "Конваса", ці проста мы яму абрыдлі - кішыць вакол нейкая драбяза! - але ён раптам з цалкам спакойнага стану адразу перайшоў у атаку. Мы, ясна ж, кінуліся хто куды, урассыпную. Добра, што гэты быў проста дэмарш: бык хацеў папалохаць, а не дагнаць. Але рэзультат атрымаўся такі, што мы пасля не маглі апамятацца ад здзіўлення.

Я паспеў скочыць цераз агароджу, асістэнт аператара, уцякаючы, наляцеў на сук і выбіў сабе пярэдні зуб. А аператара доўга не маглі знайсці, і толькі потым, як з неба, даляцеў да нас ягоны голас. А адбылося вось што.

Штатыў нашага апарата важыць нешта каля васьмі кілаграмаў, апарат - таксама некалькі кілаграмаў, ды яшчэ акумулятары. Кідаць казённую маёмасць не рэкамендуецца. Ды дарагая дужа, пасля не расплоцішся. І вось аператар з усім гэтым грузам … узляцеў на вяршыню стога, вышыня якога была некалькі метраў. А стог, як вядома, мае форму яйка, пастаўленнага на тупы канец. Значыць, спачатку даводзіцца лезці пад вострым кутам да зямлі, ледзь не спіною ўніз, а гэта немагчыма, і захацеў бы - не ўлезеш. Як гэта атрымалася ў аператара, ён пасля і сам не мог растлумачыць.

…Раскажу яшчэ пра аднаго асабіста мне знаёмага жыхара Пушчы. Аленя па мянушцы Алежка… Некалькі год назад пагранічнікі, абходзячы мяжу, пачулі на земляной паласе падазроны шорах. Уключылі святло. Спалоханая раптоўнай успышкай магутных ліхтароў, рынула ў лес… аленіха. А на ўскапанай зямлі застаўся камячок, нованароджанае алянятка. Пачакалі. Стала ясна, што матка не вернецца. Тады дзіцёнка забралі з сабой на заставу, адпаілі і вырасцілі. Алежка хадзіў за пагранічнікамі, як сабака. У чырвоны куток, у сталоўку, нават кіно глядзець. Пазней ужо я сам пераканаўся: надзенеш зяленую шапку - і ён бяжыць за табой. Шкада толькі, што яго прывучылі басціся. Нагнецца чалавек за нечым, а яму толькі таго і трэба. Наляціць і так нападдасць у тое месца, дзе ногі перастаюць называцца нагамі, што чалавек потырч ляціць галавою ў мох. Няма чаго рабіць, аддалі яго ў запаведнік, а там яго, як ручнога, пасадзілі ў загон для аленяў. Аднак аднаплямённікі яму аж надта не спадабаліся. Ён узяў дый пераскочыў цераз высачэзны плот у суседні загон, да зуброў. Тыя спачатку дзень-два ганялі яго, а пасля прывыклі, плюнулі. Так ён і жыў з імі, у больш арыстакратычнай кампаніі, так бы мовіць. Мы, працуючы ў Пушчы, яго падгадоўвалі. І вось аднойчы прыслалі мне сябры з Далёкага Усходу слоік рэдкага прадукта - чырвонай ікры. Намазалі мы сабе па бутэрброду і тут, - самі ведаеце, што існуе закон паскудстваў, па якім бутэрброд заўсёды падае маслам уніз, а ўжо з ікрой тым больш. Не есці ж з падлогі. Вырашыў скарміць. Аддаць бы мне яго лісіцы або дзіку нейкаму, словам, усеяднаму або драпежніку. З'елі і дзякуй сказалі б. А я вырашыў пабалаваць Алежку, зусім забыўшыся на тое, што ікра - жывёльны прадукт, а алені гэтага цярпець не могуць. За ўсю гісторыю заапаркаў, запаведнікаў і г.д. была толькі адна самка аленя, якая магла з'есці катлету. На яе глядзелі, як на найвялікшае дзіва… Ну вось, даю. Той узяў, пачаў жаваць. І раптам на мордзе страшэннае неўразуменне, агіда, крыўда. Выплюнуў. Паглядзеў на мяне звысака і пайшоў. Спыніўся, літаральна плюнуў у мой бок некалькі разоў і аддаліўся, нават не аглядаючыся. Два тыдні давялося мне патраціць, перш чым ён забыў крыўду і паміж намі аднавіліся ранейшыя добрасуседскія адносіны.

…Водзяцца ў Пушчы, як і паўсюль на Беларусі, бабры. Да рэвалюцыі іх амаль выбілі, але ўжо ў 1925 годзе спецыяльнай пастановай СНК БССР быў арганізаваны Бярэзінскі запаведнік, шмат заказнікаў. Баброў узялі пад найстражэйшую ахову, і цяпер бабёр для Беларусі досыць звычайны звер. Яго тут болей, чым паўсюль у СССР, таму ён пачынае ўжо набываць прамысловае значэнне. Але пакуль што баброў болей вывозяць з Беларусі і рассяляюць у многіх і многіх мясцінах краіны. У Пушчы я, праўда, не бачыў бабровых паселішчаў, неяк не трапіў у тыя мясціны, дзе яны водзяцца. Затое шмат бачыў іх у басейне Сожа, у прыватнасці ў Чэрыкаўскім заказніку.

…Ідзём з працаўнікамі заказніка па беразе старыцы, зарослым дубамі. Сям-там зрэзаныя бабрамі дубкі, дыяметрам сантыметраў з сорак. Пень і ствол ля яго, як два завостраныя алоўкі. Бабры ўзяліся за такія таўстыя дрэвы, бо з'елі ля вады шмат вярбы і іншага падлеску. Ім тут цесна, і яны перасяляюцца - ужо самі! - у суседнія вадаёмы. Бабёр есць кару, а таму на зіму зацягвае ствалы дрэў на дно, прытаплівае іх і, калі адчувае голад, нырае, ласуецца проста пад лёдам карою і вяртаецца ў сваю хатку. Хаткі яны робяць урэшце толькі ў топкіх мясцінах. Там жа робяць і грэблі з бярвенняў, замазаных зямлёй і глінай з галінкамі. Вада падымаецца, і выхад з бабровай хаткі заўсёды пад вадой. Але тут, у лясніцтве Лімень, вады шмат, берагі цвёрдыя і таму бабры проста робяць у іх норы. Наверх на "дах" нары яны нацягваюць кучу галін, бярвенняў. Гэта каб ніхто не лез. Чалавек - гэта не страшна, яго столь вытрымае. А вось калі ўсцярэбіцца карова або лось!.. І бабер як ведае, што яны ніколі не палезуць у хаос галін, сукоў і іншага ламачча.

Я стаў на гэтую кучу, паскакаў крыху. І вось ад падводнага хода ў нару пацягнулася ракою вузкая стужачка бурбалак. Далёка, метраў за сто, за бліжэйшы мыс. Ратаваў жыццё, бедалага. Так вось іх і ловяць, падстаўляючы да ўвахода жалезную клетку асаблівай канструкцыі.

Друг мой, пiсьменнiк, расказаў мне, як калiсьцi ў iхняй вёсцы злавiлi бабра. Усе беглi глядзець, як на дзiва. Бабёр сядзеў у дзежцы з вадой, абапёршыся пярэднiмi лапамi, якiя дужа падобны да дзiцячых, на край дзежкi i : плакаў. Гэта праўда. У нас жа, беларусаў, ёсць нават прыказка: "Заплакаў, як бабёр" - значыць горка, нястрымна, з патокамi слёз.

Цяпер нiхто нават асаблiва не цiкавiцца ловамi. Ну, злавiлi, i добра. Баброў садзяць у клеткi, накрываюць зверху, каб не было сонечнага ўдару, а пасля вывозяць партыямi i выпускаюць у розных iншых рэках, аж да Сiбiры.

…Так яно ў Пушчы. Усякіх звяроў тут безліч. 55 відаў сысуноў, 204 - птушак, 11 - земнаводных, 7 - паўзуноў. Тут каля 2000 аленяў, 1500 дзікіх козаў, каля тысячы пяцісот дзікоў. Ёсць лісіцы, тарпаны, барсукі, куніцы.

Жыхарам вeсак, што ляжаць ў Пушчы, часам даводзіцца даволі цяжка. Палі трэба ахоўваць ад звера: бульбяныя - ад дзікоў, аўсы - ад аленяў. А страляць жа нельга. На ўсіх платах развешваюць бляшанкі, каб звінелі ў выпадку нападу звяроў на поле. Ну, проста хоць плач.

Нямая пушча з парадзелымі дубровамі і амаль выбітым звяр'ём пачала, пасля жахаў апошняй вайны, ажываць. (Дарэчы, у вайну яна была аддадзена ў асабістае валоданне Герынгу. Ён наклаў лапу на яе і навакольныя лясы, бо ведаў іх; яшчэ да 1939 года прыязджаў паляваць у панскую Польшчу.)

Дбаннем лесаводаў і ўсіх працаўнікоў гэтай вялікай навуковай гаспадаркі ўзняліся на грабежніцкіх лесасеках маладыя лясы, старыя (а іх усё яшчэ многа) напоўніліся птушыным свістам, вясеннім такаваннем глушцоў, трубнымі клікамі лебедзяў, асеннім рыкам аленяў. Зноў скаланаецца зямля ад цяжкага тупату зубрыных чарод. Зноў прыйшлі на пакутную, стагоддзямі пашматаную зямлю Пушчы мір і спакой.

Хай ён будзе давеку. Бо не трэба, каб уставалі ў нетрах слупы дыму, каб гэты (адзіны ў Еўропе) і такі шматпакутны лес аддаваўся на водкуп маршалкам, царкам і герынгам розных масцей, каб бухалі пад яго шатамі стрэльбы браканьераў, а то і аўтаматы, каб пры адным ляманце "чалавек!" усё жывое захлыналася ў чорным адчаі і перадсмяротнай тузе.

Яна была запаведнікам. У 1957 г. стала дзяржаўнай запаведна-паляўнічай гаспадаркай. Чакае Пушча, на наш погляд, ператварэння ў штосьці накшталт нацыянальнага парку. Бо гэта не толькі неацэнны скарб усіх на свеце людзей. Галоўнае тое, што мы звязаны з чацвёраногімі і пёрыстымі братамі нашымі адзінай повяззю еднасці ўсяго жывога на зямлі. Таму задача і гонар чалавека не забіваць, а бараніць і карміць. Ён зараз і робіць гэта, сапраўдны чалавек.

Калі і забівае, то дужа рэдка, каб ведаць пра жывёл усё і каб потым ужо нікога не пазбаўляць жыцця.

У Пушчы вялiкi штат вучоных самых розных спецыяльнасцей: тут лесаводы i батанiкi, арнiтолагi, спецыялiсты па насякомых i многiя iншыя. Акрамя iх у гаспадарцы шмат егераў i палясоўшчыкаў. Iхняя

справа - штодзённа чытаць кнігу лесу, занатоўваць усе змены. Справа навуковых супрацоўнікаў - сістэматызаваць сабраныя палясоўшчыкамі звесткі, рабіць з іх навуковыя высновы і, вядома ж, самім вывучаць жыццё лесу ва ўсім яго віраванні і прыгажосці.

І, вядома ж, берагчы.

У Пушчы - найстражэйшы догляд за пасадкамі і спелымі лясамі, за гнёздамі, норамі, пасавіскамі, вадаёмамі - за ўсім, што складае стракаты калейдаскоп яе жыцця.

Гэта не азначае, вядома, што чалавек нiколi нi ў што не ўмешваецца. На некаторых жывёл (пераважна драпежнiкаў, колькасць якiх трэба рэгуляваць - рысяў, напрыклад, у Пушчы ўсяго каля пятнаццацi) дазволена паляванне па лiцэнзiях. Робiцца санiтарная высечка лесу. Бо нават запаведнiк не можа быць расаднiкам шкоднiкаў. I таму Пушча ачышчаецца ад хворых дрэў, каб яны не заразiлi караедам i лубаедам здаровыя.

Акрамя таго, запаведніку належыць 11 тыс. га зямлі, на якіх вырошчваюць ячмень, бульбу, авёс, буракі і іншае, што ідзе на падкормку жывёл узімку.

…Замаразкі. Пушчанская позняя восень. Шэранню прыпудрана трава. Апошнія маслюкі і зялёнкі змерзлыя. Аж рыпяць, калі іх зразаеш нажом. А пасля снягі. І вось едуць сані і пакідаюць у пэўных месцах купы сена. І людзі раскідаюць на ўтаптаных пляцоўках бульбу для дзікоў, а тыя ідуць з гушчару цэлым атрадам і чамкаюць, нібы гэта так і трэба.

Звяроў кормяць, дапамагаючы ім перажыць зіму, а пры патрэбе і лечаць. Хвароба зубра лічыцца сапраўдным няшчасцем.

У Пушчы малавата крыніц і рэчак, і таму тут зроблены вялікія і маляўнічыя штучныя азёры для звярыных вадапояў і вадаплаўнай птушкі.

У Пушчы - адзін з найлепшых музеяў прыроды, якія мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Дужа сучасная архітэктура, вельмі сучасная экспазіцыя і афармленне. Адразу ясна, што за вокнамі яго - дзіва прыроды, лес, у якім сустрэліся субтропікі (плюшч, скальны дуб) і прысенне Арктыкі (лапландская вярба, карлікавая бяроза). Тут усе жыхары лесу. І звяры і птушкі. Ад арла, ад вялізнай неясыці да дробных і малых. Тысячы экспанатаў. Матылі, жукі, рукакрылыя, гады, рыбы. І ўсё цікава настолькі, што не хочацца выходзіць.

У нетрах жыве адна з найбольш рэдкіх птушак Еўропы - чорны бусел. У адрозненне ад свайго белага брата, ён цярпець не можа блізасці людзей. А белы тут жа, на хатах і на паплавах. Дыбае, шукае жаб. Дарэчы, калі для музея спатрэбілася чучала бусла, паляўнічага прывезлі здалёк. Беларус нізавошта не заб'е бусла.

Птушак тут безліч. Яшчэ ляжыць снег, яшчэ мурашкі не выпаўзлі з мурашнікаў, а ўжо выводзіць птушанят крумкач. Чаму так? У нас ёсць пра гэта легенда. Нібыта калісьці мурашка і крумкач паспрачаліся аб нечым і, паколькі - якая ж у крумкача ці мурашкі маёмасць? - абодва голыя, як бічы, то заклаліся на самае каштоўнае, на дзяцей. Крумкач прайграў. І вось вымушаны выводзіць дзяцей, пакуль мурашкі яшчэ спяць у сваіх гарадах. Сам мерзне, і дзеці мерзнуць. І правільна! Не спрачайся аб тым, чаго не ведаеш, дурная галава!

Вось прамоіны, доўгачаканая вясна. Калыхаюцца на палянах ліловыя махнатыя "сны". На досвітку "капае" і "шчоўкае" ў цемры яловага лесу першабытны глушэц, і песня яго падобная на вясенні капеж.

І лета прыходзіць, і ўсё мацней птушыная песня, а ў каго яе няма, то крык. Уначы раздзірае цемру вухканне і рогат пугачоў, соваў і сычыкаў. Ляляк (казадой) страсна крычыць сваё "люблю", дудніць удод, свішчуць у вільготных шатах гівал (івалга) і лепшыя ў свеце па колькасці каленцаў салаўі. Так-так, лепшыя. Знаходзіцца недзе пярнаты спявак і стварае сваю "школу", і слава салаўя пераходзіць з мясцовасці ў мясцовасць, як слава лепшага ў краіне тэатра ці футбольнай каманды. Сёння армейцы, заўтра "Дынама", паслязаўтра яшчэ нехта. Дык вось, яшчэ ў ХІХ ст. славутыя "курскія салаўі" саступілі месца ўральскім, тыя яшчэ камусьці, а цяпер усе арнітолагі свету лічаць (аб гэтым нядаўна пісаў "Огонёк"), што пакуль лепшыя па спевах салаўі - на Беларусі, а лепшыя сярод іх - белавежскія.

Лунаюць над паплавамі і балотамі ястрабы, канюкі, змеяжэры і асаеды, чырвоныя каршукі і беркуты. Лётаюць вясёлкавыя фазаны, скачуць на балотах у малочным тумане, у туманным ранішнім сонцы жоравы. І зязюля лічыць бясконцыя гады ўсім, хто прыйшоў сюды з дабром.

На зары брохаюць падобныя на кракадзiлаў шчупакi. А над iмi белы дыван лiлей-гарлачыкаў, а

вышэй - пахучы аер, якім усцілаюць падлогу на сёмуху, а над ім лугавіны з кветкавым разнатраўем, і кіпарысы ядлоўцу, і сонечны падлесак, а яшчэ вышэй павуцінныя ельнікі, бары, падобныя на гатычныя храмы, і высакародныя лясы пяцісотгадовых дубоў і грабаў.

:Сяджу ў квартале трохсотгадовых грабаў. Калоны ствалоў - пад неба. На некаторых дрэўныя "губы"2 ў метр радыусам. Няма ў беларускiх лясоў аднатоннай суровасцi паўночнага бору цi тайгi.

Дзікаватасць - ёсць. Змрочнасць - ёсць. Але і разнастайнасць ёсць. Куды ні кінеш позірк - перад табою зусім іншы пейзаж, які кожны раз выклікае захапленне.

Упаў першы жоўты лісток: папярэдзіў, што няхай зараз сярэдзіна лета, але бывае ж і восень, калі пушча будзе палаць рыжым, чыровным, пурпурным, залатым агнём, калі ліпкія ягады амёлы стануць падобныя на празрыстыя жамчужыны, калі паветра над пушчай стане стагнаць ад клічу жораваў, лебедзяў і дзікіх гусей.

Падымаю вочы. Алень. Усё ж я яго падсцярог. Наваліўся грудзьмі на ствол тонкага і высокага дрэва. Ідзе і гне яго, прапускаючы між нагамі. Дабраўся да лістоты і закусвае, водзіць цёплымі мяккімі губамі. Даеў, выпусціў дрэва і пайшоў прагалінай, нібы паплыў у паветры. Сотні год парахавыя маланкі прыпынялі ў зеніце яго апошні скачок.. Але вышэйшай мужнасцю жывога ён упарта цягнуў праз вякі сваё жыццё і сваю прыгажосць. І толькі гэтай прыгажосцю і гэтай ласкавай упартасцю ўратаваў ён на зямлі свой рахманы, свой трывалы, свой вечны народ. Будзем спадзявацца, што, калі мы будзем сапраўднымі людзьмі, ён, з нашай дапамогаю, уратуе яго на векі вякоў.

Ён ідзе да мяне і да друга,

як сцішаны вецер,

галаву падстаўляе,

спадзяецца, што сэрца кране:

"Вы мяне не зачэпіце?

Вы мяне зберажэце?

Пашкадуйце мяне!

Калі ласка…

Пашкадуйце мяне…"

Даруй мне, алень, і вы, мае чытачы і сябры, за аўтацытату. Мы ўсё ж пастараемся зберагчы цябе. Мы зберажом. І зубраў, і чалавечнасць, і старыя вежы, і ўсплескі бабра, і дзіва сонечных палян, і вуркатанне дзікага голуба, і святую гучную цішыню Пушчы.

Тады будзе мір усім. Усяму жывому. Не будзе каменя ў запазусе і прыхаваных стрэльбаў. Настане такі час. І вось тады ўся зямля, паўсюль, дзе ёсць нечапаныя стэпы, горы, першабытныя лясы, уся зямля стане падобная да цябе, Пушча, бо паўсюль будуць берагчы зямлю, як берагуць яе зараз тут. І прырода адплоціць дабром: неўміручымі дубамі, стронгавымі рэкамі, якія так ласкава мыюць пыльныя ногі, сонцам і крыштальным небам, якое не захмарваюць дым і пыл.

І не будуць хавацца ад чалавека бабeр і алень.

А пакуль я рад, што на хвіліну завёў вас у Пушчу, у гэтыя сонечныя нетры, у гэты самы лепшы куток старажытнай нашай краіны. Каб вы хаця б на хвіліну засталіся там сам-насам з аленямі і зубрамі, з аксамітнымі грабамі і вузлаватымі дубамі, з сумленнем, з чалавечнасцю, з усёй гэтай добрай і адвечнай беларускай зямлёй.

_______________

1 Дрэвы, помнікі (манументы) нашы, колькі ж кожны год вас пажырае купецкая або ўрадавая маскоўская сякера?

2 Драўнінныя грыбы.




1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка