Зямля пад белымі крыламі



старонка9/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   25

ГОРАД МАГІЛЫ ЛЬВА


Пойдзем па старажытных волаках продкаў і перабяромся з Дзвінскай, Балтыйскай сістэмы ў сістэму рэк Чарнаморскага басейна. Паплывём уніз па Дняпры і прыбудзем у Магілёў. Горад, таксама вельмі сучасны, размешчаны на правым, высокім, ярамі пасечаным беразе ракі пры ўпадзенні ў яе Дубровенкі. Гэтыя мясціны, былыя ўрочышчы, забудаваныя новымі гмахамі, носяць назвы "Машакоўка", "Дзебры". Тут і сапраўды калісь былі нетры, дзебры на мясцовым дыялекце. Легенда (выдатна апрацаваная Янкам Купалам) кажа, што жыў у гэтых нетрах вялікі разбойнік Машэка. Стаў ён гразой наваколля пасля таго, як, жадаючы зарабіць на вяселле, пагнаў на Украіну плыты, а тым часам князь сілай узяў у замак яго нявесту. Уварвацца ў замак нават такі асілак не мог. Машэка зрабіў сабе ў пушчы, пад каранямі, логава, адзеўся ў воўчыя шкуры, якія так і прысохлі на ім, і хутка ўсе перад ім трапяталі. Аднойчы яму ўдалося перастрэць вазок князя, разагнаць варту, у адзінаборстве забіць уладара, а жанчыну, што ехала з ім, прынесці да сябе. Тая, аднак, за гэты час прывыкла да раскошы і золата, збэсцілася і, калі Машэка заснуў, забіла яго нажом. Над ім насыпалі гару.

Яго высокую магiлу -

Дзе лес ды вецер панаваў -

Знаць, што вялікую меў сілу,

"Магілай Льва" народ назваў.

Над ёю з часам дрэвы палі

І горад вырас, як з зямлі,

Яго Магiлевам назвалi,

Бо йнакш прыдумаць не маглі.

Пры самым месцы, дзе хаваці

Людцы нябожчыкаў нясуць,

Гару з магiлкамi вiдацi -

Яе Машэкавай завуць.

Магілёў узнік на месцы старога замка ў 1267 годзе. Гісторыя яго бурная і крывавая. Напады войск, змова з казацкімі атаманамі (1590 г. - з Мацюшкам Гультаём, у 1595 г. - з Севярынам Налівайкам). Чатыры гады бунтаваў горад на пачатку XVI ст., і пасля чатыром кіраўнікам адсеклі галовы, а набатным званам выдзерлі языкі.

На Магілёўскім падоле стаіць Мікольская царква, бліскучы ўзор беларускага барока. З ёю звязаны яшчэ адзін эпізод гісторыі. Пры ёй, у "Цярэшка, каторы проскуры заведал", жыў некаторы час у бязведамнасці сціплы школьны настаўнік Дзмітр Нагі. Тут зарадзілася яго "ідэя", тут ён пачаў яе выконваць і, магчыма, атрымоўваць інструктаж ад пэўных колаў і грамадзіць паплечнікаў. Каб пасля ўзляцець на адну з вяршынь зямной магутнасці пад імем цара Дзмітрыя, а пасля бясслаўна ўпасці з яе Лжэдзмітрыем II. Былі тут і шведы і іншая навалач - але пра гэта доўга, дый цяжка расказваць. У Вялікую Айчынную вайну горад дужа доўга (25 дзён, з 1-га па 26 ліпеня 1941 г.) трымаўся, быў моцна разбураны, і помнікаў старажытнасці ў ім мала.

Магілёў заўсёды славіўся сваімі майстрамі. Збраяры, ювеліры, ганчары, цаніннікі, ткачы.

Найбольш славяцца магiлёўскiя прадпрыемства хiмiчнай прамысловасцi. Гэта завод штучнага валакна (вясёлкавы шоўк, штапель, цэлафан i iнш., усяго 14 вiдаў прадукцыi), камбiнат сiнтэтычнага валакна (штапельнае валакно камвольнага, шарсцянога, льнянога i баваўнянага тыпу i г.д.), хiмiчны камбiнат "Зара", завод лiфтаў, завод "Строммашына" (выпускае тэхнiчнае абсталяванне для вытворчасцi шыферу i мяккiх дахавых матэрыялаў, цэглы, машыны для асбеставай прамысловасцi i iнш.), завод электрарухавiкоў, аўтамабiльны завод, што выпускае цягачы, самаходныя скрэперы, самазвальныя аўтапаязды для работ пад зямлёй i аўтасамазвалы павышанай праходнасцi для мясцiн, дзе дарогi кепскiя або iх зусiм няма.

Магілёў заўсёды славіўся і культурай. З XVI ст. тут вёўся летапіс, існавалі школы. І зараз тут выхоўваюць інжынераў, настаўнікаў, тэхнікаў. Тут адзін з найлепшых беларускіх музеяў, шкада, што ў гады вайны менавіта адсюль знік славуты на ўсё славянства ювелірны выраб "Крыж Лазара Богшы" (зроблены быў у Полацку загадам вялікай беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай), музей народнай творчасці, шмат бібліятэк, шмат паркаў. І рака, і паплавы з ляснымі тэрасамі. Прыдняпроўе, яблычная мая радзіма.



ГОРАД ЗЕЛЯНІНЫ І ВАДЫ


...Нiжэй у Дняпро ўпадае паўнаводны, з зялёнымi дубамi на берагах i чорнымi, моранымi, на дне - Сож. А на Сажы стаiць Гомель, якi лiтаральна патанае ў вiльготных, цянiстых парках, другi па велiчынi беларускi горад. Горад стары (1142 г.) i дужа малады, вельмi гожы.

Бульвары, манументальныя будынкі. І вось, калі звернеш налева ад Савецкай плошчы з яе гмахам тэатра, нібы ўваходзіш за пяць крокаў у іншы клімат. Амаль двухсотгадовы (1780 г.) парк. Сто розных парод дрэў, у тым ліку пірамідальныя дубы, гінкго, коркавае дрэва і г.д. Гроты, аранжарэі, вісячыя масты над ярамі, ператворанымі ў лебядзіныя сажалкі. Петрапаўлаўскі сабор пачатку XIX ст., гэткі Ісакій у мініяцюры (цяпер тут планетарый), магільня графаў Паскевічаў, труба яго былога завода, пабудаваная як мінарэт, з якой адкрываецца галавакружны пейзаж. І, нарэшце, класіцыстычны палац XVIII ст. Румянцаў пабудаваў яго пасля падзелу Рэчы Паспалітай, калі Екацярына II падарыла яму значную частку Гомельшчыны... 70 залаў, аздобленых карарскім мармурам, золатам, каштоўнымі пародамі дрэў, агатам. Тут цяпер Палац піянераў з багатай бібліятэкай, майстэрнямі і гурткамі.

У асобным крыле палаца, упрыгожаным вітражамі, была бібліятэка, якую Румянцаў пасля перавёз у Маскву. Вельмі і вельмі багатая, яна склала там падмурак будучай Румянцаўскай бібліятэкі. Цяпер гэта Дзяржаўная бібліятэка СССР імя Леніна. У 1834 годзе гомельскія землі, гомельскія пляцы і палац адышлі генерал-фельдмаршалу Паскевічу. За "перамогу" ў ганебна-гандлярскай вайне з Персіяй. Усе "трафеі" і кантрыбуцыі гэтай вайны не каштавалі аднаго жыцця А.С.Грыбаедава, які расплаціўся за мір, што ён заключыў. Паскевіч прыбудаваў да палаца каласальную чатырохкутную вежу, у якой быў музей. Кнігі, старыя рукапісы, шэдэўры жывапісу і скульптуры, фарфор, срэбра, нефрыт, бронза, антычныя рэчы. І тут жа музей персідскага паходу. Унікальны па багаццю музей часткова быў разрабаваны падчас апошняй вайны. Багаты ён і сёння, але ранейшага ўжо няма.

Гомель і раней, да рэвалюцыі, быў досыць прамысловы. Шкло, тканіны, запалкавыя фабрыкі, вытворчасць карабельнай парусіны і канатаў на Ветцы, механічныя майстэрні Лібава - Роменскай чыгункі (1200 рабочых). Папяровая фабрыка ў Добрушы (заснавана ў 1870 годзе, у 1914 г. працавала на ёй 1276 чалавек).

Пачатак новай індустрыі ў 1930 годзе паклаў беларускі першынец сельскагаспадарчага машынабудавання "Гомсельмаш". У фашысцкую акупацыю быў поўнасцю ператвораны ў руіны. У 1948 годзе адноўлены і цалкам рэканструяваны, насычаны самай сучаснай тэхнікай. "Гомсельмаш" - гэта сіласаўборачныя камбайны, стагакіды, сіласарэзкі.

Мне даводзілася гаварыць аб прадукцыі "Гомсельмаша" з працаўнікамі сельскай гаспадаркі. Хваляць. Але вусную пахвалу не дужа запішаш. Таму замест яе прыкладаю "паслужны спісак" гомельскіх машын. Няпоўны.

1958. - Сусветная выстаўка ў Бруселі. - Камбайн УКСК-2,6 - першая прэмія "Гран-пры" і дыплом гонару.

1966. - Міжнародная выстаўка сельскагаспадарчых машын у Маскве. - Сіласаўборачны камбайн КС-2,6 і трактарны прычэп 2ПТС-4 - залатыя медалі.

1967. - Выстаўка ў Мекленбурзе. - Камбайн КС-2,6 - залаты медаль.

Можа, і досыць.

Тут ёсць яшчэ кабельны, суднарамонтна-суднабудаўнічы (выпуск суднаў на падводных крылах), падшыпнікавы заводы і заводы трактарных пускавых рухавікоў і вымяральных прыбораў. Гомель - буйны рачны порт з прычаламі, складамі, добрай акваторыяй, сліпам для пад'ёму суднаў на бераг, добрымі пад'язднымі шляхамі. З суднаў, што прыходзяць з Украіны, тут выгружаюць соль, збожжа, метал, які ідзе ў Прыбалтыку, Ленінград, сацыялістычныя краіны і Беларусь, хутка будуць выгружаць львоўскую сыравіну для вялізнага завода суперфасфатных угнаенняў. Адсюль на Украіну пойдуць гатовыя ўгнаенні, а ўжо цяпер ідзе ўсё тое, што дае беларускі лес (сыравіна і гатовая прадукцыя) і беларуская прамысловасць. Аж да вопраткі, сусветна вядомых ільняных нашых тканін (ідуць яны і гатовыя вырабы з іх, гожа вышытыя, у іншыя рэспублікі, у сацыялістычныя краіны і ў ФРГ, Швецыю і Нарвегію).

Шмат тут усяго. Фанерна-запалкавы камбінат і кандытарскі камбінат "Спартак", што ў дзень выпускае 100 т шакаладу, тартоў, цукерак.

Навукова-даследчы інстытут, інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, малады універсітэт, тэхнікумы.

Цяпер давайце сядзем на "Ракету" i паiмчым Сажом, Дняпром, трапiм ненадоўга на Украiну, зноў вернемся на плынь беларускай часткi Прыпяцi, звернем ля Пiнска (да гэтага горада мы яшчэ вернемся) у Пiну, пройдзем Днепра-Бугскiм каналам у Мухавец i дабяромся iм да Буга пад самым Брэстам. Абганяючы цеплаходы, рудавозы, маторкi. Па Прыпяцi, усё яшчэ досыць цiхай, усё яшчэ дужа рыбнай. Я аднойчы прайшоў гэты шлях. Амаль увесь на агiтцеплаходзе "Маякоўскi", а пад канец i пешшу.

Ласі пераплываюць раку. Людзі з вёсак, што ляжаць ля ціхіх прыстаняў, вечарамі глядзяць фільмы, што мы ім дэманструем. Плывеш, а зялёныя гарадкі і вёскі ўтульна ляжаць на берагах, глядзяцца ў ваду дужа даўнія, шматвяковыя палацы, храмы і белыя альтанкі. Даяркі на ферме, справіўшыся з работай, спяваюць на беразе цудоўныя палескія песні, і фалькларысты нашай экспедыцыі ўпотай запісваюць іх на магнітафон. "Волга" пераганяе жанчыну ў народным уборы, на якім няма жывога месца ад вышыўкі. І на плячы ў жанчыны з бяросты плеценая "вярэнька", браць ежу ў дарогу. Пінскія велічныя муры. Ганчарныя вёскі, дзе робяць дасканалы посуд і да гэтага напаўжартам гавораць: "Наша прохвесія самая старая. Бо й Адам буў злеплены з гліны, а значыць, не хто-небудзь, а сам бог быў першы ганчар..." І канал. Кобрын з домікам Суворава і помнікам першай перамогі над Напалеонам у 1812 годзе.




1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка