Зямля пад белымі крыламі



старонка8/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   25

ПОЛАЦКІЯ ФРЭСКІ


…Пойдзем далей. Хай не крыўдуюць абласныя гарады, але раней за іх успомнім горад, які заслужыў гэтага паважным векам, хай сабе і ходзіць зараз у раённых цэнтрах. Гэта Полацк. У 1962 годзе ён святкаваў свае 1100-годдзе. Мне даводзілася бываць у ім шмат разоў, але паездка сюды ў сакавіку 1971 года запомнілася асабліва дзякуючы аднаму выпадку, які нібы афарбаваў для мяне - і назаўсёды - усе стагоддзі, што прайшлі над гэтымі мурамі.

Уздзьмуты, аж сiнi, лёд на Дзвiне. Маленькаю Палотаю плыве на гэты лёд празрыстая, яшчэ снегавая вада. Над злiццём дзвюх рэк, на замчышчы, белы, з дзвюма званiцамi, сiлуэт сабора. Полацкая Сафiя. Сястра Кiеўскай i Ноўгарадскай. ХI стагоддзе. Моцна, што, праўда, перабудаваная ў часы унii. I вось, урэшце, зараз узялiся за святую справу рэстаўрацыi набытку продкаў. Выяўляюць гiсторыка-архiўны, графiчны матэрыял, удакладняюць межы старажытнай кладкi, даследуюць сутарэннi. Многае змянiлася, за стагоддзi нарасло зямлi, храм нiбы "асеў". У склепах ягоных была ў свой час адна з найлепшых нашых старажытных бiблiятэк. Яе спалiлi ў свой час езуiты. Дзiўна! Якiмi б метадамi яны нi карысталiся, як бы мы тыя метады нi ненавiдзелi - манахi гэтага ордэна былi аднымi з самых адукаваных людзей сярэдневякоўя. Прафесiя абавязвала. Пазней, калi палаў iхнi Пiнскi калегiум, у агнi згарэлi дзесяткi тысяч кнiг. "Нiколi не наклiкай агонь на чужое - адгукнецца й на тваiм".

…І вось сядзяць у прыдзеле сабора, дзе паліцца "буржуйка", два чалавекі ў ватоўках, ды я з прыяцелем. Адзін з тых, каго засталі, брыгадзір. Здорава "паднацягаўся" ў археалагічных і будаўнічых тэрмінах, аперыруе імі вольна і з шыкам. І расчышчаем мы старую плінфу, тонкую, сантыметры ў чатыры, цагліну памерам прыблізна 35 25 см. І на ёй раптам выступаюць невядомыя значкі, адзін у выглядзе нейкай жывёлы (сабакі?), рысачкі (можа, азначаюць колькасць соцень гэтай самай цэглы?) і выразны надпіс, нібы голас, што яўна і ясна даляцеў з далёкіх вякоў А ??? ?N Я - авфони. І нават ясна, што быў не дужа пісьменны, хацеў сваё імя пісаць праз "ферт" (Ф), а тут ці сам успомніў, ці яму сказалі, што імя грэчаскага паходжання і пісаць трэба яго цераз "фіту" (?). То ён і "ферта" не дапісаў. І даляцеў яго жывы голас да мяне, звычайнага чалавека, і я зразумеў яго на хвіліну, хаця дзевяць стагоддзяў прагрукатала па ягоных, даўно спарахнелых касцях.

А непадалёк спаруда ХІІ стагоддзя - славуты сабор Спас-Ефрасінні з прыгожымі старажытнымі фрэскамі.

Калі сонца праз невялікія вокны трапляе ўнутр сабора, гэтыя фрэскі загараюцца бляклай чырванню і ржавым золатам. Нібы праз залаціста-карычневую, празрыстую ваду лясных рэк глядзяць на вас нечалавеча вялікія задумлівыя вочы вашых продкаў.

А выйдзеш, пяройдзеш кладкамі цераз рэчку - вада, зялёныя шаты дрэў і сярод шатаў - ён. Дужа падобны на праслаўлены ва ўсім свеце Пакроў на Нерлі. І як той, улетку гожа адбіваецца ў вадзе сваімі бялюткімі мурамі.

І ўсё тут стаіць на старажытнасці. Упарадкоўваюць вуліцу Карла Маркса - пад асфальтам, зямлёй, бярвеннямі адкрываюць вянцы старажытнага зруба, шахматную фігурку з косці або складзень. На беразе Дзвіны - стары калегіум, у мурах якога калісьці жыў і працаваў Сімяон Полацкі, заснавальнік рускага вершаскладання.

Гэтыя словы так і заставаліся словамі, пакуль некалькі год назад не адкрылі многіх і многіх вершаў Полацкага, напісаных па-старабеларуску…

У Полацку, куды раней за Сімяона, пачынаў сваё жыццё і першадрукар усходніх славян Францішак Скарына; яму нядаўна пастаўлены тут цудоўны помнік.

Ясна, што сівая даўніна - галоўнае, на чым стаіць гэты горад. Але яе не кожны адразу заўважыць. Затое адразу кінуцца ў вочы навічку шырокія зялёныя вуліцы, новыя дамы, карпусы завода шкловалакна і іншых шматлікіх заводаў (камбінат будаўнічых матэрыялаў, аўтарамонтны, ліцейна-механічны, жалезабетонных і пластмасавых вырабаў), будынкі клубаў і кінатэатраў, дамоў фізкультуры і розных навуковых устаноў.

А калі праплысці 20 кіламетраў ніжэй па Дзвіне - трапіш у горад Наваполацк, які куды маладзейшы за свайго старога брата. Плошчы, высокія будынкі, паркі, бібліятэкі, кіно.

I, вядома, магутны Полацкi нафтаперапрацоўчы.

Уначы - гэта зыркае зарыва агнёў. Удзень - многія і многія дзесяткі спаруд, ад установак атмасферна-вакуумнай трубчаткі да цэха змешвання і апрацоўкі поліэтылену (гэта ўжо на хімічным камбінаце, які таксама знаходзіцца ў Наваполацку і вырабляе поліэтылен, нітрон і г.д.).

Нафтаперапрацоўчы дае краіне (гэта толькі асноўная прадукцыя, а ўвогуле тут 46 відаў вырабаў) дызельнае паліва, высокаактанавыя бензіны для аўтамашын, мазут, змазачныя маслы, бітум для дарог.

А вакол лясы з дамамі адпачынку і піянерскімі лагерамі. А побач бяжыць і бяжыць Дзвіна. Тая самая, што абмывае ўзвышша Сафіі.
ВІЦЕБСК - МЕСЦА МАЙСТРОЎ

…Пачнем з горада, які мала чым саступае ва ўзросце Полацку і цяпер абласны цэнтр. Віцебск. У 1974 годзе яму стукнула 1000 год.

Мне давялося пабываць на свяце тысячагоддзя. І рэдка мне яшчэ даводзілася бачыць падобную феерыю. Вянкі ля помнікаў, ідуць праз плошчу Леніна тысячы людзей, праязджаюць даўнія воіны і чырвонаармейцы грамадзянскай. Паўсюль танцы і песні, паўсюль карнавал з дзівоснымі жывёламі, з героямі народных казак. А ўвечары на Дзвіне - воднае свята ў мячах пражэктараў. Вось падплывае ладдзя пад ветразем і выходзіць на бераг заснавальніца, княгіня Вольга, вось плывуць яшчэ караблі, плыве "Аўрора". А пасля на ўсё гэта, як тысячы рознакаляровых знічак, падаюць зоры ракет.

Свята мастацтва, свята агню, песні, выдумкі, таленту, свята майстроў, бо Віцебск - месца майстроў. Я ганаруся, што ў маёй "Кнізе працоўнага ўкладу" таксама занесена пару слоў аб працы на карысць горада і тысячагоддзя.

Горад майстроў, горад-гісторыя. Вечная крэпасць, вечны фарпост на шляху заваёўнікаў. Важны гандлёвы пункт на шляху "з вараг у грэкі". Вялікі культурны цэнтр. Нездарма ў ім знойдзена так многа старажытных берасцяных грамат і надпісных прасліцаў.

Жыхары Віцебска славіліся ўпартай мужнасцю і ваяўнічасцю. Удзельнічалі яны ў бітве на Няве, на Чудскім возеры, грамілі крыжаносцаў у Юр'еве, шмат разоў паўставалі супраць сваіх феадалаў. Вызначаліся яны і страсцю да мастацтва, жывапісу, рамёстваў. Яшчэ і зараз па глухіх мясцінах Віцебскай зямлі можна бачыць цудоўнай старой работы абразы і статуі. Менавіта тут зарадзілася сярод усходніх славян майстэрства рэльефнай, шматкаляровай кафлі (так званая "цанінная справа"). Беларускія даўнія майстры неслі яе і да суседзяў. Так, майстра Ігнат, сын Максімаў з Копысі разам з сябрам Сцяпанам, сынам Іванавым з Мсціслаўля прынеслі гэтую тонкую штуку нават у Маскву, дзе яны і пабудавалі, упрыгожыўшы цанінаю, такія шэдэўры, як нябесна-сіні Круціцкі церамок, некаторыя крамлёўскія палацы, будынкі ў Тройца-Сергіеўскай лаўры і сабор Нова-Ерусалімскага манастыра.

Віцебск і зараз - месца майстроў. У яго майстравітыя, спрытныя рукі. Гэтыя рукі робяць станкі (высокадакладныя зубаапрацоўчыя, што экспартуюцца ў 11 краін, бясцэнтрава-шліфавальныя высокай і асабліва высокай дакладнасці; заточныя станкі з паўатаматычным цыклам работы), радыёдэталі, электравымяральныя прылады.

На першым месцы стаіць у Віцебску лёгкая прамысловасць, гэта ясна. Але хіба не абувае людзей Віцебская абутковая фабрыка або панчошна-трыкатажная фабрыка "КІМ", хіба не апранае іх швейная фабрыка "Сцяг індустрыялізацыі"? Хіба не пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі ў кватэрах і хатах дываны Віцебскага дывановага камбіната?

І ўжо калі яны адзначаюцца дыпломам у Дамаску, адным з самых старажытных цэнтраў дывановага ткацтва, то гэта штосьці ды значыць.

Шмат разоў спалены, ушчэнт зруйнаваны ў апошнюю вайну. Больш чым 90 працэнтаў тэрыторыi былога горада - кучы бiтай цэглы, бетону i скручанай арматуры, попел i хаос. Больш за 100 тысяч жыхароў забiта, астатнiя выселены. I на гэтым страшным выгары сустракаюць наша войска: сто васемнаццаць жыхароў. Здавалася, канец. Нiколi не разабраць гэтага пекла i лепей будавацца на новым месцы.

Але зірніце на яго зараз. Устаў з попелу, як уся Беларусь.

Вiцебск - гэта цяпер цалкам новы горад. Старых будынкаў засталося мала: некалькi палацаў, ратуша XVII ст. (цяпер у ёй добры гiсторыка-краязнаўчы i мастацкi музей з багатай калекцыяй беларускага, рускага, заходняга i мясцовага, вiцебскага жывапiсу). Вiцебск - горад старых мастацкiх традыцый. Працавалi тут, у прыватнасцi, Ю. Пэн, М. Дабужынскi, славуты К. Малевiч, не менш славуты цяпер М. Шагал i некалькi год

І.Я. Рэпін, маёнтак якога, Здраўднева, быў непадалёку ад Віцебска.




1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка